Дваццаць пяць гадоў таму, 3 лютага 1993 года, Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў важнае рашэнне. Яно было аформлена ў выглядзе пастановы, якая, аднак, па сваім палітычным значэнні пераўзыходзіла законы і кодэксы разам узятыя.

 Віктар Чыкін з цыгарэтай у руцэ пазіцыяніруе на мітынгу БНФ супраць рэферэндуму аб захаванні СССР як абноўленай федэрацыі 17 сакавіка 1991 года. Нягледзячы на камуністычную артадаксальнасць, Віктар Валянцінавіч быў па-свойму вясёлым і даступным чалавекам. Ён шчыра лічыў, што Мінск, у адрозненні ад паўночнакарэйскага Пхеньяна, — сапраўдная вёска, а шматлікая рэклама на вуліцах беларускай сталіцы — здача суверэнітэту краіны. Крыніца: http://vytoki.net. 

Пастанова №2161-XII сведчыла пра ўзмацненне антырэфарматарскіх сіл у вышэйшым органе дзяржаўнай улады і адлюстравала погляды насельніцтва, якое ва ўмовах паглыблення сацыяльна-эканамічнага крызісу ўсё больш выказвала сімпатыі левым сілам. Дакумент называўся «Аб прызнанні страціўшай сілу пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь “Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПБ-КПСС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”».

Такім чынам, камуністычная партыя, якая ў Беларусі больш за паўтара гады знаходзілася пад забаронай, была рэабілітаваная. 

Пад замком

Пасля няўдалага путчу ГКЧП, 25 жніўня 1991 года на пятай нечарговай сесіі шмат дэпутатаў, у тым ліку ад парламенцкай апазіцыі Беларускага Народнага Фронту (БНФ), настойвалі на катэгарычнай забароне Камуністычнай партыі як выключна злачыннай арганізацыі. Адна такая ініцыятыва не дазваляла набраць неабходную колькасць галасоў. Тады першы намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч прапанаваў зацвердзіць пункт аб часовай забароне дзейнасці КПБ-КПСС на тэрыторыі Беларусі. Большасць парламентарыяў знайшла такую фармулёўку цалкам прымальнай. У выніку камуністычная партыя, якая была «дзяржавай у дзяржаве», правадніком рэпрэсій і масавых парушэнняў законнасці, сама апынулася пад часовай, але ж забаронай.

Тагачасныя беларускія ўлады даволі паслядоўна выконвалі тую пастанову Вярхоўнага Савета. Напрыклад, калі гарсавет Баранавічаў прыняў рашэнне аб рэгістрацыі Баранавіцкай арганізацыі камуністаў, то генеральны пракурор Беларусі Мікалай Ігнатовіч накіраваў пратэст, дзе гаварылася, што падобная рэгістрацыя — спроба адрадзіць камуністычную партыю.

 Генеральны пракурор Мікалай Ігнатовіч (злева) з народным дэпутатам Сяргеем Антончыкам, 1991 год. На апошнім плане — народны дэпутат Генадзь Карпенка (у чорным гарнітуры). Крыніца: vytoki.net.



«Врагу не сдаётся…» 

Аднак камуністы былі ўпэўненыя ў сваіх сілах. 7 снежня 1991 года, у час візіту ў беларускую сталіцу расійскага прэзідэнта Барыса Ельцына (які на наступны дзень у Віскулях падпісаў з Шушкевічам і са сваім украінскім калегам Леанідам Краўчуком Белавежскае пагадненне пра роспуск СССР) у Мінску адбыўся ўстаноўчы з’езд Партыі камуністаў Беларусі (ПКБ). На сходзе прысутнічаў 281 чалавек з 317 абраных. З’езд сфармаваў Палітсавет партыі і Цэнтральную рэвізійную камісію. У Палітсавет, напрыклад, увайшлі галоўны рэдактар камуністычнай газеты «Мы и время» Віктар Чыкін, Сяргей Калякін і іншыя.

У праграмнай заяве ПКБ гаворка ішла пра тое, што партыя «вступает на арену политической деятельности в качестве правопреемницы КПБ». Асновай ідэалогіі ПКБ абвяшчалася «материалистическая диалектика».

Устаноўчы з’езд зацвердзіў дзве даволі рэзкія рэзалюцыі. Адна з іх тычылася маёмасці былой КПБ. ПКБ фактычна абвясціла сябе гаспадаром той часткі маёмасці, якая была створана «на взносы коммунистов». У рэзалюцыі агучваліся патрабаванні перадачы шэрагу будынкаў былой КПБ адпаведным установам і арганізацыям. Напрыклад, комплекс «Дразды» рэзалюцыя патрабавала перадаць Савету Міністраў. Сродкі ад Саюза ССР на ліквідацыю наступстваў Чарнобыльскай аварыі рэзалюцыя патрабавала перадаць «в распоряжение советских органов».

У другой рэзалюцыі рэзка крытыкавалася пастанова Вярхоўнага Савета аб часовай забароне дзейнасці КПБ-КПСС: «Подлинная причина в запрете КПБ состоит в желании её политических противников убрать с политической арены организованную силу, способную воспрепятствовать тотальной капитализации республики и выводу её из Союза». У рэзалюцыі заклікалася скасаваць пастанову на бліжэйшай жа сесіі парламента і «смыть позорное антидемократическое пятно с лица молодой независимой республики».

Жаданне ПКБ стаць «правопреемницей» былой КПБ і гэтыя рэзалюцыі не засталіся без увагі: 13 сакавіка 1992 года ПКБ было адмоўлена ў рэгістрацыі. У адпаведным рашэнні Мінюста гаварылася, што «партия на самом деле только сменила вывеску, и что те, кто участвовал в создании ПКБ, не вышли из КПБ».

Наўздагон парламенцкая апазіцыя БНФ 30 сакавіка 1992 года распаўсюдзіла спецыяльную заяву да грамадска-палітычных арганізацый і партый, рухаў, грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, да ўсіх ахвяраў камуністычнага тэрору. У заяве заклікалася забараніць кампартыю, а яе дзеянні прызнаць злачыннымі.

 Інфармацыя в.а. генеральнага пракурора Уладзіміра Кандрацьева. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Але ўпартасць камуністаў не ведала межаў. Яны здолелі дайсці да Вярхоўнага Суда. 14 мая 1992 года яго калегія адмяніла папярэдняе рашэнне Мінюста. Камуністам вельмі дапамагло тое, што яшчэ 14 лютага 1992 года в.а. генеральнага пракурора Кандрацьеў накіраваў старшыні Вярхоўнага Савета Станіславу Шушкевічу інфармацыю пра выкананне даручэння Вярхоўнага Савета вывучэння справы аб датычнасці КПБ да жнівеньскага путчу 1991 года. Па словах Кандрацьева, кіраўніцтва КПБ у часе путчу заняло пасіўную пазіцыю, аднак непасрэднай сувязі КПБ і маскоўскіх путчыстаў не маецца. Ацэньваючы зварот Аргбюро ЦК КПБ ад 20 жніўня 1991 года (шмат хто расцаніў яго як падтрымку путчыстаў), Кандрацьеў адзначаў, што зварот — «политический документ, положения которого юридической оценке не подлежат». Кандрацьеў таксама паведаміў, што крымінальная справа па пытанні сувязі КПБ і путчу 19-21 жніўня 1991 года ў Маскве спыненая 31 студзеня 1992 года.



Міхаіл Качан і выпадак з Сяргеем Навумчыкам 

Рэгістрацыя ПКБ адбылася 26 мая 1992 года. Пасля яе камуністы ўзялі курс на адмену пастановы аб часовым прыпыненні КПБ-КПСС. Зрабіць гэта можна было толькі на чарговай парламенцкай сесіі, якая пачыналася 20 кастрычніка 1992 года (папярэдняя — дзявятая — сесія скончыла сваю працу ў красавіку). У дзень адкрыцця сесіі камуністы зладзілі мітынг на плошчы Незалежнасці, а газета «Мы и время» распачала (у межах сваіх магчымасцяў) апрацоўку грамадскай думкі на карысць адмены пастановы. У адным з нумароў выдання было апублікавана 9 міні-лістовак з васямнаццацю пунктамі-патрабаваннямі. У апошнім пункце-патрабаванні меўся заклік адрадзіць КПБ.

Галоўную місію ўзяў на сябе фактычны кіраўнік дэпутацкай групы камуністаў Міхаіл Качан, які 20 кастрычніка 1992 года зачытаў заяву 23 парламентарыяў аб неабходнасці ўнясення пытання ад адмене пастановы №2161-XII у парадак дня. Таксама было вырашана аб правядзенні пайменнага галасавання, у выніку чаго станавілася вядома, як прагаласаваў той ці іншы дэпутат. З 240 народных абраннікаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні, ініцыятыву Качана падтрымалі 186. Супраць выказаліся 37.



Зварот групы дэпутатаў на чале з Міхаілам Качаном. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Лагічна, што супраць галасавалі прадстаўнікі БНФ: Мікалай Аксаміт, Сяргей Антончык, Галіна Сямдзянава, Ігар Гермянчук і іншыя, або зусім не галасавалі, як напрыклад, Зянон Пазьняк. Аднак з імі аказаліся салідарнымі і дэпутаты, якія не адносілі сябе да парламенцкай апазіцыі: галоўны рэдактар «Народнай газеты» Іосіф Сярэдзіч, Інэса Драбышэўская (будучы міністр аховы здароўя ў Лукашэнкаўскім урадзе), Аляксандр Сасноў, старшыня пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па пытаннях працы, цэнаў, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва (будучы міністр працы ва ўрадзе Лукашэнкі).

Цікава, што супраць прагаласаваў дэпутат Яўген Бачароў, начальнік Галоўнага ўпраўлення Памежных войскаў пры Савеце Міністраў (кіраўнік Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч не прыняў удзел у галасаванні).

Супраць прагаласаваў старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч (будучы кіраўнік парламента Мечыслаў Грыб не прыняў удзел у галасаванні). Не прынялі ўдзел у галасаванні і такія вядомыя дэпутаты, як Дзмітрый Булахаў і Віктар Ганчар.

За ўключэнне пытання ў парадак дня прагаласавалі Аляксандр Лукашэнка і будучыя важныя персоны: сілавік Віктар Шэйман, будучы «чорны маклер» Лукашэнкі Іван Ціцянкоў. На баку кампартыі выступілі старшыня выканкама Гродзенскага абласавета Дзмітрый Арцыменя (забіты 20 верасня 1993 года), былы старшыня Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей, намеснік начальніка Фрунзенскага РАУС г. Мінска Міхаіл Цесавец (той самы, які па загадзе Лукашэнкі ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года кіраваў збіццём і гвалтоўнай эвакуацый дэпутатаў ад парламенцкай апазіцыі з будынку Вярхоўнага Савета і на гэтым пабудаваў сваю кар’еру), старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі Леанід Козік (будучы намеснік прэм’ер-міністра ў Лукашэнкаўскім урадзе, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта і шматгадовы афіцыйны прафсаюзны бос пры Лукашэнку).

«За» прагаласаваў народны паэт, старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны Ніл Гілевіч.

Не абышлося без невялікай, але ж свайго роду сенсацыі. Апазіцыйная газета «Свабода» надрукавала спіс тых дэпутатаў, якія прагаласавалі «за». Іх было 187, і сярод іх фігураваў… Сяргей Навумчык, які з’яўляўся каардынатарам парламенцкай апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 склікання. Неўзабаве ўсе кропкі над «і» былі расстаўленыя. Галасаванне «за» Сяргея Навумчыка было ўсяго недарэчнай памылкай. У адпаведных архіўных дакументах маецца запіс пра тое, што дэпутат звярнуўся ў Сакратарыят сесіі з заявай аб далучэнні свайго голасу да тых, што «супраць». У наступным бліжэйшым нумары сваю памылку выправіла і «Свабода».

Камуністычная лістоўка, прысвечаная пачатку 10-й сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 

Парламенцкі «слэшэр» 3 лютага 1993 года

Менавіта ў гэты дзень пачалося абмеркаванне пытання аб адмене знакамітай пастановы. Але чаму камуністам прыйшлося чакаць занадта доўга? Справа ў тым, што паміж чарговымі дзявятай і дзясятай сесіямі Вярхоўнага Савета прайшло амаль шэсць месяцаў. Пытанняў назапасілася шмат. І не проста пытанняў, а вельмі важных для дзяржавы: новая Канстытуцыя, рэферэндум аб датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савета і правядзенні новых выбараў на падставе законапраекта ад апазіцыі БНФ, карупцыя і арганізаваная злачыннасць. У студзені 1993 года дэпутаты прыступілі да разгляду законапраектаў аб прыватызацыі і ўласнасці на зямлю. Гэтым і тлумачыцца тое, што пытанне пра аднаўленне КПБ разглядалася ледзь не апошнім (сама дзясятая сесія Вярхоўнага Савета 12 склікання доўжылася амаль чатыры месяцы).

Увесь гэты час камуністы праводзілі ўпартую працу. Напрыклад, 27 і 28 студзеня 1993 года яны арганізавалі пікетаванне каля будынка Вярхоўнага Савета з лозунгам: «Депутат, отмени позорное постановление по КПБ!»

А што ж дэпутаты?

3 лютага 1993 года выступіў дэпутат Качан. У сваёй эмацыйнай прамове Міхаіл Арцем'евіч заклікаў калегаў «не поддаваться сердечным порывам, а подчиниться разуму». Па словах Качана, кампартыю забаранялі толькі ў таталітарных краінах: пры Гітлеры, Франка, Піначэце і Салазары. Скончыўшы выступ словамі пра тое, што «партия — не лавка, чтобы её закрывать», Качан ультыматыўна патрабаваў прагаласаваць за адмену пастановы без дыскусій.



Міхаіл Качан. Крыніца: Народныя дэпутаты Рэспублікі Беларусь. Дванаццатае скліканне. — Мн., 1992. Ён быў абраны дэпутатам ад Беларускай рэспубліканскай арганізацыі ветэранаў вайны і працы. Аўтар кніг: «Апалены ранак», «Лес пахнет порохом», «Огненный край, «На земле Октябрьской».

Прававую пікантнасць сітуацыі даходліва растлумачыў юрыст, старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па заканадаўстве Дзмітрый Булахаў. Па яго словах, увогуле няма прадмета для дыскусій, бо фармальна ні СССР, ні КПБ-КПСС ужо не існуюць: «Есть группа людей, которые идентифицируют свои взгляды со взглядами Компартии СССР». Больш таго, працягваў Булахаў, Кампартыя БССР была зарэгістравана 4 чэрвеня 1991 года без уласнага статуту, а XXXI з’езд КПБ (лістапад-снежань 1990 года) вырашыў, што ў сваёй дзейнасці беларускія камуністы будуць кіравацца статутам КПСС. Аднак КПСС ужо няма, працягваў Булахаў. І што рабіць?

Аднак Дзмітрый Булахаў у сваёй звыклай манеры «ні вашым, ні нашым» запэўніў, што не дае ніякіх рэкамендацый: «Это вопрос политический, его надо решать нажатием кнопок».

На разгляд дэпутатаў былі прапанаваны тры праекты пастаноў: Качана (пастанову №2161-XII лічыць страціўшай сілу), дэпутата Ігара Пырха і ад апазіцыі БНФ. Ігар Пырх належаў да парламенцкай апазіцыі БНФ і вылучэнне ад яго імя ўласнага праекта пастановы было, хутчэй, тактычным ходам, каб раскалоць агульны фронт прыхільнікаў адмены пастановы.

Яшчэ напачатку дзейнасці Вярхоўнага Савета 12 склікання Ігар Пырх (дарэчы, супрацоўнік праваахоўных органаў) зарэкамендаваў сябе ў якасці зацятага антыкамуніста. 17 ліпеня 1990 года ён зачытаў у парламенце заяву, падпісаную ім і дэпутатам Барысам Гюнтэрам. У ёй КПСС называлася «воинствующим отрядом», «тормозом происходящей в стране перестройки». КПБ, у сваю чаргу, была пайменавана «наиболее консервативным звеном КПСС». Так што выхад Пырха быў не выпадковым. Праект яго пастановы зводзіўся да таго, што структуры КПСС ужо не дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі і не маюць для гэтага прававых асноў.

У праекце ад апазіцыі БНФ гаварылася, што ў сувязі з распадам СССР лічыць немагчымым аднаўленне дзейнасці КПБ-КПСС у Рэспубліцы Беларусь.

Па выніках пайменнага галасавання за аснову быў прыняты праект Качана. Яго падтрымалі 188 дэпутатаў (пры кворуме ў 173) з 236, якія прынялі ўдзел у галасаванні. За праект Пырха прагаласавалі 75 са 147, а за праект апазіцыі — 35 са 122.

Станіслаў Шушкевіч заявіў, што галасаваў супраць праекта Качана, бо КПСС, па словах старшыні парламента, знявечыла мільёны лёсаў, і што дзякуючы кампартыі многія беларусы апынуліся ў Магадане і Сібіры.

Здавалася б, яшчэ крок — і перамога Качана была б яўнай. Аднак для зацвярджэння праекта пастановы не хапіла двух галасоў: «за» прагаласаваў 171 дэпутат.

Шушкевіч абвясціў пытанне закрытым, аднак кансерватыўная парламенцкая большасць атакавала старшыню. Сітуацыю ўзрушыў дэпутат Васіль Чэпік, які заявіў, што «не сработало табло», а таму трэба перагаласаваць, як гэта часта бывала ў сценах парламента. Чэпіка патрымаў Мікалай Лакцюшын, які заявіў, што калі Шушкевіч не паставіць пытанне на паўторнае галасаванне, то «народ его не поймёт».

За паўторнае галасаванне выказаўся і Лукашэнка, які абвінаваціў Шушкевіча ў тым, што той «костыляет» дэпутатаў і «раскрутил бодягу на весь парламент»: «Когда мы говорили о суверенитете и принимали атрибуты этого суверенитета, мы много раз переголосовывали, и другая сторона была довольна». Калі б юрысты мелі жаданне, сцвярджаў Лукашэнка, яны б зарэгістравалі любую партыю без наяўнасці статута.

Шушкевіч спачатку рашуча адмаўляўся, аднак потым прапанаваў перанесці разгляд пытання на заўтра. Але парламенцкая большасць не адступала. Чэпік сцвярджаў, што пры такім раскладзе дэпутаты «подвергнутся ночной обработке». І тут Шушкевіч дапусціў памылку. У спрэчцы з Чэпікам у старшыні, відаць, здалі нервы і ён заявіў, што сто разоў парушаў рэгламент (маецца на ўвазе Часовы Рэгламент Вярхоўнага Савета ад 31 мая 1990 года. — Аўт.) і не жадае парушаць яго сто першы раз.

Узнікла патавая сітуацыя, якую дапамог вырашыць дэпутат-юрыст Уладзімір Станкевіч. Ён выказаў думку, што праект пастановы Качана ў такім выглядзе прымаць нельга, бо тады ПКБ атрымае фармальнае права на маёмасць былой КПБ. Трэба, казаў Станкевіч, унесці адпаведныя праўкі кшталту таго, што ні адна палітычная партыя і ні адно грамадскае аб’яднанне не маюць права быць правапераемніцай КПБ. Шушкевіч горача ўхапіўся за гэту ідэю. Вельмі спадабалася яна і дэпутацкай большасці, якая вырашыла аднавіць КПБ, але абрубіць ёй кіпцюры: пазбавіць камуністаў любых маёмасных правоў.

Вымушаны быў падпарадкавацца і Качан, заявіўшы, што з такой папраўкай здымуцца ўсе пытанні.

Калі Шушкевіч паставіў пытанне пра новы разгляд праекта пастановы Качана з такім удакладненнем, то за гэта прагаласавалі 193 дэпутаты. Сам Шушкевіч, імкнучыся захаваць твар пасля ўпамінання ім аб парушэнні сто разоў рэгламенту, прызнаўся, што ў такім выглядзе падтрымае прапанову.

Апазіцыя БНФ выказала пратэст: прымаць пастанову нельга ў любым выглядзе. Па словах Пазьняка, папраўка аб уласнасці — шырма і траянскі конь.

Узніклі рэдакцыйныя спрэчкі: другім пунктам у праекце пастановы Шушкевіч прапанаваў запісаць норму пра тое, што пацвярджаюцца папярэднія рашэнні Вярхоўнага Савета па КПБ-КПСС. На недарэчнасць такой фармулёўкі звярнуў увагу дэпутат Віктар Ганчар. Станкевіч настойваў на сваёй фармулёўцы.

Шэраг дэпутатаў заявілі, што трэба ўключыць у другі пункт канкрэтны нарматыўны прававы акт: пастанову Вярхоўнага Савета ад 10 снежня 1991 года, паводле якой уся нерухомая і рухомая маёмасць КПБ-КПСС абвяшчалася дзяржаўнай. Гэта цалкам задаволіла народных абраннікаў. Калі Шушкевіч паставіў на галасаванне пытанне аб пацверджанні гэтай пастановы, яе падтрымалі 211 дэпутатаў. Хаця Віктар Ганчар назваў такі крок Шушкевіча «абсурдам»: маўляў, для чаго пацвярджаць тое, што не адменена.

Народны дэпутат Сяргей Навумчык на сесіі Вярхоўнага Савета, 1991 год. Крыніца: http://vytoki.net.

За канчатковы праект пастановы прагаласавалі 200 парламентарыяў з 224. Супраць выказаліся дзесяць чалавек: Станіслаў Бабачонак, Іван Гермянчук, Іван Герасюк, Юрый Беленькі, Аляксандр Сасноў, Яўген Цумараў, Уладзімір Станкевіч (за тое, што не прынялі ягоную фармулёўку), Уладзімір Хвошч, Міхаіл Балоцін і Анатоль Барысенка. У галасаванні не прынялі ўдзел Пазьняк і Сямдзянава. Сяргей Навумчык і Яўген Бачароў адсутнічалі на пасяджэнні сесіі.

«За» прагаласаваў і старшыня Кантрольнай палаты Васіль Саковіч, а таксама будучы сумнавядомы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч.

КПБ рэанімавалі і з дапамогай кіраўнікоў мясцовай вертыкалі, і старшынь калгасаў.

Пазіцыі некаторых вядомых дэпутатаў 3 лютага 1993 года ў адносінах да адмены пастановы некалькі змяніліся. Мечыслаў Грыб прагаласаваў за праект Качана з папраўкай аб маёмасці КПБ-КПСС, а і Іосіф Сярэдзіч і Ніл Гілевіч устрымаліся пры галасаванні.

Неўзабаве парламенцкая апазіцыя распаўсюдзіла заяву, дзе гаварылася, што адмена пастановы — шлях да дыктатуры. Зянон Пазьняк апублікаваў у нумары «Звязды» (11 лютага 1993 года) артыкул «Пакаранне», у якім асабіста прайшоўся па Леніне і не шкадаваў эпітэтаў для апошняга: «ідыёт», «крывавы кумір» і гэтак далей. Лідар БНФ сцвярджаў, што Ленін памёр ад сіфілісу, на які захварэў ад Інэсы Арманд альбо пры наведванні публічнага дома ў Парыжы ў 1902 годзе. Артыкул, які суправаджаўся фатаграфіямі хворага Леніна, выклікаў у асноўным негатыўныя эмоцыі ў чытачоў «Звязды».

Стваральнікі ПКБ верылі, што яна возьме свае. Крыніца: "Мы и время" (1992). 

Непакой тых дэпутатаў, якія лічылі, што камуністы пасля адмены пастановы ад 25 жніўня 1991 года пачалі б разыгрываць «маёмасную» карту, не быў такім ужо беспадстаўным. Пра гэта сведчыць кароткі, аднак агрэсіўны артыкул, апублікаваны ў газеце «Мы и время» (№10, 1993 год) за подпісам «В. Никольский» пад назвай «Переезжать придётся». Любы, хто разбіраўся ў перыпетыях беларускай палітыкі пачатку 1990-х гадоў, ведаў, што за такім прозвішчам хаваецца Віктар Чыкін. Спадар Чыкін назваў дэпутатаў Вярхоўнага Савета «строителями капитализма, которые посягнули на самое святое в капиталистическом обществе — право собственности». Аднак Чыкін не губляў надзеі: «История рано или поздно все расставит. Вопрос о собственности будет решён по справедливости».

Пішучы тую лухту, ці мог уявіць галоўны камуніст краіны, што праз паўтары гады да ўлады прыйдуць новыя людзі і здабудуць сабе такую ўласнасць і прывілеі, якія не сніліся КПБ у самым страшэнным сне?

 

   

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-02-03 15:16:17
Обретение незалежнасці считаю главной вековой белорусской ошибкой, а роспуск опытной КПБ во времена краха СССР есть ошибка сродни главной, потому что партия имела 70-летний навык в делах управления нашим хозяйством и государством. Но, как мы знаем, компартия выдержала горбачевский кризис и по сегодняшний день руководит Беларусью. Не было бы ее опытной у руля - не было бы государства РБ. Вечный майдан и бардак были бы.
  • Аляксандр Кур'яновіч
  • 2018-02-04 21:56:23
А Вы в Беларуси живете?
  • Anatol Starkou
  • 2018-02-04 22:53:26
Гэта вы да мяне звяртаецеся, спадар бел-чырвона-белы навукоўца? Якая розніца, дзе жыве беларус і да таго ж грамадзянін Беларусі? Няўжо клава нешта іншае клацае думы беларуса, які жыве ля Драздоў ці ля Таймс Сквэр?

Каментаваць