1941 год: Дэпартацыя пад бомбамі

У маі-чэрвені 1941 года адбылася чацвёртая хваля дэпартацыі насельніцтва Заходняй Беларусі ўглыб СССР. Апошнія эшалоны з людзьмі пакідалі Беларусь пад бомбамі самалётаў Люфтвафэ. 



У такіх вагонах перавазілі дэпартаваных


На працягу 1940 года ў заходніх абласцях УССР і БССР адбыліся тры этапы вывазу польскіх грамадзян у аддаленыя часткі Савецкага Саюза.
 
 
Дэпартацыя, якая пачалася ўвесну 1941 года, павінна была канчаткова «засцерагчы» тылы Чырвонай Арміі ў магчымым супрацьстаянні з «капіталістычным Захадам». Тым больш, што на працягу года, які прайшоў з моманту заканчэння трэцяй хвалі (28/29 чэрвеня 1940 года), у склад «першай краіны рабочых і сялян» увайшлі новыя тэрыторыя з несавецкім насельніцтвам. Гутарка ідзе пра прыбалтыйскія краіны, Бесарабію і Паўночную Букавіну. 
 
 

Новыя катэгорыі ахвяр

 
22 мая 1941 года часткі ўнутраных войскаў НКУС пачалі вывозіць людзей з заходніх абласцей УССР і з Малдавіі, у ноч з 12 на 13 чэрвеня аблавы прайшлі ў Літве, Латвіі і Эстоніі, 14 чэрвеня людзі ў васільковых фуражках ізноў «завіталі» да жыхароў Заходняй Беларусі.
 
 
Значным адрозненнем гэтай аперацыі ад папярэдніх трох было тое, што вясной-летам 1941 года павялічылася колькасць катэгорый грамадзян, якія падлягалі дэпартацыі. У адпаведнасці з «Дырэктывай НКУС СССР аб высяленні сацыяльна чужых элементаў з рэспублік Прыбалтыкі, Заходняй Украіны, Заходняй Беларусі і Малдавіі», у 1941 годзе вывазу падлягалі: удзельнікі контррэвалюцыйных партый і антысавецкіх нацыяналістычных арганізацый; былыя жандары, ахоўнікі турмаў, кіруючы склад паліцыі; памешчыкі, фабрыканты, чыноўнікі буржуазных дзяржаўных апаратаў; былыя афіцэры царскага войска і белагвардзейцы; крымінальнікі; прастытуткі, зарэгістраваныя ў паліцыі; члены сямей адзначаных вышэй катэгорый грамадзян; члены сямей удзельнікаў контррэвалюцыйных і нацыяналістычных арганізацый, асуджаных да вышэйшай меры пакарання; асобы, якія ўцяклі з Польшчы і адмовіліся прымаць савецкае падданства; асобы, якія прыбылі з тэрыторыі Германіі ў парадку рэпатрыяцыі, а таксама немцы, зарэгістраваныя на выезд за мяжу, але якія адмовіліся выязджаць у Рэйх. 
 
 
Паліцыянты з Косава на курорце ў Буска Здруй, 1933 год
 
 
Былыя вайскоўцы і прадстаўнікі спецыяльных службаў буржуазных дзяржаў, а таксама немцы накіроўваліся ў лагеры для ваеннапалонных, а іншыя катэгорыі асоб, узгаданых вышэй (акрамя крымінальнікаў, якіх высылалі ў папраўча-працоўныя лагеры — І.М.), высылаліся на пасяленне тэрмінам на 20 гадоў у Казахстанскую ССР, Комі АССР, Алтайскі і Краснаярскі край, Кіраўскую, Омскую і Новасібірскую вобласці. 
 
 
Усе гэтыя людзі атрымлівалі статус спецпасяленцаў і мелі права выбару месца жыхарства ў адзначаных рэгіёнах. Дэпартаваныя былі абавязаныя займацца «грамадка карыснай працай», мелі права ўступаць у калгасы. Былыя грамадзяне ІІ Рэчы Паспалітай былі абавязаны ўставаць на ўлік у мясцовых райаддзелах НКУС і кожны месяц праходзіць перарэгістрацыю. За парушэнне рэжыму спецпасяленцаў каралі штрафамі, а ў некаторых выпадках і нават турэмным зняволеннем (напрыклад, за спробу пакінуць спецпасяленне). 
 
 

Ахвяры дэпартацыі

 
Падчас акцыі галоў сямей спачатку не аддзялялі ад іх блізкіх. Гэтая працэдура звычайна адбывалася непасрэдна на чыгуначнай станцыі. Асаблівасцю аперацыі ў БССР было тое, што мужчын часцей за ўсё накіроўвалі ў турмы НКУС.
 
 
У адпаведнасці з дакладной запіскай Лаўрэнція Цанавы сакратару ЦК КП(б) Беларусі Панцеляймону Панамарэнку ад 21 чэрвеня 1941 года, на тэрыторыі заходніх абласцей савецкай Беларусі было арыштавана 2059 удзельнікаў беларускіх, польскіх, украінскіх, рускіх, яўрэйскіх контррэвалюцыйных арганізацый, чыноўнікаў «былой польскай дзяржавы», белагвардзейцаў і іншых контррэвалюцыйных элементаў. Усяго ж, у адпаведнасці са справаздачамі савецкіх спецыяльных органаў, падчас чацвёртай дэпартацыі ў аддаленыя раёны СССР было вывезена больш за 20 тысяч жыхароў Заходняй Беларусі, для транспарціроўкі якіх выкарыстоўвалі 20 чыгуначных эшалонаў. 
 
 
 
Сярод тых, каго дэпартавалі летам 1941 года, была маці жыхаркі польскага горада Зялёная Гура Ірэны Петшак. «Да Другой сусветнай вайны мой дзед Станіслаў Давыдзюк служыў у Дзяржаўнай паліцыі ў Косаве Палескім, а пазней быў пераведзены ў Мерачоўшчыну. Там ён ажаніўся з маёй бабуляй Леакадзіяй з дому Жылінскіх. У іх нарадзіліся дзве дачкі Ганна і Тэрэза. У кастрычніку 1939 года майго дзеда арыштаваў НКУС. Пазней яго накіравалі ў Мінск. З гэтага моманту мы нічога не ведаем пра лёс гэтага чалавека. Відавочна, прозвішча Станіслава Давыдзюка знаходзіцца ў Беларускім катынскім спісе. У чэрвені 1941 года савецкія ўлады прыйшлі і за маёй бабуляй і яе дочкамі», — расказвае жанчына.
 
 
Пратакол ператрусу ў доме Давыдзюкоў і іх рэчы
 
 
Перад намі пратакол ператрусу, што адбыўся ў доме Давыдзюкоў, які знаходзіўся на вуліцы Максіма Горкага (да вайны вуліца Касцельная — І.М.) у Косава. 20 чэрвеня 1941 года ў 3 гадзіны ночы супрацоўнікі раённага адзела Косаўскага НКДБ паведамілі жонцы польскага паліцыянта пра рашэнне аб яе высяленні ўглыб СССР. Пры гэтым у яе былі канфіскаваныя: польскі пашпарт за № 2509071, альбом з фотаздымкамі, і розныя, у тым ліку сярэбраныя, манеты часоў ІІ Рэчы Паспалітай. Хутка жанчына з дзвюма дочкамі апынулася ў чыгуначным вагоне, які рухаўся на ўсход. 
 
 
 
Косаўскія паліцэйскія, другі справа Давыдзюк, 1938 год
 
 
А вось як апісваў апошнюю хвалю дэпартацый адзін з жыхароў Ваўкавыска: «Тры гадзіны ночы. 21 чэрвеня 1941 года. Стук у дзверы і ў вокны будзіць нашую сям’ю. Мама адчыніла дзверы. У хату ўвайшлі тры жаўнеры НКУС. Яны правяраюць дакументы, але нам іх не вяртаюць. Адзін з супрацоўнікаў зачытвае нам паперу, з якой вынікае, што на падставе пастановы Вярхоўнага савету СССР мы перасяляемся ў іншую вобласць. Пытаемся: «Куды?» Адказу няма. Даюць 20 хвілін на зборы. Бярэм трошкі рэчаў. Бабуля ляжыць у ложку хворая. Яе таксама спрабуюць забраць, але адзін з нкусаўцаў кажа: «Старуха і так падохне. Не трэба яе браць». Развітваемся з бабуляй. Па дарозе нкусаўцы забіраюць іншыя сем’і. Хутка ўязджаем на станцыю Ваўкавыск Цэнтральны. Тут ужо шмат людзей, а вакол жаўнеры з вінтоўкамі. На першым і апошнім вагонах цягніка стаяць кулямёты. На тармазных платформах саставу ахоўнікі НКУС. Жаўнеры зачытваюць прозвішчы і загадваюць лезці ў вагоны. Нас назбіралася ў вагоне чалавек 40. Апоўдні жаўнеры зачыняюць вагоны. Становіцца горача і душна».
 
 
 
Адна з сямей дэпартаваных жыхароў Заходняй Беларусі, 1941 год
 
 

Люфтвафэ палюе на эшалоны з людзьмі

 
 
Пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз, аперацыя па дэпартацыі не спынілася. Савецкія ўлады імкнуліся здзейсніць свае злачынныя планы нават ва ўмовах нямецкай агрэсіі. Цягнік, у якім ехалі на ўсход Леакадзія Давыдзюк з дочкамі, трапіў пад моцную бамбардзіроўку ў Мінску, падчас якой загінула шмат людзей, якіх вывозілі ўглыб СССР. Вось як адзін з відавочцаў апісваў налёт нямецкай авіяцыі на эшалон: 
 
 
 
Леакадзія і Станіслаў Давыдзюкі, 1939 год
 
«Нас везлі ўсё далей і далей, без вады, свежага паветра. Перад мостам праз раку Зяльвянку рэйкі рабілі паварот, і тады я ўбачыў увесь наш эшалон. Ён складаўся з 40 таварных вагонаў з забітымі вокнамі. У сярэднім у вагоне было па 80 чалавек, а цалкам у саставе ехала каля трох тысяч дэпартаваных. Ля самага моста на цягнік наляцелі нямецкія самалёты. Адзін за другім яны скідвалі бомбы. На бамбардзіроўку заходзілі некалькі разоў, адначасова страляючы з кулямётаў. У гэты час цягнік спыніўся, і ахова пабегла ў абочыну хавацца ад налёту. Людзі ўсё гэта бачылі праз адтуліны ў вагонах. Калі кулі застукалі ў дах вагона, усе прыгатаваліся да смерці. Не ўсім давялося выжыць у тым налёце. Многія загінулі ад нямецкіх бомбаў. Іншыя спрабавалі ўцячы і загінулі ад куляў нкусаўцаў. Праз некалькі гадзін транспарт сфарміравалі зноў. Знішчаныя вагоны адчапілі, а забітых закапалі ля чыгуначных шляхоў. На дахах вагонаў было шмат савецкіх бежанцаў. Гэтыя людзі прыехалі ў Заходнюю Беларусь пасля верасня 1939 года і зараз беглі ад немцаў. У Стоўбцах, на некалі польскай памежнай станцыі, у вагоны прынеслі хлеб і дазволілі набраць вады. За Стоўбцамі нямецкія самалёты з’яўляліся часта, а савецкіх мы так і не ўбачылі». 
 
 
 
Са справаздачы НКУС ад 5 ліпеня 1941 года дакладна вядома, што спецорганам не ўдалося вывезці ўсіх, хто быў унесены ў спісы на дэпартацыю з Заходняй Беларусі. Нехта загінуў пад нямецкімі бомбамі, другіх расстралялі савецкія карнікі. Леакадзію Давыдзюк з дочкамі дэпартавалі ў Новасібірскую вобласць, у вёску Чугунка. Пазней яны былі вывезены ў Стаўрапольскі край, дзе жонка паліцэйскага працавала ў саўгасе № 107. У 1946 годзе гэтая сям’я вярнулася ў Польшчу. 
 

Абмеркаванне:

  • Максім
  • 2014-06-25 16:51:57
У Прыбалтыцы, Украіне, Румыніі надаецца больш увагі тэме савецкіх дэпартацыяў у 1939-1941 гг., чым у нашай краіне, бо гэта разыходзіцца з дзяржаўнай ідэялогіяй Беларусі, якая трымаецца яшчэ на старых
савецкіх пастулатах, згодна з якімі СССР-выключна мірная краіна, што стала ахвярай ваяўнічага фашызму; а ў верасні 1939 г. адбылося "воссоединение украинского и белорусского народов и
освобождение их от засилья польских помещиков".

Трохі дзіўна выглядае тое, што Саветы ў той час высылалі ў глыб краіны і немцаў, бо ў той час паміж Нямеччынай і СССР быў "мядовы месяц".

Было цікава даведацца пра прымусовыя перадваенныя дэпартацыі на прыкладзе гісторыі адной сям'і, дзякуй за працу.

Мы павінны памятаць пра тыя падзеі, калі тысячы жыхароў Заходняй Беларусі адправіліся на Ўсход у вагонах для скаціны, бо гэта частка нашай гісторыі.

Каментаваць