Драбніцы вялікай вайны. Успаміны

Два гады пішу кнігу пра сваю другую радзіму — Лагойшчыну, пра вёску Янушкавічы, дзе заканчвала школу, пра землякоў.
Руіны палацу Тышкевіча ў Лагойску

Руіны палацу Тышкевіча ў Лагойску



Лагойскі край — лясны і партызанскі, у атрадах ваявалі многія з нашых настаўнікаў. У Германіі на прымусовых работах пабывалі жыхары бліжэйшых вёсак, у блакаду цалкам былі спалены Янушкавічы Малыя, з-за чаго атрымалі неафіцыйную назву Гарэлыя. Па крупінцы збіраю звесткі пра падзеі мінулага, мне адкрылася шмат невядомага, нечаканага...

… Акупанты ўехалі ў раённы цэнтр на танках. Па дарозе разрабавалі краму культавараў і далей, па ходу, паказвалі дзецям мяккія цацкі, гралі на губных гармоніках.

… Мясцовага хлопца адправілі з лесу здабываць харч. (Мы прыкладна ведаем, як гэта звычайна адбывалася.) Доўга не думаючы, Пётр на возе едзе дадому і просіць: “Мама, аддай аўцу”. “Бяры, сыночак, бяры”, — дазволіла добрая Полечка. Звязаў і ўскінуў на воз. Сёстры пасля шкадавалі авечку, бо яна хадзіла за імі, як прывязаная.

… У былой Заходняй (мяжа праходзіла непадалёку) хутаране адводзілі кароў на ноч да бліжэйшага нямецкага гарнізона — ратавалі ад начных гасцей. Там іх звалі “кароўнікамі” і “падушачнікамі”.

… У Калачах мяжа расколу прайшла па сям’і. Тры сястры-прыгажуні дапамагалі партызанам, а брат стаў калабарантам. Славіўся сваёй сквапнасцю і непераборлівасцю: мог вынесці з чужой хаты чыгуны або жаночую бялізну. Сёстры загінулі. Што стала з братам — невядома.

… У вёску Якубавічы Гаравыя наведаліся партызаны і забілі даносчыка. Яго жонка, пяюха Ганначка, пешкі падалася ў гарнізон, паскардзілася. За мужа яна адпомсціла, і адпомсціла жорстка.

Паліцаі ўзялі восем немаладых, непрызыўнога ўзросту мужчын. Паставілі да сценкі, сагналі народ. Баб не падпускалі, тыя галасілі воддаль. Пытаюцца, паказваючы на заложнікаў, тыпу раяцца: “Што з імі рабіць?” “Расстраляць!”— з гатоўнасцю падказвае адзін з мясцовых. Так і зрабілі. Пасля вызвалення тэрыторыі “падказчык” знік, як растварыўся, і больш пра яго не чулі.

… Два браты-паліцаі ехалі на возе ў Саўдзеневічы, каб адпомсціць радні былога паплечніка. Іх агледзеў падрыўнік з мясцовага атрада, чэх-перабежчык, і ад рэчкі стрэліў з вінтоўкі. І як на бяду, трапіў. У вазніцу. Паліцаі як пачалі з крайняй хаты, так і палілі адну за другой, папярэдне забіваючы жыхароў. Хто пабачыў дым, паспелі разбегчыся. Мо дзесяць хат не дапалілі здраднікі, бо з суседняй вёскі ім далі адбой ракетаю.

Дзень далі людзям на пахаванне родных костачак — і павялі на Гайну, на вываз.

… Рацькаўскіх на ўгон бралі двойчы: першы раз — з бліжэйшага балота, другі — з хат. Дзесяцігадовая дзяўчынка, не разабраўшыся што да чаго, учапілася за старэйшую сястру: “Я з Волькай! Я з Волькай!” Трапіла ў Нямеччыну, можна сказаць, за кампанію. Вярнуўшыся, выйшла замуж за такога сама вязня, настаўніка нямецкай мовы Івана Нікіфаравіча.

… Большыя дзеці паўцякалі, засталася маці з меншымі. Суседкі навучылі: “Схавайся. Без цябе не забяруць”. Гэлька паслухалася: залезла ў куст разынак ды назірае. Чацвярых яе дзяцей далучылі да групы і павялі ўбок Янушкавічаў. Хлопчыкі-блізняты толькі хадзіць навучыліся. Сястра то аднаго паднясе, то другога… Выбралася Гэлька з куста і давай даганяць свой вывадак.

Усіх іх выкупіў з барысаўскага перасыльнага лагера іх муж і бацька Д.

… 90-гадовую настаўніцу з Якубавічаў Баравых праведалі дырэктарка школы з раённай прэсай. Усё як звычайна: чай, торт, успаміны… Вольга Міхайлаўна стварыла падпольную камсамольскую групу ў сваёй вёсцы. Ішлі ўтраіх з задання, неслі з Мінска ў лес медыкаменты. Нарваўшыся ў Змяёўшчыне на аблогу — ланцуг гітлераўцаў з аўтаматамі, — пахаваліся хто куды.

Дзяўчына зашылася ў мох, нага немца ступіла ўпрытык. “Я дасюль памятаю шчакой холад таго бота”, — прызналася юбілярка.


naviny.by


Читать полностью:http://naviny.by/rubrics/opinion/2016/05/10/ic_articles_410_191627/


Каментаваць