Другі фронт адчынілі тувінцы

Да сённяшняга дня ў гісторыі Другой сусветнай вайнызастаюцца тэмы, якім даследчыкі прысвяцілі недастаткова ўвагі. Адной з іх з’яўляецца ўдзел Тувінскай Народнай Рэспублікі (ТНР) у Другой сусветнай вайне. Менавіта гэтая дзяржава першай падтрымала СССР у вайне з нацысцкай Германіяй.



Кызыл. Май 1945 года


Паміж Кітаем і Расіяй

Да моманту пачатку ў Кітаі Сінхайскай рэвалюцыі ў 1912 го­дзе тэрыторыя Тувы знаходзілася пад уладай кітайскай дынастыі Цын і мела назву «Тану-Уранхай». Калі пачаліся рэвалюцыйныя выступы, кіраўнікі тувінскіх тэрыторый звярнуліся да паўночнага суседа — Расіі — з просьбай узяць гэтыя землі пад сваю апеку. У красавіку 1914 года Мікалай ІІ прыняў рашэнне аб устанаўленні расійскага пратэктарату над тувінскімі тэрыторыямі. Край быў уключаны ў склад Енісейскай губерні.

Зрэшты, ужо вясной 1917 года ў Туве пачалося актыўнае стварэнне Саветаў. Справа ў тым, што на тэрыторыі Тувы пражывала пэўная колькасць рускіх сялян і рабочых, якія сталі своеасаблівымі «рэтранслятарамі» ідэй марксізму на тэрыторыі Уранхайскага краю.


У ліпені 1918 года Тува была акупавана войскамі Калчака. Праўда, праз год бальшавікі выбілі белых з Уранхайскага краю, а ў 1921 годзе была абвешчана незалежная Народная рэспубліка Тану-Тува, якая з 1926 года пачала называцца Тувінскай Народнай Рэспублікай.
Незалежнасць пад «савецкім крылом»

Тувінскі пехацінец (злева)


У жніўні 1921 года быў праведзены Усетувінскі ўстаноўчы хурал, у працы якога прымалі ўдзел і прадстаўнікі Савецкай Расіі. На сходзе была прынята дэкларацыя аб стварэнні незалежнай тувінскай дзяржавы. Дзіўная справа — бальшавікі паўсюдна душаць любыя нацыянальныя праявы, а тут такая павага да незалежнасці былой рускай правінцыі.


У 1923 годзе адбываецца і зусім цікавая падзея: тэрыторыю ТНР пакідаюць часткі Чырвонай Арміі. Сталіцай рэспублікі быў абвешчаны горад Кызыл. У хуткім часе былі заключаны дагаворы з СССР і Мангольскай Народнай Рэспублікай аб прызнанні незалежнасці ТНР. У 1925 годзе быў падпісаны савецка-тувінскі дагавор аб узаемадапамозе, у адпаведнасці з якім на вучобу ў СССР паехалі і маладыя тувінскія «камсамольцы». У будучыні яны адыграюць сваю ролю ў саветызацыі ТНР.


Першым кіраўніком рэспублікі стаў Буян-Бадыгры. Пад яго кіраўніцтвам была распрацаваная і прынятая канстытуцыя краіны. Зрэшты, у 1929 годзе гэты чалавек быў арыштаваны і праз 3 гады па надуманым абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Японіі пакараны. У 1930-м уладу захапілі сталіністы, што атрымалі адукацыю ў СССР. Тут жа пачаліся ганенні на будызм і шаманізм. У 1930-х гадах пад рэпрэсіі падпалі каля 2 тысяч грамадзян ТНР.


Новым лідарам рэспублікі стаў выпускнік маскоўскага Камуністычнага ўніверсітэта працоўных Усходу Салчак Току. На працягу ўсяго перыяду незалежнасці ТНР Савецкі Саюз пільна сачыў за працэсамі, якія адбываліся ў бурлівым рэгіёне. Першапачаткова моцны фактар кітайскага ўплыву ў пачатку 1930-х гадоў саступіў месца японскаму. «Імперыя ўзыходнага сонца» не хавала сваіх амбіцый у рэгіёне і ўсё бліжэй падбіралася да савецкіх межаў.


У 1938 годзе тувінскія добраахвотніцкія часткі ўдзельнічалі ў адбіцці японскай агрэсіі ля возера Хасан, а праз год біліся з самураямі на Халхін-Голе. У лютым 1940 года кіраўніцтва ТНР прыняло рашэнне аб стварэнні Міністэрства вайсковых спраў, якому было загадана пачаць пераўзбраенне і перааснашчэнне арміі. Зразумела, што ўсе гэтыя задачы вырашаліся за кошт паставак савецкага ўзбраення і тэхнікі.


Другі фронт ад Тувы


22 чэрвеня 1941 года, даведаўшыся пра напад Германіі на Савецкі Саюз, ТНР абвяшчае вайну Трэцяму Рэйху і яго еўрапейскім саюзнікам. Адбываецца гэта ў сітуацыі, калі азіяцкі саюзнік Гітлера — Японія, па сутнасці, знаходзіўся ля тувінскіх межаў. Цікавым фактам з’яўляецца тое, што кіраўніцтва ТНР сваёй заявай аб падтрымцы СССР у вайне з нацысцкай Германіяй апярэдзіла Вялікабрытанію. Справа ў тым, што зварот прэм’ер-міністра Злучанага Каралеўства Уінстана Чэрчыля, адрасаваны савецкаму народу, быў перададзены BBC у 23 гадзіны па маскоўскім часе, а тувінцы прынялі дэкларацыю 11 гадзінамі раней.

Зварот тувінскага народу


У сваім звароце брытанскі прэм’ер у прыватнасці сказаў: «Небяспека, якая пагражае Расіі, — гэта небяспека пагражае нам і Злучаным Штатам, справа кожнага рускага, які змагаецца за свой ачаг і дом — гэта справа вольных людзей і свабодных народаў ва ўсіх кутках зямнога шара. Засвоім жа ўрокі і будзем змагацца разам, колькі хопіць сіл і жыцця». У сваю чаргу, дэлегаты Х Вялікага Хуралу ТНР заявілі: «Тувінскі народ гатовы не шкадуючы жыцця, усімі сіламі і сродкамі ўдзельнічаць у барацьбе Савецкага Саюза супраць фашысцкага агрэсара да канчатковай перамогі над ім».


На наступны дзень урад ТНР прапанаваў Маскве адмабілізаваць часткі тувінскага войска і накіраваць іх на фронт, але Масква вырашыла пачакаць з гэтым. Тады было прынята рашэнне аб перадачы СССР усяго залатога запасу ТНР на суму ў 35 мільёнаў рублёў. У сваю чаргу, узброеныя сілы ТНР былі пераведзеныя на ваеннае становішча. 8 жніўня 1941 года Сталін павіншаваў кіраўніцтва ТНР з 20-годдзем рэспублікі і падзякаваў за гатоўнасць дапамагчы ў вайне з Германіяй.


За перыяд з 1941 па 1944 гады СССР атрымаў ад ТНР 50 000 баявых коней, на грошы, сабраныя жыхарамі рэспублікі, былі створаныя дзве танкавыя брыгады. У сакавіку 1943-га на падмаскоўным аэрадроме «Чкалаўскі» дэлегацыя ТНР перадала ў распараджэнне 133-га знішчальнага авіяпалка Чырвонай Арміі 10 знішчальнікаў Як–7Б, пабудаваных на рэспубліканскія сродкі. Вясной 1944 года Тува падарыла толькі што вызваленай Украіне 27 500 кароў. Усяго за час Вялікай Айчыннай вайны ТНР паставіла ў СССР звыш 700 тысяч галоў жывёлы.

Твінскія салдаты

У маі 1943 года ўсё ж было прынята рашэнне аб адпраўцы тувінскіх добраахвотнікаў на савецка-германскі фронт. 200 грамадзян ТНР пасля нядоўгага навучання былі залічаныя ў 25-ы асобны танкавы полк 52-й арміі 2-га Украінскага фронту. Тувінскія танкісты ваявалі ва Украіне, Малдове, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі. У верасні 1943 года другую групу добраахвотнікаў залічылі ў склад 8-й кавалерыйскай дывізіі. Ім давялося ўдзельнічаць у баявых дзеяннях на захадзе Украіны.


Напрыклад, 31 студзеня 1944 года пад вёскай Дуражно на Валыні (Заходняя Украіна) тувінскія кавалерысты на нізкарослых, калматых, але надзвычай хуткіх конях, з шаблямі ўступілі ў бой з перадавымі нямецкімі часткамі. Выжыўшы пасля таго бою афіцэр вермахта Г. Рэмке падчас допыту распавядаў, што «гэтая атака была жахлівай і надзвычай дэмаралізоўна паўплывала на салдат вермахта». «На нас скакала процьма варвараў, ад якіх не было збаўлення», — распавядаў палонны. Справа ў тым, што тувінцы, прыхільныя ўласным паданням аб правілах вядзення вайны, прынцыпова не бралі ворага ў палон.


1 лютага 1944 года тувінскія кавалерысты прарваліся да горада Роўна. Развіваючы наступ, эскадрон на чале з капітанам Кечыл-аолам выйшаў да чыгуначнага вакзала і атакаваў варожы гарнізон. Дачакаўшыся падыходу асноўных сіл, тувінцы ўварваліся ў горад. За тую бітву 17 грамадзян ТНР былі ўзнагароджаныя ордэнамі Славы. Варта адзначыць, што тувінцы прынялі ўдзел у вызваленні 80 заходнеўкраінскіх населеных пунктаў.

Ганаровая дошка ў Роўна


Усяго за гады вайны ў Чырвонай Арміі служыла 8 тысяч грамадзян ТНР, з якіх у жывых засталося каля 300 чалавек. Вялікая колькасць тувінскіх салдат была ўзнагароджаная рознымі савецкімі ордэнамі і медалямі. Ёсць і героі Савецкага Саюза. Напрыклад, танкіст Хомушку Чургуй-аол, які ваяваў у 25-м танкавым палку.


Канец незалежнасці


17 жніўня 1944 года VII сесія Малога Хуралу прыняла дэкларацыю аб уваходжанні ТНР у склад Савецкага Саюза на правах аўтаномнай вобласці. «Хадайніцтва» было задаволенае рашэннем Вярхоўнага Савета СССР у кастрычніку 1944-га. Неўзабаве Тува стала часткай РСФСР.
Така Салчак (той самы выпускнік маскоўскага вну — аўт.) стаўся першым сакратаром тувінскага абкама ВКП(б).

  Салчак (Сяргей) Така

Дарэчы, гэты чалавек прабыў на сваёй пасадзе да самай смерці ў 1973 годзе. Сакрэт яго палітычнага даўгалецця просты. Нават пасля смерці «правадыра народаў» Масква не жадала прыбіраць ідэйнага «сталініста», пабаяўшыся таго, што на змену дыктатару прыйдзе «ліберал», пры якім тувінцы зноў могуць успомніць пра «незалежнасць».

Падзяка Сталіна


Спыніла сваё існаванне і тувінскага армія. Нацыянальныя часткі ТНР, па ўзору прыбалтыйскіх дзяржаваў, былі ператвораныя ў 7-ы Асобны кавалерыйскі полк Чырванасцяжнай Сібірскай ваеннай акругі. У сваю чаргу Тувінскае міністэрства ваенных спраў ператварылася ў Абласны ваенны камісарыят.


З кастрычніка 1961 і па 1991 гады Тува была аўтаномнай вобласцю ў складзе РСФСР, а пасля развалу СССР стала суб’ектам Расійскай Федэрацыі.

* * *

На думку шматлікіх сучасных гісторыкаў, пастаўкі з Манголіі і Тувы для СССР у гады вайны па аб’ёме былі ўсяго на траціну меншыя, чым агульны аб’ём саюзніцкіх паставак з ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Аўстраліі і іншых краін. У 2010 годзе ў сталіцы некалі незалежнай Тувінскай Народнай Рэспублікі Кызыле быў адкрыты мемарыяльны комплекс у гонар салдат і афіцэраў тувінскага войска, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. Так Расія ўшанавала памяць тых, хто стаў яе першым саюзнікам у Вялікай Айчыннай вайне.

Абмеркаванне:

  • Санек
  • 2013-01-26 02:02:15
Интересные факты. Я и не знал о "независимости" Тувы. Понятно, что под советами были. Но все же номинально были независимыми. А факт объявления войны и вовсе мало известный.
  • Орлан
  • 2013-09-24 00:11:16
Привет от нового поколения Тувы!

Каментаваць