Дух яго не зламалі. З успамінаў Міколы Канаша

Напачатку 1990-х я пазнаёміўся з вязнем сталінскіх лагераў Міколам Канашам, перапісваўся з ім, пытаўся пра беларускіх паэтаў, якія прайшлі ГУЛАГ. Аднойчы спытаў і пра сябра Саюза вызвалення Беларусі Віталя Губарэвіча.



Віталь Губарэвіч, 1960-я гады


Каб пачулі іх людзі

Спадар Мікола хутка даслаў адказ: «Віталя Губарэвіча я сустракаў толькі ў зняволенні, захаваў каля двух дзясяткаў ягоных вершаў з тых часоў. Яго ўжо няма ў жывых, ён памёр дзесьці ў сябе на радзіме ў сярэдзіне ці пачатку 1970-х гадоў. Ведаю, што ў яго жывая яшчэ маці…».

Я адразу адказаў на ліст Міколу Канашу, дзе прыгадаў, што Віталь Губарэвіч пісаў добрыя вершы. А ў адказ спадар Мікола паведаміў (ліст ад 11 красавіка 1994 года, усе пісьмы ад Міколы Канаша захоўваюцца ў аўтара гэтых радкоў — С.Ч.): «Скуль вы ведаеце, што Віталь Губарэвіч пісаў добрыя вершы? Я вам даслаў толькі адзін, прысвечаны Ларысе Геніюш. Але я не сказаў бы, што вершы Губарэвіча вельмі добрыя, пісаў ён іх у лагеры экспромтам, захаваць магчымасці добрай не меў. Ён казаў мне, што ўсуне ў бутэльку і закапае, магчыма, нехта натрапіць. Але шансу на гэта не было ніякага. Таму ўзяў я іх сабе, перачытаў і, лепшыя на мой погляд вывучыў на памяць, іншыя — прыхаваў у шахце. І толькі пасля выхаду на волю пачаў прыводзіць да парадку. І, такім чынам, што захаваў, тое маю і сёння. Усе іншыя, відаць, прапалі, як ён пісаў сам. І ўсё ж, вядома, мне хацелася нейкім чынам зрабіць так, каб пачулі іх людзі. Я стараўся падобнае рабіць, але поўнай галоснасці дасягнуць так і не змог. Па-першае, вершы неабходна яшчэ адшліфаваць і толькі потым пусціць у друк, а гэта не так і проста. Па-другое, ёсць у Губарэвіча вершы і на рускай мове, значыць, іх трэба перакласці на нашу родную мову…»

Пытаўся пра Віталя Губарэвіча пры жыцці ў Міколы Канаша і наш гісторык Міхась Чарняўскі. Спадар Канаш тады адказаў і яму: «З Віталём Губарэвічам мне давялося пазнаёміцца ў страшных умовах ГУЛАГу 45 гадоў таму ў пасёлку Інта Комі АССР на 1-і ОЛП-е. Нічым асабліва ён не адрозніваўся ад іншых зняволеных: той жа бушлат з нумарам на спіне, тая ж аблавушка з рознакаляровых кавалачкаў тканіны на галаве, засмуголеныя невядомага колеру штаны ды кароценькія абгарэлыя вайлакі на нагах. Невысокага росту, з хударлявым тварам, на якім тырчэў нос. Уражвалі хіба вялікія вочы бледна-шэрага колеру. Ён, як пасля казаў мне, хварэў на сухоты. А родам быў з Дзятлаўскага раёна, што на Гарадзеншчыне. Пісаў вершы на беларускай і расейскай мовах.

На той час я ўжо быў знаёмы з Ларысай Геніюш, якая знаходзілася тамсама, толькі на 4-м ОЛП-е, жаночым. Аднаго разу я пару Віталёвых вершаў адаслаў Ларысе. І неўзабаве атрымаў адказ, што яны яшчэ далёка не дасканалыя, але нічога — няхай піша надалей, не варта адбіваць у яго ахвоту пісаць...

Наўпрост Віталь з Ларысай не ліставаўся, а час ад часу аддаваў мне свае лісты пераважна ў вершаванай форме, каб я адаслаў ёй. Але такая перапіска між імі працягвалася нядоўга. Узніклі непаразуменні ў думках, у поглядах, разважаннях. Віталь лічыў сябе выхадцам з беднай сялянскай сям'і, а Ларысу чамусьці далучаў да мяшчанаў і да тых, што стаялі «на версе». Вядома, не меў рацыі. Па натуры ён быў добры, аднак ён у парыве злосці не ўмеў сябе стрымліваць. І ў дадатак яшчэ быў хворы.

У 1955 ці ў пачатку 1956 года — адным словам, ляжаў яшчэ снег і было зімна — на шахце № 2 забіла камбайнам нашага хлопца Міколу Граноўскага, ён быў з Шаркоўшчынскага раёна, што на Віцебшчыне. І мы, беларусы, вырашылі яго пахаваць па-Божаму. Быў гэта ўжо час «хрушчоўскай адлігі». Мікола Яцкевіч працаваў у інструменталцы шахты № 2 і дапамог цеслярам зрабіць труну й крыж. Слаўка Прыстаўка арганізаваў збор грошай, і купілі касцюм. Быў складзены й пададзены начальству лагера спіс зняволеных беларусаў з шахты № 2 (каля 20 чалавек), каб дазволілі выйсці з зоны на пахаванне. Дазвол быў дадзены. Быў там і Віталь Губарэвіч, які прачытаў над магілай свой верш «На смерць Міколы Граноўскага». А па нейкім часе яму з бетону зрабілі помнік, дзе на мармуровай дошцы выразалі надпіс. Тэкст цяпер ужо дакладна не памятаю, ведаю толькі, што ёсць словы: «Не забудзем цябе, сябра». Пахаваны ён на могілках у лесе «Сангарадка» непадалёку ад «Пцічніка». Можа, тая мясціна захавалася яшчэ й сёння?..»

   Арышт

Віталь Губарэвіч нарадзіўся 3 студзеня 1926 года ў вёсцы Наваельня Дзятлаўскага раёна. Калі яму споўнілася два гады, памерла маці. Бацька Віталя спачатку працаваў псаломшчыкам у царкве, а потым, калі прыйшлі саветы, — на чыгунцы. Але аднойчы ў іх дом завіталі людзі ў цывільным з наганамі, зрабілі ў хаце вобыск, ператрэслі ўсе кнігі, але нічога крымінальнага і падазронага не знайшлі. Тым не менш бацьку Віталя Губарэвіча Міхася Губарэвіча арыштавалі. Больш сын і ўсе родныя і блізкія яго людзі, а таксама вяскоўцы ніколі Губарэвіча-старэйшага не бачылі, нават нічога не змаглі даведацца пра яго далейшы лёс.

Віталь Губарэвіч, Інта, 1954 г.

Калі пачалася вайна, Віталь працягваў вучобу ў вячэрняй школе, а таксама падпрацоўваў на чыгунцы, каб дапамагчы сям’і. Немцы неяк запрыкмецілі на чыгунцы юнака, і хутка яго адправілі на працу ў Германію. Па іншай інфармацыі, Віталь быў арыштаваны ў Вільні, там ён знаходзіўся ў роднай сястры. Выйшаў на рынак і трапіў у аблаву, дзе яго і схапілі. У Германіі ён цяжка працаваў на адным з ваенных заводаў.

На Дзятлаўшчыну юнак вярнуўся вясной 1945 года. Адразу пачаў працаваць, а таксама працягваў вучобу ў вячэрняй школе. Тады зачытваўся творамі беларускай літаратурай, сам пісаў вершы, але нікому іх не паказваў. На радзіме шукаў аднадумцаў, сяброў, якія яго разумелі б, з якімі ён мог бы падзяліцца сваімі думкамі і планамі.

 У 1946 годзе Віталь Губарэвіч становіцца сябрам Саюза вызвалення Беларусі (СВБ). Найперш упаўнаважаным СВБ на Дзятлаўшчыне. Супрацоўнікі НКУС яго часта затрымлівалі, выклікалі юнака на допыты, але стопрацэнтных доказаў знайсці не змаглі. І хоць Віталю было толькі 20 гадоў, за гэты час ён шмат бачыў і перажыў, меў пэўны жыццёвы вопыт. Але ўлады хацелі зламаць яго дух. Як жа так: бацька быў ворагам народа, сам Віталь падчас вайны знаходзіўся ў Германіі, вярнуўся дамоў і заўсёды размаўляў па-беларуску, пісаў вершы… За Віталем пастаянна сачылі. І неяк сярод сяброў СВБ знайшоўся здраднік, які іх выдаў НКУС. Сяброў арыштавалі: адных саслалі ў Сібір, іншых расстралялі. Не ўдалося толькі арыштаваць Губарэвіча. Але аднойчы такі момант здарыўся. У вячэрняй школе, дзе вучыўся Віталь, вісеў партрэт Сталіна. Неяк нехта выкалаў дыктатару вочы. Доўга шукалі вінаватага, пакуль нарэшце сын дырэктара школы не сказаў, што гэта зрабіў Губарэвіч, хаця ён да гэтай справы ніякага дачынення не меў. Хутка Віталя арыштавалі і далі яму 10 гадоў, адправіўшы ў Варкуту, а потым у Інту. Адбылося гэта ў траўні 1947 года.

У лагерах дзятлаўскаму хлопцу было невыносна цяжка, але дух юнака не зламалі. У яго пачаліся сухоты. Ад гэтай хваробы і ад цяжкай працы паміралі дзясяткі сяброў. Але Віталь трымаўся сваіх землякоў, якія разам дапамагалі адзін аднаму выжыць. Там ён пазнаёміўся з Ларысай Геніюш, перадаваў праз сяброў ёй свае вершы, спрачаўся, разважаў. Адзін з вершаў нават прысвяціў паэтцы. У ім ёсць і такія радкі:

…Ты гамаю акордаў мілагучных
Напоўніла мне сэрца да краёў,
І вобразаў так родных, неадлучных
Чарга перад вачыма ўстала зноў.
І я за ліру ўзяўся міма волі,
І грозна песня загула мая,
Яна пяе братам маім аб волі,
Аб нашых родных, дарагіх краях.
Але не плач у песні гэтай льецца —
Яна гучыць, як атамана кліч,
Пракляццем грозным з сэрца майго рвецца,
Ўздымае помсты ўсенародны біч.

Вяртанне

На родную Бацькаўшчыну Віталь Губарэвіч вярнуўся ў 1956 годзе, тады яму было толькі 30 гадоў. У Наваельні на Дзятлаўшчыне ён здаў экзамен за курс сярэдняй школы і паступіў на фармацэўтычны факультэт Ленінградскага хіміка-фармацэўтычнага інстытута, які скончыў, атрымаўшы спецыяльнасць правізара-фармацэўта. Працаваў у аптэках вёскі Наваельня, у Навагрудку, а потым яго прызначылі на працу ў вёску Дварэц аптэкарам.

Віталь Губарэвіч (пасярэдзіне) з сябрамі каля аптэкі ў вёсцы Дварэц Дзятлаўскага раёна, 1965 г.

 Вёсцы пашанцавала. Бо, акрамя сваёй працы, Віталь вёў актыўнае грамадскае жыццё. Ён іграў у Наваельнянскім духавым аркестры, арганізаваў тэатральны гурток у мясцовым клубе ў Дварцы. Вясковыя артысты часта паказвалі пастаноўкі па творах беларускіх драматургаў. Сам Віталь выдатна іграў камедыйныя ролі, пісаў розныя вершаваныя гумарэскі на тэмы вясковага жыцця і выконваў іх на сцэне. У вольны час ён спрабаваў пісаць вершы, займаўся перакладамі гумарэсак з польскага часопіса «Шпількі», які выпісваў. Збіраў і запісваў у вёсках Дзятлаўшчыны легенды і паданні.

Але страчанае здароўе ў Германіі і 9 гадоў лагераў рана забралі ў яго жыццё. Віталя Губарэвіча не стала ў 1976 годзе. Яго пахавалі на могілках у вёсцы Дварэц Дзятлаўскага раёна, дзе да сённяшніх дзён стаіць там сціплы помнічак.

З успамінаў Міколы Грышана

У пошуках звестак пра Віталя Губарэвіча, напрыканцы 2013 года сустрэўся з дзятлаўскім 82-гадовым паэтам, настаўнікам-пенсіянерам Мікола Грышанам, які некалі шукаў сляды Віталя Губарэвіча. Мы доўга пра яго і пра той час гутарылі.

— Спадар Мікола, калі вы займаліся пошукамі звестак пра Віталя Губарэвіча?

— Гэта было ў пачатку 1990-х гадоў. Я тады наведаў вёску Дварэц, бачыўся з яго другой жонкай. Калі Віталь Губарэвіч працаваў у Германіі, яму адарвала ўказальны палец на правай руцэ. Яго арыштавалі за ўдзел у Саюзе вызвалення Беларусі. Штаб арганізацыі знаходзіўся ў Навагрудку. Раскрыў арганізацыю правакатар, падасланы да іх. У раённай газеце Віталь Губарэвіч сваіх вершаў не друкаваў, відаць, яго вершы былі не для друку. У тых 1990-х гадах я напісаў і прысвяціў яму свой верш.

— А ці пыталася ў Віталя жонка, за што ён быў арыштаваны?

— І я такое пытанне таксама задаваў жонцы Губарэвіча. Яна пыталася ў яго, але Віталь казаў, што на допытах яго абвінавачвалі ў тым, што падчас вайны ён дапамагаў немцам у Германіі, калі быў прымусова туды вывезены. Пра Саюз вызвалення Беларусі ён нікому нічога пасля вяртання з лагераў не казаў.

Хата ў вёсцы Наваельня Дзятлаўскага раёна, дзе жыў Віталь Губарэвіч

У Губарэвіча тады быў пасынак — Міша Кузьміцкі. Некалі ён працаваў педагогам, быў даволі адукаваным чалавекам. Меў вышэйшую адукацыю. Пісаў вершы, друкаваўся. Але ў 1990-х гадах ён ужо не пісаў нічога, працаваў вартаўніком, бо з’ела беднага гарэлка. А цяпер у жывых іх наогул нікога ўжо няма. Людзі казалі мне тады, што вершы Кузьміцкі пісаў не сам, а гэта былі вершы Губарэвіча, якія Міша прыпісваў сабе. Але я ў гэта мала веру, бо друкаваўся Кузьміцкі ў 1960-х гадах, калі жыў Губарэвіч, а на такое Кузьміцкі не змог бы пайсці. Ды стыль вершаў Кузьміцкага не падобны на стыль вершаў Губарэвіча.

— Ці вядома вам, што за правакатар выдаў Саюз вызвалення Беларусі і, у прыватнасці, Віталя Губарэвіча?

— Калі ў вячэрняй школе ў Наваельні вучыўся Віталь Губарэвіч, інструктарам Дзятлаўскага райкама камсамола быў Алесь Бажко. Яны былі добра знаёмыя. Вось ён і аказаўся тым правакатарам. Справа ў тым, што пра яго як пра стукача мне распавядаў неяк былы выкладчык Гродзенскага педінстытута Браніслаў Ржэўскі (1905–1980). КДБ падаслала Бажко да Ржэўскага, калі той аднойчы быў выкліканы ў Мінск, нібы для ўдакладнення праграмы па беларускай літаратуры. Тры дні ўвіхаўся каля Ржэўскага тады Бажко, а потым змест іх размоў быў прыгаданы на допытах Ржэўскага, якія праводзілі супрацоўнікі КДБ у 1957 годзе. 25 сакавіка 1957 года Браніслава Ржэўскага асудзілі Гродзенскім абласным судом па артыкуле 72 КК БССР да 7 гадоў пазбаўлення волі. Так што і ўсім сябрам Саюза вызвалення Беларусі, у тым ліку і Віталю Губарэвічу, дасталося ад Бажко.

Помнік на магіле Віталя Губарэвіча ў вёсцы Дварэц Дзятлаўскага раёна

Замест пастскрыптума

Вось такім быў кароткі лёс дзятлаўскага змагара Віталя Губарэвіча — беларускага патрыёта, творчага чалавека, фармацэўта. Яго жыццёвы шлях яшчэ трэба даследаваць, таму што пра такіх беларусаў мы павіны ведаць і не забываць ніколі. І яшчэ. Хачу шчыра падзякаваць настаўніцам Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Наталлі Ляўкевіч і Вікторыі Воўкавай, а таксама сябрам гісторыка-патрыятычнага клуба «Спадчына» гэтай школы за дапамогу ў зборы матэрыялаў пра Віталя Губарэвіча.

Каментаваць