Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Дзень нараджэння Кастуся Каліноўскага

176 гадоў таму нарадзіўся лідар нацыянальна-вызваленчага паўстання ў Літве і Беларусі.



Бацькам Кастуся Каліноўскага быў беззямельны шляхціц з Гародні, уладальнік невялікай ткацкай мануфактуры Сямён Каліноўскі. Маці, Вераніка Рыбінская, памерла, калі сыну было 5 гадоў.
 
 
Будучы лідэр паўстанцаў нарадзіўся ў маёнтку Мастаўляны на Гарадзеншчыне 1 лютага 1838 г.
 
 
У 1856-1860 гадах, пасля заканчэння Свіслацкай гімназіі, ён навучаўся на юрыдычным факультэце Петэрбуржскага ўніверсітэта. У студэнцкія гады разам са старэйшым братам Віктарам актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці студэнцкіх зямляцтваў і ў рэвалюцыйных гуртках.
 
 
Адразу пасля вяртання на радзіму ў 1861 годзе Каліноўскі разам са сваімі паплечнікамі стварыў рэвалюцыйныя гурткі ў Гарадзенскай і Віленскай губернях, якія ўвайшлі ў адзіную канспірацыйную арганізацыю.
 
 
У 1862 ён стаў на чале кіраўнічага органа гэтай арганізацыі Камітэта руху, які пазней стаў Літоўскім правінцыйным камітэтам паўстання.
 
 
У 1862-1863 кіраваў выданнем і распаўсюдам «Мужыцкай праўды» - першай нелегальнай рэвалюцыйнай газэты на беларускай мове.
 
 
Узначаліўшы ў 1863 паўстанне супраць расейскіх улад у Беларусі і Літве, Каліноўскі выступіў за шырокае далучэнне да барацьбу сялян, за пашырэнне паўстання на ўсход і на поўнач - на тэрыторыю Расеі.
 
 
Пры тым, што ён уважаў патрэбнай шчыльную злучнасць з паўстанцамі ў Польшчы, Каліноўскі паслядоўна заклікаў да незалежнасці Літвы-Беларусі. «Кастусь Каліноўскі з настроем герцэнаўскай школы на чале славалюбных асоб з чырвоных літвінаў настойліва праводзіў ідэю аб самастойнасці Літвы», - пісалі пра яго ў рапартах віленскаму генерал-губернатару.
 
 
У варунках жорсткіх дзеянняў урадавых сіл, знаходзячыся ў глыбокім падзем’і, Каліноўскі кіраваў паўстанцамі да свайго арышту ў канцы студзеня 1864 года.
 
 
Прысуджаны да смерці, Каліноўскі працягваў барацьбу, звяртаючыся да народа з «Лістамi з-пад шыбеніцы».
 
 
У іх ён заклікаў не прызнаваць расійскую ўладу і ваяваць «за свайго Бога, за сваё права, ... за сваю Радзіму».
 
 
Кастуся Каліноўскага пакаралі смерцю ў Вільні ў 1864 годзе.

Каментаваць