Электрычныя гісторыі істэрычных ідэй

Вы ўключаеце тэлевізар. Токі працінаюць прастору. На вас абрынаецца: «Пачысцім вам аўру! Энергетыка так і прэ! Зорка ў шакаладзе! Гіпнатычныя вібрацыі!»

А ў прэсе: «Палітычная харызма Аляксандра Лукашэнкі, на мой погляд, гэта як Боінг–602», — дзеліцца самым важным дама. «Або проста як крэпасць, што лётае, — падтаквае іншая. — Ці нават калі дзве «паветраныя крэпасці» адна на адну паставіць і пару хмарачосаў зверху».



Вы ўключаеце тэлевізар. Токі працінаюць прастору. На вас абрынаецца: «Пачысцім вам аўру! Энергетыка так і прэ! Зорка ў шакаладзе! Гіпнатычныя вібрацыі!»

А ў прэсе: «Палітычная харызма Аляксандра Лукашэнкі, на мой погляд, гэта як Боінг–602», — дзеліцца самым важным дама. «Або проста як крэпасць, што лётае, — падтаквае іншая. — Ці нават калі дзве «паветраныя крэпасці» адна на адну паставіць і пару хмарачосаў зверху».

Ляцяць з-пад варштатаў іскры. Але падобныя словы ўжо гучалі. Калі навука ладзіла шоў, інжынеры захапляліся акультызмам, а электрычныя ідэі знаходзілі істэрычных прыхільнікаў.

Шоў Франца Месмера

Да гэтага чалавека цягнуліся людзі. Тысячы жанчын прагнулі дакрануцца да яго. Яны каталіся па падлозе, біліся ў сутаргах і стагналі. Яны плакалі і суцяшаліся; ім станавілася лепей. А ён папросту стаяў над імі, імпазантны і ветлівы, — і рабіў пасы.

Знаёмцеся — Франц Антон Месмер. Нарадзіўся ў 1734 годзе ў Аўстрыі. Сябрамі Месмера былі Гайдн, Глюк і Моцарт, якія патуралі ягоным музычным заняткам. Але Месмер абраў навуковы і медычны шоў-бізнес.

У 1774 годзе ён прыклаў да грудзей істэрычнай фрэйлен Эстэрлайн, якой ужо нічога не дапамагала, магніт. Дотык спыніў істэрычны прыступ.

Месмер выступіў з ідэяй «магнетычных флюідаў», якія працінаюць сусвет. Флюіды быццам бы назапашваюцца і кіруюцца магнетызёрам. З дапамогай магнітаў і асабістага магнетызму можна зладзіць правільны ток флюідаў і палепшыць здароўе.

Электрычныя ідэі Месмера атрымалі розгалас. Хвацкі лекар Джэймс Грэхэм адкрыў у Лондане «Палац здароўя», дзе пацыентам прапаноўвалі за шалёныя грошы паспаць на ложку, усталяваным на сарака намагнічаных калонах. Сам Месмер меў пацыентаў пры венскім двары. Але неўзабаве ўсчаўся скандал.

Месмер неяк выпраўляў «флюіды» ў фаварыткі імператрыцы Марыі Тэрэзіі Парадзіс, сляпой ад нараджэння. Неўзабаве сляпая набыла зрок. Але камісія Венскага ўніверсітэта заявіла, што зрок да пацыенткі не вярнуўся, і гэта ўсё — намаўленне. Марыя Тэрэзія аслепла зноў.

Месмер уцёк у Парыж, дзе адкрыў сваю клініку. Ён з’яўляўся перад пацыентамі як жрэц — у фіялетавай тозе, пільна глядзеў ім вочы, суцяшаў загадкавым голасам. У паўзмроку з чанаў намагнічанай Месмерам вады да пацыентаў цяклі «флюіды».

Неўзабаве Месмер заявіў, што намагнічвае ўжо дрэвы, лясы і паркі. Арыстакраткі штурмавалі ягоны дом. Грамадства калаціла. Месмерам зацікавіліся Людовік XVI і Марыя-Антуанета. Яны прапанавалі Акадэміі навук праверыць дзейснасць новага лекавання.

Праверкай «месмерызму» заняліся Бэнджамін Франклін (які ў той час быў амбасадарам у Парыжы), хімік Антуан Лавуазье, астраном Жан Байі і доктар Гільятэн (з чыім вынаходніцтвам у хуткім часе блізка пазнаёміцца французская эліта). Высокая камісія прыйшла да высновы, што ніякага «жывёльнага магнетызму» не існуе, а лекавы эфект — цалкам намоўлены «магнетызёрам».

Фактычна ж Месмер выкарыстоўваў гіпноз (тады яшчэ не адкрыты) і магнітатэрапію (тым болей тады не вядомую). Слушныя вынаходкі падпарадкоўваліся шоў і акультнаму балагану, у які спаўзала ўзгадаваная асветнікамі перадрэвалюцыйная Францыя.

Гальванічныя бітвы ажыўленых жабаў

Ідэі «жывёльнага магнетызму» атрымалі працяг. Калі грымела слава Месмера, багаслоў і анатам Луіджы Гальвані зацята ставіў эксперыменты з лапкамі жабы. Ён знайшоў, што калі нерв адрэзанай лапкі прыкласці да жалеза, а саму лапку да срэбра, то яна скарачаецца. Можна было наладзіць цэлае «жабіна прадстаўленне», калі лапкі скарачаліся і скарачаліся. Гальвані абвясціў, што мае справу з «жывёльнаю электрычнасцю».

З ім не пагадзіўся Алесандра Вольта. Стваральнік першай масавай батарэйкі (вольтавага слупа) лічыў, што крыніца электрычнасці — цалкам вонкавая. Гэта розныя металы, злучаныя праз салявую вадкасць. Сам жывёльны прэпарат — пасіўны.

Гальвані прымусіў жабіну лапку дрыгацца — толькі ад аднаго гатунку металу. Вольта заўважыў, што метал з дамешкамі. Гальвані пачаў выкарыстоўваць шкляныя скальпелі — лапкі ўсё роўна скарачаліся. Як часта здараецца ў навуцы, рацыю мелі абодва даследчыкі. У жывым целе, сапраўды, маюцца токі — толькі вольтавай прыроды.

Але тут у гальванічныя бітвы ажыўленых жабаў умяшалася вялікая палітыка. Напалеон, які акупаваў Італію, звольніў Гальвані з Балонскага ўніверсітэта за адмову прысягнуць марыянеткавай Цызальпінскай рэспубліцы. Вольта ж імператар, наадварот, асыпаў узнагародамі: быў выраблены адмысловы медаль, зацверджана прэмія ў 80 000 экю.

У 1801 годзе фізік паказаў імператару «вольтаў слуп». Для дэманстрацыі ягонай дзейснасці Вольта выкарыстоўваў гальванічныя метады свайго апанента: часткі целаў жабаў, саламандраў, змеяў, птушак, мышэй дрыгаліся, курчыліся, скалыналіся.

На вачах уражанага імператара мёртвая плоць ажывала.

Месмерыст Фрыдрых Энгельс


Эксперыменты Вольта і медычныя шоў Месмера натхнілі паэта Эдгара По на «гутарку з жывой муміяй». Мэры Шэлі стварыла свайго «Франкенштэйна». Але ў электрычных ідэй знайшліся небяспечнейшыя прыхільнікі.

У 1870-я гады Фрыдрых Энгельс разам з невядомым прыяцелем, зыходзячы з, па вызначэнню класіка, «нашага фрывольнага скептыцызму», паставілі эксперымент з хлопчыкам, каб атрымаць новыя аргументы ў барацьбе супраць спірытаў.

Палемізаваў Энгельс з Альфрэдам Уолесам (дарэчы, стваральнікам разам з Дарвінам тэорыі эвалюцыі), які выдаў кнігу пра спірытызм. Другім ворагам быў яшчэ адзін спірыт — Уільям Крук, вынаходнік талію і радыёметру. Спірытызм, калі заклапочаныя асобы з дапамогай медыума «кантактавалі з духамі», быў своеасаблівым працягам практыкі Месмера. Калі раней адэпты сядзелі вакол «намагнічанага чана», то цяпер яго замяніў стол. Спірыты ўпадабалі і гіпнатычны транс.

«Мы зацікавіліся гэтымі з’явамі і сталі спрабаваць, у якой ступені іх можна ўзнавіць, — піша заснавальнік марксізму-ленінізму пра свой месмерычны досвед. — Суб’ектам мы абралі аднаго жвавага дванаццацігадовага хлапчука. Нерухомым позіркам, скіраваным на яго, ці лёгкім пагладжваннем няцяжка было выклікаць у яго гіпнатычны стан <…> Акрамя лёгка атрыманага струпянення мускулаў і страты адчувальнасці мы маглі канстатаваць стан поўнай пасіўнасці волі ў спалучэнні з адмысловай звышузбуджанасцю пачуццяў <...> Для нас было вельмі лёгка прымусіць дзейнічаць галееўскія чарапныя органы; мы пайшлі яшчэ далей: мы не толькі маглі замяняць іх адно адным і размяшчаць іх па ўсім целе, але і фабрыкавалі любую колькасць яшчэ іншых органаў — органаў спеваў, свісцення, дудзення, танцавання, баксіравання, кравецтва, шавецтва, палення і г.д., змяшчаючы туды, куды нам будзе заўгодна. <…> Мы адкрылі ў вялікім пальцы нагі орган ап’янення, і дастаткова было нам толькі крануць яго, як мы атрымлівалі цудоўную камедыю ап’янення, — ад душы радуецца Энгельс і падсумоўвае: — Створаныя такім чынам органы захоўвалі потым сваю сілу раз і назаўсёды таксама для ўсіх пазнейшых усыпленняў».

Па-свойму паказальны факт: з амаральнага, па сутнасці крымінальнага, эксперымента пачынаўся сацыяльны эксперымент.

Камунізм мінус электрыфікацыя

«Камунізм — гэта савецкая ўлада плюс электрыфікацыя ўсёй краіны», — сцвярджаў Уладзімір Ленін. Калі сыходзіць з гэтай формулы, то савецкая ўлада — гэта камунізм мінус электрыфікацыя.

Пры гэтай савецкай уладзе святло ідзе не ад току, а ад «лямпачкі Ільіча», крывавы тыран — гэта Сонца і «светач», а камуністычная партыя — заўжды ззяе. Саветы абвяшчалі пра «святло розуму» — і насаджалі дагматычнае цемрашальства. З людзей рабілі Франкенштэйнаў пад гіпнозам ідэалогіі.

Але людзьмі не абмяжоўвалася. У 1978 годзе ў Адэсе быў заяўлены даклад пра «электрычную актыўнасць мозга ў постлетальны перыяд». Нагадаю, што «постлетальны» — гэта пасмяротны, а галоўны крытэр смерці — адсутнасць у мозга электрычнай актыўнасці. Чараўнікі з інстытуту біялагічнай фізікі ажыўлялі з дапамогай электрамагнітнага выпраменьвання адрэзаную галаву труса.

Гэты кашмарны эксперымент быў забыты. Затое іншыя «месмерычныя радасці» напоўніцу праявіліся, калі савецкая ўлада канала. На экраны вылез «гіпнатызёр» Кашпіроўскі і доктар Алан Чумак, які з тэлевізару ўдумлівымі пасамі «зараджаў ваду і крэмы».

Цемрашальская «электрычная містыка», што падсілкоўвала рэжым, незадоўга да яго смерці сталася відавочнай.

Партыйны аргазм Вільгельма Райха

Увогуле, левыя чулыя да «электрычнай містыкі». У ХХ стагоддзі марксіст і фрэйдыст Вільгельм Райх амаль даслоўна паўтарыў «флюідныя» ідэі Франца Месмера і надаў ім партыйную афарбоўку.

Галіцыйскі вучань Зігмунда Фрэйда і прапаведнік сексуальнай рэвалюцыі Райх у 20-я гады быў выключаны з камуністычных шэрагаў за фрэйдызм, а з псіхааналітычнай арганізацыі — за марксізм.

У Злучаных Штатах, куды Райх перабраўся, ён агучыў свае ідэі пра так званы «аргон». Як і месмераўскія флюіды, «аргон» працінае сусвет і цыркулюе па целе. Як і флюідам, гэтаму аргону трэба забяспечыць свабодны рух, пазбавіць яго ад затораў і пробак.

Паводле Райха, заторы стварае панцыр з цягліц, з якога і неабходна вызваліць цела. Райх не хавае, што цела гэта — сексуалізаванае: «Аргон вызваляецца падчас аргазму. Менавіта ягонае ззянне бачылі касманаўты ў космасе».

Райх пачаў ствараць апараты для назапашвання аргону, каб «лячыць рак і прамянёвую хваробу». Але амерыканцы кінулі Райха ў турму, дзе ён і памёр у 1957 годзе.

Прыхільнік Райха Душан Макавееў зрабіў пра яго стужку «В. Р. Містэрыя арганізму». У гэтым фільме ёсць дакументальныя кадры, дзе жанчыны крычаць, стогнуць, катаюцца па падлозе.

Флюіды рэйтынгу

«У Прэзідэнта — флюіды, а ў іншых што? — заяўляла мне адна аматарка існай улады. — І рэйтынг, рэйтынг, рэйтынг які!»

Бедныя флюіды! Бедны рэйтынг! Бедныя словы — ашмёткі колішніх «акультна-навуковых» і палітычных маніпуляцый.

Парушальнік спакою Франц Месмер са сталіцы нечакана знік. Ён жыў у правінцыі так незаўважна, што многія прыхільнікі лічылі, што іхні кумір 20 гадоў як памёр.

Усе апошнія гады жыцця «магнетызёр» аддаваў музыцы.

Каментаваць