Архіепіскап Філафей (Уладзімір Нарко) вядомы перш за ўсё тым, што ў гады Другой сусветнай вайны ў Беларусі ўдзельнічаў у аднаўленні і фармаванні царкоўнага кіраўніцтва Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

(На здымку: Архімандрыт Філафей (сядзіць першы злева) са студэнтамі багаслоўскага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта і з духавенствам
Польскай праваслаўнай царквы. Варшава, 1938 г.  Фота друкуецца ўпершыню)

 



Архіепіскап Філафей (Уладзімір Нарко) вядомы перш за ўсё тым, што ў гады Другой сусветнай вайны ў Беларусі ўдзельнічаў у аднаўленні і фармаванні царкоўнага кіраўніцтва Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

(На здымку: Архімандрыт Філафей (сядзіць першы злева) са студэнтамі багаслоўскага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта і з духавенствам
Польскай праваслаўнай царквы. Варшава, 1938 г.  Фота друкуецца ўпершыню)

 

Нарадзіўся Уладзімір Нарко 21 лютага 1905 года ў вёсцы Занарач Мядзельскага раёна. Паводле іншых звестак, ён нарадзіўся ў мястэчку Ілья Вілейскага раёна ў сям’і святара. Яго бацька Еўдакім Нарко служыў у Ільінскай царкве Віленскай епархіі псаломшчыкам і дзяканам, а маці Марыя (дзявочае прозвішча Вялічка) была хатняй гаспадыняй. Нарачоны падчас хрышчэння Уладзімірам будучы ўладыка Філафей з маленства пачаў служыць Хрыстовай Царкве, прыслужваючы з 14 гадоў у алтары свайму бацьку.

Першапачатковую адукацыю Уладзімір Нарко атрымаў дома. Потым вучыўся ў гімназіі Фердынанда Велера ў Вільні. У верасні 1921 года быў залічаны выхаванцам Віленскай духоўнай праваслаўнай семінарыі. А потым працягваў вучобу на багаслоўскім (тэалагічным) факультэце Варшаўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1929 годзе.

Праваслаўныя прыходы Польшчы ў той час, нягледзячы на пратэсты патрыярха Ціхана і Архіерыйскага Сінода Рускай праваслаўнай царквы за мяжой, атрымалі царкоўную аўтакефалію ад канстанцінопальскага патрыярха. Магчыма, гэта зрабіла ўплыў на тое, што будучы ўладыка Філафей з 1931 па 1933 гады працягваў адукацыю ў багаслоўскай школе Канстанцінопальскай Патрыярхіі на востраве Халкі. У 1937 годзе ён атрымаў дыплом магістра багаслоўя.

У 1927 годзе ў Пачаеўскай лаўры малады Уладзімір Нарко разам з Антонам Мартасам (1904–1984) быў пастрыжаны ў манахі намеснікам ігумена архімандрытам Дамаскіным. У гэтым жа годзе айцец Філафей быў узведзены ў дзяканскі, а потым у іерэйскі сан. Далей рэлігійны шлях айца Філафея ляжаў у Мюнхен, дзе ён кароткі час служыў святаром, а з 1929 года быў намеснікам настаяцеля манастыра святога Ануфрыя ў мясцовасці Яблачын Варшаўска-Холмскай епархіі. Пэўны час нават выконваў святарскія абавязкі ў Галіччыне, быў начальнікам духоўнай місіі. Пасля Галіччыны Філафея хутка ўзвялі ў сан архімандрыта.

У 1936 годзе ён быў прызначаны інспектарам Варшаўскай духоўнай семінарыі, а потым стаў дацэнтам духоўнага багаслоўя багаслоўскага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта. Беларуса хутка выбіраюць намеснікам настаяцеля Варшаўскага кафедральнага сабора, а таксама яго рызнічным. Адначасова ён працуе выкладчыкам багаслоўя ў дзвюх прыватных школах — нямецкай гімназіі і французскім ліцэі. Не забывае святар і пра беларускі прыход у Варшаве, дзе ён служыць другім святаром. А пазней становіцца сябрам Варшаўскай духоўнай кансісторыі.

У гады Другой сусветнай вайны, калі Польшча і Беларусь былі пад нямецкай акупацыяй, мітрапаліт Дзіянісій, які ў той час узначальваў Польскую праваслаўную царкву, лічыў Беларусь у сваёй юрысдыкцыі. Напачатку верасня 1941 года Дзіянісій склікаў Раду Беларускай царквы, каб сур’ёзна вырашыць задачу распаўсюджвання на Беларусь юрысдыкцыі Польскай праваслаўнай царквы. Архімандрыт Філафей з’яўляўся сябрам гэтай рады, і мітрапаліт Дзіянісій рэкамендаваў яго, а таксама архімандрыта Антона Мартаса і архімандрыта Феафана Пратасевіча ў кандыдаты для кіравання беларускімі епархіямі на той беларускай тэрыторыі, якая была вызвалена немцамі ад бальшавікоў. А перад самай вайной Маскоўская Патрыярхія прызначыла мітрапаліта Панцеляймона (Паўла Ражноўскага) экзархам Заходне-Беларускім і Украінскім.

Але мітрапаліты Дзіянісій і Панцеляймон не ўлічылі адну акалічнасць, што гаспадарамі на тэрыторыі Беларусі былі ўсё ж германскія ўлады. І калі ў 1941 годзе на Бацькаўшчыну прыехаў Філафей, то зразумеў, што планам мітрапаліта Дзіянісія немагчыма збыцца. Таму архімандрыт Філафей вырашае застацца на радзіме і дапамагаць мітрапаліту Панцеляймону.

15 лістапада 1941 года Філафей прыбыў у Жыровічы, што на Слонімшчыне. Вечарам таго ж дня адбыўся Сабор епіскапаў Святой праваслаўнай царквы на Беларусі. Архімандрыт Філафей азнаёміў Сабор епіскапаў з паперамі ад мітрапаліта Дзіянісія. Сабор епіскапаў пастанавіў: прызначыць архімандрыта Філафея сябрам Царкоўнага кіраўніцтва ў Жыровічах, хіратанізаваць яго 23 лістапада ў саборным святым Успенскім храме ў Жыровіцкім манастыры ў епіскапа Слуцкага, другога вікарыя мітрапаліта з месцазнаходжаннем у Мінску.

А 30 лістапада 1941 года мітрапаліт Панцеляймон і епіскап Філафей прыбылі ў Мінск. Там іх урачыста сустрэлі беларускія святары, адміністрацыя Мінска разам з Вацлавам Іваноўскім, сябры беларускіх арганізацый і вернікі. Была вялікая надзея, што з прыездам у Мінск мітрапаліта Панцеляймона і епіскапа Філафея царкоўнае праваслаўнае жыццё ў Беларусі нармалізуецца і народ атрымае сваіх беларускіх епіскапаў, святароў і сваю Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву.

Але мітрапаліт Панцеляймон меў у сваіх думках іншую мэту. Ён быў моцным прыхільнікам маскоўскай патрыярхіі, і яму нялёгка было ад яе адарвацца. Ён адкладаў хіратонію ў епіскапы беларускіх кандыдатаў і не пашыраў сваёй духоўнай архіпастырскай дзейнасці па ўсёй мітраполіі. “А епіскап Філафей, — як пісаў у сваёй кнізе “За вольную і суверэнную Беларусь Дзмітры Касмовіч, — быў слабахарактарным. Ён лавіраваў паміж беларускімі праваслаўнымі патрыётамі і русафіламі з мэтай заняць кіруючае месца ў Беларускай праваслаўнай царкве. Справа беларусізацыі царквы не пасоўвалася наперад.

У сакавіку 1942 года ўладыка Філафей атрымлівае тытул Магілёўскага і Мсціслаўскага, яго ўзводзяць у сан архіепіскапа і прызначаюць намеснікам мітрапаліта Панцеляймона.

2 чэрвеня 1942 года жаўнеры СД на аўтамабілі прымусова адвезлі мітрапаліта Панцеляймона, якога не змаглі пераканаць у неабходнасці беларусізацыі царквы, у манастыр Ляды, які знаходзіўся сорак кіламетраў ад Мінска. Мітрапаліт паспеў толькі падпісаць дэкрэт на імя Філафея наступнага зместу: “З поваду свайго выезду з Менска на ўвесь час маёй адсутнасці паручаю Вам усе справы Беларускай Праваслаўнай Мітраполіі. 1.06.1942 года, Менск.

Пасля таго, як мітрапаліт Панцеляймон быў адвезены ў Ляды, актыўна пачалася праца Прадсаборнай камісіі для агалашэння аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы. Быў падрыхтаваны Статут Праваслаўнай аўтакефальнай царквы, разгледжана пытанне, хто адкрые Царкоўны Сабор, і іншыя справы. Мітрапаліт Панцеляймон даў пісьмовую згоду, каб Царкоўны Сабор адкрыў яго намеснік Філафей.

У нядзелю, 30 жніўня 1942 года, у Мінску сабраліся беларускія святары і вернікі на Усебеларускі Царкоўны Сабор, каб абвясціць незалежнасць Беларускай Праваслаўнай царквы і прыняць Статут, якім павінна кіравацца царква ў сваёй самастойнай дзейнасці. Перад пачаткам Сабора ў Спаса-Прэабражэнскай царкве адбыўся ўрачысты малебен. Архіепіскап Філафей яго адслужыў у суправаджэнні епіскапа Віцебскага і Полацкага Апанаса, епіскапа Смаленскага і Бранскага Сцяпана і шматлікага духавенства. Потым Філафей адкрыў Сабор, а сакратар Сабора святар Аляксандр Апанасевіч зачытаў спіс яго ўдзельнікаў. У сваёй прадмове архіепіскап Філафей падкрэсліў, што ўсе падставы для існавання аўтакефаліі на Беларусі ёсць: Беларуская царква існуе незалежна ад іншых цэркваў, ёсць іерархіі, епархіі, благачынні, прыходы, створаны курсы для кандыдатаў на святароў і г.д. Неабходна толькі аўтакефалію аформіць.

“Сёння мы тут сабраныя на святы Сабор Беларускае Праваслаўнае царквы, навязваем лучнасць з найпрыгажэйшымі ў гісторыі Беларусі часамі XIII, XIV і XV стагоддзяў. Гэта былі часы вялікае славы і росквіту Беларусі, прыгожыя часы росквіту Беларускае царквы. Тады ўжо былі паложаны фундаменты для яе аўтакефальнасці, для яе незалежнасці. З таго часу мінула многа год, а беларускі народ і праваслаўная царква многа перажылі розных няшчасцяў, крыўдаў, паніжэнняў. Усё ж, аднак, Бог Усявышні не пакідаў нашага народу і зноў даў яму магчымасць арганізавання свайго жыцця рэлігійнага, культурнага, гаспадарчага… Беларусь вызвалена ад бальшавіцкае няволі і пачынае новае жыццё. Мы сюды сабраліся, каб радзіць над справамі нашае Святое Праваслаўнае царквы, над арганізацыяй ейнае працы. Памолімся, каб Усявышні блаславіў нас і нашую працу, — казаў у сваёй прадмове архіепіскап Філафей, і пра гэта пісаў тыднёвік па Беластоцкай акрузе “Новая дарога 4 жніўня 1942 года.

А 2 верасня 1942 года Статут Беларускай Праваслаўнай аўтакефальнай царквы быў прыняты. Адначасова была прынята пастанова аб поўнай незалежнасці Беларускай праваслаўнай царквы.

Але ж у далейшым епіскапы не давалі патрэбнага ходу саборным пастановам аб завяршэнні аўтакефаліі. Толькі 20 красавіка 1943 года епіскапы падпісалі лісты да Канстанцінопальскага Патрыярха і да іншых самастойных цэркваў.

Летам 1944 года, калі немцы пачалі адступаць, а Чырвоная Армія паціху рухалася на Захад, епіскапы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) эвакуяваліся ў Германію. Туды выехаў і Філафей. 5 мая 1946 года ў Рэгенсбургу адбыўся з’езд праваслаўных беларусаў Германіі, дзе абмяркоўвалася некалькі сур’ёзных пытанняў, а таксама пытанне аб пераходзе беларускіх епіскапаў пад юрысдыкцыю Рускай праваслаўнай царквы за мяжой.

Філарэт Родзька (1890–1980) і Аляксандр Орса (1896–1959) сталі перад епіскапамі Філафеем і Апанасам на калені, молячы іх, каб не ехалі ў Мюнхен падпісваць акт аб далучэнні БАПЦ да Рускай праваслаўнай царквы за мяжой. Епіскапы не паслухалі сваіх землякоў. І 6 мая 1946 года ў Мюнхене на архіерэйскім Саборы Рускай праваслаўнай царквы за мяжой епіскапат БАПЦ увайшоў у архіерэйскі Сабор Рускай праваслаўнай царквы за мяжой. Рашэннем гэтага Сабора архіепіскап Філафей быў прызначаны вікарным епіскапам у Берлінска-Германскую епархію з тытулам Гесенскага і рэзідэнцыяй у Вісбадэне.

У 1953 годзе Філафей атрымаў новую царкоўную пасаду — ён стаў епіскапам Гамбургскім і Паўночнай Германіі. Па яго ініцыятыве ў Гамбургу быў пабудаваны сабор Святога Пракопа. А побач з саборам у адным з царкоўных памяшканняў жыў сам епіскап.

У 1971 годзе ўладыка Філафей стаў архіепіскапам Берлінскім і Германскім. Яму было дазволена насіць алмазны крыж на клабуку. А праз дзесяць гадоў прэзідэнт ФРГ узнагародзіў Філафея “Крыжам гонару першай ступені.

Вясной 1981 года ў архіепіскапа здарыўся інфаркт. А ў верасні 1986 года яго не стала.

Царкоўная дзейнасць архіепіскапа Філафея (Уладзіміра Нарко) у справе беларускага рэлігійнага жыцця, як у Беларусі, так і беларусамі на эміграцыі, заўсёды ацэньвалася неадназначна і характарызавалася непаслядоўнасцю. Тым не менш, гэта даволі вялікая царкоўная асоба ў гісторыі нашай Бацькаўшчыны, і забываць яе нам нельга. І апошняе. У энцыклапедычным даведніку “Рэлігія і царква на Беларусі (Мн., “Беларуская энцыклапедыя, 2001) архіепіскап Філафей нават і не згадваецца.

---------------------------------------

Даведка:

Антон Мартас (архіепіскап Афанасій (Апанас) нарадзіўся на Нясвіжчыне. У 1942 годзе ў Мінску быў высвечаны на епіскапа Віцебскага і Полацкага. Пасля вайны жыў у Германіі, Аўстраліі, Аргенціне. Усё жыццё сябраваў з уладыкам Філафеем. У 1966 годзе ў Буэнас-Айрэсе выдаў кнігу “Беларусь в исторической государственной и церковной жизни з прадмовай па-беларуску. Праз некалькі гадоў Сінод Рускай праваслаўнай царквы за мяжой забараніў чытанне і распаўсюджванне гэтай кнігі, а аўтара адлучылі ад рэлігійнай дзейнасці. Кнігу Беларускі Экзархат перавыдаў у Мінску ў 1990 годзе.

Каментаваць