Фотапраект «Архіў сведкі вайны», у якім можа паўдзельнічаць кожны

Вечарам 27 жніўня ў Мінску, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва на прэсавай канферэнцыі прадстаўлены фотапраект «Архіў сведкі вайны», ініцыяваны дырэктарам Мінскага цэнтру фатаграфіі Аляксеем Шынкарэнка.



Здымкі з альбому часоў Першай сусветнай вайны (Пастаўскі раён) з калекцыі Уладзіміра Багданава


Гэты праект дазваляе правесці мастацкае пераасэнсаванне падзеяў Першай сусветнай вайны, стварае прастору для актуалізацыі кантэксту здымкаў стогадовай даўніны — 1914-1918 гадоў. У межах праекту ў адной з залаў музею створана майстэрня з кампутарам, прынтэрам, літаратурай па гісторыі фота і Першай сусветнай вайны, з архівам копій здымкаў з калекцый Нацыянальнага гістарычнага музея, Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры i побыту, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Лідскага гісторыка-мастацкага музея, Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Аляксандра Суворава, Слонімскага раённага краязнаўчага музея імя Іосіфа Стаброўскага, а таксама з прыватнага збору даследчыка вайсковых пахаванняў Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі Уладзіміра Багданава.
 
 
 
Каманда праекту (злева направа) — галоўны захавальнік фондаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея Наталля Хацяновіч, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры i побыту Аляксандр Ісакаў, дырэктар Мінскага цэнтру фатаграфіі Аляксей Шынкарэнка, краязнаўца Уладзімір Багданаў і кіраўнік канцэнтрацыі «Публічная гісторыя» «Еўрапейскага каледжу Liberal Arts у Беларусі» Аляксей Братачкін
 
 
Майстэрня павінна стаць платформай для сустрэч з гледачамі і невялікіх выстаў, папаўнення сайту war.photocentre.by і он-лайн блогу, які будзе фіксаваць дыялог публікі з куратарам Аляксеем Шынкарэнка і экспертамі, водгукі гледачоў, розныя сцэнары і тэксты, атрыманую інфармацыю і відэа-шэраг. Пасля таго, як 20 верасня праект завершыцца, сумеснымі намаганнямі куратара, экспертаў і наведвальнікаў мяркуецца выдаць кнігу, у якую ўвойдуць 300 здымкаў і тэксты, што ўзнаўляюць лёсы і вобразы асобных сведкаў Першай сусветнай вайны.
 
 
Праект «Архіў сведкі вайны» мае сваю перадгісторыю. У лютым у Нацыянальным гістарычным музеі Аляксей Шынкарэнка прадставіў выставу «Беларусь у Першай сусветнай вайне». Пад час падрыхтоўкі экспазіцыі былі даследаваны даступныя архівы музеяў і прыватных калекцыянераў, у тым ліку больш за 1 тысячу фота і дакументаў, адабрана 86 здымкаў паштовак, пашпартоў, дакументаў, а таксама аматарскіх фатаграфій нямецкіх і расійскіх вайскоўцаў. «Забытая вайна» атрымала абрысы, напоўнілася сведчаннямі відавочцаў, карцінкамі з месца падзей, гэта значыць адбылася «інвентарызацыя» гістарычнага кантэксту, запаўненне белых плям мінулага, якія выпалі з глабальнай гісторыі.
 
 
Аднак разгледжаныя выставай лакальныя падзеі засталіся далёкім рэхам «чужога болю», страху і жыцця іншых. Работа над выставай паставіла шэраг пытанняў, адказы на якія Аляксей Шынкарэнка працягвае шукаць ў праекце «Архіў сведкі вайны» для таго, каб, між іншым, паспрабаваць узнавіць лёсы і вобразы гэтых людзей. На аснове архіўных матэрыялаў, экспертнага меркавання, успрымання неангажаванага ў праблему гледача, каманда (куратар і эксперты) праекту імкнуцца да «міфалагізацыі кантэксту» наяўных дакументаў, разглядаюць міф пра фатаграфію, як дакумент, ствараюць свой погляд на «невядомую вайну» і на вайну ўвогуле.
 
 
Загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры i побыту Аляксандр Ісакаў зазначыў, што ён асабіста матываваны ў гэты праект, паколькі ягоны прадзед пад час Першай сусветнай вайны служыў кладаўшчыком у Брэст-Літоўскай крэпасці. «Ад прадзеда засталіся надзвычай яркія і вельмі жывыя ўспаміны, запісаныя маім дзедам. Гэтыя ўспаміны распавядаюць пра побыт і існаванне чалавека пад час вайны, а не пра ваенныя дзеянні. У карты прадзед выйграў водпуск, дзякуючы яму, хутчэй за ўсё, выжыў, бо больш не вярнуўся на вайну», — сказаў Аляксандр Ісакаў.
 
 
Даследчык гісторыі Першай сусветнай вайны Уладзімір Багданаў звярнуў увагу на тое, што добрае візуальнае веданне тагачаснай лініі фронту дазваляе яму даволі дакладна ідэнтыфікаваць кропку здымкаў стогадовай даўніны з канкрэтнай мясцовасцю сёння. Разам з тым, даследчык зазначыў, што параўнанне здымкаў нямецкіх і рускіх фатографаў сведчыць пра большую рашучасць, смеласць і безразважнасць апошніх.

Каментаваць