Галоўны целаахоўнік Сталіна

Побач са Сталінам стаяў чалавек, якога не ўсе ведалі ў твар. Роля «Містэра Ікс» адводзілася асабістаму целаахоўніку правадыра, генерал-лейтэнанту МДБ СССР, ураджэнцу вёскі Бабынічы Слонімскага раёна Мікалаю Уласіку.


 



Доўгачаканы адказ


Гадоў дваццаць таму мне ўпершыню ўдалося апублікаваць некалькі матэрыялаў у раённым і рэспубліканскім друку пра галоўнага целаахоўніка Сталіна са Слонімшчыны Мікалая Уласіка. Тады мне сваякі з вёскі Бабынічы далі маскоўскі адрас дачкі генерала, па якому я напісаў ліст. Але адказу на працягу 11 гадоў не было. Ды неяк на мой слонімскі адрас прыйшоў з Масквы ліст ад прыёмнай дачкі генерала Надзеі Мікалаеўны Міхайлавай (уласных дзяцей генерал Уласік не меў). Яна, у прыватнасці, пісала, што «ў сілу розных цяжкіх абставін я не змагла адказаць адразу, але так, як у маім хатнім архіве ніколі не прападаюць паперы, я, перабіраючы іх, наткнулася на ваша пісьмо... У чэрвені 2000 года рэабілітавалі майго бацьку, ужо вярнулі яго ордэны, а цяпер чарга за вяртаннем звання «генерал-лейтэнанта». 25 мая і 2 кастрычніка 2001 года былі пра яго тэлеперадачы, дзе я выступала з успамінамі. Пра бацьку выйшла кніга В. Логінава «Цені Сталіна». Адным словам, добрае імя майго бацькі паціху вяртаецца з небыцця...».


Перапіска наша працягваецца да сённяшніх дзён. Надзея Мікалаеўна шмат цікавага, раней невядомага, расказала пра свайго бацьку — генерала Уласіка.


Мікалай Уласік дома ніколі не казаў пра Сталіна 

Коля Уласік (стаіць пасярэдзіне) са сваімі сябрамі ў роднай вёсцы Бабынічы на Слонімшчыне, 1920-я гады


— Надзея Мікалаеўна, раскажыце трохі пра сябе.


— Я закончыла дзесяцігодку і мастацка-педагагічнае вучылішча. Пасля паступіла ў паліграфічны інстытут на факультэт афармлення друкарскай прадукцыі. З 1959 да 1998 года працавала ў маскоўскім выдавецтве «Наука», маючы дзве прафесіі — мастака кнігі і рэдактара. Цяпер я на пенсіі.


Была два разы замужам. Першы раз — чатыры гады, другі раз з мужам пражыла сем гадоў (ён памёр у 1994 годзе). Дзяцей у мяне няма. Ёсць сяброўкі, былыя калегі па працы. Мама мая памерла. Яна нідзе не працавала, была хатняй гаспадыняй. Мама добра ведала англійскую і французскую мовы, стэнаграфію. І калі бацьку рэпрэсавалі, паехала за ім у Сібір.


— Калі апошні раз вы пабывалі на роднай Слонімшчыне?


— Я была на сваёй радзіме разам з бацькамі ў 1940 годзе і летам 1945 года. Прыязджала таксама з мужам восенню 1972 года. А вось сваякі з вёсак Бабыніч і Васілевіч Слонімскага раёна ў мяне гасцявалі часцей. Цяпер я рэгулярна перапісваюся з імі.


— Генерал Мікалай Уласік — ваш родны бацька?


— Не. Ён мяне ўдачарыў і ў 1940 годзе прывёз з Бабыніч у Маскву. Я яго пляменніца, дачка яго роднай сястры Вольгі (памерла ў 1977 годзе). У 1940 годзе, калі адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі з Усходняй, Мікалай Уласік наведваў Слонімшчыну, падтрымліваў сувязі са сваякамі, дапамагаў ім. Цяпер у Бабынічах жывуць мае сваякі. Старэйшая сястра Вера была выгнана ў Германію, пасля адпраўлена ў Нарвегію, дзе выйшла замуж і жыла да самай смерці. Сярэдні брат Пеця жыве ў Эстоніі. Я ў сям’і самая малодшая. У час вайны многія мае сваякі пайшлі ў лес да партызан, а мандатам быў у іх партрэт майго бацькі Мікалая Уласіка.


— Якім вам помніцца Мікалай Сідаравіч?


— Валявым, мэтанакіраваным, вельмі занятым. Я яго рэдка бачыла. Прыязджаў дамоў на адну гадзіну (15 хвілін — абед, 45 — сон на канапе), затым — галаву пад кран і... зноў на працу. Вельмі добра фатаграфаваў, яго здымкі часта друкаваліся ў газеце «Правда». А здымак з Тэгеранскай канферэнцыі абышоў увесь свет.


Бацька быў дужа запальчывы, але хутка адыходзіў. Любіў дзяцей. Мог смачна прыгатаваць рагу, шашлык, харчо. Калі ён прыязджаў — у доме было свята. Ён умеў усё хутка арганізаваць, за што Сталін яго заахвочваў і ўзнагароджваў. А яшчэ — ён у вольны час выдатна іграў з «гаспадаром» у більярд.


— Што любіў чытаць галоўны целаахоўнік Сталіна?


— Мяне заўсёды здзіўляла, як тата шмат чытаў, часам цэлыя ночы навылет, нават вывучаў Савецкую энцыклапедыю, хадзіў у кіно, тэатр. Ён выпісваў шмат газет і часопісаў, цікавіўся палітыкай. Пакуль жыла я побач з бацькам, я не ўсведамляла, якім незвычайным чалавекам, самародкам ён быў. У нашай сям’і тады было прынята стрымліваць свае пачуцці. І я вельмі шкадую, што пры жыцці таты не ўдалося сказаць яму, як я яго паважаю, якім ён для мне быў дарагім чалавекам. Праўду кажуць: вялікае бачыцца на адлегласці. А яшчэ ў гутарцы таты да канца яго жыцця збярогся беларускі акцэнт.


— Ці расказваў што-небудзь Мікалай Уласік дома пра Сталіна?


— Бацька дома ніколі нічога не расказваў пра Сталіна, пакуль працаваў з ім. А пасля ссылкі час ад часу яго ўспамінаў. Балюча тату было, што Сталін не абараніў яго ад Берыі, даў яго арыштаваць. Але Мікалай Уласік ніколі не трымаў злосці на «гаспадара», ён яго шчыра паважаў, любіў і быў яму адданы. Калі арыштавалі бацьку — хутка не стала і Сталіна. А ён гэта прадбачыў.


— З кім сябраваў ваш бацька?


— Мой бацька сябраваў з генералам Паскробышавым, які быў рэферэнтам і сакратаром Сталіна. Мы хадзілі да Паскробышавых у госці, яны — да нас. З дачкою гэтага генерала я сябрую да сённяшніх дзён. Сябраваў Мікалай Уласік з генераламі Анціпенкам, Мерацковым, адміралам Кузняцовым. У нашым доме пабывалі народныя артысты СССР Казлоўскі, Лемешаў, Міхайлаў. Двойчы прыязджаў у госці да бацькі маршал Ракасоўскі. Першы раз ён завітаў да нас пасля параду Перамогі 24 чэрвеня 1945 года, нават начаваў у нас, падараваў мне фотаздымак з аўтографам.
У добрых адносінах мой тата быў з акадэмікам-кардыёлагам Бакулевым, лячыўся ў яго, а таксама з прафесарам Ягоравым з Крамлёўскай паліклінікі. Шмат гадоў бацька сябраваў з мастаком Стэнбергам, які афармляў да парадаў Красную плошчу.


— А ці сябраваў ваш бацька са сваякамі Сталіна?


— Нярэдка бывалі ў нашым доме дзеці Сталіна — Святлана і Васіль. Тата вельмі перажываў за год да сваёй смерці, калі даведаўся, што Святлана Алілуева выехала за мяжу. Яе і Васіля ён моцна любіў.


— У 1956 годзе Мікалай Уласік вярнуўся з ссылкі. Як склаўся яго далейшы лёс?


— Калі бацька вярнуўся ў Маскву, ён спадзяваўся, што даб’ецца праўды. Пісаў лісты членам Палітбюро ЦК КПСС і асабіста Хрушчову. Але, на вялікі жаль, ён не дажыў да рэабілітацыі. Цяпер гэтым займаюся я. А 28 чэрвеня 2000 года Мікалай Уласік быў апраўданы з-за адсутнасці злачынства. Мне вярнулі ўсе яго ўзнагароды.


— А якія гэта ўзнагароды?


— Тры ордэны Леніна, ордэн Кутузава 1 ступені, ордэн Чырвонай Зоркі, 4 ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга і 6 медалёў.


— Дзе пахаваны ваш бацька?


— Памёр ён 18 чэрвеня 1967 года. Пахаваны на тэрыторыі Данскога манастыра ў Маскве — там, дзе знаходзяцца магілы маіх дзядулі і бабулі па мамінай лініі. Мне вельмі хацелася б, каб на радзіме — у Слонімскім краязнаўчым музеі імя Стаброўскага — быў куточак, прысвечаны генералу са Слонімшчыны Мікалаю Уласіку.


З біяграфіі Мікалая Уласіка


Мікалай Уласік нарадзіўся 22 сакавіка 1896 года ў вёсцы Бабынічы Слонімскага раёна ў беднай сялянскай сям’і. Закончыў царкоўна-прыходскую школу. Рана пачаў працаваць. Спачатку — на будаўніцтве, а пасля — на папяровай фабрыцы ў Альбярціне. У 1915 годзе быў прызваны на ваенную службу. За выкананне баявога задання быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам першай ступені.

                   Васіль Сталін, Мікалай Уласік і Іосіф Сталін


У 1919 годзе па мабілізацыі партыі быў накіраваны ў асобы аддзел ВЧК у падпарадкаванне Дзяржынскага, пасля пераведзены ў аператыўны аддзел. Мікалаю Уласіку было даручана арганізоўваць ахову асобага аддзела ВЧК, Крамля, членаў урада і асабістую ахову Сталіна.


У гады Вялікай Айчыннай вайны слонімец шмат зрабіў па падрыхтоўцы да эвакуацыі савецкага ўрада і дыпламатычнага корпуса Міністэрства абароны ў Самару.


Пасля вайны Мікалай Уласік з’яўляўся не толькі галоўным целаахоўнікам Сталіна, але і кантраляваў усе мерапрыемствы, якія праводзіліся ў Вялікім тэатры і ў Георгіеўскай зале Крамля. Ні адзін святочны канцэрт не адбываўся без санкцыі Уласіка. Яму званілі, каб атрымаць указанні наконт будаўніцтва новага аэрадрома паблізу Масквы. Без яго ўхвалення не зацвярджалі графікаў руху цягнікоў. Генерал курыраваў усё, што было звязана  з Краснай плошчай, з правядзеннем там дэманстрацый і парадаў, з утрыманнем і аховай маўзалея Леніна.


Мікалай Уласік прымаў непасрэдны ўдзел у арганізацыі і правядзенні Тэгеранскай, Ялцінскай і Патсдамскай канферэнцый. На ім таксама ляжала вышэйшая адказнасць за харчаванне Сталіна, за якасць прадуктаў і страў. Усё падвяргалася строгаму аналізу ў спецыяльных лабараторыях. Калі Сталін быў, напрыклад, на Патсдамскай канферэнцыі летам 1945 года, то па распараджэнню Уласіка ўсе прадукты былі туды завезены з Масквы. А ў мясцовага насельніцтва закуплялася толькі жывая жывёла — каб выключыць магчымасць атручвання.


У пачатку 1950-х гадоў над генералам Уласікам пачалі «згушчацца хмары». Асноўную ролю ў краху яго кар’еры і самога жыцця сыграў Берыя. Ён рваўся да ўлады і, будучы хітрым і разумным, здолеў увайсці ў давер да Сталіна. Ім была сфабрыкавана справа дактароў санітарнага ўпраўлення Крамля, якія нібыта хацелі атруціць правадыра. Па гэтай справе праходзіў і Мікалай Уласік, якога ў 1952 асудзілі і саслалі ў Краснаярск. І толькі праз чатыры гады яму дазволілі зноў вярнуцца ў Маскву...


Пасляслоўе


У адным са сваіх лістоў дачка генерала Уласіка Надзея Мікалаеўна напісала: «Цікава, што я жыву ў Маскве каля Беларускага вакзала, побач з Брэсцкай вуліцай. Значыць, існуе няспынны ланцуг часу». А яшчэ былая сланімчанка прыслала рэдкія фотаздымкі з сямейнага альбома, некаторыя сёння публікуем.

Каментаваць