Ігар Кузняцоў: “Рэабілітацыя ахвяраў Катыні цяпер залежыць толькі ад добрай волі Расіі”

Рэабілітацыя ахвяраў Катыні цяпер залежыць толькі ад добрай волі Расіі – правапераемніцы СССР. Так пракаментаваў вынікі нядаўняга рашэння Еўрапейскага суда па правах чалавека (ЕСПЧ) у Страсбуры (Францыя) даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій, кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў.



Рэабілітацыя ахвяраў Катыні цяпер залежыць толькі ад добрай волі Расіі – правапераемніцы СССР. Так пракаментаваў вынікі нядаўняга рашэння Еўрапейскага суда па правах чалавека (ЕСПЧ) у Страсбуры (Францыя) даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій, кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў.

Паводле ягоных слоў, 16 красавіка ЕСПЧ завяршыў разгляд скаргі 15 польскіх грамадзян – сваякоў 12 катынскіх ахвяр, сярод якіх былі паліцэйскія і вайсковыя афіцэры, ваенны лекар і дырэктар школы. Скаргі ў ЕСПЧ былі пададзеныя 19 лістапада 2007 года і 24 мая 2009 года, а затым перададзеныя расійскаму боку. Публічныя слуханні скаргаў,  аб’яднаных ў адну вытворчасць, адбыліся 6 кастрычніка 2011 года.

Як адзначыў гісторык, ЕСПЧ прызнаў расстрэл катынскіх ахвяр вайсковым злачынствам і вырашыў, што Расія парушыла артыкул 3 Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека (ЕКПЧ) пра забарону катаванняў. Разам з тым, паводле ягоных словаў, суд пастанавіў не аднаўляць расследаванне “Катынскай справы і патлумачыў, што не мае права гэтага рабіць, бо Расія ратыфікавала ЕКЧП толькі праз 58 гадоў пасля масавага забойства польскіх ваеннапалонных. “А без аднаўлення расследавання “Катынскай справы немагчыма дабіцца рэабілітацыі забітых польскіх афіцэраў, – падкрэсліў Кузняцоў.

Ён нагадаў, што да гэтай пары Расія не прызнала расстраляных польскіх афіцэраў ахвярамі палітычных рэпрэсій перыяду сталінізму, а іх сваякоў – пацярпелымі. “І пасля рашэння Еўрапейскага суда па правах чалавека рэабілітацыя гэтай катэгорыі палітрэпрэсаваных фактычна залежыць толькі ад добрай волі кіраўніцтва Расіі, – сказаў гісторык. Паводле ягоных слоў, гаворка ідзе пра ўзнаўленне добрага імя ні ў чым не вінаватых афіцэраў польскай арміі ў сувязі з тым, што яны былі інтэрнаваныя савецкімі ўладамі, у пазасудовым парадку прыгавораныя да расстрэлу і расстраляныя. “Калі ж забітыя афіцэры польскай арміі ў нечым вінаватыя і паводле закону не падлягаюць рэабілітацыі, дык пра гэта трэба таксама адкрыта сказаць, – зазначыў даследчык.

Ён выказаў шкадаванне, што ЕСПЧ сваім рашэннем “ніяк не падсцёбнуў расійскае кіраўніцтва да выяўлення яго добрай волі, хаця і мог гэта зрабіць. “Гаворка ідзе пра мажлівую рэкамендацыю суду ў Страсбуры давесці да канца расследаванне “Катынскай справы, прызнаць афіцэраў польскай арміі ахвярамі палітрэпрэсій і рэабілітаваць іх, – сказаў гісторык.     

Ён нагадаў, што Катынскае злачынства – гэта расстрэлы 1940 года ў Расіі і ва Украіне: у Катыні, каля Харкава і  Цвяры, а таксама ў турмах Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны афіцэраў польскай арміі, якія трапілі ў палон пад час так званага вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў заходнія рэгіёны Беларусі і Украіны ў верасні 1939 года. На меркаванне гісторыка, не менш за траціну з 22 тысяч ахвяраў катынскага злачынства складаюць ураджэнцы Беларусі. “А сярод афіцэраў польскай арміі, расстраляных у Катыні і забітых у турмах Заходняй Беларусі, нашыя суайчыннікі, імаверна, складаюць больш за палову усіх ахвяр, – сказаў Ігар Кузняцоў. 

 

Каментаваць