Генерал Ян Канопка

У 1812 годзе супраць расійскіх войскаў на баку Банапарта Напалеона выступалі пяць ліцвінскіх палкоў пяхоты і чатыры ўланскія палкі. Адным з напалеонаўскіх военачальнікаў і арганізатарам славутай імператарскай гвардыі быў генерал Ян Канопка.

(На выяве: Ян Канопка)



У 1812 годзе супраць расійскіх войскаў на баку Банапарта Напалеона выступалі пяць ліцвінскіх палкоў пяхоты і чатыры ўланскія палкі. Адным з напалеонаўскіх военачальнікаў і арганізатарам славутай імператарскай гвардыі быў генерал Ян Канопка.

(На выяве: Ян Канопка)


Нарадзіўся Ян Канопка ў маёнтку Скоўдзічы Слонімскага павета 27 снежня 1777 года (па іншых звестках — 1775 года) у сям’і ліцвінскіх (беларускіх) шляхціцаў Францішка і Ганны Канопкаў. Калі Яну споўнілася 15 гадоў, ён пайшоў на вайсковую службу ў Другі ўланскі полк і змагаўся супраць рускіх войск у складзе Восьмай украінскай брыгады Народнай кавалерыі, якой кіраваў генерал Станіслаў Макраноўскі. Малады Ян Канопка спадабаўся генералу Макраноўскаму сваёй смеласцю і рашучасцю, асабліва ён вызначыўся ў бітвах пры Барушкаўцах і Зелянцах.

Калі пачалося паўстанне 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, да яго далучыўся і Ян Канопка. Ён, як і Тадэвуш Касцюшка, пакляўся змагацца за непарушнасць Рэчы Паспалітай, устанаўленне самаўладдзя народа і ўсеагульную свабоду. Спачатку Ян Канопка вызначыўся пры абароне Варшавы, пасля чаго атрымаў званне лейтэнанта. Лейтэнант Канопка едзе на Літву і далучаецца да дывізіі Серакоўскага. У бітве пад Мацяёвіцамі паказаў сябе адважным воінам, хаця быў паранены ў руку. Восенню 1794 года за адвагу і мужнасць у баях, Тадэвуш Касцюшка яго ўзнагародзіў пярсцёнкам з надпісам: «Айчына свайму абаронцу».

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Ян Канопка эміграваў у Францыю, дзе адразу паступіў на вайсковую службу ў Першы гусарскі полк, а 21 сакавіка 1796 года атрымаў званне суб-лейтэнанта. Падчас службы пазнаёміўся з капітанам Язэпам Сулкоўскім. Капітан Сулкоўскі ў Валезе меў гонар прадставіць Яна Канопку генералу Банапарту Напалеону. Напалеону спадабаўся Канопка, і яго прызначылі на службу ў Легіён Ламбардыі (Legion de Lombardie) са званнем лейтэнанта.

З гэтага часу пачаліся нялёгкія вайсковыя і ваенныя будні Канопкі. Ён удзельнічае супраць краін Першай і Другой антыфранцузскай кааліцыі. 4 лютага 1797 года Ян вызначыўся пры захопе аўстрыйскай батарэі пад Феанцэй, за што быў пераведзены ў званні капітана ў Першы грэнадзёрскі батальён польскіх легіёнаў. Пад кіраўніцтвам генералаў Шампіённэ і Макдональда актыўна ўдзельнічае ў баявых дзеяннях супраць Неапалітанскага каралеўства, пад кіраўніцтвам капітана Княжэвіча выдатна паказаў сябе ў баях пры Чывіта-Кастэлана, потым на рацэ Трэбіі, пры Боска і Нові. А пры Рассігліёне разам са сваімі 150 легіянерамі захапіў аўстрыйскую пазіцыю, якую абараняў гарнізон з дзвюх тысяч салдат.


Мясціны, дзе нарадзіўся Ян Канопка
 



Баявыя дзеянні і перамогі Яна Канопкі працягваюцца і тады, калі ён у 1800 годзе змагаецца на Дунаі пад камандаваннем Віктара Маро. За гэтыя заслугі ён становіцца шэфам батальёна і перамагае ў баях пры Гагенліндэне.

Пасля таго, як быў заключаны мір, наш вайсковец служыць у Італіі шэфам эскадрона польскай кавалерыі генерала Аляксандра Ражнецкага, удзельнічае ў кампаніях 1805–1806 гадоў пад камандаваннем прынца Багарнэ.

У сакавіку 1807 года Ян Канопка (ужо маёр Пятага палка егераў) прымае ўдзел у Польскай кампаніі, а летам змагаецца пры Фрыдландзе. Канопка хутка займаецца рэарганізацыяй польска-італьянскага легіёна ў Першы ўланскі полк Віслінскага легіёна і ў званні палкоўніка яго ўзначальвае.

З 1808 года палкоўнік Ян Канопка змагаецца ў Іспаніі, удзельнічае ў аблозе Сарагосы, вызначаецца ў баях пры Тудзеле і Малене, а таксама ў баявых аперацыях супраць партызан, якія называлі яго полк «пякельнымі піканосцамі».

У сакавіку 1809 года Яна Канопку выклікаюць у Парыж. Праз год ён прызначаецца камандзірам Віслінскага палка і восенню выступае супраць англа-іспанскіх пазіцый, умела атакуе брытанскую пяхотную брыгаду падпалкоўніка Джона Колбарна. Яго вайскоўцы непрыкметна падняліся на ўзвышаную мясцовасць і пачалі біцца з англічанамі. Праз некалькі хвілін са 1600 салдат Колбарна былі забітымі і параненымі 1300 і захоплена 5 штандараў. 6 жніўня 1811 года за гэты подзвіг і за ўсе ранейшыя перамогі Яну Канопку было прысвоена званне брыгаднага генерала, ён быў узнагароджаны Залатым крыжам ордэна «Virtuti Militari».

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай шмат хто з беларусаў (ліцвінаў) спадзяваўся на Напалеона Банапарта, што менавіта ён дапаможа адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае. Тым больш, што Напалеон у 1807 годзе стварыў Варшаўскае княства. А калі землі былога Вялікага Княства Літоўскага былі вызвалены з-пад расійскага прыгнёту, Напалеон утварыў і Камісію Часова ўраду Вялікага Княства. Сябры Камісіі прысягнулі на вернасць імператару, гэта значыць, што Беларусь фармальна была абвешчана саюзніцай Францыі. Камісія Часовага ўраду з дазволу імператара пачала ствараць уласныя ўзброеныя сілы, якія далучаліся да напалеонаўскай арміі. Гэту Камісію з радасцю падтрымаў і генерал-ліцвін Ян Канопка.

З дазволу Напалеона Ян Канопка сфармаваў Трэці ліцвінскі ўланскі полк імператарскай гвардыі. Гэты полк непасрэдна падпарадкоўваўся Напалеону і насіў «не белую кукарду, а французскую трохкаляровую з накладзеным на яе белым мальтыйскім крыжам», хаця ўсе жаўнеры-ліцвіны насілі кукарду «Пагоня». Да Яна Канопкі далучыўся і эскадрон беларускіх татараў на чале з Мустафой Ахматовічам. Усяго на баку Напалеона ваявалі 24 тысячы беларускіх жаўнераў, а па іншых звестках — 80 тысяч, а на баку Кутузава — 32 тысячы.

У сярэдзіне кастрычніка 1812 года расійскі генерал-маёр Яфім Чапліц даведаўся, што з Гродна на Мінск рухаецца гвардзейскі ліцвінскі полк Яна Канопкі. Яго аснову складала моладзь былога Вялікага Княства Літоўскага. Там служылі Валовічы, Ромеры, Платэры, Хлявінскія, Пузыны, Пуслоўскія, Памарнацкія ды іншыя ўнукі і праўнукі шляхецкіх родаў. Полк быў добра ўзброены і меў, адпаведна, на 444 чалавекі 121 фурманку. Разам з палком ехалі жонкі генералаў Канопкі, Дамброўскага і Заёнчака. У родным Слоніме Канопка вырашыў затрымацца на некалькі дзён. Днём вайскоўцы заклікалі да сябе ў полк слонімскіх юнакоў, тлумачылі людзям намеры Напалеона аднавіць Вялікае Княства Літоўскае. І гэта давала плён. Хутка полк Яна Канопкі налічваў ужо 800 чалавек. А вечарам гвардзейцы шпацыравалі з маладымі паненкамі. Такі шпацыр у Слоніме яны наладзілі і 19 кастрычніка. Хаця аўстрыйскі генерал Мор, адступаючы з-пад Пінска, і генерал Дамброўскі з-пад Барысава папярэджвалі Канопку, што рускія наступаюць з поўдня праз Брэст вялікімі сіламі. Але генерал не думаў, што рускія так хутка могуць дабрацца да Слоніма.

Яфім Чапліц



Пакуль гвардзейцы адпачывалі ў Слоніме, да Пружан дайшоў рускі перадавы атрад генерала Чапліца. Пасля нялёгкай дарогі рускія рыхтуюцца да адпачынку. Але хутка атрымліваюць загад адмірала Чычагава — атакаваць конна-гвардзейскі полк Яна Канопкі ў Слоніме. Генерал Чапліц выклікае да сябе капітана Івана Арнольдзі: «Маю пра вас звесткі, капітан, што вы добра ведаеце Слонім». «Так, — адказвае Арнольдзі. — Тры гады кватараваў у гэтым горадзе. Меў гонар быць ад’ютантам пры графе Кутайсаве». — «У такім выпадку я спадзяюся на вас».

Калі гулянка была ў самым разгары, да Канопкі падбягае яго ад’ютант Стральбіцкі і дакладвае, што да Слоніма падыходзяць рускія. Хутка баль сціхае. Госці разбягаюцца. А Канопка імгненна пад аховай нешматлікага эскорту выпраўляе ў Дзярэчын казну і генеральскіх жонак. А сам з палком уцякае на Вільню. Толькі яны зніклі, як Арнольдзі з некалькімі казакамі прабраўся да дома Канопкі. Але ні­дзе нікога ён так і не знайшоў.

Капітан Арнольдзі адразу пасылае ганца да Чапліца, каб паведаміць пра ўцёкі Канопкі, а сам з невялікім атрадам пускаецца па дарозе на Дзярэчын. За пяць кіламетраў ад Дзярэчына, які піша Міхась Скобла ў сваёй кнізе «Дзярэчынскі дыярыуш», каля вёскі Галынка, рускія дагналі ўцекачоў. Завязаўся няроўны бой. Казну Арнольдзі захапіў, а вось генеральскія жонкі паспелі пераправіцца на пароме праз рэчку Луконіцу і схавацца ў дзярэчынскім палацы Сапегаў.

Калі Яфім Чапліц даведаўся пра тое, што генерал Канопка ўцёк, асабіста бярэ атрад гусараў і казакоў, імчыць за ўцекачамі па віленскай дарозе. Праз некалькі гадзін рускія даганяюць ліцвінскі полк, пачынаецца рукапашны бой. Рускім удаецца адрэзаць частку палка Яна Канопкі ад галоўнага атрада ўланаў. А ўраднік Дзячкін, дагнаўшы Яна Канопку, раніць яго дзідай і бярэ ў палон. У палон таксама трапілі палкоўнік Хлусевіч, капітаны Дзяржынскі, Солтан, Дэге, Ронікер, Тышкевіч, Ляном, Лукоўскі, 5 паручнікаў, 42 унтэр-афіцэры, 5 трубачоў і 170 жаўнераў.

Вось так сустрэліся два ліцвіна — Канопка і Чапліц, якія ваявалі па розныя бакі барыкад. Яфім Чапліц быў родам з дваран Магілёўскай губерні. Але яго карані шляхецкага роду Чапліцаў — прынёманскія. У канцы XVII стагоддзя Чапліцы валодалі невялікімі маёнткамі ў Лідскім павеце. Вось як іх гутарку апісаў кандыдат ваенна-тэхнічных навук Яўген Леашэня (1900–1981) у сваёй рукапіснай працы «Да гісторыі Слонімшчыны», якая захоўваецца ў Слонімскім краязнаўчым музеі:

— Не думаў я, генерал, што адважныя так уцякаюць! — сказаў Чапліц.

Канопка абурыўся:

— Я жадаў бы памерці ў баі!

— Дазволю ў вас спытаць, за што? — пацікавіўся Чапліц.

— За свабоду Айчыны… — пачаў казаць Канопка.

— Якую хацелі набыць у радах захопніцкай арміі Напалеона, — спыніў яго Чапліц і, ужо адыходзячы, дадаў: — Яшчэ Аляксандр Неўскі казаў: хто пойдзе на нас з мячом, той ад мяча і загіне. Шкада, але вы не ўлічылі гэтага, генерал…

Самае цікавае ў сустрэчы гэтых двух генералаў тое, што між сабой яны гутарку вялі па-беларуску.

Пасля гэтага Трэці ліцвінскі ўланскі полк імператарскай гвардыі генерала Яна Канопкі спыніў сваё існаванне як баявая адзінка. А сам генерал быў арыштаваны і адпраўлены ў палон у Санкт-Пецярбург. З паўночнай сталіцы Расіі праз год яго накіравалі ў Херсон, дзе ён цяжка захварэў. У 1814 годзе Яна Канопку вызвалілі з палону, і ён як прыватная асоба прыехаў у Варшаву. Там яму хутка прапанавалі ўзначаліць Першую кавалерыйскую брыгаду Каралеўства Польскага. Але генерал адмовіўся. Па-першае, ён моцна хварэў, па-другое, служыць Каралеўству Польскаму ён не жадаў: да самай смерці генерал марыў пра адраджэнне сваёй Баць­каўшчыны — Вялікага Княства Літоўскага.

Ахоўны крыж, устаноўлены пасля вайны
1812 года каля вёскі Вострава
Слонімкага раёна

 


1 студзеня 1815 года (па іншых звестках — 20 снежня 1814 года) генерала Яна Канопкі не стала. Ён памёр у Варшаве, але прасіў пахаваць яго на Слонімшчыне. Дзе пахавалі генерала — да сённяшніх дзён не вядома. Па адной з версій, ён быў пахаваны ў роднай вёсцы Скоўдзічы Слонімскага павета альбо ў Слоніме. Па іншых звестках — у Дзятлаве ці ў вёсцы Дубраўка на Дзятлаўшчыне. Былы дырэктар Дзятлаўскага раённага музея Фёдар Красюк сказаў: «Я некалі цікавіўся асобай Яна Канопкі. І шмат гадоў з краязнаўцамі шукаў яго магілу і на вясковых могілках у Дубраўцы, і на могілках у Дзятлаве. Але мы магілы генерала так і не знайшлі. Калі б ён быў пахаваны на адных з гэтых могілак, то гэта магіла была б нам усім знаёма, але яе нідзе няма. Ці то час яе зруйнаваў з зямлёй, ці проста генерал быў пахаваны ў іншым месцы». Пакуль не ўдалося знайсці яго магілы і ў вёсцы Скоўдзічы, і на ўсіх слонімскіх могілках.
 

Каментаваць