Гомельскія Курапаты

За Гомелем, на дзявятым кіламетры Чарнігаўскай шашы, пачынаецца Шчакатоўскі лес, які цягнецца да самай украінскай мяжы. Гэта «лес смерці», названы так незалежнымі СМІ, які павялічвае спіс жалобных месцаў Беларусі, дзе ўсталяваны мемарыяльныя крыжы. Калісьці тут была выяўлена вялікая колькасць магіл. Яшчэ за савецкімі часамі праз шматлікія пахаванні працягнуўся газаправод. Рабочыя ўвесь час натыкаліся то на косткі, то на ямы з чалавечымі парэшткамі. Лес выдаў страшную таямніцу недалёкага мінулага.



За Гомелем, на дзявятым кіламетры Чарнігаўскай шашы, пачынаецца Шчакатоўскі лес, які цягнецца да самай украінскай мяжы. Гэта «лес смерці», названы так незалежнымі СМІ, які павялічвае спіс жалобных месцаў Беларусі, дзе ўсталяваны мемарыяльныя крыжы. Калісьці тут была выяўлена вялікая колькасць магіл. Яшчэ за савецкімі часамі праз шматлікія пахаванні працягнуўся газаправод. Рабочыя ўвесь час натыкаліся то на косткі, то на ямы з чалавечымі парэшткамі. Лес выдаў страшную таямніцу недалёкага мінулага. А грамадскасць не магла пакінуць без увагі яшчэ адну прыадчыненую старонку гісторыі.

(На здымку: У гэтым лесе ў 1937 годзе НКУСаўцы расстрэльвалі мірных людзей)


Па сведчаннях жыхароў з навакольных мястэчак, у гэтым лесе ў 1937 годзе НКУСаўцы расстрэльвалі мірных людзей, у тым ліку жыхароў Чарнігаўскай вобласці, якіх прывозілі сюды пад покрывам ночы. Вядома, такая інфармацыя патрабавала дасканалай праверкі. Рабочыя, якія былі задзейнічаны на пракладцы газаправода, распавядалі, што гэту зямлю з чалавечымі косткамі ўвесь час кудысьці вывозілі. Асноўная частка зямлі з косткамі пайшла на ўтрамбоўку аб’яздной дарогі вакол Гомеля. Астатняе, па сведчаннях людзей, адправілася ў кірунку ракі Сож.

Да перабудовачных працэсаў у Савецкім Саюзе тэма сталінскіх рэпрэсій карпатліва замоўчвалася. Таму толькі напачатку 1990-х гадоў Гомельская абласная пракуратура разгарнула працу.

На паверхню былі паднятыя чалавечыя астанкі, гільзы, фрагменты вопраткі і абутку. Экспертыза вынесла заключэнне: пахаванні ў Шчакатоўскім лесе адносяцца да даваеннага часу. Менавіта тады на гэтым месцы дэмакратычнымі актывістамі і быў усталяваны першы крыж — у памяць ахвярам сталінскага рэжыму. Пазней з’явіўся мемарыяльны камень з надпісам «Пакутнікам тваім, Беларусь». Падаецца, на гэтым можна было б паставіць кропку.

Але абсалютна нечакана, у 2007 годзе да паўторных раскопак, праўда, у некалькіх кіламетрах ад таго месца, дзе праводзілася першая экспертыза, заступіў спецыяльны 52-і пошукавы батальён Міністэрства абароны. Ціхенечка, без сведак, былі раскапаныя дзве магілы. Тая акалічнасць, што вайскоўцы распачалі паўторныя раскопкі на месцы пахаванняў, выклікала абурэнне прадстаўнікоў дэмакратычнага руху: з якой мэтай спатрэбілася яшчэ раз варушыць спакой расстраляных людзей, ды яшчэ ў атмасферы поўнай сакрэтнасці? На месцы раскопак былі выстаўлены міліцэйскія кардоны. А незалежныя эксперты не былі дапушчаны да паўторнай эксгумацыі, не маглі назіраць за працэсам.

Па выніках «працы» вайскоўцаў нечакана ўзнікла новая, афіцыйная версія паходжання могільнікаў — тут пахаваны ахвяры не сталінскага, а нацысцкага рэжыму, людзей расстрэльвалі немцы падчас другой сусветнай вайны. Косткі забітых вырашана было перазахаваць у брацкай магіле разам з чатырма чырвонаармейцамі. Але па выніках раскопак судмедэкспертыза не дала заключэння наконт узросту пахаванняў і не зрабіла высноў па кулях, якімі расстрэльваліся людзі. На дадзены момант існуе дзве версіі знойдзеных пахаванняў. Па афіцыйнай версіі, нацысты расстрэльвалі апалчэнцаў і ваеннапалонных чырвонаармейцаў на пачатку вайны. Па другой версіі, сцвярджаецца, што тут адбывалася масавае знішчэнне людзей у часы камуністычных рэпрэсій.

Мемарыяльны камень ад мясцовых
дэмакратаў


Прадстаўнікі дэмакратычнай часткі грамадства ўпэўнены, што раскопкі 52-га спецыяльнага батальёна — гэта спроба з боку ўладаў перанесці адказнасць за забойствы нявінных людзей з камуністычнага рэжыму на нацысцкі.

Гомельскія грамадскія актывісты Андрэй Мельнікаў, Кастусь Жукоўскі і незалежны журналіст Павал Міцкевіч прымалі самы актыўны ўдзел у мемарыялізацыі «лесу смерці»: збіралі і запісвалі сведчанні рабочых, якія праводзілі ў гэтым месцы газаправод, апытвалі навакольных жыхароў, якія былі сведкамі забойстваў, звярталіся са скаргамі ў суд з патрабаваннем азнаёміцца з матэрыяламі паўторнай экспертызы. Разам з прадстаўнікамі беларускай грамадскасці яны ўсталёўвалі крыжы ахвярам палітычных рэпрэсій.

Нягледзячы на ўсе высілкі ўладаў засакрэціць ці сказіць факты па гэтай справе, з кожным новым днём прыадчыняецца завеса таямніцы лесу. Нядаўна 85-гадовая жыхарка Гомеля распавяла Кастусю Жукоўскаму пра забойства свайго бацькі ў кастрычніку 1937 года і паведаміла такі факт: «Калі стала халадаць, забітых пачалі вывозіць з лесу і тапіць у забалочанай затоцы Сожа. Лета наступнага года было сухое, затока амаль высахла, і цэлая гара парэштак апынулася на паверхні. Падняўся вэрхал. НКУС нагнала тэхнікі і вайскоўцаў, і верагодна, зняволеных, і тыя засыпалі чалавечыя парэшткі зямлёй!»

Пазней, у 1980-я гады, земснарадам пашыралі раку і выпадкова на паверхню было выкінута шмат касцей. Тое, што пабачыла жанчына ў 1937-м, тлумачаць паходжанне безлічы выяўленых чалавечых костак на рацэ Сож.

“Ці атрымалі вы канчатковыя высновы паўторнай экспертызы? “— пытаюся ў Кастуся Жукоўскага.

“Не. Улады наўмысна робяць з гэтага таямніцу.  — патлумачыў Кастусь, — І па некаторых дзеяннях з іх боку можна здагадацца, што справа мае палітычны характар. Так, кожны год падчас ускладання кветак мясцовымі грамадскімі актывістамі, а таксама падчас правядзення імшы каталіцкімі святарамі, невядомыя асобы ў чорным здымаюць усіх прысутных на відэа. Каталіцкія вернікі, якія ўжо 14 гадоў праводзяць на гэтым месцы імшу, у гэты раз былі папярэджаныя, што мерапрыемства немагчыма без заяўкі на правядзенне мітынгу. Па розных дадзеных (а гэта падлік расстрэльных ям, паказанні сведак, розныя факты знаходжання парэшткаў), па ўсяму лесу можа быць пахавана да 150 000 чалавек! — распавядае Кастусь Жукоўскі. — Адзін з памятных крыжоў быў усталяваны 2 лістапада 1994 года па ініцыятыве Гомельскага абласнога аддзела Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій пры дапамозе каталіцкага святара, ксяндза Славаміра на сродкі грамадскасці Гомеля. Крыж мае надпіс: «Адно з месцаў масавых расстрэлаў ахвяр бальшавіцкай дыктатуры ў перыяд 1919–1940-х гг.». Другі крыж быў усталяваны праваслаўнымі святарамі. Трэці — ад прадстаўнікоў Навабеліцкага райвыканкаму. Акрамя гэтага, мной і Андрусём Цянютам пры фінансавай падтрымцы мясцовых Аб’яднаных дэмакратычных сілаў быў усталяваны мемарыяльны камень.

У розных месцах «лесу смерці» ахвярам Беларусі ўсталяваны тры мемарыяльныя крыжы, адзін з іх зроблены ўладамі — на месцы паўторнай экспертызы.

А 6 лістапада 2010 года, акурат у Дзмітрыеўскую памінальную суботу, сябрамі ствараемай партыі БХД (Мельнікавым, Клімовічам, Якавенкам і Сіваковым) у памяць пакутнікаў Беларусі быў усталяваны яшчэ адзін крыж, зроблены і пафарбаваны Кастусём Жукоўскім. Мемарыяльны знак сімвалічна вырашана было несці на плячах доўгай дарогай — на 9-ы кіламетр праз увесь горад. Праз тры дні планавалася асвяціць крыж, для гэтага на месца пакуты быў запрошаны праваслаўны святар. Аднак, прыбыўшы на запланаваную імшу 9 лістапада, актывісты і святар пабачылі, што мемарыяльнага знака няма. Кінуліся ў розныя бакі на пошукі і знайшлі крыж праз сотню метраў у засмечанай лесапаласе. Крыж быў пераўсталяваны і асвечаны.
 

Каментаваць