Гарадзенец змясціў на сцяне свайго дома знакамітую гравюру Цюнта

Бізнэсмэн Анатоль зрабіў гэта, каб яго дзеці і ўнукі ў будучыні ведалі і шанавалі гісторыю роднага краю.   



Анатоль здаўна быў засмучаны з-за таго, што гарадскія ўлады ўсё ніяк не могуць набыць на аўкцыёнах арыгінальную гравюру Мацея Цюнта з выявай горада XVI стагоддзя. У 2008 годзе гісторыка-археалагічны музей спрабаваў набыць яе на аўкцыёне ў Варшаве, але цана аказалася непад'ёмнай — каля 40 тыс. долараў за арыгінал 1568 года.

Разам з тым, у музеі ёсць некалькі экземпляраў гравюры 1575 года, але яна значна менш каштоўная — яе можна знайсці зараз і за 300-400 еўра.   "Асабіста я таксама не змог бы купіць такую гравюру, час цяпер цяжкі. Але для горада гэта важная і каштоўная рэч, якую трэба абавязкова набываць", — кажа Анатоль.  

Калі сям'я задумала зрабіць у доме рамонт, яе глава доўга думаў, як аформіць сцяну. І спыніўся акурат на гравюры. "Паколькі ў нас не шануюць гісторыю, мы самі вырашылі яе стварыць у сябе дома. Запрасілі майстра, які зрабіў за два тыдні амаль дакладную копію малюнка 1575 года". На гербе ў цэнтры гравюры змясцілі ініцыялы гаспадара дома   Анатоль вельмі любіць гісторыю, таму ў доме імкнецца ўсё зрабіць "пад даўніну". Вось толькі дзеці яго не вельмі разумеюць.

"Хочам зрабіць цалкам у старадаўнім стылі, для гэтага цяпер падбіраем матэрыялы. Час цяжкі, робім практычна ўсё сваімі рукамі. У доме будуць жыць дзеці. Дачка задаволеная такім падарункам, але пытаецца: "Навошта? З-за гэтай даўніны дом будзе больш падобны да музея". Сучаснай моладзі патрэбны крыху іншы стыль. Ну, калі ім усё ж не спадабаецца, то мы з жонкай пераедзем жыць у гэты дом".

Ёсць яшчэ адна праблема: дом, у якім на сцяне ўзнавілі гравюру, ужо 30 гадоў як ідзе пад знос. Анатоль рызыкуе ў надзеі, што будынак прастаіць яшчэ доўга. "Як-ніяк наша гісторыя павінна быць ушанавана. Моладзь пачынае гісторыю трошкі забываць. Ім не падабаецца дзесьці беларуская мова, дзесьці беларуская культура, а каб гэта ўсё развівалася, трэба гісторыю падаваць рознымі цікавымі спосабамі. Я паднёс сваім дзецям з дапамогай гравюры". Гравюра сям'і Анатоля абышлася ў 12 мільёнаў рублёў. Калі б яны яе задумалі цяпер, то праца майстра выйшла б у два разы даражэйшай.    

Упершыню гравюра "Vera designatio urbis in Littavia Grodnae" (Сапраўднае апісанне горада Гродна ў Літве) была выканана Маціясам Цюнтам у 1568 годзе па малюнку Ганса Адэльгаўзера, які той зрабіў у ліпені 1567 года, калі ў Гродна прыехалі ажно чатыры пасольствы: маскоўскае, татарскае, турэцкае і валашскае. На гравюры прадастаўлена сцэна сустрэчы літоўскага маршалка Валовіча з маскоўскім пасольствам. На адваротным баку змешчана тэкставая інфармацыя пра горад.   У 1575 годзе гравюру горада ў некалькі спрошчаным відзе вырабілі Франц Хагэнберг і Георг Браўн. Яны змясцілі яе ў сваім "Атласе гарадоў зямнога свету". Ёсць і пазнейшыя варыянты, яшчэ менш дакладныя і якасныя.

Паводле: Твой стыль

Каментаваць