Гарэлка як фактар падзення Рэчы Паспалітай

Хто піў гарэлку? Усе. Напрыклад, шляхціц за год мог выпіць да 700 (!) літраў піва, а ў дадатак каля 40 літраў гарэлкі. Колькі дакладна пілі сяляне, на жаль, не вядома, але піць яны былі вымушаныя. Кожны селянін меў падатак у выглядзе гарэлкі, якую ён быў абавязаны набыць у пана.

Ідылічная выява габрэйскай карчмы

Беларусы, паводле рэйтынгаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, займаюць другое месца ў свеце па ўжыванні алкаголю. Наша норма: 16 літраў чыстага алкаголю на дарослага чалавека на год. Апярэджваюць толькі літоўцы, «сябры» па ВКЛ. 

Зусім побач апынуліся ўсе нашы суседзі: малдаване, украінцы, расіяне і палякі. Наш рэгіён — самы пітушчы на планеце. Чаму?

Дамінуючая частка рынку — гэта гарэлка. Далей ідуць танныя гатункі вінаў, дакладней, спірт, разбаўлены сокам альбо араматызатарамі. Далей — вінаградныя віны, дыстыляты (віскі, брэндзі і інш.) ды піва.

Гэта дзіўна, бо гарэлкавыя традыцыі ў нас не такія ўжо і старадаўнія. Варта звярнуцца да гісторыі.

Традыцыйна лічыцца, што славяне спакон веку пілі піва ды так званы «пітны мёд». Мёд даходзіў да 16 градусаў, піва ўвогуле было слабенькім — 2–3 градусы. Піва было таксама харчаваннем ды антысептыкам, якім можна было прамываць раны, рабіць прымочкі. Да XVI стагоддзя піва адназначна дамінуе. Адкуль тады на нашых землях з’явілася гарэлка і што гэта ўвогуле такое?

Шляхта ў карчме

«Гарэлка», бо горкая?

У нашым абароце існуюць адразу дзве назвы: «водка» і «гарэлка». Першая паходзіць ад «вады», этымалогія зразумелая. Але менавіта гэтая назва на тэрыторыі ВКЛ амаль не сустракаецца. «Wódka» ў Польшчы ўпершыню згадваецца ў XV стагоддзі, у Масковіі — у XVI. На нашых землях гэты напой заўсёды называўся «віно», прычым з прыдомкам: «палёнае», «гарэлае» альбо «гарачае». Адсюль і пайшло слова «гарэлка» ці ўкраінская «горілка». Паводле польскай версіі, «гарэлка» — бо горкая, але гэта не зусім так. Гарэлае віно, значыць дыстыляванае, тое, што прайшло працэс перагонкі ў дыстыляцыйным кубе.

Лічыцца, што моцны алкаголь упершыню выдумалі арабы прыкладна ў 1000 годзе. Яны навучыліся пераганяць віно, а пасля і іншыя прадукты, у гарэлку. Аднаразовая перагонка — гэта каля 30 градусаў. У ХІІІ–XІV стагоддзі гэтыя кубы, якія таксама называліся алембікусы, былі завезеныя з Паўночнай Афрыкі ў Еўропу. Ці не перашкаджаў арабам іслам? Па-першае, у пэўных колькасцях арабы заўжды ўжывалі алкаголь. Па-другое, і там, і пазней у нас, гэты прадукт пазіцыянаваўся як лек — «aqua vitae» — вада жыцця. Лічылася, напрыклад, што гарэлка лечыць нават ад халеры.

Казак, які п'е гарэлку, пач. ХІХ ст

Ёсць версія, што да распаўсюду гарэлкі па Еўропе моцна спрычыніліся галандцы. Яны займаліся гандлем і былі змушаныя перавозіць віно на вялікія адлегласці. Калі ўмовы былі не адпаведнымі, віно псавалася, таму яго і пачалі пераганяць, атрымліваўся вінны дыстылят, які пасля, пры патрэбе, можна было разбаўляць. У цяперашнім разуменні яны рабілі кан’як.

У XVIІ стагоддзі было ўжо не да піва…

У ВКЛ перагонныя кубы разам з таямніцамі ўсяго працэсу трапілі з Караляўца, то бок Кёнігсберга, прыкладна ў XV стагоддзі. Адна з першых згадак гарэлага віна на Гродзеншчыне адносіцца да 1507 года, калі Ваўкавыск атрымаў прывілей на Магдэбургскае права: у горадзе было дазволена рабіць гарэлае віно. Цікава, што слова «віно» на нашых землях з’явілася раней за вінаград ды паняцце віна ў сённяшнім разуменні. Пэўны час віном у нас называлі ці не ўсе алкагольныя напоі, апроч піва.

У XVI стагоддзі, за часамі каралевы Боны, гарэлку рабіць было нявыгадна. Чаму? З-за недасканалай тэхнікі, то бок самога дыстыляцыйнага апарату. Каб зрабіць, напрыклад, 0,7 гарэлкі, патрэбна было ўкласці 10 кілаграмаў збожжа. Гэта было і дорага, і сам алкаголь атрымліваўся слабы — каля 30 градусаў. Зерне было прасцей прадаць за мяжу, то бок пра гарэлачны бізнес гаворкі не ішло.

Тытульны аркуш кнігі пра гарэлку. 1614 год

Але ўжо ў XVIІ стагоддзі адбыўся пералом. Па-першае, у Еўропе ўпалі кошты на збожжа, якім раней гандлявала Рэч Паспалітая. Зерне стала выгадней пакідаць тут, рабіць гарэлку ды прадаваць падданым. Па-другое, варта ўзгадаць пра геапалітычныя катастрофы, якія закранулі нашы землі. Скажам, чалавек, які перажыў 13-гадовую вайну, ужо рабіўся «філосафам» адносна стаўлення да жыцця, сям’і і гаспадаркі. Народ змяніўся, было ўжо не да піва.

Паспрыяла гарэлцы і цудоўная шляхецкая вольнасць, якая была зацверджаная ў Генрыхавых артыкулах яшчэ ў XVI стагоддзі. Гаворка аб праве прапінацыі, згодна якому кожны землеўладальнік мог прадаваць нелімітаваную колькасць гарэлкі на сваёй тэрыторыі, сплочваючы адно пэўны падатак каралю. У хуткім часе гандаль гарэлкай стаў кландайкам для шляхты і дзяржавы.

Рэч Паспалітая як чэмпіён па п’янстве

Хто піў гарэлку? Усе. Напрыклад, шляхціц за год мог выпіць да 700 (!) літраў піва, а ў дадатак каля 40 літраў гарэлкі, што гучыць абсалютна неймаверна. Колькі дакладна пілі сяляне, на жаль, не вядома, але піць яны былі вымушаныя. Кожны селянін меў падатак у выглядзе гарэлкі, якую ён быў абавязаны набыць у пана. Калі, напрыклад, селянін не хацеў яе набываць па нейкіх прычынах, эканом гарэлку яму прыносіў дадому, маўляў, можаш хоць выліць, але грошы за яе заплаціць абавязаны.

Рэшткі вінакурні ў Абадоўцах, фота А.Стэльмах

Для шляхціцаў, якія адчынялі гарэльні напрыканцы XVIІ — пачатку XVIІІ стагоддзяў, гэта было фантастычнай крыніцай прыбытку. Звычайны ж люд меў права гнаць гарэлку толькі «для асабістага ўжытку» — на Вялікдзень, Каляды ды вяселлі. І тое, гарэлку трэба было ўжыць цягам трох дзён: на чацвёрты мог прыйсці эканом і вывернуць напой на зямлю альбо забраць сабе. Сэнс быў такі: піць трэба было панскі алкаголь. Тады ж адчыняецца неймаверная колькасць корчмаў, з’яўляюцца прыказкі пра гарэлку і г.д.

Наўрад ці будзе памылковым сцвярджаць, што ў XVIІІ стагоддзі Рэч Паспалітая была адназначным чэмпіёнам у плане п’янства. Гэта, безумоўна, сталася адным з фактараў канца дзяржавы. Былі часы, калі падатак ад гарэлкі — грошы, за якія народ набываў яе, — складаў 25 працэнтаў бюджэту. Да слова будзе ўзгадаць выраз, маўляў, Рэч Паспалітая была заезджай карчмой, куды заходзіў піць ды есці кожны, хто хацеў, а пасля сыходзіў, не расплаціўшыся.

Падвойная, алембікавая, «Алаш» і «Danziger Vodka»

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай, права прапінацыі ў Расіі было пакінутае менавіта ў 16-ці заходніх губернях. Гэта быў неймаверны падарунак для мясцовай шляхты, бо на астатняй тэрыторыі імперыі землеўладальнік не мог свабодна прадукаваць гарэлку, існавала сістэма «откупаў». Што гэта? «Откуп» — гэта падатак, які трэба было плаціць дзяржаве за права на манапольны продаж гарэлкі на канкрэтнай тэрыторыі. Пры гэтым не было розніцы, хто ты: мешчанін альбо дваранін. Дарэчы, шматлікія расіяне свае капіталы на пачатку ХІХ стагоддзя зрабілі менавіта на «откупах».

Шляхціц з келіхам і мядзведзь. Дрэварыт XVII ст

Вельмі ўмоўна можна палічыць, напрыклад, колькі пілі гродзенцы на пачатку ХІХ стагоддзя. У 1817 годзе лічба склала б прыкладна 20 літраў чыстага алкаголю на чалавека. Такім чынам, можна смела сцвярджаць, што 200 гадоў таму беларусы пілі яшчэ больш, чым зараз.

Што пілі? Па-першае, менавіта дыстыляваную гарэлку, самагон (хоць сам тэрмін «самагон» адносіцца прыкладна да часоў Першай сусветнай вайны). Яна таксама была рознай. Пілі звычайную алембікавую (ад назвы таго самага арабскага алембікуса), перагнаную праз самагонны куб. Пілі падвойную, якую перагналі двойчы, яна даходзіла да 40 градусаў. Пілі французскую — такую назву мела любая замежная гарэлка.

Пілі таксама знакамітую гданьскую гарэлку, у якую клалі пласцінкі залатой фольгі. Апошняя, напрыклад, згадваецца ў «Пане Тадэвушы», а ўжо ў нашы дні яе можна набыць у Германіі пад назвай «Danziger Vodka». Папулярныя былі і іншыя напоі, напрыклад, кменны лікёр «Алаш». Яго першапачаткова рабілі ў Курляндыі, але папулярным ён стаў ужо пасля пераезду ў Лейпцыг, дзе спачатку з’явіўся на таргах. Сёння гэта ўжо традыцыйны нямецкі напой.

Як рабіліся смакавыя гарэлкі? Сёння мы бачым у крамах цэлыя шыхты моцнага напою з калейдаскопам смакаў, але як гэта робіцца — невядома. Найчасцей гаворка ідзе адно пра араматызатары, хімію. Раней жа хрэн альбо кмен дадаваўся непасрэдна, вадкасць настойвалася, а пасля яшчэ раз пераганялася. У выніку — чысты празрысты напой, які захоўваў якасці, смак і пах таго інгрэдыенту, які быў дададзены напачатку.

Габрэй каля занядбанага будынку карчмы

Бульба як сыравіна для гарэлкі

У 1830–1840-х расіяне пачынаюць зварочваць прававую спадчыну ВКЛ. Верагодна, скасаванне Статута ВКЛ і царкоўнай уніі для шляхты было непрыемнасцю, але забарона на свабодную прапінацыю, вольны выраб і гандаль гарэлкай сталася сапраўдным ударам. Знікла сур’ёзная крыніца прыбытку.

Па меры пераходу сялянаў з паншчыны на чынш, адміраў паступова і інстытут абавязковай закупкі сялянамі гарэлкі ў пана. Пераломнымі, зноў жа, можна лічыць 30–40-я гады ХІХ стагоддзя. Такім чынам, у Расійскай імперыі, як ні парадаксальна, беларусы пачалі акурат цверазець, а не співацца, насуперак стэрэатыпам.

Дарэчы, менавіта шматлікім вінакурням, дзе рабілася «гарэлае віно», беларусы абавязаныя масаваму з’яўленню… бульбы. Бульбу ў нас пачалі вырошчваць напрыканцы XVIІІ стагоддзя, але ў якасці агароднай культуры — вялікія плошчы ёй ніхто не засаджваў. А вось землеўласнікі прымусілі людзей саджаць бульбу паўсюдна, бо гэта самая выгадная сыравіна для вытворчасці гарэлкі. Яе парылі ў адмысловых запарніках і гналі алкаголь.

Этыкетка ''казёнай гарэлкі''. Вырабленай у Гродне

Казённая гарэлка супраць старкі

У 1895 годзе была ўведзеная дзяржаўная манаполія на гарэлку — так з’явілася казённая гарэлка. У чым было яе адрозненне? Гэта быў спірт-рэктыфікат, які рабіўся ў рэктыфікацыйнай калоне, не праходзячы праз змеявік. Падчас такой тэхналогіі адыходзяць усе фракцыі, які робяць умоўны самагон самагонам, віскі альбо джынам, але атрымліваецца чысты 92–96-градусны спірт. Атрыманы спірт ішоў на «казённыя вінныя склады», фактычна тагачасныя спіртзаводы, дзе ўсё гэта разбаўлялася вадой і атрымліваўся гатовы прадукт.

Гарэлка была двух відаў: «белагалоўка» і «краснагалоўка». Першая — 40 градусаў, традыцыйны варыянт, другая — 50 з нечым. Гэта і была самая масавая гарэлка, якая пачала прадавацца паўсюдна. Права на вытворчасць іншых гатункаў алкаголю дзяржава пакінула вольным гульцам рынку. Па-ранейшаму існавалі шляхецкія спіртзаводы, якія свой дыстыляваны спірт прадавалі дзяржаве на рэктыфікацыю. Нехта рабіў і прадаваў старку, нехта — пейсахоўку. Але гэты прадукт абкладаўся акцызам, таму і каштаваў значна даражэй за «казённую».

Этыкетка ад ''пейсаховай гарэлкі'' з Вільні

Пейсахоўка, альбо малага (гродзенскі варыянт назвы) — гэта гарэлка, зробленая з разынак, габрэйскі рэцэпт. Старка — гэта дыстылят, вытрыманы ў бочцы. Прычым, бочка павінна быць не першаснага, а другаснага карыстання. У выніку атрымліваўся «напой багоў». У шляхты нават была традыцыя: калі нараджаўся сын, ставілася старка, якая адкрывалася ўжо ў дзень ягонага паўналецця. Сучасная літоўская старка, зрэшты, гэта ўжо зусім іншае: яна, на жаль, зробленая на аснове рэктыфікату.

Шыльда ''манаполькі'', пач. ХХ ст


«О, колькі гора з водкі ў нас!..»

У беларусаў традыцыйна склалася супярэчлівае стаўленне да гарэлкі: з любоўю і адначасна з сумам. Сярод прыказак можна сустрэць цалкам палярныя варыянты ўспрымання. Напрыклад: «Чалавек не свіння, ваду піць не будзе». І тут жа: «Ад «манаполі» не будзеш мець волі». Пад «манаполяй» разумеецца акурат дзяржаўная гарэлка.

Адзін з першых беларускамоўных вершаў Яна Баршчэўскага — «Гарэліца» — зноў жа, прысвечаны гарэлцы. У апавяданні Якуба Коласа «Малады Дубок» Андрэй ідзе да Нёмна і з сумам узгадвае, што недзе тут калісьці стаяла карчма з добрай гарэлкай, не тое, што сучасная «манаполька». Можна ўзгадаць і радкі Купалы: «О, колькі гора з водкі ў нас!..»

Пісьменніца Данута Бічэль некалі пісала, што да 1939 года ў Заходняй Беларусі пілі кілішкамі і па святах, калі ж прыйшлі Саветы — сталі піць гранёнымі шклянкамі ды ледзьве не штодня.

Сатыра на п'янства ў заходнебеларускай газеце, 1920-я гады

І тут ёсць зерне праўды, бо чым больш селянін быў гаспадаром, чым больш нешта залежала асабіста ад яго — наяўнасць зямлі, жыццёвых перспектываў, грошай — тым меней піў. Гэта аб’ектыўна. Народ п’е тады, калі няма перспектывы і прасветаў. Для некаторых даследчыкаў было адкрыццём, што людзі на пачатку ХХ стагоддзя пілі меней, чым на пачатку ХІХ.

Адкуль мог узяцца міф пра вечна п’яных расіян, якія спаілі беларусаў? Магчыма, яго прынеслі беларускія бежанцы з-пад Гродна ці Навагрудка, якія дагэтуль жылі нармальным жыццём і мелі моцныя гаспадаркі, але за часам Першай сусветнай вайны трапілі ва ўнутраныя губерні перадрэвалюцыйнай Расіі, дзе абясцэньваліся грошы і самагон ставаў валютай, а пасля пачалася Рэвалюцыя 1917-га і Грамадзянская вайна, дзе пілі ўсе ад роспачы і адчування, што ані майно, ані жыццё нічога не каштуюць. Такое ўражанне і засталося.

Калі піць, то якаснае і са смакам

Цікава, што сёння беларусы вельмі павольна, але ўсё ж такі цверазеюць ды вяртаюцца да традыцыйных моцных напояў, то бок дыстылятаў. Вядома, што ў СССР за выраб самагону людзей пераследавалі. У нас жа, згодна праўкам у законе, прынятым пару гадоў таму, дазволена рабіць дыстыляваны алкаголь: дома можна ставіць самагонны апарат ды «гнаць», але толькі для асабістага ўжытку.

Справа ў тым, што спажыванне дыстылятаў, а не крамных рэктыфікатаў, гэта яшчэ і фактар культуры піцця, традыцыя. Як вядома, эфект ад дыстыляту, таго ж віскі, наступае марудней, але і трымаецца даўжэй. Шмат не вып’еш, хаця б з-за кошту, але смак адчуеш. Звычайная ж гарэлка з крамы, хай і не «кусаецца» ў грашовым плане, але не мае ані смаку, ані «душы». Мабыць, нездарма даследчык Алесь Белы прапаноўвае ўвесь крамны рэктыфікат называць па-ранейшаму «водкай», а дыстылят — гарэлкай.

Карчма ў былой Рэчы Паспалітай, 1842 год

Падводзячы рысу і зноў вяртаючыся да гісторыі, варта адзначыць, што міф пра наўмыснае спойванне беларусаў тымі ці іншымі народамі-суседзямі мае заняць пачэснае месца менавіта сярод міфаў. Што ў Рэчы Паспалітай, што ў царскай Расіі гарэлка прадукавалася агромністымі колькасцямі не для таго, каб кагосьці «вынішчыць» ці «адурманіць», але каб зарабіць грошы, атрымаўшы фантастычную выгаду.

Наступная заканамернасць, якая напрошваецца сама сабой, зусім не складаная: чым больш беларус будзе браць жыццё ў свае рукі, маючы бізнес, капітал, добрую працу і самапавагу, тым менш будзе піць — у яго на гэта наўпрост не будзе часу. А калі піць усё ж такі будзе — то якаснае, тое, што прыносіць задавальненне, а не забыццё.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Wert
  • 2017-06-24 22:13:22
Цікавы артыкул. Дзякуй!

Каментаваць