Героі і ахвяры «Маркет-Гардэн»

Паветрана-дэсантную аперацыі «Маркет-Гардэн» саюзнікі праводзілі супраць нацыстаў у Галандыі з 17 па 25 верасня 1944 года. У аперацыі актыўны ўдзел прымала 1-я Польская асобная парашутная брыгада пад камандаваннем Станіслава Сасабоўскага, у якой было шмат беларусаў.

Польскія дэсантнікі падчас аперацыі "Маркет-Гардэн"


Сасабоўскі. Нараджэнне легенды


Будучы камандуючы польскімі дэсантнікамі Станіслаў Францішак Сасабоўскі нарадзіўся ў 1892 года ў Станіслававе (зараз — Івана-Франкоўск). Тады горад уваходзіў у склад Аўстра-Венгерскай імперыі. У 1914 годзе яго мабілізавалі ў войска. Падчас Першай сусветнай вайны будучы генерал удзельнічаў у абароне крэпасці Перамышль і ў бітве пад Горліцамі. У баях ля вёскі Лясная ў Беларусі Сасабоўскі быў цяжка паранены. Пазней яму прысвоілі званне падпаручніка. Падчас польска-бальшавіцкай вайны афіцэр, ужо ў складзе войска адроджанай польскай дзяржавы, займаўся забеспячэннем франтавых частак.


Генерал Станіслаў Сасабоўскі


У маі 1922 года Сасабоўскаму было нададзена званне маёра. Ён скончыў Вышэйшую вайсковую школу ў Варшаве і ўвайшоў у склад Генштаба Войска Польскага. У 1937-м ужо падпалкоўніка Сасабоўскага прызначылі камандаваць 9-м пяхотным палком у Замосці, аднак праз год у сям’і здарылася трагедыя: сын афіцэра выпадкова смяротна параніўся сябе з бацькавага пісталета. Пасля гэтага Станіслаў Сасабоўскі амаль на паўгады адышоў ад службы. У лютым 1939 года яго прызначылі камандзірам 21-га пяхотнага палка і хутка далі званне палкоўніка.

У пачатку Другой сусветнай вайны полк пад камандаваннем Сасабоўскага прымаў удзел у абароне мястэчка Млава. Галоўную ролю ў абароне гэтага ўмацаванага раёна адыграла 20-я пяхотная дывізія з Баранавічаў, якая неафіцыйна называлася «беларускай». Тактычныя веды Сасабоўскага дапамаглі яму арганізаваць эфектыўную абарону і нанесці значныя страты пераўзыходзячаму па колькасці і моцы 23-му пяхотнаму палку вермахта. За гэта палкоўнік быў узнагароджаны Срэбным крыжам ордэна Віртуці Мілітары. Аднак лёс Варшавы быў вызначаны. Сасабоўскі трапіў у нямецкі палон, збег з яго і ўцёк у Францыю.


Сасабоўскі размаўляе з брытанскім генералам Фрэдэрыкам Браўнінгам, 1944 г.


У лютым 1940 года ў Францыі афіцэра прызначылі камандзірам пяхотнага дывізіёна 1-й польскай дывізіі грэнадзёраў, потым перавялі ў 4-ю польскую пяхотную дывізію. У чэрвені 1940 года, калі стала зразумела, што Францыя не ўтрымаецца, Сасабоўскі разам з 6000 сваіх жаўнераў эвакуяваўся ў Вялікабрытанію.


Польская дэсантная брыгада


На Альбіёне Сасабоўскі ўзначаліў 4-ю стралковую брыгаду, з якой вырашыў зрабіць першую ў Войску Польскім частку «крылатай» пяхоты. Для гэтага быў сфарміраваны вучэбны цэнтр у Ларга-Хаўз у Шатландыі. У мястэчку Рынгвэй ля Манчэстэра функцыянаваў брытанскі цэнтр па падрыхтоўцы парашутыстаў, у якім працавалі і польскія інструктары.

Насамрэч, спробы сфарміраваць дэсантныя часткі Войска Польскага рабіліся яшчэ ў міжваенны час: у 1930-я гады ў Быдгашчы існаваў Цэнтр падрыхтоўкі парашутыстаў. Але значная частка яго спецыялістаў загінула ў баях верасня 1939 года. У Вялікабрытаніі прыйшлося рабіць усё ад пачатку. Нават большасць рыштунку польскім жаўнерам давялося набываць за свае грошы. Англійская дапамога пачалася толькі ў 1943 годзе, калі быў зацверджаны штатны склад 1-й Польскай асобнай парашутнай брыгады.



У гэтае падраздзяленне прымалі найбольш падрыхтаваных жаўнераў. Яго дэвізам былі словы: «Самая кароткая дарога». Ён тлумачыўся проста: польскія дэсантнікі хутчэй за ўсіх іншых вярнуцца на Радзіму — яны прызямляцца на галовы ворагаў.


Адзін з даументаў польскай парашутнай брыгады


У 1-й Польскай асобнай парашутнай брыгадзе служылі 2200 жаўнераў. Сярод іх было багата ўраджэнцаў Заходняй Беларусі: у 1942–1943 гадах шыхты яе папоўнілі жаўнеры Арміі Андэрса. Сярод іх быў і 23-гадовы беларус, ураджэнец вёскі Каралёўцы Вілейскага павета Віленскага ваяводства Васіль Мікалаевіч Дурэйка.

У 1941 годзе ён быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію і служыў у ёй да лета 1942 года, пакуль не быў пераведзены ў Войска Польскае, якое фармавалася ў СССР. Першапачаткова Дурэйка служыў у артылерыі, але ў студзені 1943-га яго перавялі ў пяхоту, а ў чэрвені накіравалі ў спецыяльны фільтрацыйны лагер у Шатландыі, дзе беларус атрымаў прызначэнне ў парашутную брыгаду. Ён стаў шараговым 3-га дэсантнага батальёна, і з сакавіка 1944 года праходзіў навучанне на базе Рынгвэй.




Замест Польшчы — у Галандыю


Першай і апошняй бітвай Другой сусветнай вайны, у якой была выкарыстана польская брыгада, стала аперацыя «Маркет-Гардэн». Яна была накіравана на захоп мастоў і перапраў у Галандыі (у Эйндховене, Грэйве, Ніймегене і Арнэме) і ўтрыманне іх да моманту падыходу 30-га брытанскага корпуса пад камандаваннем генерала Браяна Хоракса. Аперацыя дэсантных сіл мела назву «Маркет», а наземныя войскі выконвалі задачы па плане «Гардэн». Парашутысты павінны былі дэсантавацца на паўднёвым беразе Рэйна, у раёне мястэчка Арнэм, і дэблакаваць акружаныя на той момант нацыстамі брытанскія падраздзяленні.


Высадка ў Галандыі, 1944 г.


Сасабоўскі ад пачатку аперацыі адзначаў яе кепскую падрыхтаванасць. Сапраўды, саюзнаму камандаванню не хапала выведвальнай інфармацыі пра немцаў у раёне баявых дзеянняў (брытанцы, напрыклад, «праглядзелі» дзве танкавыя дывізіі СС, якія немцы «схавалі» ў лесе і, што самае кепскае, скінулі дэсанты занадта далёка ад мастоў). Акрамя гэтага не было каардынацыі паміж падраздзяленнямі саюзнікаў і адсутнічала забеспячэнне дэсантаў боепрыпасамі і палівам.


Польскія дэсантнікі ў Галандыі


21 верасня 1944 года частку польскіх дэсантнікаў скінулі ў раёне вёскі Дрыль. Другую палову парашутыстаў Сасабоўскага (у тым ліку 3-ці батальён, у складзе якога быў Васіль Дурэйка) 23 верасня 1944 года высадзілі ля Грэйва. У выніку польскія жаўнеры апынуліся ў цэнтры «асінага гнязда». Ужо падчас прызямлення дэсантнікі аказаліся пад агнём кулямётаў 9-й танкавай дывізіі СС, у выніку чаго было забіта 5 парашутыстаў. «Тым, хто завіс у паветры, падарожжа да зямлі здавалася вечнасцю. І за гэты час цябе тысячу разоў маглі забіць», — апісваў тыя падзеі адзін з дэсантнікаў. Але, нягледзячы на супраціў нацыстаў, польскім жаўнерам не толькі ўдалося разгарнуць абарону, але і ўзяць у палон 11 салдат вермахта.


Польскі парашутыст, 1944 г. Малюнак В.Ляхара


Перад адпраўкай у Галандыю польскія дэсантнікі атрымалі спецыяльныя курткі «Denison smock», у якіх былі вялікія кішэні для супрацьтанкавых мін. Пасля прызямлення парашутысты Сасабоўскага змаглі ўкапаць іх у зямлю. Такім чынам быў зроблены бяспечны перыметр абароны. Пераправа праз раку павінна была ажыццяўляцца паромам, але той быў знішчаны. Перапраўляцца давялося на гумавых лодках. Пад шчыльным агнём немцаў на іншы бераг спачатку здолела перабрацца ўсяго каля трох дзясяткаў польскіх жаўнераў.


Васіль Мікалаевіч Дурэйка, 1945 г.


У сваіх успамінах Васіль Дурэйка адзначаў, што ў польскай дэсантнай брыгадзе было шмат беларусаў, якія паходзілі з яго роднай Вілейшчыны. «На жаль, толькі некалькі чалавек з майго аддзялення выйшлі з таго бою жывымі і без цяжкіх раненняў», — падкрэсліваў Васіль Мікалаевіч.

24 верасня яшчэ 153 польскім жаўнерам удалося пераправіцца на супрацьлеглы бераг. «Мы пераправіліся на другі бок. Ідзем па мястэчку. Чую гучны крык: «Herr Feldfebel, es sind Tommies» («Гер фельдфебель, гэта англічане», — ням.). Тут я зразумеў, што мы ў сярэдзіне нямецкіх пазіцый. Аддаю загад: «Кладзіся», і ўсе нашы хутка кідаюцца на зямлю. З усіх бакоў чуецца страляніна. Немцы, відавочна, у роспачы, страляюць ва ўсе бакі. Пад прыкрыццём уласнага агню мы адыходзім», — апісваў тыя баі адзін з польскіх афіцэраў.


Немцы вядуць агонь па брытанскіх дэсантніках


Немцы хутка акружылі польскіх парашутыстаў, аднак канчаткова знішчыць іх не ўдалося. У ноч з 25 на 26 верасня дэсантнікі пад камандаваннем Сасабоўскага прыкрывалі адыход брытанскіх калег з катла. У выніку баёў 1-я польская брыгада страціла 23% асабовага складу. Сасабоўскі быў упэўнены, што бітву яшчэ можна выйграць, калі яго жаўнераў падтрымаюць сілы 30-га брытанскага корпуса, аднак гэтую ідэю «не заўважылі». Англічане абвінавацілі польскага генерала ў правале «Маркет-Гардэн». «Я больш не жадаю іх бачыць тут. Можаце выслаць іх у Італію», — напісаў пра польскую брыгаду ў адным з лістоў камандуючы аперацыяй брытанскі маршал Бернард Мантгомеры.


Бернард Мантгомеры


Забыццё і памяць


У снежні 1944 года Станіслава Сасабоўскага вызвалілі з пасады камандзіра паветрана-дэсантнай брыгады і накіравалі ў тылавыя часткі. У 1947 годзе 1-я Польская асобная парашутная брыгада была распушчана. Праз год генерал Сасабоўскі быў дэмабілізаваны.


Нямецкія танкісты ў Галандыі


Да самай смерці ў 1967 годзе адзін з родапачынальнікаў польскіх паветрана-дэсантных войскаў працаваў на фабрыцы электрычных рухавікоў. У 1969 годзе парэшткі генерала перавезлі на Радзіму і пахавалі на вайсковых могілках Павонзкі ў Варшаве. У 2006 годзе галандская каралева Беатрыкс узнагародзіла 1-ю Польскую самастойную парашутную брыгаду найвышэйшай галандскай узнагародай — Вайсковым ордэнам Вільгельма. Генерал Станіслаў Сасабоўскі быў пасмяротна ўзнагароджаны медалём Бронзавага Ільва.

Узнагароды атрымаў і беларус Васіль Дурэйка. 16 кастрычніка 1944 года за ўдзел у аперацыі «Маркет-Гардэн» ён быў узнагароджаны «Баявым парашутным знакам». У ліпені 1946 года на грудзях жаўнера з’явіўся польскі «Вайсковы медаль», а пазней — брытанскія «Абарончы медаль», «Медаль за вайну 1939–1945» і «Зорка за Францыю і Германію». Пасля вайны Дурэйка вырашыў не вяртацца ў Беларусь, з’ехаў у ЗША, дзе і памёр у 1984 годзе.





Каментаваць