Гісторыя аднаго брэнда: «Дзевульскі і Ланге»

Ля Заслаўя знаходзіцца вёска Шапавалы. У пачатку 1930-х тут была пабудавана стражніца польскага Корпуса аховы памежжа. Будынак быў з цэглы, а падлогу выклалі кафляй вядомай фірмы «Дзевульскі і Ланге».



Пачаткі брэнда

У 1885 годзе была пабудавана Дамброўска-Івангародская чыгунка, якая звязвала Кельцы, Радам і Івангорад (сучасны Дэмблін). На адным з адгалінаванняў гэтай лініі знаходзіўся горад Апочна, дзе былі буйныя радовішчы гліны. У 1883 годзе прадпрымальнік Ян Дзевульскі разам з братамі Юзафам і Уладзіславам Ланге заклалі ў Апочна (на вуліцы Старамейскай) першапачаткова цэглавую, а пазней керамічную фабрыку, якая вырабляла цэглу для мясцовых будаўнікоў. Аднак праз некалькі гадоў ля горада было знойдзена радовішча белай гліны, што дазволіла «Дзевульскі і Ланге» пабудаваць новыя вытворчыя цэхі.

Лагатып D L

Фабрыка пачала рабіць вогнеўстойлівую цэглу, кафлю для падлогі і хатніх комінаў. Ужо ў 1898 годзе фірма змяніла форму ўласнасці і стала Акцыянерным таварыствам «Дзевульскі і Ланге» са статутны капіталам у 400 тысяч рублёў. Хутка стала зразумела, што, каб хутчэй заняць не толькі польскі, але і расійскі рынак, фірме патрэбна выкарыстоўваць гліну з іншых радовішчаў. Такім месцам стаў украінскі Славянск. Праз некалькі гадоў бюджэт кампаніі складаў ужо 800 тысяч рублёў, што дазволіла пабудаваць у Славянску новую фабрыку. Па дадзеных на 1909 год, 75% вытворчасці фірмы «Дзевульскі і Ланге» прадавалася ў Расіі і толькі 25% у Каралеўстве Польскім.

Паступова «Дзевульскі і Ланге» пачалі займацца ўсімі відамі керамічнай вытворчасці. Агулам у 1908 годзе на дзвюх фабрыках (у Апочне і Славянску) працавала каля 800 чалавек. Увесь час фірма займалася ўдалай інвестыцыйнай палітыкай. Набываліся новыя радовішчы, будаваліся вытворчыя памяшканні.

Умовы працы

Для дзяцей супрацоўнікаў за кошт фірмы будаваліся школы, бібліятэкі, медычныя пункты. Усе працоўныя «Дзевульскі і Ланге» (а сярод іх былі не толькі палякі, але і ўкраінцы, беларусы, а таксама татары) маглі карыстацца бясплатнай медыцынскай дапамогай. Была створана ашчадная каса, куды людзі адкладалі 0,25% сваіх заробкаў. У Славянску быў створаны прыватны аркестр.

Знакамітая плітка з Апочна 

Галоўны офіс Акцыянернага таварыства «Дзевульскі і Ланге» размяшчаўся ў Варшаве на вуліцы Мазавецкай, 4. Там таксама знаходзілася экспазіцыя ўзораў прадукцыі, якую фірма прапаноўвала кліентам. У 1909 годзе ў склад праўлення кампаніі ўваходзілі: старшыня Альбрэхт Ежы Райнштайн, яго намеснікі Рышард Эдвард Кімес і Казімір Леськевіч. Выканаўчым дырэктарам фірмы быў інжынер Аўгуст Дабравольскі (да 1905 года на гэтай пасадзе быў Ян Дзевульскі). Тэхнічнымі дырэктарамі былі: Уладзіслаў Ланге ў Апочне і Казімір Нормарк у Славянску. У 1912 годзе ў Апочна былі пабудаваны будынак для адміністрацыі кампаніі і фабрычная лабараторыя, дзе працавалі інжынеры-хімікі Казімір Жураўскі і выпускнік політэхнічнага ўніверсітэта ў Цюрыху Станіслаў Стэмпкоўскі. Станкі і абсталяванне фірма атрымлівала з Аўстра-Венгрыі, аднак пазней іх удалося замяніць тэхнікай мясцовай вытворчасці. У 1904 годзе фабрыка мела паравую машыну магутнасцю ў 55 кВТ. А праз пяць гадоў «Дзевульскі і Ланге» набылі больш моцны агрэгат.

Працоўныя фірмы Дзевульскі і Ланге. 1937 год

У фірме разумелі, што для таго, каб прыцягнуць увагу да свайго прадукту, трэба ўкласці ў яго грошы. Менавіта таму ў 1905 годзе прадпрыемства абвясціла конкурс для мастакоў на распрацоўку дызайну плітак. Журы атрымала 306 прац. У выніку камісія, у якую акрамя кіраўніцтва фірмы ўваходзілі таксама і знакамітыя польскія культуразнаўцы, прызначыла шэсць грашовых узнагарод.

Вядомы брэнд

Да пачатку Першай сусветнай вайны ў Еўропе было толькі дзве фабрыкі, дзе выраблялі кафлю на вогнетрывалых бляхах. Адна знаходзілася ў Вялікабрытаніі, а другая ў Апочне. У 1901 годзе незалежная экспертыза ў Інжынерным інстытуце Пецярбургу даказала, што якасць пліткі, вырабленай на фабрыках «Дзевульскі і Ланге», значна лепшая, чым якасць знакамітай маркі «Віллерой і Бош». Больш таго, тая ж экспертыза даказала, што плітка з Апочна і Славянску добра вытрымлівае агрэсіўнае ўздзеянне як фізічнага, так і хімічнага характару. Дарэчы, у той жа час амаль уся падлога тагачасных будынкаў Варшаўскай палітэхнікі была выкладзена менавіта прадукцыяй польскай фабрыкі.

Акцыя Дзевульскі і Ланге, выданая ў Другой Рэчы Паспалітай

У гэты перыяд прадукцыя фірмы «Дзевульскі і Ланге» атрымала ўзнагароды на шматлікіх конкурсах. Сярод іх: Залаты медаль у Кіеве ў 1897 годзе, Вялікі сярэбраны медаль на Сусветнай выставе ў Парыжы ў 1900 годзе, Гран-пры на Пецярбургскай міжнароднай керамічнай выставе ў 1901 годзе, Ганаровы дыплом і залаты медаль на конкурсе ў Брусэлі ў 1903 годзе, Залаты медаль у Рэвелі і Вялікі залаты медаль у Екацерынаславе (Днепрапятроўску) у 1909 годзе.

Узлёт і падзенне

У перыяд Першай сусветнай, а пазней польска-бальшавіцкай войнаў фабрыкі не працавалі. У выніку Рыжскай мірнай дамовы 1921 года Славянск застаўся за Саветамі, і кіраўніцтву фабрыкі прыйшлося будаваць сваю працу ў новых умовах. У 1922–1923 гадах была праведзена мадэрнізацыя прадпрыемства. Офіс фірмы размясціўся ў Варшаве на вуліцы Рысей, 1, а аддзел продажу — на Ерусалімскіх Алеях, 34.

У 1926 годзе прадукцыя «Дзевульскі і Ланге» заваявала залаты медаль у Лодзі і першае месца на будаўнічай выставе ў Львове. Праз год плітка з ініцыяламі «D L» перамагла на санітарна-гігіенічнай выставе ў Варшаве. У 1928 годзе было першае месца на Паўночнай выставе ў Вільне. Нарэшце, у 1929 годзе плітка з Апочна атрымала залаты медаль на Усеагульнай дзяржаўнай выставе ў Познані.

У міжваенны час дырэктарам прадпрыемства быў Пётр Дамбкоўскі. Пры гэтым на фабрыцы ў Апочне працавала каля 300 працоўных. Менавіта ў гэты час «Дзевульскі і Ланге» сярод іншых атрымалі і замову ад Корпуса аховы памежжа для новага будынку стражніцы «Шапавалы» пад Ракавам. Пры гэтым падчас выканання прац у будынку прысутнічалі спецыялісты фірмы-вытворцы. У 1936 годзе статутны капітал фірмы складаў 2 700 000 злотых.

На фабрыке ў Апочна. 1932 год

Падчас Другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі фабрыка ў Апочне працягвала працу. Пасля вайны і ўсталявання ў краіне камуністычнай улады прадпрыемства было нацыяналізавана. Так скончылася гісторыя фірмы «Дзевульскі і Ланге» і пачалася гісторыя дзяржаўнага прадпрыемства «Фабрыка керамічных вырабаў «Апочна». Дарэчы, гэта была не апошняя назва. Наступныя змены адбываліся ў 1951, 1963, 1980 і 1998 гадах.

Старыя будынкі фабрыкі, якія перажылі войны, былі знішчаны. Да сёння захавалася толькі камяніца, у якой некалі засядала адміністрацыя фабрыкі. Зараз там офіс гарадскога кіраўніцтва.

У красавіку 2014 года група брытанскіх археолагаў з Універсітэта ў Стэфардшыры падчас археалагічных прац на месцы лагеру смерці ў Трэблінцы сярод іншых прадметаў знайшла і кафлю з ужо знаёмымі нам літарамі «D L» і шасцікутнай зоркай. Гэтыя артэфакты былі перададзены ў музей лагеру. У канцы таго ж 2014-га такая ж кафля была знойдзены ў кучы будаўнічага смецця ля былой стражніцы КАП Шапавалы.  

Плітка на смецці ў Шапавалах

Дарэчы, польская кафля «Opoczno» і сёння карыстаецца попытам.

Абмеркаванне:

  • Аляксей
  • 2015-01-28 18:43:24
Клас! фактычна з нічога - цікавы тэкст. Трэба быць уважлівымі да свету навокал, як дзеці. Вельмі добра, дзякуй!
  • Ігар Мельнікаў
  • 2015-01-28 19:18:12
Дзякуй! З аднаго боку з нічога, а з другога чым мы горш тых жа брытанскіх даследчыкаў. якія знайшлі такую ж плітку і з гэтага зрабілі сенсацыю еўрапейскага маштабу. У нас такія цікавыя рэчы з вялікай
гісторыяй паўсюдна. Трэба толькі ўмець шукаць. а пазней - збіраць гэты гістарычны пазл

Каментаваць