Гісторыя аднаго здымка, надрукаванага ўпершыню

На фатаздымку — вучні другога класа Віленскай беларускай гімназіі ў 1928 годзе. Здымак нідзе яшчэ не друкаваўся. І яму ўжо 85 гадоў. Яго я знайшоў, праглядаючы свой архіў.



Здымак з Віленскай беларускай гімназіі


На адваротным баку фатаздымка напісана некалькі прозвішчаў вучняў. Сярод якіх ёсць — Кірцун, Пазнякевіч, Верабей У., Бурсевіч А., Туронак В., Аскерка, Жыткевіч А., Камянецкі Ф., Лабко У., Сенчык Л., Мілянцэвіч В., астатніх прозвішчы невядомыя. Можа, хто пазнае сваіх родных ці блізкіх людзей.

Разам з вучнямі пасярэдзіне сядзіць Алёна Сакалова-Лекант — выкладчыца беларускай мовы, адна з найстарэйшых працаўнікоў Віленскай беларускай гімназіі, якая разам з ксяндзом Адамам Станкевічам атрымала ў 1944 годзе "Крыж заслугі". Пасля 1944 года была рэпрэсаваная савецкай бяспекай, асуджана на 6 гадоў лагераў. У сярэдзіне 1950-х гадоў вярнулася ў Вільню. Памерла ў 1960 годзе, пахавана на Свята-Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні.

Алёна Сакалова-Лекант — адна з пачынальнікаў беларускага школьніцтва ды ініцыятараў стварэння Віленскай беларускай гімназіі. Яна 25 гадоў вучыла беларускіх дзетак.

Янка Багдановіч у сваёй кнізе «На жыццёвым шляху» (Мн., 1992) прыгадвае: «Алёна Сакалова-Лекант працавала ў гімназіі ад самага яе пачатку існавання. Працавала з дзецьмі малодшых класаў. Была вельмі добрай настаўніцай, любілі яе дзеткі, і яна іх любіла, апекавалася так, як родная маці. Вельмі часта прыходзілася памагаць ёй пілаваць дровы і насіць, складаць у складзік. Пасля працы заўсёды садзіла за стол і частавала».

У Сакаловай часта можна было застаць настаўніцу Банцлебен, яна ў гімназіі выкладала нямецкую мову, добрая была і як настаўніца, і як чалавек. Банцлебен жыла на вуліцы Антокаль, у канцы мела свае два невялічкія домікі, жыла з братамі.  Сказаў бы, што гэтыя дзве настаўніцы сапраўды былі постацямі для дзяцей у гімназіі, а мо і маткамі. Апекаваліся шчыра, адносіліся з любоўю і сэрцам да дзяцей, памагалі чым маглі. Слаўная ім памяць!

Дарэчы, у Віленскай беларускай гімназіі былі толькі два выкладчыкі, якіх вучні называлі па імёнах, не ўжываючы прозвішчы. Гэта была пані (цётка) Алёна Сакалова-Лекант  і ксёндз Адам Станкевіч. Так вучні і настаўнікі выказвалі сваю глыбокую пашану і любоў да іх.

Калі Алёны Сакаловай-Лекант не стала, у апошні шлях яе праводзілі некалькі тысяч чалавек. Сярод іх былі беларусы, палякі, яўрэі, летувісы Вільні. Яе любілі і паважалі ўсе.

Стары здымак, які сёння публікуецца, зноў нагадаў беларускую Вільню,  а таксама слаўную выкладчыцу Алёну Сакалову-Лекант.

Каментаваць