Гісторыя «лясных братоў» як каталізатар дыскусіі

Рэакцыя на публікацыю артыкулу пра бандытызм у Бабруйску і выхад прысвечанага гэтай тэме дакументальнага фільма пацвердзілі, што наша грамадства зацікаўлена ў высвятленні праўды пра тыя падзеі.

 



Лясныя браты. Фота з архіва аўтара


Таямніца за сямю пячаткамі

Гісторыя паваеннага антысавецкага супраціву ў Беларусі ў савецкія гады практычна не даследавалася. Дакументы, звязаныя з гэтай тэмай, былі даступныя толькі супрацоўнікам спецыяльных органаў, а факты змяшчаліся толькі ў спецыяльных выданнях, накшталт апублікаванай у Маскве ў 1957 годзе сакрэтнай кнігі «Беларускія буржуазныя нацыяналісты».

На тэрыторыі паваеннай Беларусі дзейнічалі розныя антысавецкія фарміраванні: у Заходняй Беларусі — польская Армія Краёва, на Берасцейшчыне — «бульбаўцы» з Украінскай Паўстанцкай Арміі. Былі і беларускія нацыянальныя партызанскія фарміраванні, што змагаліся за незалежную, кажучы мовай пратаколаў КДБ, «буржуазную» Беларусь.

Атрад Украінскай Паўстанцкай Арміі (УПА)

У 1991 годзе Савецкі Саюз разваліўся, і праўда пра шматлікія падзеі мінуўшчыны, у тым ліку звязаныя з Другой сусветнай вайной, стала здабыткам грамадскасці. Украінцы пачалі глыбока вывучаць гісторыю УПА, літоўцы, латышы і эстонцы — даследавалі лёсы сваіх «лясных братоў». Не выключэннем у гэтым сэнсе былі і беларусы, якія выдалі шэраг прац, прысвечаных гісторыі беларускіх паваенных антысавецкіх фарміраванняў. Але даследавана не ўсё, і ў гісторыі дзейнасці «лясных братоў» на тэрыторыі Беларусі ў пасляваенны час да сённяшняга дня застаюцца «белыя плямы». Адну з такіх мне ўдалося выявіць і даследаваць падчас працы над артыкулам, а пазней і сцэнарам дакументальнага фільма, прысвечанага дзейнасці банды «лясных братоў» на тэрыторыі Бабруйшчыны ў паваенны час.

Бандыты ці патрыёты? Трэба разбірацца

Пасля таго, як сайт TUT.BY перадрукаваў артыкул «Хто паляваў на савецкіх афіцэраў у Бабруйску?», шматлікія інтэрнэт-карыстальнікі імкнуліся паўдзельнічаць у дыскусіі па гэтай тэме і выказаць свае меркаванні. Напрыклад, некаторыя «каментатары» паспяшаліся ўсіх антысавецкіх партызан залічыць да бандытаў. Так, «Вітальд–12» піша: «Вот этих борцов с большивизом сейчас пытаются сделать героями и увековечить их память как репресированных, а на деле они предатели и бандиты». Другі каментатар пад нікам «musyaaaa» піша: «Предательство коллаборационистов в том, что они гитлеровцам служили. Служили врагу, который напал на их Родину».

Я асабіста лічу, што не варта агулам прылічваць усіх «лясных братоў» да здраднікаў і нацысцкіх паслугачоў.

Сярод нашых суайчыннікаў, якія пасля вайны пайшлі ў лес, было шмат сапраўдных беларускіх патрыётаў, якія не ўдзельнічалі ў карных акцыях нацыстаў і не знішчалі мірнае насельніцтва. У гэтым сэнсе характэрным з’яўляецца прыклад Івана Раманчука з вёскі Баяры Нясвіжскага раёна. Падчас нямецкай акупацыі гэты чалавек быў інструктарам Беларускай народнай самапомачы (БНС). Гэта арганізацыя займалася зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцей, прадуктаў харчавання, абутку і зімовай вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны, займалася арганізацыяй устаноў аховы здароўя, дастаўкай друкаваных выданняў у акругі і паветы.

Антысавецкі беларускі партызан. Рэканструкцыя.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Іван Раманчук працягваў працаваць настаўнікам у Нясвіжы. Аднак, зразумеўшы, што новая ўлада запісала яго ў нацысцкія памагатыя, ён перайшоў на нелегальнае становішча. Больш таго, Раманчуку ўдалося сфармаваць партызанскі аддзел, а пазней ён стварыў «Саюз барацьбы за незалежнасць Беларусі». «Ястраб», такую мянушку ўзяў сабе былы настаўнік, трымаў у страху прадстаўнікоў савецкіх дзяржаўных органаў. Яму нават удалося знішчыць старшага оперупаўнаважанага Нясвіжскага раённага адзела МДБ Іосіфа Гейсіка. У маі 1949 года Іван Раманчук быў узяты ў аблогу на адным з хутараў у Нясвіжскім раёне. Паранены ў баі, ён быў затрыманы чэкісцка-вайсковай групай.

Падчас следства Іван Раманчук адзначыў, што мэтай створанага ім «Саюза барацьбы за вызваленне Беларусі» была барацьба супраць савецкай улады і за стварэнне незалежнай Беларусі. У атрадзе Раманчука былі сябры «Саюза беларускай моладзі», былыя жаўнеры Беларускай краёвай абароны. Сябры створанай Раманчуком арганізацыі друкавалі ўлёткі з заклікамі змагання за Беларусь, ім удалося знайсці паплечнікаў сярод студэнцкай моладзі Гродна. Амаль усе сябры арганізацыі разам з Іванам Раманчуком атрымалі максімальны на той час прысуд — 25 гадоў турэмнага зняволення (у 1947 годзе ў СССР было адменена смяротнае пакаранне — аўт.). Былы настаўнік з Нясвіжу адбываў свой тэрмін у Варкуце.

Дык кім на самай справе быў Іван Раманчук: нацысцкім памагатым ці змагаром за Беларусь? Мне асабіста падаецца, што гэта быў шчыры патрыёт Беларусі, які як мог змагаўся за тое, каб Беларусь была незалежнай. Пасля вызвалення Нясвіжа ад нямецкай акупацыі ён быў звычайным выкладчыкам, вучыў дзетак, і нават не думаў пра ўзброеную барацьбу. Але бальшавікі запісалі яго ў ворагі, і ён, прыняўшы выклік, да апошняга змагаўся за Беларусь.

Разам з тым, такіх сапраўдных патрыётаў, як Іван Раманчук, сярод «лясных братоў» было няшмат. Часцей за ўсё, у лясы ішлі тыя, на кім была кроў. Дадзенае сцвярджэнне датычыцца і бандытаў, якія дзейнічалі ў 1944–1948 гадах пад Бабруйскам. Падчас нямецкай акупацыі большасць з тых, хто потым далучыцца да бабруйскіх «лясных братоў», удзельнічала ў карных акцыях супраць мясцовага насельніцтва. Дакладна вядома, што кіраўнік атрада Аляксандр Аношка асабіста выдаў нацыстам некалькі партызанскіх сем’яў і ўдзельнічаў у арганізацыі вывазу беларускага насельніцтва ў нямецкае рабства. Пасля таго, як Бабруйшчыну вызвалілі з-пад нямецкай акупацыі, Аношка сышоў у лес, сабраў атрад з былых паліцаяў ды ўласаўцаў і пачаў рабаваць, страляць, паляваць на савецкіх афіцэраў.

І вось тут з’яўляецца момант, які патрабуе тлумачэння. Шэраг каментатараў на TUT.BY палічылі, што бабруйскія «лясныя браты» былі змагарамі супраць крывавай бальшавіцкай улады. Гэтым людзям я хацеў бы задаць наступныя пытанні: ці быў франтавік, капітан Аляксандр Прэз ды іншыя афіцэры, што сталі ахвярамі бабруйскіх бандытаў, «крывавымі бальшавіцкімі камісарамі»? Адказ — не. Гэтыя людзі прайшлі праз жудасныя выпрабаванні на франтах Вялікай Айчыннай, выжылі і былі забіты ўжо пасля вайны. Цішком. Ці змагаліся тыя «лясныя браты» з-пад Бабруйска за незалежную Беларусь і за беларусаў? Мяркую, што жыхары вёскі, якую бандыты хацелі спаліць, даведаўшыся, што ў ёй размясціўся атрад міліцыі, так не думалі. І тут няма ніякай прапаганды. Аношка і яго паплечнікі былі звычайнымі злачынцамі. Да таго ж, сярод тых бандытаў былі і былыя сябры «Саюза барацьбы супраць бальшавізму», якія па сутнасці з’яўляліся рускімі нацыяналістамі.

Глыбокі аналіз усіх фактаў

Выхад фільма «Бабруйскі вузел. Ліквідацыя» таксама выклікаў неадназначную рэакцыю. Некаторыя эксперты паспяшаліся заўважыць, што фільм «можа скласці ўражанне, нібыта ўсе падпольныя атрады ў Беларусі былі бандытамі, што ў іх ніякай ідэі не было», і таму «савецкая ўлада правільная, і рабіла правільна, калі праводзіла знішчэнне гэтага падполля». Насамрэч, у стужцы дакладна расказваецца пра тое, якія антысавецкія атрады дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі ў пасляваенны час, што яны з сябе ўяўлялі, хто быў у іх складзе. Акрамя гэтага, вялікая ўвага надаецца менавіта Бабруйскай гісторыі, у цэнтры якой знаходзіцца сапраўдная банда, якая змагаецца не толькі супраць улад, але і супраць свайго народа. І гэта не прапаганда, а ўспаміны жывых сведкаў тых падзей.

На здымках фільма “Бабруйскі вузел. Ліквідацыя”. У форме афіцэра НКУС аўтар
Ігар Мельнікаў

Аналізуючы гісторыю паваеннага антысавецкага супраціву, сапраўды, трэба рабіць глыбокі аналіз усіх фактаў, звязаных з тымі падзеямі. Для савецкіх следчых органаў і настаўнік Раманчук, і бургамістр Аношка былі злачынцамі. Абодва атрымалі па 25 гадоў зняволення. Але сёння мы ў стане правесці даследаванне, якое дазволіць зразумець, што першы змагаўся за незалежную Беларусь, а другі проста ратаваўся ад расплаты за злачынствы, здзейсненыя падчас нацысцкай акупацыі Беларусі. Праца гісторыка якраз і заключаецца ў тым, каб даць грамадству праўдзівую інфармацыю пра падзеі мінулага.

Фота аўтара і з архіва аўтара

Каментаваць