Гісторыя ў паштовых марках

Часам малапрыкметная марка на канверце можна расказаць нам цэлую гісторыю пра легендарных пілотаў ці вядомага героя паўстання. Прапаную вам гістарычнае падарожжа па марках з маёй калекцыі.



Год таму на адным з аўкцыёнаў я набыў цікавы артэфакт — паштоўку, адпраўленую ў жніўні 1930 года грамадзянінам Францыі свайму знаёмаму ў Парыж.

Паштоўка, якую француз у 1930 годзе адаслаў са Стоўбцаў

«Шаноўны спадар! Дасылаю Вам гэтае пасланне з мяжы паміж Польшчай і Расіяй у Стоўбцах. Сюды я даехаў без асаблівых праблем», — пісаў француз да дому. Да карткі прыклеена марка 1925 года (коштам у 30 грошаў), на якой бачна выява помніка каралю Рэчы Паспалітай Яну ІІІ Сабескаму ў Львове.

Помнік Яну ІІІ Сабескаму ў Львове

У гэтага помніка вельмі цікавая гісторыя. Ён з’явіўся ў сталіцы Галіцыі ў 1898 годзе. Як вядома, у міжваеннае дваццацігоддзе Львоў уваходзіў у склад Другой Рэчы Паспалітай, але ў выніку «вызвольнага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну» апынуўся ў складзе СССР. Такі статус-кво захаваўся і пасля Другой сусветнай вайны. У 1950 годзе савецкія ўлады вырашылі «вярнуць» помнік палякам. Пасля гэтага «кароль» на некаторы час прапісаўся ў Варшаве, а ў 1965 годзе быў перавезены ў Гданьск, дзе знаходзіцца па сённяшні дзень.

У 1932 годзе з нагоды 200-годдзя з нараджэння Джорджа Вашынгтона Пошта Польская выпусціла ў свет марку з выявай першага прэзідэнта ЗША, побач з якім знаходзіліся партрэты кіраўніка паўстання 1794 года Тадэвуша Касцюшкі і генерала кантынентальнага войска, удзельніка барацьбы за незалежнасць Злучаных Штатаў Казіміра Пуласкага. Менавіта гэтая марка наміналам у 30 грошай апынулася на канверце, які атрымаў адзін з жыхароў Кобрына ў 1934 годзе.

Марка 1932 года з партрэтамі Вашынгтона, Касцюшкі і Пуласкага

У 1933 годзе ў Польшчы была выпушчана марка ў памяць пра славутых польскіх пілотаў Франца Жвірку і Станіслава Вігуру, якія годам раней на самалёце RWD-6 перамаглі ў прэстыжных авіяцыйных спаборніцтвах «Challenge 1932» у Берліне. Пры гэтым авіятары з Другой Рэчы Паспалітай былі лепшыя за калег з Германіі і Францыі.

Мала хто ведае, што легенда польскай авіяцыі, Франц Жвірка нарадзіўся ў Свянцянах на Віленшчыне. Падчас Першай сусветнай вайны ён ваяваў у складзе Рускага імператарскага войска, пазней у арміі Антона Дзянікіна. У верасні 1921 года Франц перайшоў савецка-польскую мяжу і хутка пасля гэтага паступіў на службу ў Войска Польскае.

Падчас палёту ў Чэхаславакію восенню 1932 года самалёт, якім кіравалі Жвірка і Вігура, разбіўся. Пілоты загінулі і з вайсковымі ўшанаваннямі былі пахаваны на могілках Павонзкі ў Варшаве.

Марка з выявай пілотаў Жвіркі і Вігуры

Смерць Пілсудскага і госці з Румыніі

У траўні 1935 года памёр Юзаф Пілсудскі. У памяць пра гэту падзею Пошта Польская выпусціла «жалобную» марку наміналам у 25 грошай. «Гэтая марка карыстаецца попытам як сярод айчынных, так і замежных філатэлістаў», — адзначалася ў артыкуле, надрукаваным у майскім нумары (за 1935 год) часопіса «Святавід».

Марка ў памяць Ю. Пілсудскага

 

У гэтым жа годзе ў калекцыях тагачасных філатэлістаў з’явіліся маркі з выявамі розных архітэктурных аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі міжваеннай Польшчы. Сярод іншых на знаках паштовай аплаты былі выявы Кафедральнага сабора ў Вільні, а таксама Мірскага замка. Праз два гады з’явіліся новыя маркі з гэтай серыі. На адной з іх быў намаляваны ўніверсітэт у Львове.

У 1937 годзе ў Польшчу з афіцыйным візітам прыехаў спадчыннік румынскага прастола, прынц Міхай І. Пазней у Польшчу прыязджаў і румынскі кароль Караль ІІ (бацька Міхая). У гонар гэтых візітаў Пошта Польская выпусціла памятныя блокі з выявай прэзідэнта Ігнація Масціцкага, маршала Эдварда Рыдз-Сміглы, а таксама «начальніка дзяржавы» Юзафа Пілсудскага. Акрамя малюнкаў палітыкаў, на блоках былі выявы польскага і румынскага гербаў, а таксама даты 26.VI – 1.VII 1937.

Блок з партртам маршала Рыдз-Сміглы ў гонар візіта румынскага караля ў 1937 г.

Цяжка сказаць, як гэтыя артэфакты апынуліся ў кнізе з Бібліятэкі Палескага ваяводства ў Брэсце. Відавочна, нехта выкарыстоўваў іх як закладкі. Пазней пра тую кнігу ўсе забылі, і ўрэшце зараз яна ў маёй калекцыі разам з паштовымі блокамі 1937 года.

У 1938 годзе Другая Рэч Паспалітая адзначала дваццацігоддзе атрымання незалежнасці, і ў гонар гэтай падзеі была выдадзена серыя марак з выявай ключавых этапаў развіцця польскай дзяржаўнасці. Так, адна з іх была прысвечана заключэнню Люблінскай уніі 1569 года паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім. Таксама ў гэтай серыі былі маркі, прысвечаныя прыняццю Канстытуцыі 3 мая 1791 года, Лістападаўскаму і Сту­дзеньскаму паўстанням. Сваістым працягам было выданне ў 1939 годзе блока, прысвечанага XXV гадавіне фарміравання польскіх легіёнаў. Тады ж свет убачыла марка, на якой была выява заснавальніка дынастыі Ягелонаў, караля Уладзіслава II Ягайлы і каралевы Ядвігі.

 

Марка ў гонар Люблінскай вуніі 1569 года

Змаганне і акупацыя

У верасні 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Адной з найбольш гераічных старонак гісторыі Вераснёўскай кампаніі 1939 года была абарона Гданьскай пошты — польскай паштовай установы, якая ў міжваенныя гады знаходзілася на тэрыторыі Вольнага горада Данцыга.

Марка Пошты Гданьскай

Ужо з красавіка 1939 года на Паштамце №1 неслі службу байцы спецыяльнай польскай самааховы, якой камандаваў кадравы афіцэр, супрацоўнік Другога адзела польскага Генштаба Конрад Гудэрскі. У жніўні адміністрацыя паштамту была ўзмоцнена 10 кадравымі вайскоўцамі. На ўзбраенні абаронцаў было тры ручных кулямёты «Браўнінг», каля 40 пісталетаў, некалькі карабінаў і гранаты. Непасрэдна напярэдадні нямецкага нападу на Польшчу камандаванне польскага войска адмовілася ад аперацый у Гданьску і, такім чынам, пакінула супрацоўнікаў Пошты Гданьскай на пагібель.

Раніцай 1 верасня 1939 года часткі СС пачалі штурм польскага Паштамта. У атацы ўдзельнічалі аўстрыйскія браневікі «ADGZ». Аднак немцам не ўдалося адразу захапіць будынак. Больш таго, абаронцы выбілі нацыстаў з першага паверху. Пазней часткі СС падпалілі паштамт, што прымусіла палякаў капітуляваць. Усе захопленыя ў палон абаронцы былі расстраляныя. Толькі некалькім абаронцам удалося збегчы і ўратавацца. Маркі з пячаткай «Гданьскі порт» можна ўбачыць на шматлікіх канвертах, якія ў 1930-я ішлі адрасатам у Заходнюю Беларусь.

Нягледзячы на мужнасць Войска Польскага, у верасні 1939 года Другая Рэч Паспалітая была падзелена паміж Трэцім Рэйхам і СССР. Мяжа паміж таталітарнымі хаўруснікамі прайшла па Бугу. На далучанай да Германіі польскай тэрыторыі было створана Генерал-Губернатарства. Тут выкарыстоўваліся акупацыйныя знакі паштовай аплаты. Пры гэтым іх кошт, у большасці выпадкаў, пазначаўся ў грошах і злотых. Аднак замест польскіх арлоў і выяваў на марках малявалася нацысцкая свастыка і партрэт Адольфа Гітлера.

Германскія акупацыйныя маркі з выявай Гітлера

У сваю чаргу, у 1940 годзе ў Савецкім Саюзе была выдадзена серыя марак, прысвечаных "вызваленню брацкіх народаў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны 17 верасня 1939 года". Усяго свет убачыла 5 відаў марак наміналам ад 10 капеек да 1 рубля. На знаках паштовай аплаты можна ўбачыць чырвонаармейцаў, мірнае насельніцтва, савецкую бронетэхніку. З цягам часу гэтыя маркі сталі філатэлістычнай рэдкасцю. Іх актыўна набывалі замежныя філатэлісты.

Савецкая марка 1940 года да ўз'яднання Заходняй Беларусі

«Poland — first to fight»

У красавіку 1941 года палякі дабіліся ад брытанскага МЗС права на выданне паштовых марак, і ўжо ў кастрычніку 1941 года выйшаў дэкрэт прэзідэнта Уладзіслава Рачкевіча, паводле якога справамі польскай пошты і тэлеграфа павінна было займацца Міністэрства фінансаў, у якім быў створаны адмысловы аддзел.

Эмігранцкая марка з надпісам "Монтэ-Касіна"

Галоўнымі паштовымі «кур’ерамі» сталі вайсковыя і цывільныя польскія караблі. 15 снежня 1941 года была выдадзена першая серыя марак. На іх былі выявы знішчэнняў, якія зрабілі нацысты ў акупаванай Польшчы. У снежні 1943 года была выпушчана чарговая серыя польскіх знакаў паштовай аплаты. На гэты раз на марках былі выявы розных радоў Войска Польскага. Пасля бітвы пад Монтэ-Касіна ў 1944 годзе на папяровых прамавугольніках з’явіўся аднайменны надпіс. Гэтымі маркамі карысталіся, у тым ліку, і беларусы, жаўнеры 5-й крэсовай дывізіі. У лютым 1945 года ў гэтай серыі з’явілася апошняя марка, прысвечаная Варшаўскаму паўстанню 1944 года. Хутка пасля заканчэння Другой сусветнай вайны польскія паштовыя агенцтвы, якія дзейнічалі на караблях, былі ліквідаваны. Так скончылася гісторыя польскай эмігранцкай пошты.

Каментаваць