“Гута моргэн, гэр гэрманіш!” Як Гродна жыло ў час першай нямецкай акупацыі

Немцы ў Гродне ўвялі строгія і часам дзіўныя парадкі: абмежавалі рыбалку, фатаграфаванне і нават выкарыстанне мыла. Пра гэта ў матэрыяле "Твайго стылю" пра жыццё горада 100 гадоў таму.



Разм з ваенным жыццём у крэпасці Гродна, нямецкі акупацыйны рэжым наладзіў і грамадзянскае жыццё горада. З-за вайсковых дзеянняў скарацілася насельніцтва. У кастрычніку 1915 года ў горадзе налічвалася ўсяго 23 тысячы чалавек (да вайны — больш за 50 тысяч).

 

Горад увайшоў у склад адміністрацыйнай акругі “Гродна”, якая была арганізавана вясной 1916 г. У наступным годзе гэтая акруга была павялічана за кошт далучэння да яе акругі “Беласток”. Наогул, уся тэрыторыя паміж Польшчай (дзе было ўтворана генерал-губернатарства Варшава) і лініяй фронту атрымала назву “Oberbefehlshaber Ost” ці скарочана — “OberOst” (у перакладзе з нямецкай — Вярхоўнае камандванне на Усходзе).

 

Гэта тэрыторыя была падзелена на тры часткі: Курляндыя, Літва і Беласток—Гродна. Апошняя частка займала па плошчы займала 26394 км2 з колькасцю насельніцтва 712 тысяч чалавек. Да 1917 года кіраўніцтва гэтымі землямі належала фельдмаршалу П. фон Гіндэнбургу, пасля — прынцу Леапольду Баварскаму.

 

“Добры” і “злы” бургамістры, гарадская газета і беларуская мова ў пашпартах

 

У горадзе была арганізавана грамадзянская ўлада. Старшым бургамістрам (ці обер-бургамістрам) горада быў прызначаны доктар права Копец. Ён даволі талерантна адносіўся да мясцовага самакіравання. Праз чатыры месяца яго знялі з пасады.

 

З красавіка 1916 года старшым бургамістрам стаў доктар права маёр артылерыі Ганс Вейсенборн. У адрозненні ад свайго папярэдніка ён ліквідаваў большасць паўнамоцтваў мясцовага гарадского камітэта. Па яго меркаванню на першым месцы нямецкай палітыцы павінна была стаяць нямецкая армія, на другім — нямецкае насельніцтва, на трэцім — палонныя і толькі на чацвёртым — мясцовыя гаражане.

 

Бургамістр меў у сваім распараджэнні 10 салдат, якія выконвалі паліцэйскія функцыі. Быў наладжаны выпуск газеты “Grodnoer Zeitung”. Усё мясцовае насельніцтва, пачынаючы з 10 гадоў, атрымала нямецкія пашпарты (за грошы). Цікава што ў пашпартах выкарыстоўвалася і беларуская мова.

 

У сваёй працы бургамістр цесна супрацоўнічаў з Гарадскім камітэтам, які быў створаны па ініцыятыве гараджан і які з канца красавіка 1916 года быў яму падпарадкаваны. Гарадскі камітэт размяшчаўся ў ратушы (Савецкая №8). Кіраваў камітэтам князь Яўстафій Сапега.

 

  • Гродзенская гандлярка
  • Гродзенскі жабрак
  • Яўрэй з газетай
  • Будынак бургамістра
  • нямецкая абвестка
  • Нямецкая адміністрацыя
  • Хлебная картка
  • На Рыбным рынку
  •  
 

Далі мармеладную фабрыку і ваду, узялі больш за мільён рублёў

Немцы пашырылі гродзенскую прамысловасць. Была арганізавана праца тытунёвай фабрыкі Шарашэўскага. З’явілася мармеладная фабрыка, якая стала адным з буйных прадпрыемстваў горада. Акрамя таго дзейнічалі саламяная фабрыка, цагляныя заводы, хлебапякарні, чыгуначныя майстэрні, скураныя майстэрні, сушыльня для гародніны. У 1916 годзе ў Гродне была арганізавана здабыча і продаж артэзіянскай вады. Дзейнічала і сістэма водаснабжэння. Яе сэрцам былі дзве воданапорныя вежы. Была запушчана гарадская электрастанцыя.

Аднак не трэба пераацэньваць нямецкія ўлады. У сваёй дзейнасці яны кіраваліся найперш інтарэсамі арміі. Большасць прадукцыі гродзенскіх прадпрыемстваў пастаўлялася войскам. Грамадзянскае жыццё Гродна таксама было падначалена этапнай інспекцыі 12-й арміі. Агромністыя харчовыя крапасныя запасы былі размеркаваны паміж нямецкімі войскамі. Частку харчавання, дарэчы, атрымаў і Гарадскі камітэт. На горад была накладзена вялікая кантрыбуцыя — 250 тыс. рублёў, якая была названа немцамі “ваенным падаткам”. Усяго за два гады горад заплаціў немцам аж 1.200.000 рублёў!

Забароненыя фотаапараты, рыбалка і змаганне з камарамі

Акупацыйны рэжым строга кадыфікаваў гарадское жыццё. Прывядзем прыклады нямецкіх загадаў, якія былі аддадзены ў Гродне ў 1915-1918 гадах. Частка друкавалася на нямецкай мове, частка на ідышы, польскай, рускай і беларускай мовах.

Так напрыклад, па распараджэнню генерала фон Калеве ўсе жыхары павінны былі вітаць германскіх афіцэраў пры сустрэчы. Для войск гарнізона крэпасці быў забаронены продаж спіртных напіткаў. Згодна распараджэнню германскіх улад, жыхарам горада было забаронена мець і выкарыстоўваць фотаапараты. Немцы ж наадварот вельмі актыўна імі карысталіся. Выключэнне было зроблена толькі для гарадскіх прафесійных фатографаў (Гельгор, Рубінштэйн і інш.), якія павінны былі зарэгістравацца.

У 1916 годзе ў раёне Гродна была забаронена лоўля рыбы. Па спецыяльнаму распараджэнню дазвалялася яе лавіць толькі жыхарам, якія жылі непадалёку ад Нёмана (дарэчы, яшчэ ў верасні 1915 года ён быў перайменаваны ў Мемель) і толькі для ўласнага спажывання. Прапісана было нават выкарыстанне пры лоўлі толькі адной вуды. Лоўля павінна была праводзіцца выключна з берага. У раёне гарадскіх мастоў (за 300 метраў вышэй і ніжэй па цячэнню) усялякае рыбалоўства было забаронена. Чыгуначны мост, які лічыўся вайсковым аб’ектам, меў пастаянную ахову і набліжацца да яго было вельмі небяспечна.

Таксама была ўстаноўлена норма для мясцовага насельніцтва, згодна якой трэба было карміць кароваў і коней. Насельніцтва заклікалася да барацьбы з камарамі і машкарою. Кожны гарадзенец быў замацаваны за канкрэтнай пякарней, дзе мог скарыстацца харчовымі карткамі. У канцы 1916 года для жыхароў Гродна ўводзіліся строгія нормы харчавання: 300 г бульбы у дзень, 225 г зерня ці мукі.

Кадыфікацыі падверглася і карыстанне мылам. Прычым яго нельга было выкарыстоўваць для мыцця адзення, якое трэба было праць выключна мыльным сродкам. Спіртныя напіткі і цукар рэалізоўваліся толькі за залатыя манеты. Сярод гарадскога насельніцтва актыўна вялася агітацыя за выезд моладзі ў Германію на працы. Вельмі распаўсюджаннымі былі грашовыя штрафы ці турэмныя пакаранні.

“Твой стыль” 

Каментаваць