Ідэалагічная барацьба на старонках “Часовай Мінскай газеты”

Французскі імператар Напалеон Банапарт заўсёды надаваў шмат увагі газетнай справе. У акупаваных краінах ён асабіста распараджаўся выхадам перыядычных выданняў, іх зместам, пераследваў непажаданую перыёдыку.



8 (20) ліпеня 1812 года ў Мінск увайшлі аддзелы французскага маршала Луі Даву і праз 10 дзён у горадзе на польскай мове пачала выдавацца “Часовая Мінская газета”. У якасці гістарычнай крыніцы гэтая газета цікава перадусім узгадкамі аб вядомых нам толькі па архіўных матэрыялах гістарычных дзеячах тагачаснага Мінска, Мінскай губерніі, настроях пэўных груп насельніцтва, звесткамі аб матэрыяльным быце і духоўным жыцці Мінска ў час знаходжання там напалеонаўскіх войскаў.

        

Але галоўнай мэтай выдання газеты была яе пэўная ідэалагічная накіраванасць як друкаванага органа-рупара тых слаёў грамадства, якія бачылі ў Францыі і Напалеоне гарантыю аднаўлення свайго краю. Прасачыць настроі гэтых груп праз выданне іх друкаванага органа і змяшчаных там характэрных ідэалагічных фармулёвак дазваляе нам скласці пэўную карціну таго ідэйна-эмацыянальнага ўзбуджання, якое суправаджала ўваход у Мінск французскіх войскаў у ліпені 1812 года.

Напалеонміфалагізацыя вобразу

Пачатак 1812 года быў часам амаль абсалютнай гегемоніі імперыі французаў на еўрапейскім кантыненце. Поспехі Францыі як насельніцтвам, так і вышэйшымі ўрадамі Еўропы звязваліся непасрэдна з геніем Напалеона I. У 1812 годзе ўзвышэнне гэтага генія дасягнула найбольшага ўздыму.

Насельніцтва былой Рэчы Паспалітай, якое пазначалася для французаў палітонімам “палякі”, бачыла Напалеона як чалавека, здольнага змяніць сам лад жыцця іх народа. Напалеон называлі “збавіцелем”, “волатам вякоў”, “уваскрасіцелем Айчыны”, “гарантам існавання нацыі”, “клапатлівым бацькам”, “адраджэнцам”. Як вынікае са зместа газеты, хваля ўзвышэння Напалеона дасягае асаблівага ўздыму на канец лета 1812-га., што звязана, хутчэй за ўсё, з поспехамі французскіх войскаў.

У жніўні 1812-га стадыя ўзвышэння паступова пераходзіць у стадыю міфалагізацыі вобразу імператара. Асоба Напалеона пакрываецца алегарычным арэалам, ён параўноўваецца з біблейскім Ёвам-пераможцам д’ябла, якому сам Геркулес выбівае надпісы на скале. Такім чынам, Напалеон выступае як божы выбранец, пад нагамі якога ляжыць “разадраны маскоўскі арол”. Напалеон узводзіцца ў лік сакральных асоб, звязаных з Юпітэрам, з богам часу; лічбе гадоў імператара быў пастаўлены алтар з ахвярай”. Назіраецца працэс сакралізацыі, калі не крокі да абагаўлення імператара (алтар). Як міфалагічны герой, Напалеон мае вогненны меч і сваю Перамогу (Nika). Банапарт выступае вобразам усяго станоўчага для паляка, расеец — усяго адмоўнага. Наяўнасць выразнага падзелу на “чорнае” і “белае” указвае на працэс міфалагізацыі і сакралізацыі вобразу імператара.

“Чорны” вобраз расейца

Рускія ў большасці выпадкаў называюцца “маскалямі”, іхняму нацыянальнаму характару надаюцца выключна адмоўныя рысы, а менавіта “труслівасць”, прагу да ўцёкаў з поля бою, хцівасць і фанабэрыстасць, падманлівасць, неадукаванасць. Рускія быццам бы заўсёды дрэнна ваююць, яны называюцца “недабіткамі”, “праклятымі скіфамі”, народам, у якім немагчыма “абудзіць фанатызм”. Нават прыроднае асяроддзе рускага народа называецца “варварскім”, рака Волга, у паразўнанні з высакародным берагам Рэйна ёсць “карыта”. Менавіта на рускіх ускладаецца бясспрэчная адказнасць за падпал Масквы.

“Белы” вобраз палякаў і “пасіўнасць” ліцвінаў

У адрозненні ад рускіх, палякі (тут ужываем этнонім), маюць толькі станоўчыя якасці. Дух паляка цалкам належыць Айчыне, ён не шкадуе рэштак свайго дзеля Айчыны. “Сённяшнія” палякі здольныя быць “вартымі сваіх дзядоў”, маюць высокую прававую культуру, з’яюляюцца “сталымі і мужнымі”. Са зместу газеты вынікае, што, у адрозненні ад палякаў, ліцвіны не дасягнулі такіх “дасканаласцяў”: ня гледзячы на сваю “баявітасць”, ліцвіны не спяшаліся “праліваць кроў” за добрую справу адраджэння, з’яўляліся “толькі пасіўнымі сведкамі цудаў перамог над маскалямі”.

Жыхары Мінскай губерніі чамусьці не спяшаліся карміць французскую армію. Такім чынам, шляхам удалай падборкі ідэйных якасцяў, палякі, ліцвіны, рускія і французы надзяляюцца пэўнымі станоўчымі ці адмоўнымі якасцямі, кожны народ фарміруецца ў асобны станоўчы ці адмоўны маналітны вобраз. Толькі ліцвіны стаяць дзесьці на мяжы станоўчага і адмоўнага, сумяшчаючы ў сабе “чорныя” і “белыя” рысы. Пры гэтым як бы на вяршыні “піраміды народаў” узвышаецца Напалеон – цалкам станоўчы вобраз, вялікі герой. Іншымі словамі, газета ідзе ў авангардзе стварэння міфу Напалеона.

Антырасійская рыторыка

Праз усю газету праходзіць сцверджанне, што сапраўднымі абаронцамі палякаў з’яўляюцца французы, якія праліваюць за іх кроў. Пры гэтым рускія з’яюляюцца ненадзейнымі патронамі і саюзнікамі. Яны ўвесь час прайграюць бойкі, адбіраюць усё “здрадай і падкопам”, здрадзілі “сваім саюзнікам у Тыльзіце і Эрфурце”, не здольныя зразумець польскі народ. Поспехі рускай зброі ў мінулым тлумачыцца наяўнасцю нямецкіх вайскаводцаў (Мініха і Остэрмана). Такім чынам, адзіны выхад для паляка – гэта абаперціся на французскую зброю, якія, у адрозненні ад рускіх, “гарантуюць вольнасць”.

Папулярнасць газеты

Лагічным вынікам выдання газеты была б яе папулярнасць сярод чытаючай публікі Мінска. З самога зместу нумароў газеты даведацца аб меры яе папулярнасці наўрад ці магчыма. Але рэдактарскія запісы ў нумарах газеты пачынаючы з восені 1812 г. наводзяць на пэўныя думкі. Так, у канцы № 15 падаецца інфармацыя аб кошце падпісцы і аб суме падпіскі непасрэдна ў рэдакцыі. 27 верасня 1812 года рэдакцыя просіць падпісчыкаў абвесціць ёй, ці жадаюць яны працгваць падпіску, тое ж яны робяць яшчэ 2 разы: ў № 18. У лістападзе газета змяшчае звесткі аб тэрміне выхаду газеты.

Усё пералічанае ўказвае на тое, што газета не карысталася вялікай папулярнасцю сярод чытаючай публікі Мінску, якую трэба было запрашаць купіць газету і падпісацца на яе. Зразумела, на папулярнасці газеты маглі адбіцца і няўдачы французскіх войскаў, але ж рэдактарскія запісы ўсё ж ткі кажуць пра нізкую папулярнасць газеты. Чытаючая публіка на то час была больш элітарнай і магла крытычна ўспрымаць занадта “бела-чорную” інфармацыю. У той жа час той пласт грамадства, які актыўна рабіў усё дзеля “збаўлення” свайго краю ў свеце надыходу відавочнай няўдачы для французаў у кампаніі 1812 года мог ужо з меншым энтузіазмам падтрымліваць сваіх “збаўцаў”. Такім чынам, колу выдаўцоў “Часовай Мінскай газеты” магла пагражаць частковая ізаляцыя.             

Каментаваць