«Інтурыст». Падарожжа ў імперыю Сталіна

У 1930-я гады Савецкі Саюз прымаў значную колькасць замежных турыстаў. Як такое магло быць? Што прымушала амерыканцаў, брытанцаў і грамадзян іншых дзяржаў ехаць у «бальшавіцкую імперыю»?



З’яўленне легенды

Новы курс на індустрыялізацыю патрабаваў ад Крамля значных матэрыяльных выдаткаў. Адной з крыніц папаўнення пралетарскага бюджэту стаў замежны турызм. Акрамя гэтага, важным момантам у пытанні развіцця ўязнога турызму была прапаганда камуністычных ідэй і «савецкага ладу жыцця».

Увесну 1929 года было створана Дзяржаўнае акцыянернае таварыства па замежным турызме ў СССР, якое атрымала скарочаную назву «Інтурыст». Установа падпарадкоўвалася Народнаму камісарыяту знешняга і ўнутранага гандлю, а яе статутны капітал складаў 5 мільёнаў рублёў. У снежні 1933 года адбылося аб’яднанне дзяржаўнага акцыянернага таварыства «Інтурыст» з Усесаюзным акцыянерным таварыствам «Гатэль», у выніку чаго было створана Усесаюзнае акцыянернае таварыства па замежным турызме ў СССР «Інтурыст» са статутным капіталам у 35 мільёнаў рублёў.

Праз год «Інтурыст» заключыў пагадненне з такімі вядомымі кампаніямі, як «American Express Co.», «Thomas Cook and Son», Таварыства міжнародных спальных вагонаў «Вагон-Лі», Сярэднееўрапейскае бюро падарожжаў «Мер». У Нью-Ёрку на Пятай авеню адкрылася прадстаўніцтва галоўнай савецкай турыстычнай арганізацыі. Пазней такія ж офісы з’явіліся ў Чыкага, Бостане і Лос-Анджалесе. 60 працэнтаў замежнікаў, якія ў 1930 годзе прыехалі ў Савецкі Саюз, былі грамадзянамі ЗША.

Кошт падарожжа першым класам складаў 15 долараў за дзень, другім — 8 долараў, трэцім — 5 долараў. У кошт уваходзіла атрыманне візы, пражыванне ў гатэлі, праца перакладчыкаў, экскурсіі. Пры гэтым замежнік вымушаны быў папярэдне аплаціць увесь кошт «турыстычнай пуцёўкі». У СССР накладам у 10 тысяч асобнікаў пачаў выдавацца часопіс «Soviet travel». Ён распаўсюджваўся ў Еўропе і США.

Амерыканская газета пра турызм у СССР

 

Індустрыялізацыя рукамі замежнікаў

З канца 1920-х гадоў значная колькасць заходнееўрапейскіх дзяржаў знаходзілася ў эканамічнай «дэпрэсіі», таму кірунак на развіццё прамысловасці, узяты ў «імперыі Сталіна», прывабліваў еўрапейцаў і амерыканцаў. Замежныя спецыялісты па запрашэнні савецкага боку (як і без яго) ехалі ў «краіну працоўных і сялян». Кампанія Альберта Кіна стварыла планы для будаўніцтва больш за 600 заводаў па ўсім СССР, у працах на плаціне «Днепрагэс» удзельнічалі інжынеры з «Джэнерал электрык», а першыя савецкія аўтамабілі збіраліся пад наглядам амерыканскіх механікаў з заводу «Форд».

Разам з гэтым атмасфера «шпіёнаманіі» накладала свой адбітак на візіты замежных турыстаў. У той час савецкі пракурор Андрэй Вышынскі падкрэсліваў: «Рэзідэнты — гэта кропкі апоры замежнага шпіянажу. Замежны выведнік імкнецца заваяваць давер і ўсыпіць увагу, пільнасць да сябе». У 1933 годзе некалькіх брытанскіх інжынераў фірмы «Метраполітэн-Вікерс», якія працавалі ў СССР, абвінавацілі ў шкодніцтве. Тады ж НКУС увёў абмежаванні для ўезду падданых брытанскага караля ў Савецкі Саюз. «Візавая вайна» паміж Лонданам і Масквой працягвалася да лета 1941 года.

Буклет Інтурыста. Мінск, 1937 год. Бачны Дом Чырвонай Арміі

Акрамя гэтага, аддзелам «Інтурыста» загадвалася прымаць заявы толькі ад тых замежных працоўных і інжынераў, якія мелі пры сабе зваротны квіток да любога населенага пункта за межамі Савецкага Саюза, а таксама дазвол на зваротны ўезд у краіну, з якой яны прыехалі. Звязана гэта было з тым, што значная колькасць амерыканскіх і еўрапейскіх прамысловых працоўных (асабліва ў гады вялікай дэпрэсіі) губляла працу і разлічвала знайсці яе ў СССР. Гэты «непажаданы», «кепска класава выхаваны элемент» быў не патрэбны савецкім уладам. Агентам «Інтурыста» за мяжой забаранялася прымаць заявы ад замежнікаў, якія збіраліся ехаць у СССР з малымі (да 16 гадоў) дзецьмі.

Асаблівую ўвагу савецкія спецорганы надавалі прыезду замежнікаў з Другой Рэчы Паспалітай, а таксама краін Балтыі. Амаль кожнага з турыстаў адтуль падазравалі ў шпіёнскай дзейнасці. У 1935 годзе значнай колькасці ўладальнікаў пашпартоў з белым арлом без тлумачэння не выдалі візу ў СССР. Разам з тым, знакамітая польская фірма «Орбіс» да пачатку Другой сусветнай вайны прапанавала польскім грамадзянам туры ў Маскву і іншыя гарады СССР.

 

Сэрвіс па-бальшавіцку

У пачатку 1930-х гадоў у Мінску было некалькі гатэляў, у тым ліку Мінская дзяржаўная гасцініца (былая «Еўропа»). Аднак іх якасць не падыходзіла да прыёму замежных гасцей. Улічваючы ў тым ліку і гэта, у 1934 годзе было прынята рашэнне пра будаўніцтва на рагу мінскіх вуліц Кірава і Валадарскага гасцініцы «Беларусь». Працы былі скончаныя ў 1938 годзе. У новым гатэлі было больш за тры сотні камфартабельных нумароў.

У 1936 годзе была прынята Генеральная інструкцыя па курортнаму абслугоўванню замежнікаў, якая прадугледжвала некалькі класаў сэрвісу ў залежнасці ад матэрыяльнага дастатку замежнікаў. Дакумент таксама абумоўліваў магчымасць арэнды аўтамабіля і кіроўцы. Супрацоўнікам «Інтурыста», якія непасрэдна ўступалі ў кантакт з замежнікамі, рэкамендавалася імкнуцца «да пабудовы сяброўскіх адносін» з турыстамі з іншых краін. У буклетах, якія дасылаліся ў аддзяленні «Інтурыста» ў 1939 годзе, адзначалася, што «галоўнай мэтай працы, якую праводзіць арганізацыя, з’яўляецца садзейнічанне данясенню замежнікамі праўдзівай інфармацыі пра Савецкі Саюз, сацыялістычнае будаўніцтва ў горадзе і вёсцы, сацыяльна-бытавых і культурна-асветніцкіх устаноў і іншых аб’ектаў, якія характарызуюць дасягненні і перавагі сацыялістычнага ладу над капіталістычным».

За некалькі месяцаў да пачатку Другой сусветнай вайны ў Нью-Ёрку прайшла турыстычная выстава, на якой «Інтурыст» правёў гучную рэкламную кампанію. На мерапрыемстве супрацоўнікі арганізацыі прэзентавалі шматлікія буклеты і праспекты, якія заклікалі наведаць гарады і курорты СССР. Сярод іншых амерыканцы ўбачылі і выданы ў 1937 годзе буклет пра Мінск.

У СССР праз Коласава

Замежныя госці прыязджалі ў «імперыю Сталіна» некалькімі шляхамі. Частка з іх параходамі даплывала да Ленінграда, Адэсы ці Батумі. Іншыя карысталіся самалётамі. Аднак большасць замежнікаў ехала ў СССР па чыгунцы. З Парыжу, Берліна ці Варшавы на цягніку еўрапейцы ці амерыканцы прыязджалі на памежную станцыю Коласава ў Заходняй Беларусі і, пасля пераходу мяжы, ужо на савецкім цягніку ехалі ў Мінск, Маскву, Кіеў ці іншыя савецкія гарады. Менавіта праз Стоўбцы — Негарэлае ў жніўні 1935 года на тэрыторыю Савецкага Саюза прыехалі дэлегаты Міжнароднага фізіялагічнага кангрэса. Знаходжанне навукоўцаў у СССР каардынаваў «Інтурыст». А летам 1937 года праз гэты чыгуначны калідор у Савецкі Саюз прыехала футбольная зборная Краіны Баскаў. У жніўні таго ж года баскскія футбалісты згулялі са зборнай Мінска і перамаглі апошнюю з лікам 6:1.

Цягнік Масква-Парыж у Коласава, 1934 год

Пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы замежнікі былі абавязаны задэклараваць усе каштоўнасці і ўпрыгожванні і падчас выезду з СССР прадставіць дэкларацыю савецкім мытным органам. Аднак, паводле ўспамінаў відавочцаў, шмат хто з замежнікаў не звяртаў увагу на гэтую працэдуру, і пазней іх заручальныя пярсцёнкі, гадзіннікі забіралі ў даход дзяржавы Саветаў. Замежнікам на тэрыторыі СССР дазвалялася рабіць здымкі любых аб’ектаў акрамя заводаў, фабрык, чыгуначных станцый, а таксама вайсковых частак. Фотаплёнку можна было вывозіць дадому толькі ў праяўленым выглядзе.

У верасні 1939 года Польшча была падзеленая паміж Трэцім Рэйхам і СССР, а летам 1940 года Крэмль анексаваў краіны Балтыі. Усё гэта наклала адбітак на дзейнасць «Інтурысту». ЗША і Вялікабрытанія больш не жадалі супрацоўнічаць са Сталінам. Замест «амерыканскага накірунку» савецкае турыстычнае агенцтва спрабавала развіваць супрацу з Трэцім Рэйхам і Японскай імперыяй. Такое палажэнне спраў працягвалася да чэрвеня 1941-га.

Фота з уласнага архіва Ігара Мельнікава

 

Каментаваць