Іспанія. Вайна ўсіх супраць усіх

Радыёстанцыя мястэчка Сеўта ў іспанскім Марока 17 ліпеня 1936 года перадала кароткае паведамленне: «Над усёй Іспаніяй бясхмарнае неба». Гэтая фраза была сігналам да пачатку ўзброенага выступу супраць рэспубліканскага ўрада Іспаніі і стала стартам Грамадзянскай вайны.

Мусаліні ўзнагароджвае жонку італьянца, які загінуў у Іспаніі


Памылкі «левых»


У красавіку 1931 года кароль Іспаніі Альфонс XIII збег з краіны, у выніку чаго была абвешчана Другая Іспанская Рэспубліка. Новыя ўлады ўзялі «левы» накірунак у палітыцы, што выклікала супраціў з боку буйных землеўласнікаў і афіцэрскага складу іспанскага войска. Не рэагуючы на гэта, рэспубліканскі ўрад працягваў прымаць непапулярныя рашэнні. Царква была аддзелена ад дзяржавы, некаторыя манастыры і цэрквы зачыненыя, было вырашана нацыяналізаваць маёмасць касцёла. Новы ўрад узяўся і за войска: частка вайсковых падраздзяленняў была распушчана, а значная колькасць афіцэраў звольнена са службы.

Першымі сваю незадаволенасць паспрабавалі выказаць вайскоўцы. У жніўні 1932 года генералам Хасэ Санхурыяй была зроблена няўдалая спроба перавароту. Яго арыштавалі і прысудзілі да пажыццёвага зняволення. 16 лютага 1936 года на выбарах у парламент перамог Нацыянальны фронт, у склад якога ўваходзілі партыі левага кірунку. Быў сфармаваны новы кабінет міністраў, які выступаў за сельскагаспадарчую рэформу, паніжэнне ўзроўню падаткаў для рэгіёнаў і амністыю для палітзняволеных.

На працягу наступных 5 месяцаў у Іспаніі адбылося шмат тэрактаў, у якіх загінула больш за 300 чалавек. 17 чэрвеня 1936 года кіраўнікі правай апазіцыі абвінавацілі ўрад у страце кантролю над краінай.




На прадпрыемствах пачаліся страйкі. Але іспанскае войска не ўдзельнічала ў палітычных разборках. Частка афіцэраў (у асноўным, у авіяцыі і ВМФ) выступала ў падтрымку ўрада. Яны стварылі Рэспубліканскі антыфашысцкі вайсковы хаўрус. Іншыя ў 1933 годзе стварылі Іспанскі вайсковы хаўрус, у склад якога ўваходзілі тыя, хто выказваўся за вяртанне «старых парадкаў». Народны фронт разумеў небяспеку, якая ідзе з боку незадаволеных вайскоўцаў, і высылаў некаторых афіцэраў у аддаленыя гарнізоны. Так, камандуючага гарнізонам у Марока, генерала Эміліа Іолу перавялі ў Памплону, а начальніка Генштаба, генерала Франсіска Франка — на Канарскія выспы. Аднак гэта не спыніла падрыхтоўку паўстання.

У ліпені 1936 года чальцамі правай арганізацыі «Фаланга» быў забіты паручнік Хасэ Кастылья. У адказ супрацоўнікі дзяржаўнай паліцыі, якія прытрымліваліся левых поглядаў, скралі і забілі манархіста Хасэ Кальвэ Сатэлу. Гэтага хапіла, каб вайскоўцы прынялі рашэнне пачаць узброенае выступленне.

Галоўнакамандуючым іспанскімі войскамі быў прызначаны Франсіска Франка. Італьянцы пачалі перакідваць іспанцам паліва, буйнакаліберныя кулямёты, самалёты і іншую зброю. Галоўнай мэтай паўстання было звяржэнне пракамуністычнага ўраду.


Франкісты робяць першы крок


Паўстанне павінна было пачацца ў Марока, а адтуль перакінуцца і ў мацерыковую Іспанію. Франкісты захапілі мястэчкі Сеўта і Меліле. Хутка путчысты пачалі перамагаць у Старой Кастыліі, Памплоне, Навары. Была захоплена вайскова-марская база Эль-Фероль. Жорсткі адпор нацыяналісты атрымалі ў Мадрыдзе, Барселоне, Більбаа. Хутка краіна была падзелена амаль напалову. На баку паўстанцаў выступіла дзве траціны войска і амаль усё афіцэрства, акрамя пілотаў і маракоў, якія ў большасці засталіся вернымі ўраду.



Нацыяналістам удалося перакінуць у Севілью атрад іспанскага Замежнага легіёна. 22 ліпеня 1936 года з Франка сустрэліся германскія бізнесмен Ёханэс Бернхард і інжынер Адоль Лангенхайм (абодва былі агентамі абвера). Іспанец заявіў, што жадае набыць 10 транспартных самалётаў. У Германіі быў сфармаваны спецыяльны штаб «W» на чале з Эрнстам Енэке, які курыраваў дапамогу путчыстам. Былі створаны дзве легальныя фірмы, якія займаліся падтрымкай франкістаў. Так пачалася аперацыя «Магічны агонь».

Паўстанцы атрымалі першыя самалёты Ю-52, якія можна было выкарыстоўваць для транспарціроўкі войска. Прыкрываць іх павінны былі 6 знішчальнікаў Хе-51. Немцы накіравалі ў Іспанію вайсковых пілотаў-добраахвотнікаў. 29 ліпеня італьянцы накіравалі франкістам 12 бамбавікоў «Савоя», з якіх, праўда, толькі 9 даляцелі на месца. Пазней Мусаліні выслаў Франка яшчэ 12 знішчальнікаў «Фіят». Разам з самалётамі паўстанцы атрымалі і італьянскіх пілотаў. Наступны італьянскі транспарт складаўся з 40 кулямётаў, 27 знішчальнікаў, 12 гармат супрацьпаветранай абароны і 5 танкаў.


Жаўнеры "Легіёна Кондар"

Жаўнеры "Легіёна Кондар"



У франкістаў з’явіўся авіятранспарт для перакідвання войскаў на кантынент. Аднак большасць войскаў паўстанцаў былі перапраўлены не паветрам, а па моры. Транспарты прыкрывала авіяцыя, якая эфектыўна змагалася з караблямі рэспубліканцаў. 13 і 14 жніўня 1936 года з Гамбурга выплылі два транспарты са зброяй і палівам. У кастрычніку немцы падрыхтавалі 4,5 тысячы пілотаў Люфтвафэ. Менавіта з іх быў сфарміраваны «Легіён Кондар».

Польскія грамадзяне ў іспанскай вайне


Другая Рэч Паспалітая таксама прадавала ўзбраенне і тэхніку ваюючым бакам (сума кантрактаў склала 190 мільёнаў злотых). Восенню 1936 года франкісты набылі ў Польшчы 10 знішчальнікаў PWS-10, створаных на Падляшскай авіяфабрыцы. Здзелку курыраваў Другі аддзел Генштабу Войска Польскага (выведка). Разам з самалётамі ў Іспанію паехалі і інжынеры, якія павінны былі дапамагчы ў эксплуатацыі машын. У задачу спецыялістаў таксама ўваходзіў збор дадзеных пра вайсковы патэнцыял франкістаў.

Нягледзячы на тое, што польскі пасол у Лізе Нацый у снежні 1936 года заявіў пра забарону ўдзелу палякаў у Грамадзянскай вайне ў Іспаніі, жадаючых падтрымаць той ці іншы бок у Польшчы знайшлося шмат. У франкісцкай авіяцыі змагаліся вядомыя польскія землеўласнікі: граф Казімір Ласоцкі, Тадэвуш Чаркоўскі-Галееўскі, Адам Шарэк і іншыя. Значная колькасць польскіх грамадзян служыла ў паўстанцкай кавалерыі. Нямала грамадзян Другой Рэчы Паспалітай было і ў Іспанскім замежным легіёне. У складзе франкісцкай пяхоты змагаўся палкоўнік Андрэй Радзівіл. Дарадцам у штабе генерала Франка быў знакаміты генерал Станіслаў Булак-Балаховіч. Іспанцам вельмі дапамаглі яго парады наконт партызанскіх рэйдаў і дыверсій у тыле праціўніка. Гэтай справай Балаховіч добра авалодаў падчас польска-бальшавіцкай і Першай сусветнай войнаў.

Пазіцыі рэспубліканцаў

Пазіцыі рэспубліканцаў


Значная частка польскіх грамадзян, у тым ліку і беларускага паходжання, ваявала на баку рэспубліканцаў. Шмат польскіх эмігрантаў і спартсменаў, якія прыехалі на Працоўныя алімпійскія гульні ў Барселону, пасля пачатку баявых дзеянняў уступілі ў шэрагі народнай міліцыі. Тых, хто прыязджаў з Польшчы, першапачаткова накіроўвалі ў батальён імя Яраслава Дамброўскага. Паводле падлікаў даследчыкаў, на баку камуністаў змагалася каля 4–5 тысяч грамадзян Другой Рэчы Паспалітай, якія ў сваёй большасці нелегальна, з дапамогай кампартыі, былі дастаўлены на тэрыторыю Францыі, а адтуль у Іспанію. Адным з афіцэраў польскай інтэрбрыгады быў генерал Караль Свярчэўскі, якога Эрнэст Хэмінгуэй згадаў у сваім рамане «Па кім звоніць звон».

У рэспубліканскія часткі ўступалі і польскія грамадзяне, якія працавалі ў Бельгіі і Францыі. Дарэчы, у 1930-х гадах толькі ў Францыі працавала каля 35 тысяч эмігрантаў з Заходняй Беларусі, там нават быў створаны «Хаўрус беларускіх работнікаў у Францыі». Большасць гэтых людзей прытрымлівалася левых поглядаў, і калі ў Іспаніі пачалася Грамадзянская вайна, яны вырашылі падтрымаць Рэспубліку. Паводле меркавання гісторыкаў, у баявых дзеяннях у складзе польскіх частак удзельнічала да 2 тысяч беларусаў, з якіх не менш за 200 чалавек загінулі.



Інтэрбрыгады


Рэспубліканцы, па сутнасці, стваралі сваё войска «з нуля». Урад у Мадрыдзе і Камуністычная партыя Іспаніі заклікалі фармаваць інтэрнацыянальныя брыгады. Агенты рэспубліканцаў накіроўваліся ў еўрапейскія краіны. Шмат іх прыехала і ў Другую Рэч Паспалітую. Польская паліцыя шукала, выкрывала і ліквідавала канторы і бюро, якія займаліся «мабілізацыяй» польскіх грамадзян на вайну ў Іспанію. Шмат такіх выпадкаў было і ў Заходняй Беларусі (напрыклад, у Вільні, Стоўбцах, Наваградку).

Інтэрбрыгадаўцы

Інтэрбрыгадаўцы


За перыяд Грамадзянскай вайны былі сфарміраваныя: XI брыгада імя Эрнста Тэльмана (немцы і аўстрыйцы); XII брыгада імя Джузепе Гарыбальдзі (італьянцы); XIII брыгада імя Яраслава Дамброўскага (грамадзяне Другой Рэчы Паспалітай); XIV брыгада імя марсельезы (французы); XV брыгада імя Аўраама Лінкальна (англічане і амерыканцы); 129-я брыгада (балканска-чэхаславацкая). У гэтых фармаваннях служылі каля 35 тысяч чалавек.

Інтэрбрыгадаўцы ў Мадрыдзе

Інтэрбрыгадаўцы ў Мадрыдзе


«Рука Крамля»


У верасні 1936 года Масква пачала высылаць рэспубліканскаму ўраду Іспаніі зброю (самалёты — знішчальнікі і бамбавікі, а таксама танкі). Іспанцы набылі ў Савецкага Саюза 648 самалётаў, 347 танкаў, 60 браневікоў, 1186 гармат, 20 486 кулямётаў, амаль 500 тысяч вінтовак, 862 мільёны патронаў. Рэспубліканцы плацілі за зброю золатам.

15 кастрычніка 1936 года кіраўнік ураду Ларга Кабальера і міністр фінансаў Хуан Нягрын звярнуліся да Крамля з прапановай прыняць на захаванне 500 тон золата. Іспанскі пасол у Маскве Марсаліна Паскуа атрымаў вялікія паўнамоцтвы на вядзенне перамоў і заключэнне сакрэтнай дамовы з СССР аб набыцці зброі для рэспубліканскіх войскаў. 22–25 кастрычніка 1936 года першыя партыі золата былі пагружаны на савецкія гандлёвыя караблі ў порце Картахена. З Іспаніі ў СССР было вывезена 510 тон золата (7800 скрыняў). Усё гэтае багацце было прывезена ў Адэсу і адтуль спеццягніком дастаўлена ў Маскву.

Рэспубліканцы на танку Т-26, 1937 год

Рэспубліканцы на танку Т-26, 1937 год


24 студзеня 1937 года ў прыватнай размове Сталін прамовіў: «Іспанцам ніколі больш не ўбачыць гэтага золата, як ніколі не ўбачыць уласных вушэй». Гэтае багацце сапраўды больш не вярнулася дадому. Да сакавіка 1938 года яно было цалкам патрачана на набыццё вайсковых і іншых матэрыялаў.

Значным элементам дапамогі рэспубліканцам з боку «першай дзяржавы працоўных і сялян» былі вайсковыя спецыялісты і саветнікі. Перакідваннем савецкіх вайскоўцаў у Іспанію займалася аддзяленне «Х» Выведвальнага ўпраўлення Наркамату абароны СССР. Распараджэннем Палітбюро ЦК ВКП (б) на гэтую спецаперацыю Выведупр атрымаў 1 мільён 910 тысяч рублёў і 190 тысяч амерыканскіх долараў. НКУС арганізаваў два замежных бюро (у Парыжы і Марселі) для прыёму і перакідвання добраахвотнікаў і вайсковых спецыялістаў.

Часцей за ўсё савецкія грамадзяне ехалі ў Еўропу транссібірскім экспрэсам. Кошт такой паездкі на аднаго чалавека складаў 3500 савецкіх рублёў і 450 долараў ЗША. У Коласава пашпарты гэтых людзей правяралі памежнікі польскага Корпуса аховы памежжа, аднак нікога з цягніка не здымалі. Дый за што можна было зняць добра апранутых маладых людзей, у якіх дакументы ў поўным парадку? Пазней «інтэрнацыяналісты» з СССР ехалі ў Парыж і ўступалі ў кантакт з агентамі НКУС, якія накіроўвалі «гасцей» у трэніровачны лагер у Альбасэтэ (за 240 кіламетраў ад Мадрыда). Там і адбывалася фармаванне інтэрбрыгад.

Рэспубліканцы вязуць танк на фронт

Рэспубліканцы вязуць танк на фронт


«Інтэрнацыяналісты» з БССР


Частка савецкіх спецыялістаў трапляла ў Іспанію праз Балканы і Афрыку. Шлях па моры каштаваў на аднаго чалавека 3000 савецкіх рублёў і 50 долараў ЗША. За час баявых дзеянняў на Пірынейскі паўвостраў было накіравана 1811 савецкіх вайсковых спецыялістаў (772 пілоты, 351 танкіст, 222 агульнавайсковых інструктары, 77 вайсковых маракоў і інш.). Сярод гэтых людзей было шмат беларусаў.

У кастрычніку 1936 года ля мястэчка Сясенья ля Мадрыда адбыўся бой з удзелам 15 савецкіх танкаў Т-26, адным з якіх камандаваў мінчанін Мікалай Сяліцкі. Да іспанскіх падзей ён служыў у 4-й асобнай механізаванай брыгадзе РСЧА, якая дыслакавалася ў Кісялевічах пад Бабруйскам. Усяго з гэтага падраздзялення ў Іспанію паехала 50 танкістаў. Машына Сяліцкага здзейсніла таран італьянскай танкеткі «Ансальда», знішчыла батарэю горных гармат, некалькі машын і ўзвод пяхоты франкістаў. Урэшце паўстанцам удалося падбіць савецкі танк, а яго экіпаж расстраляла мараканская пяхота. У лістападзе 1936 года ў баі ля Каса-дэ-Кампа загінуў іншы танкіст з Бабруйска, Павел Купрыянаў. 31 снежня 1936 года гэтыя жаўнеры былі ўганараваныя званнем Героя Савецкага Саюза пасмяротна. Ва ўзнагародных дакументах было напісана: «За ўзорнае выкананне спецыяльнага задання ўраду».

Рэспубліканскія пілоты ля самалёта І-16

Рэспубліканскія пілоты ля самалёта І-16



Самым знакамітым пілотам-беларусам, які ваяваў у Іспаніі, быў, безумоўна, ураджэнец вёскі Бараўцы Навагрудскага павета Сяргей Грыцавец. На знішчальніку І-16 ён здзейсніў 88 баявых вылетаў. Удзельнічаў у 42 паветраных баях, знішчыў 7 варожых самалётаў (па іншых дадзеных, за пілотам у іспанскім небе 30 перамог). 22 лютага 1939 года Грыцаўцу было нададзена званне Героя Савецкага Саюза. За баі на Халхін-Голе пілот быў уганараваны гэтым званнем яшчэ раз. 16 верасня 1939 года Грыцавец трагічна загінуў на аэрадроме Болбасава пад Оршай. Ён так і не атрымаў «залатых зорак»: першыя іх уручэнні адбыліся ў лістападзе 1939 года, ужо пасля гібелі лётчыка.


СПА рэспубліканцаў

СПА рэспубліканцаў



Яшчэ адным савецкім спецыялістам з беларускімі каранямі, які ўдзельнічаў у іспанскіх падзеях, быў кадравы выведнік Кірыл Арлоўскі. На Пірынейскі паўвостраў ён быў накіраваны ў 1937 годзе. Там дыверсанту давялося займацца тым жа, што ён рабіў у пачатку 1920-х гадоў у Заходняй Беларусі: глыбокія рэйды па тылах праціўніка.

Будучы старшыня калгасу ў Мышкавічах неаднаразова сустракаўся з Эрнэстам Хэмінгуэем. У выніку ўраджэнец Бабруйшчыны стаў прататыпам маладога байца-падрыўніка з рамана «Па кім звоніць звон».

Дыверсанты НКУС, якія дзейнічалі ў Іспаніі, знішчалі не толькі франкістаў, але і іншых «ворагаў». Тычылася гэта найперш «трацкістаў» і «анархістаў». Як вынікае з дакументаў НКУС, задачай маскоўскіх спецгруп у Іспаніі, акрамя барацьбы супраць «фашыстаў», была і «барацьба сталінізму супраць атакуючай яго марксісцкай ерасі».

Падрыхтоўка вайсковых спецыялістаў для рэспубліканскай Іспаніі адбывалася і на тэрыторыі СССР (напрыклад, у Кіравабадскай авіяцыйнай школе асобага прызначэння, Ліпецкай лётна-тэхнічнай школе, Пяхотным вучэбным цэнтры ў Тыфлісе). У выніку ў Іспаніі загінула 189 савецкіх вайсковых спецыялістаў і добраахвотнікаў, і яшчэ 40 грамадзянскіх спецыялістаў.

Франкісты разглядаюць трафейны савецкі бранявік


Пералом



У другой палове 1937 года авіяцыя паўстанцаў блакавала марскія шляхі пастаўкі зброі і паліва рэспубліканцам. У кастрычніку путчысты ўзялі Астурыю, і хутка ўся Поўнач краіны была ў іх руках. 15 снежня 1937 года рэспубліканцы пачалі наступленне і занялі мястэчка Тэруэль. Пры гэтыя яны выкарысталі амаль 100 танкаў (Т-26 і БТ), а таксама тры роты браневікоў і выбілі франкістаў з населенага пункту. У тых баявых дзеяннях прымала ўдзел значная колькасць савецкіх танкістаў. Франка сцягнуў пад Валенсію амаль 100 тысяч жаўнераў і 300 самалётаў і паспрабаваў захапіць горад. 22 лютага 1938 года паўстанцы зноў захапілі Тэруэль і ўзялі ў палон 14 тысяч рэспубліканцаў.

Камандзіры брыгады Дамброўскага

Камандзіры брыгады Дамброўскага



30 кастрычніка путчысты пайшлі ў наступ і 16 лістапада 1938 года выбілі камуністаў за раку Эбра. За гераізм, праяўлены ў той бітве, польская брыгада імя Яраслава Дамброўскага была ўзнагароджаная іспанскім Вайсковым медалём. У выніку тых баёў рэспубліканцы страцілі каля 10 тысяч чалавек забітымі і 20 тысяч параненымі; у войску Франка было 30 тысяч параненых і больш за 6,5 тысяч забітых.

Адступленне рэспубліканскіх войскаў

Адступленне рэспубліканскіх войскаў



Гэта была апошняя аперацыя Грамадзянскай вайны ў Іспаніі, у якой прымалі ўдзел байцы інтэрбрыгад і савецкія дарадцы. У верасні 1938 года кіраўнік рэспубліканскага ўраду Хуан Негрын выдаў распараджэнне пра няўдзел інтэрбрыгад у баявых дзеяннях. 29 кастрычніка ў Барселоне адбыўся ўрачысты парад у гонар «інтэрнацыяналістаў». Пазней большасць з іх выехала ў Францыю, дзе іх інтэрнавалі. Горш за ўсё давялося грамадзянам Другой Рэчы Паспалітай. Польскія ўлады неаднаразова папярэджвалі, што за ўдзел у вайне ў Іспаніі яны будуць пазбаўляць «камбатантаў» польскага грамадзянства. 26 лютага 1938 года быў прыняты адпаведны закон.

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны і акупацыі Польшчы Германіяй былыя жаўнеры-рэспубліканцы з Польшчы, у тым ліку і шматлікія беларусы, спрабавалі запісацца ў Войска Польскае, якое фармавалася ў Францыі. Аднак ім у гэтым адмовілі. Большасць гэтых людзей знаходзілася ў французскім лагеры для інтэрнаваных у мястэчку Вернэт Д’Арыега. Пасля акупацыі Францыі нацыстамі частка польскіх інтэрбрыгадаўцаў далучылася да руху супраціву, іншых вывезлі ў лагер у Алжыры, адкуль тыя змаглі вызваліцца ў 1943 годзе. Некаторыя пазней з’ехалі ў СССР і змагаліся ў шэрагах 1-й арміі Народнага Войска Польскага.


Эвакуацыя рэспубліканцаў

Эвакуацыя рэспубліканцаў


Канец Рэспублікі


Франка ж не спяшаўся адсылаць замежнікаў. Толькі невялікая частка італьянскіх жаўнераў выехала дадому. Франкісты пачалі наступ на Каталонію. 14 студзеня 1939 года войскі паўстанцаў занялі Тарагону, што прымусіла рэспубліканскі ўрад збегчы з Барселоны, а ўжо 26 студзеня франкісты і італьянцы ўвайшлі ў гэты горад. 28 сакавіка 1939 года франкісты без бою ўвайшлі ў Мадрыд. 1 красавіка 1939 года Франка прамовіў: «Мы прайшлі». Так ён адказаў кіраўніцы Кампартыі Іспаніі Далорэс Ібаруры, якая ў ліпені 1936 года сказала: «Яны не пройдуць» (No pasarán).

Палонныя рэспубліканцы

Палонныя рэспубліканцы


Франка быў кіраўніком іспанскай дзяржавы да 1975 года. У 1970 годзе ён рэанімаваў манархію ў Іспаніі.

У выніку Грамадзянскай вайны загінула больш за паўмільёна чалавек. З краіны выехалі 250 тысяч жыхароў. Рэспубліканцы і франкісты выдаткавалі велізарныя сродкі на набыццё зброі. Для іншых дзяржаў (Германіі, Італіі і СССР) канфлікт у Іспаніі стаў палігонам для праверкі якасці сваіх войскаў і ўзбраення.




Фота з уласнага архіву Ігара Мельнікава

Абмеркаванне:

  • Васіль Лепеш
  • 2016-07-22 22:06:23
Мала мы ведаем пра тыя падзеі, хоць у СССР пра гэта любілі ўзгадваць, але ўсё роўна пра ўсё не казалі. Тут сустрэў шмат невядомага і вельмі цікавага. Дзякуй "Новы час" і асабліва аўтар!!!

Каментаваць