Яе дапытваў асабіста Цанава

На могілках у Яглевічах Івацэвіцкага раёна пахавана Еўдакія Антонаўна Казлова (сапраўднае прозвішча Козел). Яе добра памятаюць да сённяшніх дзён. Усё жыццё яна адпрацавала настаўніцай роднай мовы і літаратуры. Але лёс Дусі Казловай быў складаным...

Вучні Віленскай беларускай гімназі, другая справа Дуся Казлова, 1937 г.

Знаёмства

Сям’я ў бацькоў Дусі Козел (пазней яна памяняла сваё прозвішча на Казлову) была даволі вялікая — шасцёра дзяцей. Але бацьку Антону Фёдаравічу Козелу дастаўся ў спадчыну ладны кавалак зямлі, ён яе прадаў, каб за атрыманыя грошы вучыць дзяцей. Дуся нарадзілася ў бежанстве ў Самары. А калі бацькі вярнуліся на Бацькаўшчыну, дзяўчынка паступіла вучыцца ў Віленскую беларускую гімназію, якую ўзначальваў Радаслаў Астроўскі.

Вучыцца было няпроста. Неяк дырэктар Астроўскі выклікаў Еўдакію да сябе ў кабінет і, ведаючы слабое матэрыяльнае забеспячэнне гімназісткі, спытаў, чаму яна не напісала прашэнне аб дапамозе. Дзяўчына прамаўчала.

Яе любімым настаўнікам быў Хведар Ільяшэвіч. Любіла Дуся Казлова заняткі, якія праводзілі Барыс Кіт, Габрыелія Касіньская, Станіслаў Глякоўскі, Вольга Русак, Алёна Лекант-Сакалова, Пётр Шчасны і іншыя выкладчыкі. З ёй на адным курсе вучыліся В.Дук, Б.Сладкоўскі, А.Таўлай, Ю.Чатырка, В.Першукевіч, В.Новік, А.Бразоўскі, М.Лётка, Ю.Мацук, Н.Макоўская, М.Друцька, А.Беласік, Я.Карэтнікава, Я.Бузук.

Некаторыя з яе аднакурснікаў пасля заканчэння гімназіі адразу паступілі ў Віленскі ўніверсітэт. Напрыклад, Васіль Новік паступіў на матэматычны факультэт, туды ж паступіла і Еўдакія Казлова. Але ўсе планы гэтых шчырых беларусаў і іх выкладчыкаў перакрыжавала Другая сусветная вайна.

Еўдакія Казлова вярнулася дамоў. Спачатку працавала ў пачатковай школе ў Яглевічах, а потым — у Косаве. Калі родныя мясціны занялі немцы, дзяўчына зусім засталася без працы.

Маладая Еўдакія Казлова

У роднай вёсцы

У першыя месяцы вайны на ўскраіне Івацэвіч размясціўся лагер ваеннапалонных. Еўдакія Казлова разам з сяброўкамі збірала ў землякоў цёплае адзенне і харчаванне, а потым непрыкметна адносіла гэта за калючы дрот. А восенню 1941 года ёй нават удалося вывесці з лагера каля дваццаці палонных, сярод якіх быў і Сяргей Зорын.

Хутка ў тутэйшых лясах з’явіліся партызанскія атрады. І Дуся стала сувязной. Яна сустракалася з тым самым Сяргеем Зорыным і перадавала яму інфармацыю пра немцаў і нямецкі гарнізон у Івацэвічах. А таксама прыносіла медыкаменты, перавязачныя матэрыялы, харчаванне. За дзяўчынай хутка пачалі сачыць немцы, і нават спланавалі засаду ў вёсцы Яблонцы. Івацэвіцкія падпольшчыкі пра гэта даведаліся і хутка яе папярэдзілі.

Таму Казлова неўзабаве пакінула родную вёску і пераехала ў Слонім. Там праз знаёмых ёй удалося ўладкавацца на працу ў Слонімскую прагімназію. Але Дуся часам наведвала родную вёску і землякоў. З Яглевічаў у Слонім яна дабіралася цягнікамі. Спачатку з Івацэвіч да Баранавічаў, а потым з Баранавічаў да Слоніма.

Вучні Віленскай беларускай гімназіі з Хведарам Ільяшэвічам (крайні злева). Побач з ім Дуся Казлова

Аднойчы, калі дзяўчына села ў вагон, на яе звярнуў увагу высокі мужчына: «Здаецца, Казлова?» Еўдакія таксама пазнала былога дырэктара Віленскай беларускай гімназіі Радаслава Астроўскага. Астроўскі пацікавіўся, куды яна едзе. А даведаўшыся, прапанаваў: «Кідай працу ў Слоніме і пераязджай у Мінск. Я ствараю Беларускую цэнтральную раду. Будзеш працаваць у школьным аддзеле». Еўдакія шчыра падзякавала за прапанову і сказала, што падумае.

Па прыездзе ў Слонім Казлова сустрэлася з Іванам Міско (паэтам Анатолем Іверсам), якога асабіста ведала даўно, і распавяла пра нечаканую сустрэчу і прапанову. У той час Міско ўзначальваў Слонімскую падпольную антыфашысцкую арганізацыю, і прапанова Астроўскага яму спадабалася. Сам Іван Міско не любіў Астроўскага, які некалі выгнаў яго з Віленскай беларускай гімназіі. А цяпер тым больш — за тое, што пайшоў служыць да немцаў.

Міско падзяліўся навіной з сакратаром падпольнага Слонімскага райкама партыі Міхаілам Анішчыкам. І той даў загад, каб Казлова неадкладна ехала ў Мінск і вяла разведку ў Беларускай цэнтральнай радзе (БЦР).


У Беларускай цэнтральнай радзе

Казлова такой прапановы спалохалася, але іншага выйсця ўжо не было. Яна напісала пісьмо Астроўскаму і хутка атрымала адказ — прыязджай. І дзяўчына напрыканцы 1943 года выправілася ў Мінск. У БЦР яе сустрэлі шчыра, выдалі часовае пасведчанне № 57. На ім было напісана, што Еўдакія Казлова працуе ў школьным аддзеле статыстам. Год нараджэння — 1920, месца нараджэння — Самара, № пашпарту АВ 25737. Год нараджэння чамусьці напісаны памылкова, бо яна нарадзілася ў 1917 годзе.

Часовае пасведчанне Еўдакіі Казловай

Жыла дзяўчына на тэрыторыі БЦР. Натуральна, бачыла, што адбываецца там і вакол. Імкнулася ўсё запомніць. На сувязь да яе прыязджаў падпольшчык са Слоніма Мікалай Ціхан. А калі 27 чэрвеня 1944 года ў зале Мінскага гарадскога тэатра адбываўся Другі Усебеларускі кангрэс, Казлова дастала дакументы для некалькіх падпольшчыкаў, якія таксама пабывалі на гэтым мерапрыемстве. З БЦР дзяўчына падпольшчыкам перадавала друкаркі, паперу, сакрэтныя дакументы. Для сустрэчы з падпольшчыкамі і партызанамі яна і сама прыязджала ў родную вёску Яглевічы да бацькоў, а адзін раз — у вёсцы Размеркі Івацэвіцкага раёна сустракалася з Міхаілам Анішчыкам і Іванам Міско.

Дуся Казлова (злева) з сяброўкай у Слоніме, 1943 г.

Разам з тым Казлова, карыстаючыся прыхільнасцю прэзідэнта БЦР Радаслава Астроўскага, садзейнічала адкрыццю беларускіх школ не толькі, напрыклад, у Косаўскім раёне, але і ў сумежных раёнах. У вёсцы Яглевічы настаўніцай пачатковай школы працавала яе малодшая сястра Кацярына Козел, якая вучыла дзетак чытаць і пісаць па-беларуску. І ёй на ніве беларускага школьніцтва шмат дапамагала Еўдакія.

Вяртанне дамоў

Калі немцы пачалі адступаць на Захад, з імі сабраліся ў дарогу і многія сябры БЦР. Яны селі ў цягнік і з’ехалі ў заходнім кірунку. Сярод работнікаў БЦР была і Еўдакія Казлова, але яна па дарозе ўцякла ў родную вёску. Аднак у першыя ж дні знаходжання дома Казловай прыйшлося перажыць шмат непрыемных момантаў. Аднойчы вечарам у іх хату забег сусед Аляксей Прымак і са злосцю закрычаў: «Прыехала ўсё-ткі дамоў! Ах ты, нямецкая сука!..». Ён ускінуў вінтоўку. Маці з плачам засланіла сабой дачку, а бацька кінуўся да суседа. «Ты што, здурэў! — закрычаў ён. — Гэта такая падзяка за тое, што Дуся аднойчы выратавала табе жыццё?» Прымак апусціў вінтоўку…

І гэта быў не адзіны выпадак, калі вяскоўцы скоса глядзелі на сваю зямлячку, і нават адкрыта казалі, што яна служыла немцам. Не было спакойнага жыцця ёй і ў школе, куды яна пайшла працаваць адразу пасля вайны. Некаторыя настаўнікі ў вочы жанчыну называлі здрадніцай. Еўдакіі Антонаўне прыходзілася апраўдвацца, казаць, што ў Мінску выконвала партыйнае заданне. А ёй казалі: калі выконвала заданне, пакажы даведку. А даведкі не было.

Казлова вырашыла звярнуцца па пацвярджэнне да сваіх слонімскіх сяброў-падпольшчыкаў. Былы камісар партызанскага атрада імя Дзяржынскага Ракасоўскай брыгады Іван Дабрыян і былы сакратар Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта Іван Міско напісалі, зацвердзілі ў натарыўсаў і хутка даслалі пацвярджэнні, а вось былы сакратар Слонімскага падпольнага райкама партыі Міхаіл Анішчык просьбу Казловай выконваць не спяшаўся. Аказалася, што інфармацыю разведвальнага характару лягчэй здабыць у ворага, чым даведку аб падпольнай рабоце ў таго, хто пасылаў на гэтую работу.

Зацкаваная настаўніца з вёскі Яглевічы не адзін раз ездзіла да Анішчыка. А ён пад рознымі надуманымі прычынамі ў даведцы адмаўляў.

Аднойчы Іван Міско сустрэў Еўдакію Казлову ў Слоніме. Жанчына шчыра павіталася і была нечым задаволеная. Іван Міско спытаўся:

— Пэўна ў школе адчапіліся ад цябе?

— Даў Анішчык нумар вайсковай часткі, куды перадаваліся па рацыі мае разведдадзеныя.

— Злітаваўся?

— Нічога дарма не робіцца, — дыпламатычна ўсміхнулася Еўдакія Антонаўна. — Праўда, даведку на рукі я не атрымала, яе даслалі ў райана. І адтуль ужо прыйшла каманда ў школу, каб спынілі пераслед…

Пасля дасланых пацвярджэнняў больш ніхто Еўдакію Казлову ні ў чым не папракаў. Яна спакойна працавала настаўніцай роднай мовы, яе, як ветэрана вайны, запрашалі на сустрэчы, да яе пісалі пісьмы з розных куткоў Беларусі настаўнікі, вучні, сябры, выкладчыкі ВНУ, простыя людзі.

Шчаслівыя Еўдакія Казлова і Рыгор Зыбайла


Загадка Еўдакіі Казловай

У 1946 годзе Казлову, якая ўжо працавала настаўніцай, арыштавалі супрацоўнікі МДБ і прывезлі ў Мінск на допыт. Дапытваў асабіста міністр дзяржбяспекі БССР Цанава. Пасля некалькіх сустрэч з Цанавам Казлову выпусцілі на волю. Нават цяжка прыгадаць яшчэ выпадкі, каго, пасля сустрэч з Цанавам, выпускалі дамоў, а не адпраўлялі ў ГУЛАГ ці проста расстрэльвалі.

Еўдакія Казлова не трапіла ў ГУЛАГ, а апынулася на свабодзе. І тут прыгадваецца адзін факт з ліста Ларысы Геніюш да Часлава Найдзюка. 27 ліпеня 1947 года беларуская паэтка пісала яму з Прагі: «Акцыю» на беларусаў у Празе праводзіла Казлова са Слоніма — член ведамай Вам жудаснай установы (пры помачы беларусаў тутэйшых)…» З гэтага вынікае, што нібыта былую студэнтку Віленскай беларускай гімназіі завербавала савецкая дзяржбяспека, каб вылоўліваць беларускіх патрыётаў у Чэхіі ў другой палове 1940-х гадоў. Хаця стопрацэнтных доказаў гэтаму няма. Усе кропкі над «і» можна будзе паставіць толькі тады, калі будуць адкрытыя архівы КДБ.

Калі Еўдакія Казлова падчас вайны працавала настаўніцай у Слонімскай прагімназіі, яна пазнаёмілася з Рыгорам Зыбайлам. Так, з тым самым Рыгорам Зыбайлам — сябрам ЦК Беларускай незалежніцкай партыі, удзельнікам Першага штурмавога звязу, афіцэрам Беларускай краёвай абароны, намеснікам старшыні Беларускай самапомачы, удзельнікам дэсантнага батальёна «Дальвіц»... Падчас вайны ён знаходзіўся ў Слоніме і працаваў на пасадзе старшыні акруговага камітэту БНС. У Казловай і Зыбайлы ўзнікла каханне, і маладыя марылі пра сямейнае жыццё. На адным са сваіх здымкаў, падараваных Казловай, Рыгор па-беларуску напісаў: «Дарагой Дусі на памяць з часоў супольнай працы ў Слоніме. Ад Рыгора, Слонім, 1943 г.».

Малады Рыгор Зыбайла, 1943 г.


Пасля вайны Рыгор Зыбайла быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў. А калі ён вярнуўся дамоў, то зноў спаткаўся з Еўдакіяй, і яны пажаніліся. І разам пражылі да самай смерці. Зыбайла і Казлова пахаваны побач на могілках у вёсцы Яглевічы на Івацэвіччыне.


Фота з архіва аўтара. Друкуюцца ўпершыню



Абмеркаванне:

  • Олег Витебск
  • 2017-03-07 09:44:49
Спасибо. Хороший материал. Новый. Побольше нового. Интересного

Каментаваць