Як аднаасобнікі ад павіннасцяў ухіляліся, і што з гэтага атрымалася

Асуджэнне на адносна кароткія тэрміны зняволення за нязначныя правіннасці было адным са складнікаў сталінскага тэрору. А некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэксу — напрыклад, артыкулы 93 і 94 КК БССР, — каралі за супраціў «бальшавіцкаму прыгоннаму праву».

Засцянковы бунт

5 лістапада 1935 года суд 3 участка горада Менска ў складзе суддзі Манько, членаў-засядацеляў Сташкевіча і Камлюк пры сакратары Стрыгун разгледзеў у двух асобных пасяджэннях справы двух аднаасобнікаў засценка Трасцянец Трасцянецкага сельсавета. На абодвух пасяджэннях адсутнічалі абаронца і пракурор — з пункту гледжання юстыцыі СССР, прысутнасць такіх важных людзей на такіх нязначных судах была залішняй. Абодвух абвінавачвалі па другой частцы артыкула 94 Крымінальнага кодэкса БССР 1928 года. У рэдакцыі 1933 года артыкул гучаў наступным чынам:

«Адмаўленне паасобных грамадзян выконваць павіннасці і работы, якія маюць агульнадзяржаўнае значэнне, выклікае — штраф, які накладаецца адпаведным органам улады ў межах да пяціразовага размеру кошту павіннасці або работы.

Такія самыя дзеянні, калі яны ўчынены ў другі раз, або злоснае адмаўленне выконваць указаныя павіннасці і работы хаця б і ў першы раз, выклікаюць — папраўча-працоўныя работы да аднаго года або пазбаўленне свабоды да трох год.

Такія самыя дзеянні, калі яны ўчынены кулакамі хаця б і ў першы раз, выклікаюць — пазбаўленне свабоды не менш як на тры гады з канфіскацыяй маёмасці».

Адзін з падсудных — Канстанцін Мікалаевіч Ляшкевіч, 1901 года нараджэння, беспартыйны, жанаты, меў дваіх утрыманцаў, быў несудзімым, ваеннаабавязаным, радавым, у 1935 годзе заплаціў падатку 500 рублёў. Паводле словаў прысуду, Ляшкевіч «упарта адмаўляўся ад выканання даведзенага пасяўнога плана жыта на 1935 год. Тлумачэнні Ляшкевіча, што ён адмовіўся выканаць пасяўны план з прычыны сваёй хваробы, нічым не абгрунтаваны і абвергнуты [...] сведкамі». Канстанцін Ляшкевіч быў прысуджаны да турэмнага зняволення з адбыццём у агульных месцах зняволення тэрмінам 2 гады. Мерай стрымання да ўваходу прысуду ў законную сілу была падпіска аб нявыездзе са сталага месца жыхарства.

Другі падсудны быў больш «буйной птушкай». Па-першае, родная сястра 40-гадовага Фёдара Аляксандравіча Ермаловіча была выслана як кулачка. Па-другое, у 1931, 1932 і 1933 гадах ён абкладаўся цвёрдым заданнем. «Цвёрдазаданцы» былі асобнай групай сярод аднаасобнікаў (небяспечна блізкай да катэгорыі «кулакоў») у пачатку 1930-х гадоў: гэтым параўнальна заможным сялянам даваліся вялікія пасяўныя планы і заданні па дзяржпастаўках.

Фёдар Ермаловіч быў пісьменным, беспартыйным, несудзімым, жанатым беларусам, меў трох утрыманцаў. Ваеннаабавязаны, радавы, у Чырвонай Арміі ён служыў 2 гады, у царскай арміі служыў з 1915 па 1917 год. У 1935 годзе заплаціў падатку 785 рублёў. «У час азімага сева 1935 года будучы старшым на дзесяцідворні ў засценку Трасцянец пры давядзенні пасяўнога плана адмовіўся падпісаць акт на атрыманне зямлі, а на яго гледзячы адмовіліся прыняць план пасева і ўсе астатнія аднаасобнікі ў ліку 17 двароў». «Суд устанавіў, што адказ 17 двароў ад пасева толькі з той прычыны, што Ярмаловіч паўліяў сваім аўтарытэтам на ўсіх астатніх 17 двароў, якія адмовіліся ад сева» (асаблівасці правапісу арыгінала часткова захаваны). Фёдар Ермаловіч быў асуджаны да турэмнага зняволення з адбыццём у агульных месцах зняволення тэрмінам 3 гады. Яго ўзялі пад варту ў зале суда.

Аднак асуджаны абскардзіў прысуд. 13 снежня 1935 года касацыйная калегія Вярхоўнага суда БССР у складзе старшыні Радзівон і членаў Табачнікавай і Шмідт па касацыйнай скарзе перагледзела справу №21903/69 па абвінавачанні Фёдара Ермаловіча і вынесла азначэнне. Вярхоўны суд прызнаў кваліфікацыю дзеянняў Ермаловіча па частцы 2 артыкула 94 правільнай (не выканаў даведзены план азімага пасеву), але Ермаловіч не мог несці крымінальную адказнасць за дзеянні іншых асоб, якія ўваходзілі ў яго дзесяцідворку. Суд пастанавіў «меру крымінальнага пакарання Ермаловічу замяніць адным годам прымусовых работ у КМР [калоніі масавых работ], вызваліўшы яго з-пад варты».

13 ліпеня 1936 года суддзя суда 3 участку Менска Манько «знайшоў, што касацыйная калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР пры вынясенні свайго азначэння ад 13 снежня 1935 года не залічыла асуджанаму Ермаловічу Фёдару папярэдняга ўтрымання пад вартай» з 5 лістапада па 17 снежня 1935 года. Пасля залічэння аднаго дня ўтрымання пад вартай за тры дні папраўча-працоўных работ канчатковай мерай пакарання для Ермаловіча былі 8 месяцаў і 4 дні папраўча-працоўных работ.


Новы прыгон

У 1930-я гады ў СССР была створана шырокая сістэма не толькі грашовых падаткаў, але і натуральных павіннасцяў для сялян, прычым выконваць павіннасці мусілі як калгаснікі, так і аднаасобнікі. Для калгаснікаў былі прадугледжаныя некаторыя палёгкі, затое для іх існаваў дадатковы абавязак адпрацаваць пэўную колькасць працадзён у калгасе. Павіннасці — архаічная форма эксплуатацыі сялян, іх небеспадстаўна параўноўваюць з павіннасцямі пры прыгонным праве.

Існавалі гужавая (пераважна вываз лесу з лесараспрацовак) і дарожная (удзел у будаўніцтве дарог) павіннасці, адпрацовачная павіннасць у торфаздабыўнай прамысловасці, разнастайныя натуральныя «аброкі». Натуральна-прадуктовыя павіннасці былі ўведзеныя ў 1933 годзе ў форме абавязковых паставак дзяржаве прадуктаў (не толькі харчовых), якія вырабляліся ў сялянскай гаспадарцы.

Парадак і нормы абавязковай здачы пшаніцы, жыта, аўса, проса, грэчкі, бабовых і (для некаторых рэгіёнаў) кукурузы рэгуляваліся супольнай пастановай СНК СССР і ЦК УКП(б) ад 19 студзеня 1933 года «Аб абавязковай пастаўцы зерня дзяржаве калгасамі і аднаасобнымі гаспадаркамі». Аб’ёмы пастаўкі зерня вылічваліся, сыходзячы з плошчы, запланаванай для пасеву той ці іншай культуры.

Планы пасеву для аднаасобнікаў вызначаліся, як можна здагадацца, не самімі аднаасобнікамі, а сельсаветамі. Сельсаветы ж усталёўвалі і абавязальніцтвы па здачы зерня для кожнай аднаасобнай гаспадаркі. Норма здачы зерня з гектара для аднаасобнікаў была на 5–10 працэнтаў вышэйшай за норму для калгасаў (для БССР норма для калгасаў складала 0,8 цэнтнера з гектара). Звыш таго, «для забеспячэння хлебам па цвёрдых дзяржаўных цэнах сельскіх настаўнікаў, аграномаў і медработнікаў», былі ўсталяваныя абавязковыя налічэнні ў памеры 2 працэнты ад сумы абавязальніцтваў па здачы зерня дзяржаве.

Пастанова ад 19 студзеня 1933 года прадпісвала аддаваць аднаасобныя гаспадаркі, якія не выканалі ў тэрмін сваіх абавязальніцтваў па здачы зерня дзяржаве, пад суд паводле арт. 61 Крымінальнага кодэкса РСФСР і аналагічных артыкулах КК іншых рэспублік (для БССР такім артыкулам быў арт. 94). Як правіла, судзілі кіраўніка гаспадаркі, якім лічыўся старэйшы працаздольны мужчына. Жанчыны траплялі пад суд у выпадку адсутнасці ў гаспадарцы дарослых мужчын (як правіла, гэта былі ўдовы і разведзеныя).

Як бачым, судовыя дакументы паказваюць супраціў сялян-аднаасобнікаў сталінскай сістэме. Складана меркаваць, што паслужыла непасрэднай нагодай для сялянскага бунту ў засценку Трасцянец. Магчыма, сельсавет рэзка павялічыў план пасяўных плошчаў, каб спагнаць з сялян больш зерня. Магчыма, сялян абурыла тое, што ў апошні раз іх абадралі як ліпку і пакінулі ім меншую частку ўраджаю (тут варта звярнуць увагу на вялікія памеры грашовых падаткаў, якія заплацілі ў 1935 годзе Фёдар Ермаловіч і Канстанцін Ляшкевіч).

Але, хутчэй за ўсё, сяляне ўсё больш карысталіся блізасцю да сталіцы рэспублікі і працавалі ці падпрацоўвалі ў горадзе (напрыклад, як рамізнікі ці гандляры), а таму не маглі засяваць такія самыя плошчы, як раней. Як піша амерыканская даследчыца Шэйла Фіцпатрык у кнізе «Сталінскія сяляне», адмова сеяць была шырока распаўсюджанай сярод аднаасобнікаў па ўсім СССР.

Раскулачванне сялян



Рабочы, але ж і селянін!

Сярод дакументаў суда 3 участка горада Менска ёсць сведчанні пра сялян, якія спрабавалі перайсці ў разрад рабочых і такім чынам пазбегнуць выканання павіннасцей. Так, пайшоў працаваць качагарам на чыгунку аднаасобнік вёскі Бардзілаўка Кайкаўскага сельсавета Андрэй Васілевіч Шкор, 1894 года нараджэння, беларус, малапісьменны, беспартыйны, жанаты, які меў чатырох утрыманцаў. Але сельсавет і суд гэта не цікавіла: нават калі ты рабочы, аднаасобнікам ты застаешся і пасяўны план мусіш выконваць!

31 кастрычніка 1935 года суддзя Манько і члены-засядацелі Хмялеўскі і Кунцэвіч пры сакратары Стрыгун разглядзелі справу Андрэя Шкора. Суд адзначыў, што падсудны пазбаўляўся выбарчых правоў (пазней узноўлены ў іх), а ў 1933 годзе ён абкладаўся індывідуальна за «спекуляцыю сялёдак». Андрэй Шкор «у 1935 годзе катэгарычна адмовіўся выканаць вясенні і азімы планы сева, даведзеныя Кайкаўскім сельсаветам. Таксама не выканаў мясанарыхтоўку за 1935 год». Небарака быў асуджаны па частцы 2 артыкула 94 КК БССР да турэмнага зняволення ў агульных месцах зняволення тэрмінам 1 год і 6 месяцаў.

Сяляне здаюць хлеб дзяржаве



«Самы гуманны суд у свеце»

На прыкладзе наступнай справы можна пабачыць амаль увесь спектр падаткаў і натуральных павіннасцяў, якія неслі сяляне СССР у 1930-я гады. 1 сакавіка 1936 года суд 3 участка горада Менска ў складзе суддзі Манько, членаў-засядацеляў Запольскага і Шарко пры сакратары Галавачы разгледзеў справу 32-гадовага малапісьменнага несудзімага Міхаіла Максімавіча Корзуна, аднаасобніка вёскі Волма Кліноцкага сельсавета Чэрвеньскага раёна. Падсудны быў жанаты, меў двух утрыманцаў, да калектывізацыі меў 5 гектараў зямлі, 1 каня, 1 карову, выбарчых правоў не пазбаўляўся. Ён быў «вінаваты» ў тым, што «недавыканаў план веснавога сева 1935 года, а таксама не выканаў дзяржаўных абавязкаў зерневых культур 430 кіло, бульбы 1176 кіло, ільновалакна 33 кіло, мяса 50 кіло, сельскагаспадарчага падатку і страхоўкі ў суме 563 рублі. Як устаноўлена пры допыце сведкаў, падсудны Корзун усе дзяржаўныя абавязкі не выканаў дзякуючы таму, што маёмасць разбазарыў і ўпарта супраціўляўся выконваць дзяржаўныя абавязкі». «У моц артыкула 94 КК БССР» Міхаіла Корзуна пакаралі двума гадамі пазбаўлення волі ў агульных месцах зняволення. У гэты тэрмін было залічана папярэдняе ўтрыманне пад вартай з 26 лістапада 1935 года па 1 сакавіка 1936 года. Мерай стрымання да ўступлення прысуду ў законную сілу было прызначана ўтрыманне пад вартай у Менскай турме.

Але ў 1937 годзе БССР скаланула так званая «лепельская справа». Справа гэтая была складовай часткай вялікага тэрору і была выкарыстана крамлёўскім кіраўніцтвам як падстава для рэпрэсій супраць кіраўніцтва менскага (было рэпрэсавана таксама шмат начальнікаў раённага ўзроўню з розных частак рэспублікі). Кіраўнікі абвінавачваліся ва злоўжываннях і гвалце з калгаснага сялянства. Адначасова былі дадзеныя некаторыя эканамічныя палёгкі калгасам, калгаснікам і аднаасобнікам (пры гэтым паралельна праводзілася антысялянская «кулацкая» аперацыя НКУС). 2 жніўня 1937 года ЦК УКП(б) і СНК СССР прынялі пастанову №1261 «Аб аказанні дапамогі калгаснаму сялянству БССР і аб ліквідацыі вынікаў шкодніцтва ў справе калгаснага ўпарадкавання». Сярод іншага, пастанова прадугледжвала дазвол для калгаснікаў і аднаасобнікаў пасвіць жывёлу ў лясах, спісанне з іх нядоімак па бульбапастаўках за 1936 год, па мясапастаўках за 1935 і 1936 гады, па малакапастаўках за 1936 год. Аднаасобнікам даваліся льготы пры ўступленні ў калгас, у тым ліку з іх спісваліся ўсе запазычанасці мінулых гадоў як па натуральных, так і па грашовых плацяжах. Відавочна, пастанова мела за мэту прыцягнуць у калгасы аднаасобнікаў, якіх у БССР усё яшчэ налічвалася каля 100 тысяч гаспадарак.



Як піша гісторык Ірына Раманава, «на падставе гэтай пастановы (ад 2 жніўня 1937 г.) перагляду падлягалі ўсе справы асуджаных у 1934–1937 гадах за невыкананне дзяржаўных абавязацельстваў па натуральных пастаўках і грашовых плацяжах, а таксама справы аб лесапарушэннях і самаўпраўным захопе зямлі калгаснікамі і аднаасобнікамі. Праводзіўся перагляд спраў і вызваленне з-пад варты няправільна асуджаных «асобаў сельскага і калгаснага актыву». З лістапада 1937 года да траўня 1938-га, паводле дадзеных Вярхоўнага суда, былі перагледжаны 51 882 справы ў адносінах да 72 817 чалавек. У выніку больш чым з 38 тысяч чалавек рашэннем ЦВК БССР была знята судзімасць, у адносінах да 5,6 тысячы прысуды былі адменены».

Была перагледжана і справа Міхаіла Корзуна пад №35773/69. Гэта зрабіла 25 лютага 1938 года касацыйная калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР у складзе старшыні Пасюкова і членаў Ісачэнка і Іванчанка. «Улічваючы, што мясапастаўкі з працоўных пастановай ураду зняты, і што ільнопастаўкі Корзунам не выкананы не ў сувязі з яго злоснасцю, што ж датычыцца неўнясення падатку, то і ў даным выпадку не ўстаноўлена злоснасць, і пры такіх акалічнасцях прыцягваць Корзуна да крымінальнай адказнасці не выклікалася неабходнасцю», калегія Вярхоўнага суда прысуд суда першай інстанцыі адмяніла, справу Корзуна «далейшым вытворам» спыніла і крывадушна пастанавіла «вызваліць яго з-пад варты». Крывадушна, бо азначэнне калегіі было вынесена 25 лютага 1938 года, а Міхаіл Корзун мусіў выйсці са зняволення яшчэ ў лістападзе 1937 года. Верагодна, яму нават не паведамілі, што яго справу спынілі. Вось так выглядала сталінская «рэабілітацыя».

 

Рэабілітацыя 1990-х гадоў

Пастанова Вярхоўнага Савета Беларусі ад 6 чэрвеня 1991 года «Аб парадку рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 20–80-х гадоў у Рэспубліцы Беларусь» вызначае, што рэабілітацыі падлягаюць, сярод іншых, «сяляне, у тым ліку прызнаныя кулакамі, асуджаныя за няўплату павышаных падаткаў і адмову ад выканання павіннасцей і работ, якія маюць агульнадзяржаўнае значэнне, па артыкуле 93 і артыкуле 94 Крымінальнага кодэкса БССР 1928 года». Пастанова працягвае дзейнічаць.

На жаль, не атрымалася высветліць, ці былі рэабілітаваныя героі гэтага матэрыялу. У размешчаных у адкрытым інтэрнэце базах дадзеных іх імёнаў няма. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь ёсць база дадзеных «Неабгрунтавана рэпрэсіраваныя грамадзяне Беларусі». Але Нацыянальны архіў фактычна закрыў базу: звесткі па тым ці іншым рэпрэсаваным (рэпрэсаванай) цяпер выдаюцца толькі яго (яе) сваякам. Гэта не толькі незаконна (бо наўпрост парушае пастанову Вярхоўнага Савета «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку ўзнаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20–80-х гадах»), але і абсурдна: у многіх рэпрэсаваных нашчадкаў і блізкіх сваякоў не засталося, і пра лёс такіх людзей цяпер паспалітаму чалавеку (напрыклад, краязнаўцу ці журналісту) дазнацца проста немагчыма.

Таму «Новы Час» просіць звязацца з рэдакцыяй тых, хто ведае нешта пра герояў матэрыялу ці з’яўляецца іх сваяком.




 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць