Як Цешын пасварыў Прагу і Варшаву

Адной з найбольш супярэчлівых старонак у гісторыі міжваеннай Польшчы з’яўляецца яе ўдзел у раздзеле Чэхаславацкай Рэспублікі ў 1938 годзе.

Войска Польскае ў Цешыне




Генезіс праблемы


Найбольш небяспечнымі суседзямі Польшчы ў міжваенныя гады лічыліся Савецкі Саюз і Германія, таму польскія амбасадары ў Берліне (Юзаф Ліпскі) і Маскве (Вацлаў Гжыбоўскі) спрабавалі, наколькі гэта было магчыма, трымаць сітуацыю пад кантролем. Але было і яшчэ адно месца на еўрапейскай мапе, якое выклікала непакой Варшавы. Гаворка ідзе пра Чэхаславакію. Справа ў тым, што пасля ліквідацыі імперыі Габсбургаў пачалася канфрантацыя паміж чэхамі і палякамі за спрэчныя памежныя тэрыторыі (Цешынскую Сілезію, Спіш і Араву), на якіх жылі прадстаўнікі розных народаў, у тым ліку палякі і чэхі. Барацьба за гэтыя землі была звязана з тым, што там знаходзіліся шахты, дзе здабываўся вугаль-кокс, а таксама прадпрыемствы металаапрацоўчай вытворчасці. Таксама тут праходзілі стратэгічныя чыгуначныя шляхі.

У лістападзе 1918 года Польская нацыянальная рада Цешынскай Сілезіі заключыла пагадненне з Чэшскім народным сходам Сілезіі, на падставе якога спрэчная вобласць была падзелена паміж дзвюма краінамі. Пры гэтым большая яе частка дасталася палякам. Аднак такі статус-кво працягваўся нядоўга. Яшчэ ў верасні 1918 года Парыж заключыў з Прагай дамову аб аднаўленні незалежнасці Чэхаславацкай дзяржавы ў гістарычных межах.

У студзені 1919 года чэхаславацкія войскі выціснулі палякаў з Цешынскай вобласці. Ужо 3 лютага ў Парыжы Раманам Дмоўскім, Эдвардам Бенешам і прадстаўнікамі Антанты была падпісана дамова, паводле якой новая мяжа павінна была праходзіць уздоўж Кошыцка-Багумінскай чыгункі, якая звязвала Чэхію і Славакію, пры гэтым вугальныя радовішчы і Багумін адыходзілі Чэхаславакіі. Аднак 23 лютага 1919 года чэхі ўзнавілі наступленне. 25 мая прэм’ер Польшчы Ігнацій Падэрэўскі прапанаваў прэзідэнту Чэхаславакіі Томашу Масарыку правесці на гэтых тэрыторыях плебісцыт, аднак Прага не пагадзілася. Летам 1920 года войскі Чырвонай Арміі стаялі ля Варшавы, і дадзеную, неспрыяльную для Другой Рэчы Паспалітай сітуацыю, выкарысталі ў Празе. Чэхаславацкае кіраўніцтва прапанавала дзяржавам Антанты падзяліць спрэчны рэгіён без плебісцытаў. Урэшце ў ліпені 1920 года чэхам удалося пераканаць замежных палітыкаў, і тыя пагадзіліся на чэхаславацкі варыянт падзелу Цешынскай вобласці. Цікавым фактам з’яўляецца тое, што немцы, якія пражывалі там, выказаліся за ўваходжанне гэтых зямель у склад Чэхаславакіі.

Адольф Гітлер, Беніта Мусаліні, Нэвіл Чэмберлен падчас сустрэчы ў Мюнхене



«Халодная вайна» па-славянску


У міжваенны час Цешынскі рэгіён стаў яблыкам разладу ў стасунках дзвюх дзяржаў, пры тым, што адкрытых супярэчнасцяў паміж Варшавай і Прагай не было. Чэхаславацкае кіраўніцтва праводзіла там так званую «палітыку багемізацыі», якая прыводзіла да эміграцыі часткі польскага насельніцтва. У сваю чаргу, Варшава вельмі холадна ставілася як да чэшскай меншасці, якая пражывала ў межах Другой Рэчы Паспалітай, так і да Чэхаславакіі ў цэлым. Польшчы таксама не падабалася тое, што чэхі тайна падтрымлівалі ўкраінскі рух у Галіцыі.

Разам з тым, паміж краінамі рабіліся спробы знайсці агульную мову. Міністр замежных спраў Другой Рэчы Паспалітай Канстанцін Скірмунт, які, дарэчы, нарадзіўся ў Моладаве на Беларусі, разам з чэхаславацкім калегам Эдвардам Бенешам яшчэ ў 1921 годзе падпісалі палітычную дамову, дзе, між іншым, абумоўліваліся гарантыі адсутнасці паміж дзвюма краінамі тэрытарыяльных прэтэнзій. Цікавым момантам, на якім, дарэчы, настойвала Варшава, было прызнанне Прагай новых усходніх межаў Польшчы, замацаваных Рыжскай мірнай дамовай у сакавіку 1921 года. Канстанцін Скірмунт спадзяваўся, што гэты дакумент акажа пазітыўны ўплыў на збліжэнне Польшчы з краінамі Малой Антанты (Чэхаславакіяй, Югаславіяй і Румыніяй). Польскі Сейм, аднак, не ратыфікаваў дамову, і пра «пацяпленне» ва ўзаемных адносінах паміж Польшчай і Чэхаславакіяй давялося забыць.

Чарговы міністр замежных спраў Польшчы Аляксандр Скшыньскі таксама не дабіўся вялікіх поспехаў у справе паляпшэння адносін з паўднёвым суседам. У лістападзе 1932 года новым кіраўніком Міністэрства замежных спраў Другой Рэчы Паспалітай стаў былы вайсковец Юзаф Бэк. Ён паспрыяў хуткаму амаладжэнню МЗС. У гэты час важную ролю сталі адыгрываць новыя амбасадары Польшчы ў галоўных еўрапейскіх сталіцах. Менавіта іх меркаванні аказвалі вялікі ўплыў на фарміраванне агульнай знешнепалітычнай стратэгіі Варшавы ў 1930-я гады. Пры гэтым кіраўніцтва міжваеннай польскай дыпламатыі спрабавала ўстанавіць свае правілы гульні на міжнароднай арэне, якія ўпісваліся ў словазлучэнне: «Нічога пра нас, без нас». У 1933 годзе кіраўнік польскага МЗС спрабаваў атрымаць падтрымку Прагі ў справе супрацьдзеяння заключэнню Пакту Чатырох (Італіі, Германіі, Вялікабрытаніі і Францыі), аднак чэхі і ў гэтай справе не падтрымалі Варшаву.

Нямецкая антысавецкая карыкатура, якая высмейвала савецкую вайсковую дапамогу

Нямецкая антысавецкая карыкатура, якая высмейвала савецкую вайсковую дапамогу



З 1934 года назіралася пэўнае збліжэнне Варшавы і Берліна. Палякі імкнуліся нармалізаваць стасункі з Германіяй, а Гітлер, у сваю чаргу, бачыў у Другой Рэчы Паспалітай хаўрусніка ў баявых дзеяннях супраць СССР. Нацысты ўлічвалі, што Войска Польскае выдатна падрыхтавана для баявых дзеянняў «на рускім бездарожжы», і на гэты фактар камандаванне вермахту рабіла вялікі акцэнт. Такая сітуацыя нервавала не толькі Чэхаславакію, але і Сталіна, які да канца 1930-х гадоў разглядаў менавіта Польшчу як найбольш верагоднага праціўніка ў будучай вайне. У 1937–1938 гадах Юзаф Бэк зрабіў акцэнт на рэалізацыі канцэпцыі «Міжмор’я», якая прадугледжвала стварэнне хаўрусу дзяржаў ад Балтыкі да Чорнага мора. Аднак яе рэалізацыі перашкаджаў канфлікт паміж Польшчай і Літвой, а таксама тэрытарыяльныя спрэчкі паміж Венгрыяй і Румыніяй. Да таго ж, у формулу «Міжмор’я» не ўпісвалася нязгодлівая Чэхаславакія.


Цешын

Цешын



Вайна грукае ў дзверы


А тым часам кіраўніцтва нацысцкай Германіі ўзялося за вырашэнне «германскага пытання», звязанага з «дапамогай суайчыннікам». Спачатку да Рэйху была далучана Аўстрыя. Нарэшце прыйшоў час і Чэхаславакіі, дзе пражывала значная колькасць немцаў. У гэтай сітуацыі Прага спадзявалася на дапамогу Парыжу. Аднак французы спужаліся канфлікту з нацыстамі і «ўмылі рукі». У пачатку траўня 1938 года ў Варшаве адбылося пасяджэнне польскага ўраду, на якім абмяркоўвалася пазіцыя Другой Рэчы Паспалітай па «чэхаславацкім пытанні». У выніку Варшава ўзмацніла ціск на Прагу і абвінаваціла апошнюю ў прыцісканні польскай меншасці і распаўсюджванні камуністычных ідэй. У адказ на пагрозы з Поўначы чэхі прывялі ў баявую гатоўнасць свае войска, дарэчы, адно з лепшых у тагачаснай Еўропе. У гэтай сітуацыі выправіць сітуацыю мог голас Вялікабрытаніі, аднак Лондан вырашыў «ратаваць» мір за кошт саступак Гітлеру.

Асаблівую пазіцыю ў гэтай справе заняў Савецкі Саюз. 18 траўня 1939 года падчас сустрэчы паўнамоцнага прадстаўніка СССР Сяргея Аляксандроўскага з прэзідэнтам Чэхаславакіі Эдвардам Бенешам апошні падкрэсліў: «Уявіце сабе, што Чэхаславакія пакінута без дапамогі і Германія разбівае нашае войска. Тады, можаце быць упэўнены, што мы будзем змагацца, прабівацца на Усход на злучэнне з Чырвонай Арміяй. Уся мая праца будзе накіравана на захаванне войска, ці яго частак, якія будуць змагацца ў шыхтах чужых войскаў і зноў вернуцца пераможцамі на сваю Радзіму».

Польскі прапагандысцкі плакат

Польскі прапагандысцкі плакат


Масква прапанавала размясціць свае войскі на чэхаславацкай тэрыторыі. Пра гэта 9 траўня 1938 года ў Жэневе французскаму міністру замежных спраў Жоржу Банэ казаў савецкі наркам Максім Літвінаў. Аднак гэта не ўпісвалася ў планы Польшчы і Румыніі, праз тэрыторыю якіх прапанавалася перакінуць падраздзяленні РСЧА. Варшава і Бухарэст добра разумелі, чым можа скончыцца такі вайсковы транзіт. Дарэчы, доказам гэтаму з’яўляецца гісторыя савецкай акупацыі краін Балтыі ў 1940 годзе, якая таксама пачыналася з «вайсковай дапамогі».

Тым часам Вялікабрытанія канчаткова вырашыла «здаць» Чэхаславакію. У жніўні 1938 года ў Прагу прыляцела англійская місія, якая павінна была «ўгаварыць» чэхаў. 10 верасня 1938 года Эдвард Бенеш адмовіўся прыняць ультыматум немцаў. У гэты ж час (8–10 верасня 1938 года) Войска Польскае правяло вялікія вайсковыя манеўры на Валыні, якія павінны былі «напужаць» Маскву і паўплываць на жадання Крамля дапамагаць Чэхаславакіі. 19 верасня ўрады Вялікабрытаніі і Францыі параілі чэхам прыняць ультыматум і папярэдзілі, што ў выпадку вайны Празе прыйдзецца змагацца з вермахтам сам-насам.


Савецкая антыгерманская карыкатура

Савецкая антыгерманская карыкатура



21 верасня ў справу ўключылася Другая Рэч Паспалітая, якая запатрабавала ад Прагі «ўрэгуляваць» праблему польскай меншасці. Пры гэтым падраздзяленні Войска Польскага былі падцягнуты да мяжы з Чэхаславакіяй. 23 верасня 1938 года Масква папярэдзіла Варшаву, што «калі польскае войска пяройдзе чэшскую мяжу і акупіруе тэрыторыю гэтай дзяржавы, то СССР анулюе дамову аб неагрэсіі з Польшчай». У той жа дзень Юзаф Бэк патэлефанаваў у Маскву і адзначыў, што «за справу абароны дзяржавы адказвае польскі ўрад, які не абавязаны нікому нічога тлумачыць, а таксама, што польскае кіраўніцтва дакладна ведае тэксты дагавораў, якія заключала». Упэўненасць у размове з Масквой Варшаве давалі дадзеныя выведкі, якія сведчылі пра тое, што пасля «вялікай чысткі» Чырвоная Армія не гатовая да маштабных вайсковых дзеянняў.

22 верасня 1938 года Эдвард Бенеш даслаў на імя польскага прэзідэнта Ігнація Масціцкага ліст, у якім адзначалася: «Прапаную Вам ад імя чэхаславацкай дзяржавы сумленную дыскусію па справе ўрэгулявання нашых спрэчак, у тым ліку праблем, звязаных з польскім насельніцтвам Чэхаславакіі». У адказе, дасланым у Прагу 27 верасня 1938 года, польскі прэзідэнт пісаў: «Згодны з Вамі, што на першы план выходзяць тэрытарыяльныя праблемы, якія на працягу амаль дваццаці гадоў не давалі магчымасці палепшыць атмасферу паміж нашымі дзяржавамі».


Савецкая карыкатура на Мюнхенскую змову

Савецкая карыкатура на Мюнхенскую змову


Крэмль назіраў за «чэхаславацкім крызісам». 25 верасня 1938 года наркам абароны СССР у тэлеграме савецкаму вайскова-паветранаму аташэ ў Францыі Мікалаю Васільчанку загадваў: «Вам асабіста трэба сустрэцца з Гамеленам (Марыс Гюстаў Гамелен — начальнік генштаба французскага войска. — І.М.) і перадаць яму наступнае: 1. 30 стралковых дывізій рушылі ў раёны, якія прылягаюць непасрэдна да заходняй мяжы. Тое ж зроблена і з кавалерыйскімі часткамі; 2. Часткі папоўнены рэзервістамі; 3. Што тычыцца нашых тэхнічных войскаў — авіяцыі і танкавых частак, то яны ў поўнай гатоўнасці». Пры гэтым паўнамоцны прадстаўнік Савецкага Саюза ў Празе Сяргей Александроўскі адзначаў: «Увесь час адчуваю, што Бенешу і хочацца, і колецца прыняць савецкую дапамогу. У размовах са мной ён кожны раз сутаргава хапаецца за магчымасць нашай дапамогі і выклікае мяне тады, калі атрымлівае чарговы моцны ўдар ад Англіі і Францыі. Як толькі ён трошкі прыходзіць у сябе, і пачынае лічыць, што знайшоў новы дыпламатычны ход, то адразу праяўляе меншую ў нас зацікаўленасць. Не маю сумневу, што гэты педант і прапалены дыпламат спадзяецца дасягнуць максімум магчымага для Чэхаславакіі абапіраючыся на Англію і Францыю. Пра дапамогу СССР ён думае, як пра самагубства для чэхаславацкай буржуазіі».


Чэшскі памежнік на мяжы з Польшчай

Чэшскі памежнік на мяжы з Польшчай


Польскі ўльтыматум


29 верасня 1938 года ў Мюнхене пачалася сустрэча кіраўнікоў урадаў Германіі, Вялікабрытаніі, Італіі і Францыі, на якой было прынята рашэнне аб перадачы Германіі Судэцкай вобласці. 30 верасня 1938 года Юзаф Бэк накіраваў польскаму амбасадару ў Празе інструкцыі, якія мелі дачыненне да ўручэння чэхаславацкаму ўраду польскага ўльтыматуму. Вось што пісаў міністр свайму падначаленаму: «Калі ласка, любым коштам уручыце ноту сёння да 23 гадзін 59 хвілін. Ні ў якім выпадку не ўступайце ў дыскусію па тэме, якой прысвечана нота. Да моманту, пакуль чэхаславацкі ўрад не акрэсліць сваю пазіцыю ў адносінах да Рэчы Паспалітай як становішча вайны, прашу знаходзіцца на сваім месцы. Мы акупуем толькі прыналежныя нам тэрыторыі».

Сітуацыя вельмі нагадвала тую, у якой менш чым праз год апынецца польскі амбасадар Вацлаў Гжыбоўскі.

Нагадаем, у ноч з 16 на 17 верасня 1939 года намеснік наркама замежных спраў Савецкага Саюза Уладзімір Пацёмкін уручыў польскаму дыпламату ноту аб пачатку «вызвольнага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну». Раніцай часткі РСЧА перайшлі «рыжскую» мяжу і хутка далучылі былыя польскія ўсходнія ваяводствы да СССР.

Новая мяжа з кастрычніка 1938 года

Новая мяжа з кастрычніка 1938 года



Восенню 1938 года Празе прыйшлося прыняць ультыматум Варшавы. 2 кастрычніка 1938 года жаўнеры польскай аператыўнай групы «Сілезія» пад камандаваннем генерала Уладзіслава Бартноўскага перайшлі польска-чэхаславацкую мяжу і акупавалі Цешынскую вобласць. У выніку гэтай аперацыі (працягвалася да 11 кастрычніка 1938 года) у склад польскай дзяржавы ўвайшла тэрыторыя памерам 801,5 кіламетра квадратных, на якой жылі 227 тысяч чалавек. Аднак найбольш важным для Другой Рэчы Паспалітай былі прамысловыя прадпрыемствы, якія знаходзіліся на далучаных тэрыторыях.


Мапа акупаванай Чэхаславакіі з германскага атласу 1939 года

Мапа акупаванай Чэхаславакіі з германскага атласу 1939 года

 

Сёння Чэхаславакія, заўтра Польшча


Рэакцыя на падзел Чэхаславацкай Рэспублікі была рознай. Тагачасны брытанскі прэм’ер-міністр Нэвіл Чэмберлен, пасля прылёту ў Лондан з Мюнхену, заявіў: «Я прывёз мір для цэлага пакалення». Ужо праз паўгода, 15 сакавіка 1939 года, часткі вермахта ўвайшлі ў Прагу, і Чэхаславакія была ліквідаваная як незалежная дзяржава. Уінстан Чэрчыль у сваіх мемуарах тыя падзеі характарызаваў так: «І вось цяпер Англія прапануе гарантаваць цэласнасць Польшчы — той самай Польшчы, якая ўсяго паўгода таму з прагнасцю гіены прыняла ўдзел у рабаванні і знішчэнні чэхаславацкай дзяржавы». Савецкі бок 4 кастрычніка 1938 года голасам ТАСС заявіў, што «ніякіх нарад і пагадненняў паміж урадам СССР, Францыі і Англіі па пытанні лёсу Чэхаславацкай рэспублікі і аб саступках агрэсару не адбывалася. [...] Да канферэнцыі ў Мюнхене і яе рашэнняў савецкі ўрад ніякіх адносінаў не меў і не мае».

Пасля далучэння Цешынскай вобласці Другая Рэч Паспалітая знаходзілася ў эйфарыі. Варшаўскія перыядычныя выданні распавядалі пра непераможнае Войска Польскае і пра бяскроўнае далучэнне Цешынскай вобласці. Аднак хутка радасць прайшла, і ўжо Варшаве давялося рэагаваць на ўльтыматумы з Берліну. Што ж тычыцца Цешына, то да вясны 1939 года адтуль эмігравала больш за 30 тысяч чэхаў і каля 5 тысяч немцаў.

Польскія войскі ўваходзяць у Цешын, 1938 год

Польскія войскі ўваходзяць у Цешын, 1938 год


Пасля Другой сусветнай вайны гэтыя тэрыторыі зноў пачалі выклікаць супярэчнасці. Толькі ў чэрвені 1958 года паміж ПНР і ЧССР было заключана пагадненне, якое завяршыла памежныя спрэчкі. Па меркаванні некаторых сучасных польскіх даследчыкаў, удзел Другой Рэчы Паспалітай у раздзеле Чэхаславакіі разам з Гітлерам у 1938 годзе быў самай вялікай памылкай польскай замежнай палітыкі і паўплываў на тое, што пасля Другой сусветнай вайны Цешынская вобласць засталася за Чэхаславакіяй. З 1998 года на былой чэшска-польскай мяжы створаны Еўрарэгіён Цешынская Сілезія, які павінен палегчыць транспамежную супрацу.


Каментаваць