Як гэта было: Выбары першага прэзідэнта

Дваццаць два гады таму, 10 ліпеня 1994 года, адбыўся другі тур прэзідэнцкіх выбараў, у выніку чаго краіна атрымала першага прэзідэнта і пакуль адзінага кіраўніка Беларусі
.

Перадвыбарная лістоўка Аляксандра Лукашэнкі

Амаль чатыры гады, падчас распрацоўкі праекта новай беларускай Канстытуцыі сярод заканадаўцаў вяліся вострыя дыскусіі наконт таго, ці патрэбны прэзідэнт увогуле, а калі патрэбны, то які: «слабы» ці «моцны». Дарэчы, большасць грамадзян пры абмеркаванні праекта Асноўнага закона ў сваіх лістах на адрас Канстытуцыйнай камісіі выказваліся супраць пасады прэзідэнта. Аднак паводле Канстытуцыі 15 сакавіка 1994 года гэтая пасада была ўведзена, пры гэтым у прэзідэнта былі даволі шырокія паўнамоцтвы.

 

Працэдура вылучэння

 

Абранне першага прэзідэнта павінна было прайсці паводле адпаведнага закона ад 29 сакавіка 1994 года «Аб выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Прынцыповыя яго палажэнні былі ўзяты з Канстытуцыі. На шляху будучых кандыдатаў стаяла галоўная перашкода: збор не менш 100 тысяч подпісаў грамадзянаў, альбо не менш 70 аўтографаў дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Вырашыць такую задачу было рэальна вельмі вядомаму прэтэндэнту на вышэйшую пасаду, альбо таму, каго падтрымаюць моцныя фінансавыя і арганізацыйныя структуры.

30 сакавіка 1994 года спецыяльнай пастановай Вярхоўны Савет прызначыў выбары на 23 чэрвеня 1994 года. Патрабаванні Апазіцыі БНФ аб правядзенні ў першую чаргу парламенцкіх выбараў былі адхілены парламенцкай большасцю.

Пра свае прэзідэнцкія амбіцыі загаварылі многія палітыкі і дзеячы. Галоўным фаварытам будучай кампаніі лічыўся старшыня Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч.


Перадвыбарны плакат Вячаслава Кебіча

 

Паводле закона, для збору подпісаў ствараліся адпаведныя ініцыятыўныя групы колькасцю не менш за 30 чалавек. Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 19 такіх груп. Як і чакалася, найвялікшай апынулася ініцыятыўная група прэм’ер-міністра: яна налічвала 3920 чалавек. Найменшай па колькасці — 88 чалавек — была ініцыятыўная група беспрацоўнага сталічнага жыхара Сяргея Ліцкевіча.

Ініцыятыўную групу спрабаваў зарэгістраваць грамадзянін Польшчы беларускага паходжання граф Аляксандр Прушынскі. Аднак 7 красавіка 1994 года за парушэнне статусу знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі ён быў затрыманы, змешчаны ў следчы ізалятар, а затым высланы з краіны.

На збор подпісаў адводзіўся даволі сціслы тэрмін — з 25 красавіка па 15 мая. Патэнцыйныя кандыдаты зрабілі стаўку на родныя пенаты: асноўныя высілкі ініцыятыўных груп накіроўваліся ў вобласць, адкуль паходзіў той ці іншы кандыдат. У гэтым сэнсе цікавы казус адбыўся з Аляксандрам Лукашэнкам. У перадвыбарчых улётках кандыдата пазначалася, што ён — ураджэнец Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Аднак высветлілася, што афіцыйнае месца нараджэння будучага прэзідэнта іншае. Падчас «прамой лініі» з чытачамі «Народнай газеты» Лукашэнка растлумачыў, што на Шклоўшчыне пражыў усё жыццё, але нарадзіўся на Аршаншчыне.

У выніку 31 мая 1994 года Цэнтрвыбаркам, які на той час узначальваў Аляксандр Абрамовіч, зарэгістраваў наступных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта: прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч (371 967 подпісаў), прадстаўнік камуністаў Васіль Новікаў (183 836 подпісаў), прадстаўнік аграрнай партыі і старшыня Савета калгасаў Беларусі Аляксандр Дубко (116 693 подпісы), дэпутат Вярхоўнага Савета, дырэктар саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка (156 391 подпіс), былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч (123 552 подпісы) і дэпутат Вярхоўнага Савета лідар БНФ, Зянон Пазняк (216 855 подпісаў).

У ходзе праверкі сапраўднасці подпісаў Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў не зарэгістравала кандыдатуру старшыні гарвыканкама Маладзечна, дэпутата Вярхоўнага Савета XII склікання Генадзя Карпенкі. Тыя дэпутаты (гаворка ідзе пра групу БСДГ у Вярхоўным Савеце на чале з Алегам Трусавым), якія вылучылі Карпенку, зрабілі стаўку на Станіслава Шушкевіча, адклікалі свае подпісы за маладзечанскага кіраўніка. А неабходная колькасць подпісаў грамадзян не была сабраная. Урэшце, сам Генадзь Карпенка зняў сваю кандыдатуру. Неўзабаве ў прэсе прайшла інфармацыя, што ён далучыўся да групы Зянона Пазьняка.


Перадвыбарны плакат БНФ

 

Праграмы кандыдатаў

 

Кожны з кандыдатаў меў сваю праграму, у якой выказваў уласнае бачання далейшага развіцця краіны. Пры ўсёй умоўнасці, гэтых кандыдатаў паводле іх праграмных установак можна падзяліць на «левых» і «правых». Да першых можна аднесці Вячаслава Кебіча, Аляксандра Дубко, Аляксандра Лукашэнку і Васіля Новікава.

Прэм’ер-міністр, напрыклад, заклікаў разам пабудаваць утульны беларускі дом, абвяшчаў саюз з Расіяй выратаваннем ад усіх нягодаў. Выратавальным Кебіч лічыў падпісаны ім 12 красавіка 1994 года разам з расійскім калегам Віктарам Чарнамырдзіным Дагавор аб аб’яднанні грашовай сістэмы Рэспублікі Беларусь і грашовай сістэмы Расійскай Федэрацыі і ўмовах функцыянавання адзінай грашовай сістэмы. Тэарэтычна, дакумент прадугледжваў увядзенне на тэрыторыі абедзвюх краін адзінага плацежнага сродку — расійскага рубля, прычым абменны курс, прапісаны ў дагаворы, быў выгадны беларусам, улічваючы няўстойлівасць беларускага рубля і высокія тэмпы інфляцыі ў Беларусі. Наяўныя грошы беларускіх грамадзян у суме да 200 тысяч разліковых білетаў, а таксама іх банкаўскія ўклады да 1 мільёна разліковых білетаў абменьваліся па курсе 1:1.

За пяць дзён да выбараў Вячаслаў Кебіч надрукаваў у «Народнай газеце» праграмны артыкул «Беларусь: праблемы мадэрнізацыі (адказ апанентам)». Артыкул быў наскрозь працяты ідэяй саюза з Расіяй, які прэм’ер-міністр абвясціў уласным «маральным крэда». Разважаючы пра перспектывы Беларусі, Кебіч прапанаваў для яе адраджэння новую ідэалогію ў выглядзе трыяды: дзяржаўнасць, патрыятызм, духоўнасць.

Аляксандр Лукашэнка галоўным перадвыбарным лозунгам абвясціў барацьбу з карупцыяй, што было лагічным: у чэрвені 1993 года дэпутат узначаліў часовую камісію Вярхоўнага Савета па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структур пры рэспубліканскіх і мясцовых органах улады і кіравання. У снежні 1993 года ён агучыў выніковы даклад працы камісіі і адразу стаў яшчэ больш знакамітым.


Перадвыбарная лістоўка Аляксандра Лукашэнкі


 ляксандр Дубко лічыў, што ў краіне павінен быць адзін гаспадар, што заработная плата павінна быць такой, каб муж змог без праблем утрымліваць жонку і яшчэ чацвёра дзяцей. У перспектыве вызначалася «сфармаваць сялянства і іншых работнікаў аграпрамысловага комплексу ў самастойную палітычную сілу».


Перадвыбарная лістоўка Аляксандра Дубко


Галоўны лозунг Васіля Новікава палягаў у тым, каб вярнуць народу тое, што ў яго забралі. Новікаў называў Вярхоўны Савет Беларусі XII склікання парламентам буржуазнай рэстаўрацыі, а таксама абяцаў, што ў выпадку абрання яго прэзідэнтам дзяржаўная сімволіка краіны (бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня») будзе замененая.


Перадвыбарная лістоўка Васіля Новікава

 

У цэлым праграмы «левых» кандыдатаў зводзіліся, па сутнасці, да рэанімацыі асноўных кампанентаў савецкай кіраўніцкай, эканамічнай і сацыяльнай мадэлі. У шэрагу месцаў праграм праглядаліся адкрытыя дэкларатыўнасць і папулізм, спробы сумясціць несумяшчальнае, прасочваліся моманты, якія супярэчаць не толькі палітычным і эканамічным законам, але і здароваму сэнсу. Праграмы не былі разлічаныя на доўгатэрміновую і нават сярэднетэрміновую перспектыву, а прапаноўвалі прымітыўны сацыяльны набор. Ніякіх глыбокіх і канкрэтных рэформаў не прапаноўвалася: як галоўная ўмова выхаду з крызісу падаваўся саюз з Расіяй. Прыватызацыя згадвалася толькі як прыдатак, а не аснова рэформаў. Праграмы замацоўвалі спусташальную практыку дзяржаўнай падтрымкі буйных індустрыяльных гігантаў, якія слаба рэагавалі на рынкавыя імпульсы і неэфектыўнай калгасна-саўгаснай сістэмы. Рашэнне аграрнай праблемы дасягалася выключна за кошт парытэту цэн на прамысловую і сельскагаспадарчую прадукцыю. Рашэнню чарнобыльскай праблемы і развіццю нацыянальнай культуры адводзілася ледзь не апошняе месца.

 

Праграмы Зянона Пазьняка і Станіслава Шушкевіча, наадварот, прадугледжвалі запуск рынкавых механізмаў, прыватызацыю, развіццё прадпрымальніцтва і фермерства. Абодва кандыдата слушна звярталі ўвагу на энергетычную звышзалежнасць Беларусі ад Расіі, але па-свойму бачылі вырашэнне пытання. На думку Шушкевіча, карысным было б фарміраванне на тэрыторыі СНД агульнага мытнага і плацежнага саюза і забеспячэнне свабоднага перамяшчэння праз межы працоўных, матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў. Пазьняк займаў радыкальную пазіцыю, якая была агучана ў адпаведным артыкуле «Аб рускім імперыялізме і яго небяспецы», апублікаваным у «Народнай газеце» ў студзені 1994 года. На думку лідара БНФ, Беларусі неабходна было дыстанцыявацца ад Расіі, выйсці СНД і ўзяць удзел у будаўніцтве нафтавага Балта-Чарнаморскага калектара.

Некаторыя перадвыбарчыя ідэі Зянона Пазьняка зараз выглядаць слушнымі і актуальнымі. Так, лідар БНФ у гэтым артыкуле адзначаў, што першае права на працоўнае месца павінна належыць беларусу, а не таннаму азіяту альбо карупцыянеру з поўдня. У сваёй праграме Пазьняк прапанаваў тое, аб чым сёння актыўна гавораць улады: рэалізацыю дзяржаўнай праграмы развіцця чорнай, каляровай і рэдказямельнай металургіі.


Перадвыбарны плакат БНФ

 

Пазіцыі Пазняка істотна падарвалі яго антырасійскія выпады і антыкамуністычныя погляды. Лідар БНФ абвясціў, што ў выпадку яго перамогі на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі будзе ўведзены закон аб люстрацыі. І хаця Пазьняк і яго аднадумцы пераконвалі насельніцтва ў тым, што люстрацыя закране толькі кіруючых работнікаў КПСС-КПБ, многія выбаршчыкі — былыя члены кампартыі — успрынялі такую перспектыву як асабістую пагрозу. Зянон Пазьняк і яго асяроддзе адчулі, што іх электарат можа значна звузіцца па прычыне радыкальнай рыторыкі. Таму напярэдадні выбараў была выпушчаная лістоўка са шматабяцальнай назвай «Чаго не будзе рабіць Зянон». У ёй гаварылася, што Пазьняк не будзе нікога прымушаць размаўляць па-беларуску, пераследаваць былых камуністаў, разганяць калгасы, разрываць эканамічныя сувязі з Расіяй і іншае. Аднак у вачах большасці выбаршчыкаў Зянон Пазьняк набыў імідж ворага рускага народа і заўзятага нацыяналіста, прыхільніка «крутых» захадаў, што, безумоўна, адбілася на выніках выбараў. Не на карысць Зянона.


Кандыдат у прэзідэнты Станіслаў Шушкевіч

 

Што да Станіслава Шушкевіча, то трэба адзначыць некаторыя асаблівасці яго праграмы. Былы кіраўнік парламента канкрэтна пазначыў этапы эканамічных рэформаў: зніжэнне да канца 1994 года тэмпаў інфляцыі да 7–10% у месяц, стабілізацыя на працягу 1995 года i эканамічны ўздым ад 1996 года. Іншай асаблівасцю праграмы кандыдата стала ідэя моцнай эфектыўнай дзяржавы («як пабудаваць дзяржаву для чалавека»), якая арганізуе і парадкуе адносіны ў эканоміцы, сацыяльнай сферы. Пэўнае месца адводзілася дзяржаўнай палітыцы ў духоўным жыцці. Яна была закліканая падтрымліваць і паважаць беларускую гісторыю, унікальную беларускую культуру, абараняць нацыянальныя традыцыі, захоўваць маральныя каштоўнасці.

 

Выбарчая агітацыя

 

У ходзе выбараў мела месца такая з’ява, якую на сучаснай мове называюць «чорным піярам». Яскравым прыкладам у гэтых адносінах стаў нашумелы артыкул «Беларусь цяжарная першым прэзідэнтам. Хто ім стане?» за подпісам галандскага журналіста А. Ван-Берста, апублікаваны 14 чэрвеня 1994 года ў вядучых рэспубліканскіх выданнях. У артыкуле даваліся негатыўныя характарыстыкі ўсім кандыдатам за выключэннем Вячаслава Кебіча, якога параўноўвалі з Пятром Машэравым. Аўтар артыкула сцвярджаў, што Кебіч валодае здольнасцю стратэгічнага бачання праблемы, яго хады і дзеянні дакладна пралічаныя.

Неўзабаве высветлілася, што гэты артыкул — звычайная фальшыўка, як зараз кажуць «фэйк». У мемуарах Кебіч прызнаўся, што скандальны артыкул быў створаны членам яго перадвыбарнага штаба, прэс-сакратаром Савета Міністраў Уладзімірам Замяталіным.

Прыкладам піяру, безумоўна, стаў выпадак з затрыманнем на Браслаўскай мытні грузавіка, які ішоў з Гановера транзітам праз Латвію з друкаванай прадукцыяй — каляровымі плакатамі і буклетамі з выявай кандыдата Аляксандра Лукашэнкі ў колькасці 316 000 экземпляраў на суму ў 123 млн. 272 тыс. руб. З-за адсутнасці неабходных дакументаў груз быў затрыманы, а пракуратура пачала разбіральніцтва.

Аляксандр Лукашэнка і яго прыхільнікі рашуча адхрысціліся ад плакатаў і ад усякай фінансавай дапамогі звонку. Сітуацыя з плакатамі вырашылася на карысць кандыдата. Генеральны пракурор Васіль Шаладонаў выступіў з тлумачэннем і праінфармаваў грамадскасць аб тым, што плакаты былі вырабленыя па замове адной са сталічных фірмаў з кідкай назвай «Жоўтыя старонкі». Яе ўладальнік прызнаўся, што даў замовы на буклеты і плакаты без якой-небудзь дамоўленасці з Аляксандрам Лукашэнкам, а выключна па прычыне таго, што падзяляе праграмныя ўстаноўкі кандыдата.

Прыкладам піяру, безумоўна, стаў «лёзненскі інцыдэнт» — стральба па машыне Аляксандра Лукашэнкі ў ноч з 16 на 17 чэрвеня 1994 года пад Лёзнам Віцебскай вобласці. Гэта спарадзіла кардынальна супрацьлеглыя версіі. Каманда Лукашэнкі сцвярджала, што мела месца спроба фізічнага забойства кандыдата. Толькі цуд, даказвалі прыхільнікі кандыдата, выратаваў яго ад гібелі. Праціўнікі Лукашэнкі абвінавацілі дэпутата ў інсцэніроўцы ўласнага замаху з мэтай узняцця перадвыбарчага рэйтынгу. Прэм’ер-міністр, напрыклад, лічыў, што за гэтым стаяць Віктар Ганчар і Дзмітрый Булахаў, якім нібыта адмовілі ў высокіх пасадах ва ўрадзе.

Даказаць датычнасць Лукашэнкі і членаў яго каманды да стральбы па машыне не ўдалося. Так, 19 чэрвеня 1996 года пры абмеркаванні інцыдэнту ў сувязі з абстрэлам міліцэйскім патрулём машыны Віктара Ганчара дэпутат Генадзь Карпенка спытаў у генеральнага пракурора: «Два гады таму стралялі ў нашага бацьку. Як ідзе справа?» Адказ Васіля Капітана быў несуцяшальным: «Справа прыпыненая, бо не знайшлі стралкоў». Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Лукашэнка сам даў ацэнку інцыдэнту. Паводле слоў прэзідэнта, яго ў тым далёкім 1994-м проста хацелі «прыстрашыць»: «Калі б захацелі забіць, забілі б».

Ніхто з экспертаў і аналітыкаў не адважваўся з дакладнасцю назваць пераможцу выбараў. Аднак у цэлым вымалёўваўся наступны варыянт: ні адзін з кандыдатаў не набярэ пераважнай большасці галасоў, будзе другі тур, у якім, магчыма, з невялікім адрывам пераможа Вячаслаў Кебіч. Аднак 23 чэрвеня ў дзень выбараў адбылося тое, што пасля назавуць палітычным цудам, — упэўнены адрыў Аляксандра Лукашэнкі, які набраў 45,1% галасоў і стаў безумоўным трыумфатарам. Цікава, што ў Лёзненскім раёне, дзе адбыўся стрэл па аўтамабілі, кандыдат атрымаў 81% галасоў.

На сваёй прэс-канферэнцыі ўкраінскім СМІ 23 лістапада 2006 года Лукашэнка сцвярджаў, што перамог ужо ў першым туры, і што выбары сфальсіфікавалі.

Яго галоўны супернік Вячаслаў Кебіч хоць і прайшоў у другі тур, але ўсё ж з 17,4% галасоў. Не прабіўся ў другі тур Зянон Пазьняк, які набраў 12,9% галасоў. Станіслаў Шушкевіч атрымаў 9,9% галасоў. Паразу пацярпелі Васіль Новікаў і Аляксандр Дубко.



Перадвыбарная лістоўка Аляксандра Дубко

Перадвыбарная лістоўка Аляксандра Дубко

Перадвыбарная лістоўка Аляксандра Дубко

 

Другі тур прэзідэнцкіх выбараў быў прызначаны на 10 ліпеня. У ім канчатковую перамогу таму ці іншаму боку павінны былі прынесці арганізацыйна-палітычныя механізмы барацьбы за выбаршчыкаў.

Напярэдадні другога тура, некаторыя СМІ распаўсюдзілі інфармацыю скандальнага характару, якая тычылася Аляксандра Лукашэнкі. Так, у «Народнай газеце» праз два дні пасля першага тура ў артыкуле «Усіх падмануць нельга, нават калі вельмі хочацца» падаваўся наступны эпізод: быццам бы два гады таму Аляксандр Лукашэнка як член дэлегацыі ў Кітай скраў у сцюардэсы лайнера яе некаторыя асабістыя рэчы. Гэта настолькі ўзбудзіла грамадскасць, што Вячаслаў Кебіч на прэс-канферэнцыі 27 чэрвеня вымушаны быў даць адказ на гэта пытанне. Па словах прэм’ер-міністра, ён нічога не чуў пра інцыдэнт са сцюардэсай.

Сам Аляксандр Лукашэнка адхіліў усе абвінавачанні, але ніякіх прэтэнзій у судовым парадку да сцюардэсы, і да СМІ не меў.

Затое Лукашэнка напярэдадні другога тура ўступіў у сапраўдную вайну ажно супраць абодвух сілавых структураў: Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства абароны.

28 чэрвеня адбылося сутыкненне Аляксандра Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў, якія накіроўваліся ў рабочы кабінет апячатанай часовай «антыкарупцыйнай» камісіі з аховай Дома Урада, у выніку чаго «кандыдату ў прэзідэнты разарвалі пінжак, запэцкалі штаны і нанеслі цялесныя пашкоджанні ў вобласці кісцей рук». У заяве Аляксандра Лукашэнкі, Леаніда Сініцына, Івана Ціцянкова і Віктара Кучынскага сцвярджалася, што інцыдэнт справакаваны міністрам унутраных спраў Уладзімірам Данько. Сам кандыдат напісаў асобную заяву на імя генеральнага пракурора Васіля Шаладонава. У заяве гаварылася пра тое, што «чацвёра супрацоўнікаў спрабавалі адкінуць» Аляксандра Лукашэнку «ад дзвярэй», «разарвалі пінжак, ударылі нагой у левы бок».

У сваю чаргу, у спецыяльнай заяве прэс-службы міністэрства сцвярджалася, што Аляксандр Лукашэнка парушыў парадак уваходу ў апячатанае памяшканне, расштурхаў міліцыянтаў, у аднаго з якіх «адарваныя гузікі, надарваны пагоны, пашкоджана форменная куртка». У заяве абвяргалася інфармацыя аб гвалтоўных дзеяннязх у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі з боку міліцыянтаў.

30 чэрвеня міністр абароны Павел Казлоўскі, відавочна ўзгадніўшы гэта з Вячаславам Кебічам, сабраў прэс-канферэнцыю, на якой абвінаваціў Аляксандра Лукашэнку ў нападках на войска, на генералітэт. Неўзабаве Павел Казлоўскі падаў адпаведныя заявы ў Вярхоўны Савет, Генеральную пракуратуру і іск у суд, на які Аляксандр Лукашэнка дэманстратыўна не з’явіўся.

 

 

Другі тур выбараў

 

Напярэдадні другога тура прэзідэнцкіх выбараў, Аляксандр Лукашэнка зрабіў два моцных палітычных крокі, якія істотна ўмацавалі яго становішча і пашырылі колькасць яго выбаршчыкаў. Па-першае, у пачатку ліпеня 1994-га ён сустрэўся з работнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі і паабяцаў і не праводзіць ніякіх чыстак пад выглядам рэформаў. Па-другое, 3 лiпеня 1994 года, у дзень святкавання 50-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Лукашэнка прылюдна сустрэўся з Віктарам Чарнамырдзіным і недвухсэнсоўна заявіў СМІ, што знаёмы з расійскім прэм’ерам два гады.

3 ліпеня 1994-га Вячаслаў Кебіч зрабіў, мабыць, самы моцны ход у прэзідэнцкай кампаніі: падпісаў у дзяржаўнай рэзідэнцыі ў Заслаўі Пратакол аб рэалізацыі Дамовы аб’яднанні грашовых сістэм Беларусі і Расіі.

Сапраўднай арэнай бойкі павінны былі стаць тэледэбаты паміж Вячаславам Кебічам і Аляксандрам Лукашэнкам, прызначаныя на 7 ліпеня 1994-га.

У ходзе тэледэбатаў Лукашэнка больш арыентаваўся на эмацыйны складнік дыскусіі, а Вячаслаў Кебіч спрабаваў выкласці сваю пазіцыю з дапамогай статыстыкі. Аднак псіхалагічная ўстаноўка большасці выбаршчыкаў была накіравана супраць прэм’ера. Любы разумны аргумент Кебіча паварочваўся супраць яго.

10 ліпеня 1994 года абсалютная большасць выбаршчыкаў, нягледзячы на заклікі многіх палітычных партый і аб’яднанняў ігнараваць выбары, прыйшла на выбарчыя ўчасткі. Аляксандр Лукашэнка атрымаў 80,1% галасоў. Яго супернік істотна знізіў свой вынік у параўнанні з першым турам — 14,1%.

Ацэньваючы першыя прэзідэнцкія выбары, неабходна адзначыць своеасаблівы феномен Аляксандра Лукашэнкі, які з’яўляецца прыроджаным палітыкам, здольны тонка адчуваць настроі выбаршчыкаў. Феномен Лукашэнкі — яркі прыклад таго, як у чалавека могуць праявіцца якасці, гэтак неабходныя для палітычнай барацьбы і дзейнасці. Аднак, па-першае, гэтыя якасці наўрад ці маглі праявіцца ў Аляксандра Лукашэнкі ў поўнай меры і дайсці да выбаршчыкаў, каб ён не быў дэпутатам Вярхоўнага Савета XII склікання. Па-другое, мільёны беларусаў убачылі Аляксандра Лукашэнку і паверылі яму ў якасці альтэрнатывы той грамадскай сістэме, рэсурсы якой апынуліся вычарпанымі, толькі дзякуючы свабодным сродкам масавай інфармацыі.

 

Абмеркаванне:

  • ёк макарёк
  • 2016-07-12 16:59:25
цікавы нарыс, дзякуй. Было б добра зрабiць у iнфаграфіцы)

Каментаваць