Як пачыналася незалежная Беларусь

Беларусь прыняла сваю Дэкларацыю дзясятай з пятнаццаці і апошняй — з еўрапейскіх рэспублік. Мала хто ведае пра тое, якія вострыя дэбаты разгарэліся напярэдадні яе прыняцця. А таксама пра тое, што былі і альтэрнатыўныя праекты.

З 1990 па 1996 гг. дзень 27 ліпеня з’яўляўся дзяржаўным святам краіны



27 ліпеня 1990 года вышэйшы прадстаўнічы і заканадаўчы орган Беларусі Вярхоўны Савет 12-га склікання зацвердзіў незвычайны дагэтуль для рэспублікі нарматыўны прававы акт — Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі. Менавіта таму да рэферэндуму 1996 года Дзень незалежнасці Беларусі адзначаўся 27 ліпеня.


Умовы і парадак прыняцця

У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў сталі відавочныя сімптомы будучага распаду СССР, якія ў другой палове 1980-х праявіліся не толькі ў рэзкім узрастанні грамадскай актыўнасці ў нацыянальных рэспубліках, але і ў вострых міжнацыянальных канфліктах, у прыватнасці, у Нагорным Карабаху, Грузіі і іншых. Імкнучыся задаволіць палітычныя амбіцыі мясцовых эліт, кіраўніцтва СССР згадзілася пашырыць іх паўнамоцтвы шляхам прыняцця адпаведных дэкларацый. Гэтым самым Міхаіл Гарбачоў разлічваў захаваць саюзнае адзінства, а значыць, і асабістую ўладу.

Беларусь прыняла сваю Дэкларацыю дзясятай з пятнаццаці і апошняй — з еўрапейскіх рэспублік.

Кропкай адліку гісторыі Дэкларацыі з’яўляецца 18 чэрвеня 1990 года, калі Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР выдаў пастанову «Да пытання аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР». Гаворка ў гэтым дакуменце ішла аб падрыхтоўцы Дэкларацыі і стварэнні спецыяльнай камісіі па яе распрацоўцы.

Член камісіі Вярхоўнага Савета па распрацоўцы праекта Дэкларацыі Дзмітрый Арцыменя. Забіты 20 верасня 1993 г. 


Такая камісія пад кіраўніцтвам старшыні парламента Мікалая Дземянцея ўзнікла 20 чэрвеня 1990 года. У склад камісіі ўвайшлі 35 чалавек — усе народныя дэпутаты. З вядомых асобаў варта ўзгадаць Станіслава Шушкевіча, Васіля Шаладонава, Дзмітрыя Булахава, Дзмітрыя Арцыменю, Мечыслава Грыба, Віктара Ганчара, Генадзя Карпенку, Анатоля Лябедзьку, Аляксандра Саснова, Ніла Гілевіча, Леаніда Козіка, Васіля Лявонава, Яфрэма Сакалова. Ад дэпутацкай групы БНФ у склад камісіі ўвайшоў Уладзімір Заблоцкі.

Асобы з кіраўніцтва парламентам альбо старшыня пастаяннай камісіі курыравалі адпаведны артыкул, якіх у праекце камісіі налічвалася дванаццаць. Напрыклад, назва праекта Дэкларацыі і прэамбула былі замацаваны за першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета Станіславам Шушкевічам, артыкул другі — за старшынёй камісіі па заканадаўстве Дзмітрыем Булахавым. Некаторыя артыкулы курыравалі два старшыні пастаянных камісій (напрыклад, старшыня камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Генадзь Карпенка і старшыня камісіі па аграрных пытаннях, харчаванні і сацыяльным развіцці сяла Уладзімір Гаркун — артыкул чацвёрты). Пяты артыкул курыравалі старшыня камісіі па пытаннях працы Саветаў народных дэпутатаў і развіцці самакіравання Уладзімір Леўчык і дэпутат Віктар Ганчар. Адзіны — сёмы артыкул — курыраваў Уладзімір Заблоцкі, што, безумоўна, сведчыць аб высокім даверы калегаў да гэтага дэпутата.

Пасля васьмі пасяджэнняў камісіі 23 ліпеня 1990 года праект быў вынесены для абмеркавання.


Альтэрнатыўныя дэкларацыі

Акрамя афіцыйнага праекта парламентарыям былі прапанаваны дзве альтэрнатыўныя распрацоўкі. Адна зыходзіла ад дэпутацкай групы БНФ. Праект быў ухвалены на канферэнцыі БНФ 30 чэрвеня – 1 ліпеня з удзелам 300 дэлегатаў і амаль адразу быў перададзены Зянонам Пазьняком у Сакратарыят Вярхоўнага Савета.

Праект групы БНФ быў аддадзены на экспертызу. Вядучыя дзяржаўныя СМІ адмовіліся яго публікаваць. З найбольш вядомых выданняў праект апублікаваў у №11–12 за 1990 год часопіс «Родник», які рэдагаваў Уладзімір Някляеў. Праект апазіцыі БНФ быў таксама апублікаваны ў адным з нумароў бюлетэняў пасяджэнняў сесіі Вярхоўнага Савета.

Праект Дэкларацыі, прапанаваны дэпутацкай групай БНФ, складаўся з дзвюх частак. У першай частцы («Гістарычныя палажэнні») сцвярджалася, што суверэнітэт Беларусі мае вытокі яшчэ ў Полацкім княстве і Вялікім Княстве Літоўскім. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і анексіі беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі імкненне беларускага народа да незалежнасці, сцвярджалася ў тэксце праекта, выявілася ў шэрагу паўстанняў 1794, 1830–1831, 1863–1864 гадоў. Да паўстання распрацоўшыкі праекта чамусьці прыраўнялі і расійскую рэвалюцыю 1905 года. Абвяшчэнне БССР, на думку аўтараў праекта, было нічым іншым, як следствам існавання БНР. Дэкларацыя, абвінавачваючы ва ўсіх бедах Беларусі бальшавікоў і Расію, абвясціла нелегітымнымі Дагавор аб утварэнні СССР 30 снежня 1922 года, а таксама тэрытарыяльныя змены, звязаныя з Рыжскім мірам 18 сакавіка 1921 года і перадачай Літве Вільні і Віленскага краю 10 кастрычніка 1939 года. У гэтай частцы аўтары праекта ўсю віну за Чарнобыльскую катастрофу ўсклалі на кіраўніцтва СССР.

Другі раздзел пад назвай «Дэкларацыя» абвяшчаў, што палітычны суверэнітэт Беларусі можа рэалізавацца толькі ў форме незалежнай нацыянальнай дзяржаўнасці, а незалежнасць Беларусі — натуральная і галоўная ўмова забеспячэння правоў і свабод грамадзян. У другім раздзеле ўтрымліваліся наступныя патрабаванні: пацвердзіць незалежнасць Беларусі згодна з Трэцяй Устаўной граматай ад 25 сакавіка 1918 года, прыняць назву «Беларуская Рэспубліка», прыпыніць у дачыненні да Беларусі дзеянне дагавора 1922-га, склікаць Усебеларускі Устаноўчы Сход (Сойм).

Фармальнай кропкай адліку беларускай дзяржаўнасці дэпутацкай групай БНФ было прапанавана 25 сакавіка 1918 года — дзень абвяшчэння БНР.

Праект БНФ выклікаў вострыя дыскусіі, шмат пытанняў. Напрыклад, дэпутат Аляксандр Лукашэнка пытаўся ў Зянона Пазьняка, ці ёсць эканамічныя перспектывы «у белорусского государства так называемого», колькі павінна налічваць армія незалежнай Беларусі. Лідар БНФ упэўнена адказаў, што эканамічныя перспектывы ёсць, а армія павінна налічваць не больш 50 000 чалавек.

Улічваючы склад дэпутацкага корпуса, шанцаў на тое, што праект БНФ будзе зацверджаны, практычна не было. Па выніках галасавання ён атрымаў усяго 47 галасоў.


Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання Яўген Глушкевіч



Другі праект падрыхтавала група (22 народных дэпутаты) Яўгена Глушкевіча. У прэамбуле праекта гаварылася, што Дэкларацыя прымаецца, зыходзячы з трэцяй устаўной граматы БНФ ад 25 сакавіка 1918 года. Праект групы Яўгена Глушкевіча пацвярджаў дзяржаўны суверэнітэт Беларусі як натуральную і неабходную ўмову існавання беларускага народа. У праекце абвяшчаліся дзяржаўнасць беларускай мовы, роўнасць формаў уласнасці, ліквідацыя на тэрыторыі рэспублікі ўсіх ракетных базаў, права на ўласнае войска, органы дзяржаўнай бяспекі, грашовую адзінку. Вярхоўны Савет абвяшчаўся органам вышэйшай дзяржаўнай улады да склікання Усебеларускага Устаноўчага Сойму.

Праект групы Яўгена Глушкевіча атрымаў толькі 57 дэпутацкіх галасоў.


Цяжкае абмеркаванне

Абмеркаванне афіцыйнага праекта дэкларацыі ішло цяжка, дыскусіі вяліся ледзь не па кожнай літары.

24 ліпеня 1990 года за аснову быў прыняты праект камісіі. Ён набраў 208 галасоў. Мікалай Дземянцей заклікаў кожнага дэпутата пры абмеркаванні праекта «вложить в него душу».

Абмеркаванне пачалося 26 ліпеня. Дэпутатамі было вырашана праводзіць галасаванне па праекце простай большасцю (больш паловы ад колькасці зарэгістраваных). Прапанова Віктара Ганчара аб неабходнасці правядзення галасавання канстытуцыйнай большасцю (дзве трэці галасоў) была адхілена. Таксама было прынята рашэнне аб пайменным галасаванні па праекце Дэкларацыі.

Спачатку была зацверджана назва гэтага заканадаўчага акта. Справа ў тым, што на абмеркаванне дэпутатаў былі прапанаваны тры назвы: Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР; Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі; Дэкларацыя аб незалежнасці Беларусі. Як бачым, народныя выбраннікі без ваганняў падтрымалі першы варыянт.

Складанасці пачаліся з прэамбулы, у выніку чаго дэпутаты вымушаныя былі галасаваць не толькі па частках, але нават па сказах. Напрыклад, асобнае галасаванне праводзілася па сказе «выказваючы волю народа Беларускай ССР».

Вострыя дэбаты таксама разгарнулі і наконт таго, што рабіць з суверэнітэтам: альбо пацвярджаць яго, альбо толькі абвяшчаць, бо ў першапачатковым варыянце праекта, прапанаванага камісіяй, было запісана, што Вярхоўны Савет пацвярджае дзяржаўны суверэнітэт Беларускай ССР. У выніку дэпутаты не зацвердзілі прэамбулу з першага разу.

Пры абмеркаванні праекта Дэкларацыі падавалі розныя заўвагі і прапановы. Адны паспяхова прымаліся, іншыя — не. Так, была адхілена прапанова Віктара Ганчара, згодна з якой «да стварэння новай канстытуцыі БССР на яе тэрыторыі дзейнічаюць палажэнні Канстытуцыі 1978 года, якія не супярэчаць дадзенай Дэкларацыі».

Дэпутаты таксама праігнаравалі прапановы дэпутацкай групы БНФ: аб назве праекта — скасаванне абрэвіятуры БССР (Юрый Беленькі), аб пераемнасці БССР ад БНР і неабходнасці парламенцкай рэспублікі (Зянон Пазьняк), аб адраджэнні нацыянальна-культурных і гістарычных сімвалаў (Алег Трусаў), аб абавязковай ратыфікацыі ўсіх юрыдычных актаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі (Уладзімір Заблоцкі), аб выключэнні з праекта тэрміна «сацыялізм» (Лявон Баршчэўскі) і інш.

Некаторыя пажаданні, унесеныя прадстаўнікамі БНФ, усё ж былі ўключаны ў тэкст Дэкларацыі. Напрыклад, па прапанове Зянона Пазьняка ў артыкул шосты ў адносінах да тэрыторыі было зацверджана слова «непадзельная»: а таксама была падтрымана фармулёўка Уладзіміра Заблоцкага аб увядзенні ў рэспубліцы пасады Генеральнага пракурора.




Перадвыбарная лістоўка Уладзіміра Заблоцкага


Зацвярджэнне восьмага артыкула можна лічыць перамогай дэпутацкай групы БНФ. Па прапанове Зянона Пазьняка былі прыняты папраўкі аб патрабаванні з боку БССР кампенсацыі ад Масквы з-за Чарнобыльскай катастрофы і выкарыстанні суверэнітэту Беларусі для выратавання грамадзян ад наступстваў атамнай аварыі. У выніку галасавання цалкам артыкул быў прыняты 245 галасамі з 251 зарэгістраванага дэпутата.


Паведамленне БЕЛТА пра прыняццё Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР 27 ліпеня 1990 г.


Трыумфальна быў зацверджаны і дзявяты артыкул праекта Дэкларацыі (232 «за», ніводнага з 251 зарэгістраванага — «супраць»). Дэпутаты дружна галасавалі за функцыянаванне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, захаванне гістарычнай сімволікі і г.д. Гэта выклікала радасць «куратара» артыкула Ніла Гілевіча, які ўзначальваў камісію па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Расчулены паэт пад апладысменты заявіў, што «сённяшняе стаўленне» дэпутатаў да культуры «яму спадабалася».

Цалкам іншая сітуацыя склалася з дзясятым артыкулам. Дэпутаты розных палітычных поглядаў выказвалі ўзаемавыключальныя думкі пра ваенныя перспектывы Беларусі. Калі група БНФ настойвала на ўласных беларускіх Узброеных Сілах, то, напрыклад, прадстаўнікі арганізацыі ветэранаў вайны і працы патрабавалі наогул прыбраць гэты тэрмін. Так, дэпутат-ветэран Міхаіл Сасноўскі быў перакананы, што «мы, белорусы, вряд ли сможем создать все роды войск». Па прапанове Мікалая Дземянцея артыкул быў прапушчаны, і парламентарыі на наступны дзень, 27 ліпеня 1990 года, перайшлі да наступнага артыкула.

Артыкул адзінаццаты быў крытычна ўспрыняты дэпутацкай групай БНФ. Так, Валянцін Голубеў прапанаваў выключыць прапанову аб правах БССР уступаць і выходзіць з саюзаў, спаслаўшыся на трэцюю частку артыкула першага Дэкларацыі. Аднак яго ініцыятыва не была падтрымана: «за» прагаласавалі 124 дэпутаты з 251 зарэгістраванага.

Супраць той часткі артыкула, дзе гаворка ішла аб удзеле Беларусі ў падпісанні дагавора Саюза Суверэнных Сацыялістычных Дзяржаў, выступілі Алег Трусаў і Лявон Баршчэўскі, якія прапаноўвалі заключаць з іншымі рэспублікамі больш надзейныя двухбаковыя дагаворы. Аднак Мікалай Дземянцей актыўна лабіяваў палажэнні дадзенага артыкула.

Калі дэпутаты 184 галасамі падтрымалі фармулёўку адзінаццатага артыкула ў рэдакцыі камісіі, то Зянон Пазьняк заявіў, што «мы сунем галаву ў пятлю». Дэпутацкая група БНФ дэманстратыўна пакінула Авальную залу пасяджэнняў Вярхоўнага Савета. Больш таго, Зянон Пазьняк заявіў, што гэты Вярхоўны Савет «няздольны прыняць Дэкларацыю».

Дэпутат Дзмітрый Сыракваш (адначасова дырэктар БелАЗа) заявіў, што такі зыход «достоин сожаления», і што гэта акцыя мела на мэце «сорвать конструктивный диалог».

Праз шмат гадоў дзеячы БНФ Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык сцвярджалі, што сыход дэпутацкай групы БНФ быў разлічаны на тое, каб Дэкларацыя была хутчэй прынятая.

Пасля адзінаццатага артыкула дэпутаты вярнуліся да дзясятага. Пры абмеркаванні дзясятага артыкула праблемы паўсталі па той яго частцы, дзе гаворка ішла аб нейтралітэце і бяз’ядзернай зоне. Дэпутаты ад БНФ патрабавалі зацвердзіць такую фармулёўку, якая б прадугледжвала адназначнае абвяшчэнне нейтралітэту Беларусі, а яе тэрыторыі — бяз’ядзернай зонай. Аднак за гэтую прапанову прагаласавалі толькі 64 дэпутаты з 237 зарэгістраваных. Таму парламентарыі задаволіліся больш лагоднай фармулёўкай, якая абвяшчала, што Беларуская ССР толькі ставіць перад сабой мэту стаць нейтральнай і бяз’ядзернай дзяржавай: «за» прагаласавала 229 дэпутатаў з 237 зарэгістраваных.


«Спокойно, товарищи»

Пасля дзясятага артыкула наступіла чарга апошняй часткі прэамбулы. Станіслаў Шушкевіч зачытаў дзве папраўкі, якія набралі з пяці папярэдніх найбольшую колькасць галасоў. У першай папраўцы гаварылася аб урачыстым пацвярджэнні дзяржаўнага суверэнітэта Беларусі, у другой — аб яго ўрачыстым абвяшчэнні. Фактычна пытанне стаяла аб тым, ці існавала ў мінулым беларуская дзяржава. Першая папраўка набрала 128 галасоў з 241 зарэгістраванага, а другая — 155. Станіслаў Шушкевіч з сумам канстатаваў, маўляў, на гэтым тыдні Вярхоўны Савет не прыме Дэкларацыю. Занерваваліся і дэпутаты, таму Мікалай Дземянцей кінуў фразу: «Спокойно товарищи, только спокойно».


Член камісіі Вярхоўнага Савета па распрацоўцы праекта Дэкларацыі Васіль Шаладонаў. Са снежня 1992 г. па май 1995 г. займаў пасаду Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь

Выхад з тупіка прапанаваў дэпутат Анатоль Вярцінскі. На яго думку, яшчэ быў «рэзерв» для таго, «каб зблізіць два падыходы». Для гэтага ў другі варыянт, які набраў 155 галасоў, перад словамі «дзяржаўны суверэнітэт», неабходна было дадаць «рэальны або поўны». У выніку за фармулёўку, паводле якой БССР урачыста абвяшчала «поўны дзяржаўны суверэнітэт», прагаласавалі 204 дэпутаты з 241 зарэгістраванага.

Вострыя дэбаты разгарэліся па апошнім, дванаццатым артыкуле. Першапачатковая яго рэдакцыя гучала так:



«Гэтая Дэкларацыя з’яўляецца асновай для распрацоўкі Канстытуцыі Беларускай ССР».


Здавалася, праблема вырашана, бо за гэтую рэдакцыю прагаласавалі 212 дэпутатаў з 241 зарэгістраванага. Аднак дэпутат Віктар Ганчар заявіў, што ў такім выглядзе дадзены артыкул не можа быць прыняты. На яго думку, патрэбна была папраўка аб тым, што да ўступлення ў сілу новай Канстытуцыі Беларусі на яе тэрыторыі дзейнічаюць толькі тыя палажэнні Канстытуцыі Беларускай ССР ад 1978 г., якія не супярэчаць дадзенай Дэкларацыі. Віктара Ганчара падтрымалі дэпутаты Уладзімір Кулакоў, Аляксей Камай і інш. У выніку Мікалай Дземянцей быў вымушаны абвясціць перапынак.

Пасля перапынку адказны за дванаццаты артыкул Валерый Курдзюкоў, які ўзначальваў камісію па справах моладзі, зачытаў дэпутатам іншую фармулёўку артыкула: палажэнні дадзенай Дэкларацыі рэалізуюцца Вярхоўным Саветам шляхам прыняцця новай Канстытуцыі, законаў БССР праз заключэнне дагавораў з іншымі суверэннымі дзяржавамі. За гэтую фармулёўку прагаласавалі толькі 126 дэпутатаў з 235 зарэгістраваных. Альберт Кавалёў, які выступіў пасля галасавання, заклікаў падтрымаць менавіта гэтую фармулёўку. Дэпутат даказваў, што яна дазволіць удасканальваць «нашы законы», заключаць дамовы з іншымі дзяржавамі. Яго падтрымаў дэпутат Уладзімір Грыбанаў, які сцвярджаў, што такая фармулёўка артыкула надасць Дэкларацыі лагічную завершанасць, таму што «дома без крыши не бывает».

Прыхільнікам такой фармулёўкі артыкула ўдалося схіліць большасць парламента на сваю карысць. Мікалай Дземянцей пагадзіўся на паўторнае галасаванне па дзвюх фармулёўках.

Станіслаў Шушкевіч зачытаў першую фармулёўку на беларускай мове:

«Дадзеная Дэкларацыя з’яўляецца асновай для распрацоўкі Канстытуцыі Беларускай ССР, законаў Беларускай ССР», а другую — на рускай: «Положения данной Декларации реализуются Верховным Советом Белорусской ССР путём принятия новой Конституции (Основного Закона) Белорусской ССР, законов Белорусской ССР».

Беларускамоўная фармулёўка набрала 155 галасоў з 232 зарэгістраваных, а рускамоўная — 220 галасоў. Цалкам за артыкул у другой фармулёўцы прагаласавалі 229 дэпутатаў.

Потым узяў слова Аляксандр Паўлоўскі і нечакана прапанаваў вярнуцца да дзявятага артыкула. Ён выступіў супраць тэрміна «нацыянальная супольнасць». Дэпутат, які з’яўляўся палякам, быў перакананы, што «мы такім запісам пакрыўдзілі іншыя нацыянальнасці», і заклікаў вярнуцца да слова «нацыянальнасць». Аляксандру Паўлоўскаму даў тлумачэнне Ніл Гілевіч. Па перакананні паэта, «супольнасць» — больш падыходнае слова. Яно выступае як сума ўсіх людзей адной нацыянальнасці (палякі, яўрэі і г.д.). Спытаўшы Аляксандра Паўлоўскага, ці задаволены той тлумачэннем, і атрымаўшы станоўчы адказ, Мікалай Дземянцей прапанаваў галасаваць па праекце ў цэлым.

Дэкларацыя была зацверджана 229 галасамі з 232 зарэгістраваных. Супраць не выказалася ніводнага дэпутата, не было і тых, хто ўстрымаўся. Не галасавалі тры дэпутаты.

Нягледзячы на тое, што галасаванне было пайменным, пратаколы пайменнага галасавання ў Нацыянальным архіве і ў апублікаваным бюлетэні паседжання сесіі Вярхоўнага Савета адсутнічаюць, таму выявіць прозвішчы тых народных выбраннікаў, хто не галасаваў, пакуль не ўяўляецца магчымым.

Чаму так здарылася? Адказ трэба шукаць у словах Станіслава Шушкевіча:

«Многія дэпутаты папрасілі, каб галасаванне было пайменнае. Я прапаную: давайце мы на нашай вылічальнай машыне зарэгіструем пайменна і, калі спатрэбіцца, раздрукуем. Калі не спатрэбіцца, то не будзем гэтага рабіць».

Па прапанове дэпутата Анатоля Вярцінскага, 27 ліпеня было абвешчана святочным днём. За гэта прагаласавалі 210 дэпутатаў з 232 зарэгістраваных.

27 ліпеня 1990 года са сценаў Вярхоўнага Савета прагучала моцная заява. Зянон Пазьняк абвясціў аб стварэнні парламенцкай апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце (дэпутацкая група БНФ была створана 16 ліпеня 1990 года). Заявіўшы аб тым, што толькі што прынятая Дэкларацыя з’яўляецца «пустой паперкай».

Аднак прыняцце Дэкларацыі, нягледзячы на расплывовасць некаторых палажэнняў, супярэчнасць з тагачаснай дзейнай Канстытуцыяй 1978 года, паклала пачатак афармленню незалежнай краіны. 

 

Тэкст Дэкларацыі: http://pravo.levonevsky.org/bazaby/org66/master/text1775.htm





Каментаваць