Як разгаралася і патухала «Полымя»

У Беластоку мясцовая моладзь паспрабавала заснаваць беларускі тэатральны кааператыў «Полымя». Але не так усё проста ў іх складвалася. Напрыклад, Ганна Абуховіч была пакарана штрафам 200 злотых за арганізаванае таварыства без адпаведнага паведамлення адміністрацыйным уладам.

Гурток Таварыства беларускай школы ў Беластоку быў створаны ў 1927 годзе. Першы сход адбыўся ў прыватным памяшканні Язэпа Грагарчука, дзе дэкларацыю аб прыналежнасці да ТБШ падпісалі 23 чалавекі.

Знайшлося і памяшканне для ТБШ, дзе хутка быў зроблены рамонт і паціху наладжвалася праца. Актыўна запрацавалі ў ТБШ драматычная, харавая, дэкламатарская і літаратурная секцыі. «Праз нейкі час пачалі ставіць беларускія п’есы — ва ўласным памяшканні па суботах, нядзелях і ў святы, а таксама ў Беластоку і ў цэлай акрузе. Беларускае насельніцтва выдатна падтрымала ініцыятыву Таварыства», — успамінаў Кастусь Сідаровіч.

Калі верыць Сідаровічу, за сем гадоў дзейнасці ТБШ было пастаўлена 167 спектакляў і беларускіх сцэнічных твораў, у якіх удзельнічаў і хор. Драматычная секцыя налічвала 13 пастаянных акцёраў-аматараў, харавы калектыў — 38 харыстаў.


ТБШ і Язэп Драздовіч

Дзейнасць ТБШ у Беластоку ў 1927–1935 гадах была даволі актыўнай. І ў сакавіку 1933 года тэбэшоўцы запрасілі слыннага беларускага мастака Язэпа Драздовіча, абяцаючы яму заробак за афармленне стэндаў, плакатаў і тэатральных дэкарацый.

«Учора з вечара я атрымаў запросіны паехаць у Беласток на працу. Сягодня большую палавіну дня патраціў на хадню — на агледзіны Лукішскага кірмашу — «Казюка» (кірмаш у Вільні, прымеркаваны да дня святога Казіміра. — С.Ч.), — піша ў сваіх «Дзённіках» Язэп Драздовіч.

Драздовіч прыехаў у Беласток 6 сакавіка 1933 года. «Уражанне ад горада такое: вялікае старадаўняе сяло, не надта даўно перашоўшае ў стан багацеючага горада, у якім адразу кідаецца ў вочы розніца між старымі і новымі будынкамі. Старыя аднастольныя хаты ў перамежку з новымі мнагастольнымі камяніцамі. Па свайму месцу распалажэння Беласток нічым не розніцца ад новаўзбудаваных Баранавіч — ні ракі, ні возера, ні прыгожых узгор’яў ці даліны. Найпрыгажэйшая часць Беластоку — гэта каля гатыцкага касцёлу. Ад т. зв. ратушы да брамы палацу Браніцкіх...» — напіша Язэп Драздовіч у «Дзённіках».

А 8 сакавіка Драздовіч ужо намаляваў шыльду на памяшканне акружной управы ТБШ. «Усё добра, ды холад, работа з рук валіцца», — адзін з першых запісаў мастака на новым месцы. Праз пару дзён ён закончыў вітражныя шыльды для кааператыўна-выдавецкага таварыства «Сяўба». Затым, па замове Беластоцкай акружной управы ТБШ, пачаў маляваць дэкарацыі для спектакляў, якія рыхтавала драматычная секцыя Таварыства. «Вясковую вуліцу» — для прадстаўлення паводле камедыі Уладзіслава Галубка «Суд», дэкарацыю «Пушча» і яшчэ краявід «марэнна-лясістага характару: наводдалі лес, узгор’е, рэчка, а па іх бярозавыя гаі. На ўзбліжжу — узмёт з альшынкамі і дубамі».

Язэп Драздовіч

Непадалёк у Супраслі ўжо ставіўся спектакль паводле п’есы Марка Крапіўніцкага «Пашыліся ў дурні» пры дэкарацыях, выкананых Язэпам Драздовічам. Гледачоў на спектаклі было шмат. Дарэчы, як пісаў мастак, «супрасляне аказаліся нашмат тэатральнейшымі за беластаччан, якія ідуць на спектаклі толькі дзеля танцаў».

Мастак з радасцю дапамагаў усталёўваць дэкарацыі ў арэндаваным на спектакль памяшканні на вуліцы Ружанскай у Беластоку. «Ставілася п’еса Крапіўніцкага «Пашыліся ў дурні». Сыгралі як найлепей. Сама сцэна з маімі дэкарацыямі, — цешыўся мастак, — мела выгляд надта прыстойны. Ды на вялікі жаль, цаніцеляў на ўсё гэта не хапала. Публікі было шмат. Моладзь уборная, франтаватая, ды эстэтычна слаба развітая».

Але ў 1933–1935 гадах Беластоцкая акружная ўправа ТБШ пачала адчуваць фінансавыя праблемы. Адзінай крыніцай папаўнення бюджэту была выручка ад спектакляў. Аматарскія спектаклі рэдка давалі добрыя касавыя зборы. Неўзабаве Драздовіч зразумеў, што ў Таварыстве не толькі на ганарар, але нават на фарбы няма грошай: «Прыйшоў на Купецкую, 44 у ТБШ, каб закончыць абраз-дэкарацыю «Пушча», ды, на вялікі жаль, прыходзіцца сядзець і нічога не рабіць — пакосту, клею і некаторых фарбаў не хапіла, а ў Таварыстве, аказалася, няма грошай на дакупку».

Праз пэўны час ТБШ у Беластоку знайшло дваццаць пяць златувак для Язэпа Драздовіча, за якія радасны мастак паехаў у Вільню. З таго часу сама дзейнасць ТБШ у Беластоку пачала паціху патухаць. У 1935 годзе пастановай гарадскога староства Таварыства беларускай школы было забаронена, а ўсе яго дакументы канфіскавалі.

Кааператыў «Полымя»

Пасля ліквідацыі ТБШ у Беластоку мясцовая моладзь у 1937 годзе паспрабавала заснаваць беларускі тэатральны кааператыў «Полымя». Як успамінаў Кастусь Сідаровіч, за арганізацыю кааператыва ўзяліся 12 чалавек — Ігнат Бакуновіч, Аляксандр Андрайчук, Лявон Богуш, Сяргей Крывец, Антон Кавальчук, Кастусь Сідаровіч, Базыль Лукашык, Пятро Дзямідовіч, Ганна Абуховіч, Уладзімір Маеўскі, Іван Гургэнбэнаў. Хлопцы і дзяўчаты сабраліся на маёўцы ў Юраўцах. Там яны разам падрыхтавалі статут кааператыва, абгаварылі пытанні наконт стварэння хору, драмгуртка і аркестра народных інструментаў. Сядзіба кааператыва павінна была месціцца ў Беластоку на вуліцы Надрэчнай, 9.

Але перш чым тэатральны кааператыў «Полымя» пачаў сваю дзейнасць, яго неабходна было зарэгістраваць. Дакументы на рэгістрацыю хутка былі падрыхтаваныя. Як паведамляе часопіс «Беларускі летапіс» №5 за 1937 год, «акружны суд у Беластоку падаў да публічнага ведама ў органы польскай коопэрацыі «Spolnota pracy» № 7 з дня 1.IV.1937 году аб зарэгістраваньні 5 лютага г.г. беларускага коопэратыву пад назовам «Аб’еднаньне Працаўнікоў Беларускага Тэатру «Полымя», Коопэратыў Працы з адказнасьцю паямі».

У Статуце кааператыва казалася, што сябры ў кааператыўным аб’яднанні тэатральных працаўнікоў будуць мець заробак, пашыраць тэатральную культуру сярод беларускага насельніцтва, наладжваць тэатральныя мерапрыемствы, плаціць за арэнду памяшкання, прапагандаваць тэатральнае мастацтва і г.д. Старшынёй Управы тэатральнага кааператыву была абрана Ганна Абуховіч.

Пад ціскам уладаў

Але не так усё проста складвалася ў тэатра «Полымя». Адной рэгістрацыі для дзейнасці творчага калектыву было мала. Як паведамляла беластоцкая прэса ў маі 1937 года, у прыватнасці, «Dziennik Białostocki», старшыня Управы таварыства «Полымя» Ганна Абуховіч была пакарана штрафам 200 злотых за арганізаванае таварыства працаўнікоў беларускага тэатру «Полымя» без адпаведнага паведамлення адміністрацыйным уладам. З гэтай прычыны беластоцкі гарадскі стараста не даў дазволу на канцэрт, які таварыства мелася наладзіць у Беластоку ў залі тэатра «Рalace» 4 мая 1937 года.

Сябры «Полымя» палічылі несправядлівым тое, што Ганну Абуховіч аштрафавалі. Яны пачалі пратэставаць супраць гэтага і даказалі ў судзе, што «Полымя» мае права на сваю дзейнасць, бо яно зарэгістраванае. І свайго дамагліся. Часопіс «Беларускі летапіс» за 1937 год (№ 6–7) надрукаваў такую зацемку: «Беластоцкі суд звольніў ад штрафу, якім пакарана была гарадскім судом у Беластоку старшыня Беларускага тэатральнага кааператыву гр. Абуховіч».

І хоць «Полымю» было нялёгка, усё ж яго дзейнасць разгаралася на ўсю Беласточчыну. Сябры тэатра ставілі п’есы, выступалі з канцэртамі, а таксама самі наладжвалі розныя вечары, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, артыстамі, спевакамі. Пра ўсе добрыя справы і праблемы «Полымя» паведамляў у заходнебеларускім друку сябра тэатральнага кааператыва паэт Сяргей Крывец.

Сяргей Крывец

Сам Крывец (1909–1945) у Беласток прыехаў у 1933 годзе з Мастоўшчыны. Ён адразу далучыўся да сяброў ТБШ, а потым быў адным з арганізатараў «Полымя». І хоць ён не меў адукацыі (паступіў на першы курс Беластоцкага педінстытута толькі летам 1940 года), мог гадзінамі распавядаць усім пра рускую, польскую, беларускую літаратуру. Як згадваў Рыгор Шырма, Крывец ведаў літаратуру і любіў яе. Прыемна было весці з ім гутаркі на літаратурныя тэмы, чытаць жывыя, вострасатырычныя яго апавяданні. Бывала, цэлымі начамі хлопцы хадзілі па ўскраінах Беластока і ў гутарках пра Горкага і Чэхава, пра Пушкіна і Міцкевіча, пра Купалу і Коласа, пра савецкую і заходнееўрапейскую літаратуры не заўважалі, калі «ўсход разгараўся пурпурнай палоскай». Просты вясковы хлопец з адукацыяй два класы пачатковай школы меў багатую літаратурную эрудыцыю.

У тэатральным кааператыве «Полымя» Крывец быў, мяркуючы з сённяшняга пункту гледжання, загадчыкам літаратурнай часткі тэатра. Ён рэдагаваў сцэнарыі, пісаў сам шмат вершаў для тэатра, прадмоў, выступленняў, тэксты афіш, прапагандаваў тэатр у беларускай прэсе, распавядаў пра ўсе поспехі і праблемы «Полымя».


І Забэйда-Суміцкі

Дзякуючы тэатру «Полымя» 6 чэрвеня 1937 года ў Беластоку быў наладжаны канцэрт Міхася Забэйды-Суміцкага. Вось як успрымалі беларусы Беластока канцэрт знакамітага спевака: «Трэба было бачыць на канцэрце, як публіка рэагуе на кожны паварот, на кожны пераход чароўнага голасу нашага мастака, які з першых тонаў апаноўвае душою публікі і з асаблівай лёгкасцю вядзе яе праз лабірынты далікатных перажыванняў. Іменна, трэба бачыць і адчуць, як саля замірае з журбой «Маладога дубочка», як дрыжыць, згарае агнём юнацтва з песняй «Ці грэх цябе любіць?» У людзей старых, адарваных ад народнага грунту, у каторых усякая сувязь з нашым жыццём здаецца занікла, мы бачылі слёзы. Гэта былі слёзы шчасця і радасці. Так было на канцэрце ў Беластоку 6 чэрвеня...». Акампаніраваў спеваку прафесар Урштэйн з Варшавы.

Так апісваў канцэрт Міхася Забэйды-Суміцкага Сяргей Крывец. Гэты допіс быў змешчаны ў часопісе «Беларускі летапіс», № 6–7 за 1937 год.

Беларускі тэатральны кааператыў «Полымя» ў канцы 1930-х гадоў быў на Беласточчыне даволі вядомым сваёй беларускай нацыянальнай дзейнасцю і актыўнасцю калектывам. Іншая справа, што мясцовыя ўлады пастаянна перашкаджалі яму. Напрыклад, 16 і 17 кастрычніка 1937 года ў Гарадку «палымянцы» хацелі паказаць дзве пастаноўкі — «Пакой у наймы» і «На вёсцы», а таксама канцэрты струннага аркестра і хору. Падалі просьбу пра дазвол на выступленне, але беластоцкі павятовы стараста прыслаў адмову, матывуючы тым, што ў гэты час і ў тым жа месцы «прамышляюць» ужо іншыя арганізацыі.

Каля двух гадоў працаваў у Беластоку гэты творчы калектыў. А ў лютым 1938 года прадстаўнікі мясцовых уладаў уварваліся ў памяшканне «Полымя» і забралі ўсю яго дакументацыю — акты, архівы, фотаздымкі, творы. Далейшая праца была часова спынена.

Потым была вайна, а канчаткова забаранілі дзейнасць «Полымя» беластоцкія ўлады толькі ў 1945 годзе.


Каментаваць