Як селянін забіў маскавіта Шуйскага, а Радзівіл забіў селяніна... Гісторыя з 1564 года

Бітва на рацэ Уле пад Чашнікамі, што адбылася ў 1564 годзе, стаіць у адным шэрагу з легендарнымі баталіямі пад Оршай і Кірхгольмам. Разам з тым гэтая перамога войскаў ВКЛ нашмат менш «раскручаная». А дарма.
Ліцвіны падчас Лівонскай вайны

Ліцвіны падчас Лівонскай вайны


Падчас чарговага пасяджэння «Цэху жывой гісторыі» ў бары Beer and Wine археолаг і гісторык Алег Дзярновіч распавёў пра малавядомыя старонкі той бітвы.

Як усё пачыналася? Лівонская вайна трывае ўжо не першы год. Узімку, пры канцы 1563 года, перамовы паміж маскавітамі і пасольствам ВКЛ заходзяць у тупік. «Рать государя нашего на конех седит», — чуе Рыгор Хадкевіч акурат падчас перамоваў у Маскве 18 снежня, ягонай дзяржаве зноўку аб’яўляюць вайну. Далей усё разгортваецца даволі хутка.

Праз месяц, 23 студзеня 1564, маскавіты выступаюць у паход: з Полацка рухаецца корпус Пятра Шуйскага, са Смаленска — корпус князёў Сярэбраных. Аб’яднацца яны маюць пад Оршай. Каб перашкодзіць гэтаму, на іхным шляху з’яўляюцца найвышэйшы гетман ВКЛ Радзівіл Руды і гетман польны Рыгор Хадкевіч.

Ніякай ідэі, толькі «палон і шкода»

Ці ставіла Масква за мэту адхапіць чарговы кавалак тэрыторыі ВКЛ? Наўрад ці. Згодна з летапісамі, маскавіты збіраліся ісці на Менск, а пасля на Наваградак. Пры гэтым аблога буйных населеных пунктаў і акупацыя ў іхныя планы не ўваходзілі. Гісторыкі сыходзяцца на тым, што мэтай маскавітаў было спусташэнне тэрыторыі і захоп палонных — звычайная, пазычаная ў татараў тактыка.

Тое ж кажуць і расійскія крыніцы: «ити до Друцких поль через панство его королевской милости, чинечи плен и шкоду…» Як бачым, ніякай гаворкі пра «абарону праваслаўнага люду» ці нейкія ідэалагічныя матывы нават не ідзе.

Маскавіты падчас Лівонскай вайны

Маскавіты падчас Лівонскай вайны


Колькі ў каго было войскаў?

Паводле Дзярновіча, не існуе механізму, каб дакладна падлічыць колькасць ваяроў у тагачасных бітвах. Усе крыніцы падаюць адно круглыя лічбы са шматлікімі нулямі, прычым разбежкі вельмі крутыя — нават у тагачасных хроніках. Маскоўскі «Ліст аб навінах» падае лічбу ў 25 тысяч маскавітаў, храністы Стрыйкоўскі і Бельскі пішуць пра 30 тысяч, дадаючы, што ўся смаленская групоўка — гэта ажно 50 тысяч ваяроў… Сам Мікалай Радзівіл Руды піша пра 17-18 тысяч маскавітаў, хоць палонныя казалі яму пра 20 тысяч.

А што ў ліцвінаў? Тагачасны папскі нунцый піша пра агульную лічбу ў 6 тысяч. Вядома таксама, што ўдарнай часткай стала тысяча гусараў, цяжкіх кавалерыстаў, што ламалі шыхты ворага. Сучасныя гісторыкі пасля доўгіх падлікаў сыходзяцца хутчэй на прапарцыйнай ацэнцы: войска Масквы большае за войска ВКЛ прыкладна ў 2-3 разы. То бок калі ў ліцвінаў 5000, то ў маскавітаў — прыкладна 15 000.


Выведка ВКЛ: рыскуны, шпегі і «хітрыкі Уліса»

Цікава, што не апошнюю ролю ў перамозе на Уле згуляла выведка Радзівіла, якая была наладжаная зусім няблага. Напярэдадні бітвы войскі ВКЛ знаходзіліся ў Лукомлі і выступілі ў бок Улы толькі тады, калі дакладна дазналіся пра рух корпусу Шуйскага з Полацка. Гэта акурат даводзіць храніст Мацей Стрыйкоўскі, сучаснік бітвы і аўтар паэмы, прысвечанай баталіі, дзе Радзівіл параўноўваецца з «антычным хітруном» Улісам:

…Ведаў калі з кім, калі войска ўжо ісці мае,

Меў пры сабе папа, што ў Полацку бываў,

Як Уліса хітрыкі ўжываў.

 У выніку добрай агентурнай працы напад на войска Шуйскага атрымаўся нечаканым ды імклівым: маскоўскія храністы згадваюць, што частка зброі і рыштунку ваяроў Шуйскага ў момант Х наогул заставалася ў санях… Не так усё проста і з самім Стрыйкоўскім. Таленавіты паэт і храніст таксама падпрацоўваў шпегам альбо рыскуном на той вайне, напрыклад, аб’язджаючы ліцвінска-маскоўскае памежжа пад выглядам падарожніка.

Маскавіты падчас Лівонскай вайны, тагачасная гравюра

Маскавіты падчас Лівонскай вайны, тагачасная гравюра


Імклівая перамога і хованкі па лясах «у промнях месяца»

Сама бітва адбылася ўвечары 26 студзеня альбо нават уначы. Радзівіл з Хадкевічам усё разлічылі слушна: войска Шуйскага акурат спынілася на начны прывал… Імаверна, вынік баталіі быў перадвызначаны ўжо ў першыя хвіліны: гусары Хадкевіча паламалі шыхты маскавітаў, Шуйскі быў паранены і збег, што справакавала паніку і хаос сярод яго падначаленых.

Той жа Стрыйкоўскі вельмі паэтычна апісвае начную «зачыстку» ў лесе, якую праводзілі ліцвіны, шукаючы перапужаных і параненых сапернікаў: «…У пагоні цэлую ноч, калі месяц свяціў, і потым у розных месцах тых, хто туляўся, вельмі многа сяляне і казакі пабілі». Вось вам і Віцебшчына, вось вам і “партызанскі край”…

Сярод «тулягаў», што гойсалі ў тую памятную ноч па лясах недзе пад Чашнікамі, быў і ваявода Пётр Шуйскі. Яго гісторыя аказалася трагічнай і вельмі кінематаграфічнай адначасна. Маскоўскія крыніцы так апісваюць ягоную долю: «…пришел в литовскую деревню, и тут мужики, его ограбя, и в воду посадили».

Мікалай Радзівіл Руды


Забойца Шуйскага – герой ці марадзёр?

Стрыйкоўскі дадае гісторыі яшчэ больш шарму: Шуйскі, маўляў, прыйшоў да сялянаў у футры і з залатым ланцугом, угаворваў давезці да Полацка, абяцаючы «дар вялікі». Селянін нібыта нават пагадзіўся і павёз яго ў санях, а пасля, убачыўшы «клейноты»… забіў сякерай. У якую ж «воду» яго пасадзілі? Хутчэй за ўсё, цела селянін утапіў у калодзежы. Сапраўды, куды ж яго падзець студзёнай зімою?

На гэтым гісторыя з Шуйскім не заканчваецца. Калі пра ягоны лёс даведаўся Радзівіл, то знайшоў і пакараў селяніна, а самога Шуйскага ўрачыста пахаваў у Вільні, сам ішоў за труной і нават плакаў. Чаму так? Дзе логіка? Па-першае, спрацаваў рыцарскі кодэкс і стандарты абыходжання са статуснымі палоннымі: калі забіваць Шуйскага – то ў баі, а не сякерай за «клейноты» недзе сярод лесу, каб пасля скінуць у калодзеж.

Па-другое, кожны статусны палонны быў тады на вагу золата – яго можна было памяняць на свайго, роўнага па кошце. Так пасля і сталася: у 1568–1569 гг. па просьбе сыноў Шуйскага Івана і Мікіты Іван Жахлівы пагадзіўся абмяняць цела іхнага бацькі на цела памерлай у палоне жонкі аднаго з Радзівілаў. Але гэты абмен так і не адбыўся.

Мацей Стрыйкоўскі

Мацей Стрыйкоўскі


Галоўны вынік: «…в скок побегли до своее земли»

Паводле Дзярновіча, у адрозненне ад шматлікіх цьмяных акалічнасцяў самой бітвы, з яе вынікамі ўсё максімальна проста. Галоўны вынік перамогі пад Улай – гэта сарваныя планы Масквы. Даведаўшыся пра лёс войска Шуйскага, корпус князёў Сярэбраных перадумаў ісці на захад: «…повтекали, возы и сани порубали (…) и сами на вьюки складися в скок побегли до своее земли», – так піша Радзівіл свайму брату. Такім чынам, паход праваліўся, што зберагло тысячы жыццяў нашых суайчыннікаў. Дарэчы, у Маскве пераможаных баяраў сустрэлі зусім не з кветкамі: Іван Жахлівы тут жа пачаў чарговую чыстку здраднікаў у войску, таму, магчыма, Шуйскаму яшчэ і пашчасціла памерці адносна лёгкай смерцю…

Апроч рэальнай Вялікае Княства атрымала і прапагандысцкую перамогу. Слава пераможцаў разышлася па ўсёй Еўропе праз «лятучыя газеты», а звесткі пра моц ліцвінскага войска дадалі «бонусаў» дэлегацыі ВКЛ на перамовах аб будучай уніі з Польшчай.

У якасці эпілога дамо яшчэ раз слова паэту і шпегу Стрыйскоўскаму, які, зноў жа ў паэтычнай манеры, апісвае стан поля бітвы праз дзесяць гадоў пасля начной сечы: «Я там сам у тым полі Іваньскім бачыў яшчэ стог вялікі, складзены з костак маскоўскіх, калі ехаў з Віцебска ў год 1573».


Алесь Кіркевіч для budzma.by




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Васiль
  • 2018-02-10 09:41:38
Гнать Российскую шушеру - назад в её любимую Рашу ! Что бы она и думать забыла - совать свой сопливый Лыч на нашу землю !

Каментаваць