Як у Беларусі «русский мир» стваралі

У Беларусі сем гадоў існавала афіцыйна зарэгістраваная арганізацыя, якая як ніхто адстойвала «русский мир» і далучэнне да яго Беларусі. Гэта была палітычная партыя «Славянскі Сабор «Белая Русь» (ССБР).

Члены Славянскага Сабора на Дні Незалежнасці 27 ліпеня 1993 г. у Гомелі. На адваротным баку фотаздымка словы «Дзень Незалежнасці» дэманстратыўна ўзяты ў двукоссе

 

 

Пачатак

 

Днём нараджэння Славянскага Сабора з’яўляецца 6 чэрвеня 1992 года. У гэты дзень з удзелам 82 чалавек прайшоў першы з’езд арганізацыі, на якім былі зацверджаны назва, статут і склад рэвізійнай камісіі. Вышэйшым органам Сабора абвяшчалася Дума. Улічваючы, што ў статуце былі прапісаны палітычныя мэты, было прынята рашэнне зарэгістраваць Славянскі Сабор не ў якасці грамадскай арганізацыі, як планавалася, а як палітычную партыю. У сувязі з гэтым 26 жніўня 1992 года адбыўся дадатковы з’езд з удзелам 102 чалавек (паводле тагачаснага заканадаўства, палітычная партыя павінна была налічваць не менш за 100 сяброў).

 

4 верасня партыя афіцыйна была зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі і выйшла на палітычную арэну. Першапачаткова яе ўзначалілі чатыры сустаршыні Думы: Міхаіл Ільін, Андрэй Цэгалка, Валерый Сураеў і Мікалай Сяргееў. Мікалай Сяргееў меў пэўную перавагу над сваімі калегамі, бо атрымаў «права першага подпісу». А 26 лютага 1995-га Мікалай Сяргееў на III з’ездзе быў абраны адзіным старшынёй Сабора, атрымаўшы ўсю паўнату ўлады.

 

Мэты партыі былі вельмі амбіцыйнымі: «Абарона славянскіх інтарэсаў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця на аснове яднання славян і прыярытэту традыцыйных каштоўнасцяў славянскай цывілізацыі; стварэнне ў Беларусі канстытуцыйным шляхам прававога, гарманічна развіваючагася грамадскага ладу, заснаванага на саборнасці (адзінства ў разнастайнасці, аднадушнасць пры вырашэнні найважнейшых пытанняў, шырокае народнае прадстаўніцтва, раўнапраўнае супрацоўніцтва розных слаёў грамадства); распаўсюджванне праваслаўнай святаайцоўскай веры».

 

У сакавіку 1993-га была зацверджана эмблема партыі Славянскі Сабор «Белая Русь», якая ўяўляла «стылізаваную выяву трызубца і адначасова атакуючага сокала, абрамленыя васьміканцовай зоркай». На думку распрацоўшчыкаў эмблемы, трызубец выяўляў «трыадзінства вялікаросаў, беларусаў і маларосаў-украінцаў», а «атакуючы сокал — радавы знак Рурыкавічаў, да роду якіх належалі і полацкія князі». У сваю чаргу, васьміканцовая зорка — гэта знак Багародзіцы, «абаронцы славян і іх земляў».


Эмблема «Белой Руси» ў выглядзе «трызубца» і «атакуючага сокала»

 

Сцягам стала чорна-залаціста-белае палотнішча часоў Расійскай імперыі 1858–1883 гадоў.

 

«Русский мир»

 

Праграма Славянскага Сабора «Белая Русь» была ўхвалена на II з’ездзе партыі 12 снежня 1993 года. Своеасаблівым эпіграфам да яе стала знакамітае «Сим победиши!», а лозунгам — «Русь, справедливость, труд и свобода!». Канчатковай мэтай праграмы абвяшчалася стварэнне Славянскай Супольнасці, ядром якога з’яўлялася так званая Саборная Русь. Яна ахоплівала тэрыторыі Белай Русі, Вялікай Русі, Русі-Украіны, а таксама «Семиреченскую Русь» (поўнач Казахстана). А першым крокам да стварэння такой сумнеўнай псеўдадзяржавы павінна была стаць інтэграцыя Беларусі і Расіі.

 

Вышэйшым органам прадстаўнічай і заканадаўчай улады Саборнай Русі абвяшчаўся «Совет всея земли» (Земскі сабор), які зацвярджаў асноўны закон — Саборнае Укладанне. Земскі сабор ствараў орган выканаўчай улады, на чале якой быў Вярхоўны Арбітр.

 

У эканамічнай сферы катэгарычна ставілася пытанне ліквідацыі залежнасці ад развітых краін: «Шлях на Захад — шлях у нікуды!». Апорай эканамічнай мадэлі Сабору павінна была стаць ваенная прамысловасць, дзеля чаго праграма патрабавала «спыніць разгромную канверсію ВПК». Асноўнай крыніцай валюты, паводле праграмы, быў «гандаль айчыннай зброяй».

 

Нацыянальна-моўная палітыка зводзілася да таго, каб надаць рускай мове статус дзяржаўнай, а беларускай вярнуць яе «спрадвечнае, не скажонае «беларусізатарамі» гучанне, узяўшы за ўзор мову Георгія Скарыны». Такім чынам, аналагічная прапанова, зробленая кандыдатам Мікалаем Улаховічам у апошнія прэзідэнцкія выбары, не новая.

 

У сферы адукацыі замацоўвалася абавязковае вывучэнне рускай мовы, літаратуры і гісторыі. Дзяржаўную падтрымку павінна была мець праваслаўная царква.

 

Якія людзі!

 

Арганізацыйная структура Славянскага Сабора канчаткова склалася ў канцы 1996 года. Славянскі Сабор меў адну абласную (Віцебск) і 15 гарадскіх арганізацый: Мінск, Слуцк, Заслаўль, Мар’іна Горка, Бабруйск, Гомель, Горкі, Віцебск, Полацк, Наваполацк, Гарадок, Орша, Лёзна, Кобрын, Гродна. Пры гэтым у Мінску і абласных цэнтрах арганізацыі Сабора дзейнічалі ва ўсіх раёнах гэтых гарадоў. Гродзенская і Гомельская абласныя арганізацыі былі ліквідаваныя (перш за ўсё з-за недахопу сродкаў). У такім выглядзе структура праіснавала да знікнення партыі.

 

Пасля перарэгістрацыі 10 красавіка 1995 года Сяргееў абвясціў аб новай структуры партыі. Усе члены Славянскага Сабора падзяляліся на тры катэгорыі: «паплечнікі», «падзвіжнікі» і «прыхільнікі». Такая градацыя «ўлічвала ўнёсак члена партыі ў справу ССБР». Менавіта «паплечнікі» вырашалі прынцыповыя пытанні, мелі права падпісваць дакументы і выступаць ад імя партыі.

 

Палітычную кар’еру ў Славянскім Саборы пачыналі дагэтуль вядомыя ў рэспубліцы людзі: акцёр Уладзімір Гасцюхін, рэжысёр, аўтар прапагандысцкага «шэдэўра» «Нянавісць. Дзеці ілжы» Юрый Азаронак, высокапастаўлены зараз чыноўнік Усевалад Янчэўскі, незалежны эканаміст Сяргей Чалы, прафесар-філосаф Валянцін Акулаў, палітолаг Сяргей Шыпценка. Кіраўніком Віцебскай абласной арганізацыі ССБР быў той самы Андрэй Герашчанка. Членам Сабора з’яўляўся і былы галоўны рэдактар «Знамени юности» Ігар Гукоўскі.

 

ССБР быў першай палітычнай арганізацыяй, якая зрабіла стаўку на Аляксандра Лукашэнку. У рэзалюцыі пасяджэння праўлення Думы партыі ад 14 снежня 1993 года можна прачытаць: «Апублікаваць у СМІ заявы ў падтрымку выступу дэпутата Лукашэнкі». У першыя прэзідэнцкія выбары члены партыі ўвайшлі ў яго ініцыятыўную групу, аднак неўзабаве шляхі будучага кіраўніка дзяржавы і Славянскага Сабора разышліся.

 


 

Прапаганда

 

У Саборы ўзніклі структурныя падраздзяленні: аддзел аналітыкі і палітычнага прагназавання, аддзел знешніх сувязяў (які ўзначаліў сам Сяргееў), аддзел гісторыі і культуры славян, аддзел нацыянальна-моўных праблем, юрыдычны аддзел, а таксама аддзел па сувязях з праваслаўнай царквой. 17 кастрычніка 1994 года ў партыі з’явіўся аддзел прапаганды, каб «творча развіваць традыцыйны рускі светапогляд; распрацоўваць методыку прапаганды ідэй Рускага Нацыянальнага Руху сярод розных слаёў насельніцтва Беларусі; рыхтаваць прапагандысцкія і асветніцкія матэрыялы».

 

З першых часоў існавання партыі паўстала пытанне аб яе друкаваным органе, які першапачаткова планавалася назваць «За веру и верность». У ліпені 1992 года ў якасці прыярытэтных задач выдання Сяргееў акрэсліў фармаванне грамадскай думкі аб неабходнасці ўвядзення двухмоўя, а таксама стварэнне аб’ектыўнай гісторыі Беларусі «ў сувязі з фальсіфікацыямі».

 

Друкаваны орган Сабора з’явіўся ў студзені 1993-га пад назвай «Русь Белая. Газета славянофилов Придвинья». З верасня 1994-га «Русь Белая» ўжо называлася як газета Славянскага Сабора «Белая Русь».


Зварот Славянскага Сабора «Белая Русь» да кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі


Ворагі

 

Галоўным палітычным ворагам Славянскага Сабора паўставаў Беларускі народны фронт, якога «сабаране» вінавацілі ва ўсіх бедах рэспублікі, а таксама іншыя партыі і аб’яднанні нацыянальнага накірунку — Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларускае згуртаванне вайскоўцаў і інш. Нават пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі «Белая Русь» сцвярджала, што ў яго атачэнне «затесались» паплечнікі БНФ. Напрыклад, крытыкаваўся міністр замежных спраў Уладзімір Сянько, які нібыта ператварае Беларусь «у вечнага даўжніка і васала ЗША».

 

У знешнепалітычнай дактрыне «сабаран» Русь паўстае не інакш як крэпасць у аблозе. Галоўнымі ворагамі выступалі ЗША і NATO, Ізраіль і «міжнародны сіянізм», Польшча і «мусульманска-каўказская экспансія». Турцыя абвінавачвалася ў тым, што «праз свае спецслужбы» быццам бы «вядзе варожую дзейнасць супраць нашай рэспублікі».

 

Славянскі Сабор лічыў сваім абавязкам «працягнуць руку дапамогі» тым славянам, якія нібыта пакутуюць ад сусветнага імперыялізму, асабліва балканскім славянам і сербам. На працягу 1993–1996 гадоў ССБР літаральна заваліў Мінгарвыканкам заявамі на пікетаванне амбасадаў заходніх краінаў супраць іх палітыкі на Балканах.

 

А 22 ліпеня 1993 года Дума Славянскага Сабора накіравала віншавальную тэлеграму жыхарам гарадоў Нарва і Сіламяэ з нагоды правядзення рэферэндуму аб статусе гэтых эстонскіх населеных пунктаў з большасцю рускамоўнага насельніцтва.


Віншаванне Славянскага Сабора «Белая Русь» на адрас Уладзіміра Жырыноўскага

 

У абдымках «русского мира»

 

Будучыня Беларусі разглядалася выключна ў залежнасці ад Расіі. Славянскі Сабор меў кантакты з такімі ідэйнымі паплечнікамі «рускага свету», як Эдуард Лімонаў, Аляксандр Дугін, Уладзімір Жырыноўскі, Канстанцін Затулін, Сяргей Бабурын, старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі Валерый Ганічаў, скульптар і прэзідэнт Міжнароднага фонду славянскай пісьменнасці і культуры Вячаслаў Клыкаў.

 

3 мая 1995 года ССБР звярнуўся да Лукашэнкі і старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Ярмошына разгледзіць пытанне аб перайменаванні сталічнай плошчы Незалежнасці ў плошчу імя Жукава. 11 сакавіка 1996 года прапанавалі надаць галоўнай плошчы новую назву — «плошча Славянскага адзінства».

 

17 снежня 1995-га Дума звярнулася да Лукашэнкі з прапановай зацвердзіць 25 снежня ў якасці дзяржаўнага свята і назваць яго «днём Яднання Русі». Таму што 25 снежня 1795 года Кацярына II падпісала ўказ аб далучэнні да Расіі, як было занатавана ў звароце, «земляў Заходняй Русі».

 

***

Ліквідацыя Славянскага Сабора адбылася на нечарговым VII з’ездзе 12 чэрвеня 1999-га. На з’ездзе было заяўлена аб аргкамітэце па стварэнні Рэспубліканскага агульнанароднага саюза «Белая Русь», які, «з аднаго боку, забяспечвае пераемнасць палітычнай лініі ССБР, а з другога — пашырыць падтрымку з боку грамадзян РБ».

 

Аднак «Белай Руссю» стала іншая арганізацыя.

 

 

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-04-29 09:06:00
Артыкул цікавы, грунтоўны. Дасціпна сказана ў канцы: "Аднак «Белай Руссю» стала іншая арганізацыя".
Варта заўважыць, што прафесар Акулаў і да "Славянского собора" палітыканстваваў: у 1990 г. балатаваўся ў Вярхоўны Савет пры падтрымцы БНФ, паддобрываўся да лібералаў... Ды палітычнай кар'еры ў яго не атрымалася.
  • grub
  • 2016-04-29 20:53:15
Чалы... Нечакана.

Каментаваць