Як у СССР падманам арыштоўвалі беларускіх патрыётак

Кароткая паўза ў выкарыстанні смяротнага пакарання o CCCР захавалі жыццё некаторыя ўдзельнікі падпольных антысавецкіх арганізацый  Заходняй Беларусі

Быў перыяд, калі ў СССР адмянялі смяротнае пакаранне. У 1947 годзе выйшаў указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР “Аб адмене смяротнага пакарання”. Прычыны адмены былі і палітычныя, і эканамічныя.

З аднаго боку, ствараўся імідж гуманнай дзяржавы, а з іншага — СССР адбудоваўся пасля Другой сусветнай вайны, патрэбная была бясплатная праца зняволеных. Праз тры гады, у студзені 1950-га, “па шматлікіх просьбах працоўных” выйшаў указ “Аб выкарыстанні смяротнага пакарання да здраднікаў радзімы, шпіёнаў, падрыўнікоў-дыверсантаў”.

У выніку кароткай паўзы ў выкарыстанні смяротнага пакарання захавалі жыццё некаторыя ўдзельнікі падпольных антысавецкіх арганізацый, якія існавалі пасля вайны ў Заходняй Беларусі — “Чайка”, “Саюз беларускіх патрыётаў”.

Сярод іх Леакадзія Шышэя (Кавальчук), удзельніца арганізацыі “Чайка”, вязніца ГУЛАГу, якая пасля вызвалення абрала сваім месцам жыцця Вільню.

У красавіку 2013 года, з дапамогай дырэктаркі Беларускага музею ў Вільні Людвікі Кардзіс, атрымалася сустрэцца з Леакадзіяй Шышэя, якая распавяла, і пра жыццё ў ГУЛАГу і пра тое, як шляхам ашуканства ажыццяўляўся яе арышт.

 

 — Прыязджаюць. Каля нашага дому шаша была. Едзе брычка. Спынілася. Я гляджу і кажу: “Ой, нешта брычка з ваеннымі спынілася”. Ідзе афіцэр ў хату. Я стаю ў калідоры. Ён гаворыць: “Знаете, у нас там беда случилась. Можно ли молоточка у вас попросить?” Я гавару: “Можна, калі ласка”. Я знайшла гэты малаточак, прынесла ім. І хачу выходзіць. А ён: “Нет, нет, не выходите. Вы — Леокадия? Садитесь”. Зрабілі вобыск.

Мама была хворая. І якраз хлеба не было. А на вёсцы так прынята ў суседзяў пазычаць. Бацька пайшоў да суседа. Далі яны нам хлеба. Гавораць: “Лёдзю забіраюць”. Сказалі бацьку запрэгчы каня, воз. Але бацьку за фурмана не пасадзілі. Пайшлі дзядзьку нейкага знайшлі. І адвезлі мяне ў Слонім у КГБ.

Там я наслухалася. І білі мяне. Але не было за што біць. А што ж я рабіла? Нічога я не рабіла. А я так і сказала. Ён даў мне падпісаць, я нават не помню, што там было. Я сказала: “А чаму я павінна падпісваць гэта? Я гэтага не рабіла, я там не была”. А ён: “Ну, ничего, мы потом вопросы будем задавать уточнять”. Я падпісала. А што падпісала — не ведаю. Вось такія мае справы былі.

Цяпер здаецца, што ўсё, што было — прайшло.

Леакадзія Шышэя за ўдзел у антысавецкай арганізацыі “Чайка” (Слонім, 1946) адбыла ў лагерах тэрмін восем з паловай гадоў. У лагеры была разам з паэткай Ларысай Геніюш.

У траўні 1946 года ў Слоніме актывісты руху правялі ўстаноўчы сход, на якім прынялі рашэнне стварыць падпольную беларускую арганізацыю «Чайка», якая ставіла мэтай змаганне супраць русіфікацыі.

“Чайкай”, паводле словаў Леакадзіі Шышэі, арганізацыю назвалі, бо падчас устаноўчага сходу, які адбываўся на беразе ракі, над галовамі арганізатараў праляцела чайка.

 

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя


Каментаваць