Як жа яны здолелі пракарміць дзесяць дзяцей?

Столькі дзяцей, як жа яны маглі іх пракарміць? Гэтае пытанне аўтар, навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, часцяком чуе ад наведвальнікаў.


Не хочацца псаваць людзям уяўленне пра сялянскі побыт XIX стагоддзя як пра нешта прывабнае сваёй дысцыплінаванай упарадкаванасцю і ледзьве не святой лагоднасцю, пра свет, дзе патрыярхальнасць і кансерватызм з’яўляюцца галоўнымі каштоўнасцямі. Часцей сумна ўсміхнешся на з’едлівы каментар мужчынскай аўдыторыі, ды мусіш перавесці тэму. Зрэдку, калі бачыш зацікаўленасць і сумнеў у вачах, пачынаеш паступова акунаць слухача ў бязлітасную рэальнасць тагачаснага вясковага жыцця.


Дзяўчынка — адрэзаны кавалак

Мець шмат дзяцей вымушала эканоміка. З’яўленне дзяцей у сялянскай сям’і — гэта, перш за ўсё, павелічэнне колькасці працоўных рук у гаспадарцы. Нараджэнне дзяцей, асабліва хлопчыкаў (дзяўчынка лічылася адрэзаным кавалкам, паколькі прыносіла сям’і больш расходаў, чым прыбытку), успрымалася заўсёды з радасцю.

Але насамрэч гаварыць аб шматдзетнасці даволі цяжка, бо вялікія сем’і ствараліся за кошт сужыцця ў адной хаце некалькіх сыноў з жонкамі і дзецьмі. Нераздзеленыя сем’і сапраўды мелі агульную колькасць 8–10 дзяцей. Але, калі прасачыць дзетнасць шлюбных параў, то кожная з іх мела прыкладна трое-чацвёра дзяцей, радзей — 5–6, і яшчэ менш — 7 і больш дзяцей.




Вымушаны крок

Нараджаць больш дзяцей у сялянскай сям’і вымушаў не толькі тагачасны эканамічны лад, але і становішча з аховай здароўя. Дзіцячая смяротнасць у той час, па сённяшніх варунках, была проста жахлівай.

Два гады таму мне давялося вывучаць метрычныя кнігі аб памерлых прыходу Бараньскай Спаса-Прэабражэнскай царквы. Дзякуючы таму, што ў іх уносіліся ўзрост і прычына смерці, кнігі дазвалялі прасачыць, якім быў працэнт дзіцячай смяротнасці на вёсцы ў той час. Памятаю, як пасля доўга шукаў у сеціве эпідэміялогію захворванняў (старыя назвы некаторых ніколі не чуў), каб зразумець, што за хваробы дзясяткамі вынішчалі малых дзяцей.

Напрыклад, у 1868 годзе з 40 памерлых у прыходзе больш за палову (23 чалавекі) былі дзеці ва ўзросце да 5 гадоў. У 1869 го­дзе з 92 памерлых — 37 ва ўзросце да 5 гадоў. Святар на старонках кнігі адзначае, што прычынай смяротнасці стала эпідэмія воспы і крупу — захворвання дыхальных шляхоў, з-за якога многа дзяцей памірала, не дажыўшы да года.

У 1870 годзе з 70 памерлых 36 былі ва ўзросце да 5 гадоў. Прычынамі смяротнасці былі адзёр, коклюш, шкарлятына. Страшэнныя сведчанні за 1890 год — 83 дзіцяці памерлі ад эпідэмій крупу і скулы. Пра маштабы дзіцячай смяротнасці сведчыць метрычная кніга аб памерлых за 1892 год, якая абрываецца на лютым, — аднак і на той момант утрымлівае звесткі аб 11 памерлых дзецях. За няпоўныя два месяцы!

Часам, без магчымасці дыягназаваць хваробу, якая стала прычынай смерці, пісалі проста: «ад нястраўнасці», «ад крывавага паносу». Гэта можа сведчыць аб частай адсутнасці простай гігіены. У прычынах смерці можна было сустрэць пазначэнні «ад кашлю», «ад прастуды» і гэтак далей.

Умовы сялянскага жыцця ў XIX стагоддзі былі дастаткова цяжкімі не толькі па сучасных мерках. Многія расійскія даследчыкі ў сваіх падарожжах па далучаных да Расійскай імперыі тэрыторыях адзначалі нізкі ўзровень дабрабыту беларусаў. Цяжкая знясільваючая праца, пастаяннае недаяданне, антысанітарыя з’яўляліся прычынай розных захворванняў — страўнікава-кішачных, туберкулёзу, дыфтэрыту. Асабліва схільныя да захворванняў былі немаўляты.

Ніхто ніколі не ведаў, ці выжыве дзіцяці праз тры-пяць гадоў. І гэта прымушала нара­джаць больш.


Кантрацэпцыя? Не, не ведалі

Яшчэ адзін чыннік вялікасці беларускіх сялянскіх сем’яў — адсутнасць планавання сям’і. Няма падстаў гаварыць аб распаўсюджанні штучнага рэгулявання дзетнасці ў XIX — пачатку XX стагоддзяў. Сярод беларускіх жанчын радыкальныя спосабы папярэджання цяжарнасці вядомыя не былі. Больш распаўсюджаны былі аборты. Для таго, каб перар­ваць цяжарнасць, жанчыны клалі на жывот гарачыя камяні або гаршчок, саскоквалі з вышыні, падымалі цяжкія прадметы, пілі настоі шалупіння з цыбулі, кары крушыны і г.д. Часцей на гэта ішлі самотныя жанчыны, якія баяліся гневу бацькоў або асуджэння грамадства. Матэрыялы судоў сведчаць пра тое, што штучнае перарыванне цяжарнасці заўсёды каралася, калі станавілася вядомым абшчыне.

Што тычыцца замужніх жанчын, то яны нараджалі столькі дзяцей, «колькі Бог пашле». Аднак недастатковы дагляд, адсутнасць сістэмнай медычнай дапамогі, недастатковае харчаванне былі прычынамі высокай дзіцячай смяротнасці. У зімовы час ворагам кволага дзіцячага здароўя быў холад, як следства яго — моцна натопленая печ і адсутнасць свежага паветра. Асабліва вострай была праблема ў «курных» хатах, дзе ў печы адсутнічаў дымаход.

Аднак, нягледзячы на сум абмаляванай сітуацыі, пэўныя захады для прафілактыкі захворвання дзяцей на вёсцы ўсё ж існавалі. Прыкладна да шасці месяцаў іх купалі кожны дзень, затым — два-тры разы ў тыдзень, пасля года — адзін-два разы. Да паўгода ўжывалася тугое спавіванне дзіцяці. Лічылася, што яно садзейнічае выпраўленню розных фізічных дэфектаў (крывабокасць). На сёмым-восьмым месяцы дзіця спавівалі больш свабодна, абвязваючы толькі ножкі. Прыкладна з чатырох месяцаў пачыналі садзіць, з пяці-шасці — ставілі.

Немагчыма пераацаніць значэнне харчавання, ад якога залежаў фізічны стан дзяцей, імунітэт. Самай каштоўнай ежай было мацярынскае малако, якасць якога залежала ад фізічнага стану маці, яе ўласнага харчавання. У першыя суткі-двое, калі малако ў маці яшчэ не з’явілася, дзіцяці давалі жаваны хлеб з цукрам, завязаны ў чыстую палатняную анучку, у рэдкіх выпадках давалі да грудзей жанчыны, у якой таксама было дзіця. Карміліся дзеці мацярынскім малаком доўга — да двух гадоў, а то і больш. На чацвёртым-пятым месяцы давалі прыкорм, звычайна — каровіна малако, разведзенае кіпнем. Прыкладна з паўгода пачыналі даваць вадкую грэчневую кашу. Пасля года дзяцей патроху пачыналі карміць з агульнага стала.


Медыцыны амаль няма

У выпадку эпідэміялагічных захворванняў не было сродкаў, якімі можна было б лячыць дзіця з гарантыяй пераносу ім лекаў, якія прызначаліся даросламу. Павятовыя і гарадскія шпіталі не мелі поўнага штата лекараў, фельчараў, месцазнаходжанне шпіталя было, часцяком, у недасяжнай далечыні ад многіх вёсак і дабрацца да іх, асабліва зімой, селяніну з хворым дзіцем не было магчымасці. З 1869 года існавала вяскова-лекарская частка, якая ўяўляла сабой арганізаваныя пункты медыцынскай дапамогі ў воласці з фельчарам, павітухай і аптэкай. Задачай фельчара быў прыём і агляд хворых, прыняцце мер у папярэджанні эпідэміялагічных захворванняў.

У 1847 годзе міністр унутраных спраў Расійскай імперыі граф Пяроўскі, грунтуючыся на статыстычных дадзеных аб вялікай смяротнасці нованароджаных і парадзіх у выніку недастатковага і нядбайнага за імі дагляду, прапанаваў прызначаць у валасцях вывучаных павітух са складу простага насельніцтва. Спачатку ў Магілёве пры родавадапаможнай установе было арганізавана аддзяленне адукацыі павітух, а ў 1865 годзе паўстала Цэнтральная спавівальная школа, якая штогод выпускала да 20 вывучаных павітух. Працэс навучання складаў 3 або 4 гады (у залежнасці ад ўзроўню ведаў жанчын, якія паступалі ў школу) і ўключаў падрыхтоўчы клас (1 або 2 гады) і два спецыялізаваных класа. Праграма падрыхтоўчага класа ўключала заняткі па рускай мове, матэматыцы, закону Божаму, лацінскай мове, фізіцы, анатоміі. У спецыялізаваных класах будучыя павітухі навучаліся акушэрству, малой хірургіі, фармакалогіі, лячэнню венерычных захворванняў і дзіцячых хвароб. Пасля выпуску са школы ў іх абавязкі ўваходзіла дапамога сялянскім жанчынам падчас родаў і пры жаночых захворваннях. Акрамя таго, усе павітухі загадвалі гаспадарчай часткай сельскіх бальніц, дапамагалі фельчарам даглядаць хворых, удзельнічалі ў вакцынацыі насельніцтва падчас эпідэмій.

Тым не менш, варта адзначыць што большасць павітух былі ўсё ж без адукацыі, «спрактыкаванымі» жанчынамі з вёскі, якія часта жылі ў суседнім двары і ў выпадку цяжкасці родаў, пры адсутнасці магчымасці ў кароткі час даставіць да парадзіхі вывучанага чалавека, самі прымалі на сябе абавязкі па прыняцці дзіцяці і дагляду за маці.

Адна спавівальная школа рыхтавала павітух ва ўсе беларускія губерні, і, зразумела, не магла забяспечыць вёску неабходнай колькасцю спецыялістаў. Востра стаяла праблема інструментаў, фармакалагічных сродкаў. Будынкі бальніц былі дрэнна абсталяваныя: бракавала інструментаў, ложкаў, а кепска наладжаныя шляхі паміж вёскамі, цалкам залежныя ад умоў надвор’я, рабілі дастаўку лекара да сялянскай хаты часцяком немагчымай.

У такіх варунках, каб вы­жыць, захаваць свой род, заставалася толькі адно — нараджаць.


Каментаваць