Як у Полацку 1638 года разглядалі справу аб імпатэнцыі мужа

Гродскія кнігі магістратаў, дзе скрупулёзна занатоўваліся скаргі і судовыя справы месцічаў, уяўляюць сабой каштоўную крыніцу па гісторыі штодзённасці беларускага сярэднявечнага горада.



Свары, крадзяжы, бойкі, фізічныя нявецтвы, маёмасныя спрэчкі, пагроза ці знявага словам… Здавалася б, канфлікталогія даўніх гараджанаў мала чым адрозніваецца ад міжасабовых прэтэнзій сучасных палачанаў ці магілёўцаў, якія выносяцца на разгляд суда. Аднак, гартаючы старонкі судовых дакументаў XVI—XVIII ст., немагчыма не заўважыць каларыт эпохі, якім насычаныя не толькі справы аб чарадзействе, непамысныя для сучаснага грамадства, але і цяжбы ў галіне сямейнага права.

Катэгорыі “шлюб” і “сям’я” для чалавека XVII ст. былі сутнасна важнымі і яшчэ блізка не падлягалі той дэвальвацыі, якую, на жаль, перажываюць у часе сённяшнім. Ну і мова, сакавітая вобразная беларуская мова даўніх актаў, — гэта той каларыт, у якім хочацца купацца штодня, а не толькі на старонках старажытных судовых справаў…

У лютым 1638 г. у полацкай ратушы перад бурмістрам Янам Русецкім “скардзіўся і з вялікім жалем апавядаў мешчанін полацкі славетны Васіль Павуковіч, сам ад сябе і імем малжонкі сваёй пані Веры Астаф’еўны Наплюшанкі на мешчаніна тэж места Полацкага, пана Яна Каськевіча пра тое, што ён, пан Ян Каськевіч, узяўшы за сябе ў стан светлы малжонскі ў пана Васіля Павуковіча і пані малжонкі яго цорку іх за малжонку, панну Аўдоццю Павукоўну, ад бацькоў пачціва выхаваную, час немалы блізка трох год будучы няздольным, паводле канонаў і правоў духоўных і свецкіх, да памянёнай панны, малжонкі сваёй, у павіннасці да малжэнства…”.

Абурэнне і скарга бацькоў на свайго зяця была цалкам зразумелая: ён не толькі не выконваў сваіх мужчынскіх абавязкаў у дачыненні з жонкай, што пазбаўляла патэнцыйных дзядоў радасці пагушкаць унукаў, але ўсяляк зневажаў і крыўдзіў іх любімую дачку Аўдоццю, збіваючы яе і выганяючы з дому, “затлумляючы пачцівае выхаванне і цноты менаванай малжонкі сваёй, але яшчэ нават частакроць частымі боямі, недастаткамі, з дому выганяннем прэч ад сябе…”.

Зразумела, што, калі такая бяда адбылася з маладой жанчынай, розгалас пра дэвіянтныя паводзіны яе мужа дайшоў не толькі да бацькоў, але стаў грунтам калектыўных перасудаў сярод знаёмых (“да немалога жалю паноў бацькоў і прыяцеляў іх”), якія ў той час пляткарылі на вуліцах горада, а не ў інтэрнэце. Розгалас пра няшчасную долю дачкі быў нажом у сэрца “мешчаніна полацкага славетнага” Васіля Павуковіча, які разам з жонкай прыклаў усе намаганні, каб законным чынам сітуацыю вырашыць на карысць Аўдоцці.

Безумоўна, змрок такога сужэнства стаў вядомы бацькам не ў апошнюю хвіліну. Можна меркаваць, што пасля сустрэч з сяброўкамі, маладымі мамамі, якія хваліліся не толькі ўласнымі дзеткамі, але красамоўна апісвалі ўсю слодыч працэсу прадукавання нашчадкаў, Аўдоцця не раз і не два прыбягала ў бацькоўскі дом з плачам і істэрыкамі.

Першы сур’ёзны наезд на нехлямяжага і быдлячага з паводзінаў зяця адбыўся яшчэ ў 1637, калі Ян Каськевіч быў вымушаны падпісаць ліст у прысутнасці і за візаю двух сведкаў, дзе абяцаў “сам дабравольна… з малжонкаю сваёю паннаю Авдоццяю мешкаць у спасобнасці сваёй да малжэнства рок цэлы, пачаўшы ад року прошлага трыццаць сёмага, ад Грамніц Рымскага свята, аж да року цяперашняга тысяча шэстьсот трыццаць восьмага такавога ж свята Рымскага да Грамніц, з дакладам таго ж, калі б у тым часе праз год… не быў спасобным да малжэнства, тады се апісаў…”.

Але самае галоўнае, што, у выпадку сваёй мужчынскай некампетэнтнасці, Ян Каськевіч абавязваўся даць Аўдоцці развод: “яко бацькам у дом іх, у Полацку стаячы, аддаць і з малжэнства яе ад сябе перад асобаю духоўнай увольніць”. Меркавалася, што такая ўгода дазволіць не даводзіць справу да суда. Але ўмовы, прапісаныя ў лісце, наводзяць на думку, што “добраахвотны” характар дамовы не ў малой ступені быў прастымуляваны прысутнасцю “славетнага” Васіля Павуковіча з гакаўніцай у руках.

Абяцанні свае Ян Каськевіч не выканаў і жонцы не толькі разводу не даў, “але яшчэ і пахвалкі розныя на здароўе яе ўчыніў”.

Справа набірае абароты, і ў дом нягеглага мужа накіроўваецца цэлая дэлегацыя: суддзі лаўнага суда Юрый Лявіцкі, Марцін Кавецкі разам са слугамі, уласна Васіль Павуковіч і духоўныя асобы не абы-якога чыну. “А потым прыйшлі айцы чарнцы благачасцівага набажэнства рэліі Рускае, айцец Іасафат Папоўка, ігумен, і айцец Геліяш Рамановіч”.

Як сведчыць беларускі фальклор, праваслаўныя святары заўсёды былі выдатнымі спецыялістамі ў сферы інтымных узаемаадносінаў паміж мужчынам і жанчынай, што яны і пацвердзілі ў працэсе разборак, высветліўшы страшную праўду. “Айцы чарнцы.., выведаўшы ў пана Яна Каськевіча і малжонкі яго і па колькікроць у іх выпытаўшы, прызналі, высвядчаючы, што пан Ян Каськевіч не быў і не ёсць спасобным да малжэнства, якож і сама Каськевічавая прызнала, што не дазнала ад малжонка свайго да сябе ніколі спасобнасці да малжэнства…”.

Пры такіх раскладах Ян Каськевіч спрабуе цягнуць час і просіць у суда адтэрміноўкі ў разглядзе справы ажно на чатыры тыдні для кансультацый з адвакатам і азнаямлення з юрыдычнымі нормамі. Але гэтыя спробы абнуліў прадстаўнік Васіля Павуковіча ў судзе, які шчодра сыпаў цытатамі са Статута ВКЛ і Саксонскага права і схіліў лаўнікаў да наступнага рашэння: суд быў адкладзены на некалькі дзён, а Каськевічу загадалі: “абы малжонкі сваёй памянёнай панны Аўдоцці, яко неспасобны малжонак, аж да расправы не важыўся біць, прыкрасцяў і дэспектаў жадных выражаці і да небеспячэнства здароўя яе прыводзіці пад заплачэннем зарукі тысяча залатых польскіх”.

Перад тым, як перадаць справу аб скасаванні шлюбу ў юрысдыкцыю духоўнага суда, лаўнікі ў прысутнасці Яна Каськевіча запыталіся ў ягонай жонкі, наколькі воля бацькі адпавядае яе ўласнаму жаданню.

Адказ жанчыны ніякага сумнення не пакінуў: “За воляй і вядомасцю маёй пан айцец мой тое чыніць, бо я за малжонкам маім ад першага ўступлення да малжэнства аж і да гэтага часу за ім жаднага спалковання ніколі ў малжэнстве не дазнала, і ёсць па гэты час паннаю”. Было прынята рашэнне, што да суда Аўдоцця будзе жыць у доме мужа, а каб той не ўздумаў помсціцца любым спосабам, пастанавілі, каб “вольна тэж памянёнаму пану Павуковічу і малжонцы яго, як бацькам яе, да яе, як да цоркі сваёй, прыходзіць і з ёю размаўляць, чаго не мае пан Каськевіч ім забараняць”.

Не прайшло і месяца з моманту падачы скаргі ў суд, як Антон Сялява, архіепіскап Полацкі, Віцебскі і Мсціслаўскі, “для слушных а паважных прычын развод між панам Янам Каськевічам і цоркаю памянёнаю паннаю Аўдоццяю Павукоўнаю ў малжэнстве ўчыніў”.

Абодва канфліктуючыя бакі засведчылі перад судом, што не маюць больш ніякіх прэтэнзій адзін да аднаго і скасоўваюць усе ранейшыя скаргі і заявы. Аўдоцця ж атрымала шанец знайсці спраўнага і любімага мужа, бо тры гады ў шлюбе з Каськевічам так і не пазбавілі яе цнатлівасці — каштоўнасці па тых часах надзвычай вялікай. Можа, выпадкова, а можа, і не, але ў той жа дзень, 26 лютага 1638 г., Васіль Павуковіч падае ў магістрат скаргу на тое, што “ўначы, невядома хто, надышоўшы на знак чараў, вароты і сцены дома пана Васіля Павуковіча ў Полацку на вянцы стаячага з вуліцы не ведаці чым пазаліваў”. Магчыма, чарадзейскім спосабам спрабаваў помсціць за сваё мужчынскае бяссілле і няўдалы шлюб Ян Каськевіч, але пра тое гісторыя маўчыць.

Азнаямленне з вышэйпераказанай судовай справай (арыгінал яе апублікаваны ў “Археографіческом сборніке документов, относящіхся к історіі Северо-Западной Русі”, Т.1, Вільня, 1867, с. 297—307) уражвае не толькі высокім узроўнем юрыдычнай культуры ў беларускім старадаўнім горадзе, але і тым, што жанчына ў тагачасным грамадстве магла даводзіць і паспяхова адстойваць свае правы ў судзе, унікаючы жыцця з мужам-імпатэнтам, які прыкрываў сваю слабасць сямейным гвалтам і здзекамі.

Паводле: Наша Ніва

Каментаваць