Янкі супраць конніцы Будзённага

Падчас польска-бальшавіцкай вайны 1920 года на баку Другой Рэчы Паспалітай ваявалі амерыканскія пілоты. Адзін з іх потым стаў заснавальнікам “Pan American Airways” і рэжысёрам фільму "Кінг-Конг".

 



Пілоты 7-й эскадрыльі. Фота з Архіва Ігара Мельнікава


Амерыканцы жадаюць змагацца

У 1919 годзе ў Парыж прыбыла польская вайсковая місія на чале з генералам Тадэвушам Развадоўскім. Ён правёў перамовы з камандуючым Амерыканскіх экспедыцыйных сіл у Францыі генералам Джонам Першынгам і атрымаў папярэднюю згоду на ўдзел амерыканскіх добраахвотнікаў у вайне супраць бальшавікоў. Аднак супраць гэтага, як не парадаксальна, выступала кіраўніцтва Міністэрства вайсковых спраў Польшчы на чале з генералам Казімежам Саснкоўскім. У Варшаве спасылаліся на фінансавыя цяжкасці ў краіне і псіхалагічныя асаблівасці амерыканскіх салдат.

Палякі былі не супраць выкарыстаць досвед амерыканскіх вайсковых пілотаў. Капітан Мэрыян Купер, які знаходзіўся ў Польшчы ў якасці вайсковага назіральніка, прадставіў праект стварэння амерыканскай авіяэскадрыллі ў складзе Войска Польскага. Не гледзячы на ўзрост (у 1919 годзе капітану Куперу было толькі 25 гадоў) амерыканец быў прафесійным вайскоўцам. Ён ужо паспеў паўдзельнічаць у баявых дзеяннях супраць Панча Вілі ў Мексіке, а з 1917 года змагаўся супраць немцаў у Еўропе ў складзе 20-га бамбавальнага дывызіёну. У верасні 1918 года самалёт Купера збілі, ён трапіў у нямецкі палон і быў адпушчаны пасля заканчэння вайсковых дзеянняў.

Амерыканскія лётчыкі. Фота з архіва Ігра Мельнікава

 

Нарэшце, пасля размовы з вайсковым аташэ ЗША Хэтры Хоўландам і амбасадарам Польшчы ў ЗША Казімежам Любамірскім у жніўні 1919 года ў гатэлі Рыц у Парыжы 8 амерыканскіх пілотаў падпісалі кантракты аб службе ў Войску Польскім. Гэта былі: маёр Сэдрык Фонт ле Рой, капітан Мэрыян Купер, паручнік Джордж Гроўфард, паручнік Эдвард Корсі, паручнік Карл Кларк, падпаручнік Эдвін Ноўбл, паручнік Кэннэт Шрюсбэры і капітан-назіральнік Артур Кэллі. Кантракты прадугледжвалі, што амерыканцы атрымліваюць усе правы і прывілеі афіцэраў польскай арміі.  

У Польшчы

10 верасня 1919 года Міністэрства вайсковых спраў Польшчы пагадзілася на стварэнне амерыканскай малой паветранай эскадрыллі пад камандаваннем маёра Фонт ле Роя. Янкі дабіраліся да месца новай дыслакацыі тайна, за ўласны кошт, каб не прыцягваць залішнюю ўвагу. Ужо ў кастрычніку да першапачатковай групы далучыліся прыбыўшыя з Лондану паручнік Эдмунд Пайк Грэйвс і паручнік Эліот Уільям Чэс.

14 кастрычніка 1919 года амерыканцы былі прыняты ў Бельведэры начальнікам польскай дзяржавы Юзэфам Пілсудскім, а праз тры дні былі накіраваны ў Львоў, дзе ўвайшлі ў склад 7-й авіяэскадрыллі пад камандаваннем паручніка Людаміла Райскага, будучага камандуючага вайсковай авіяцыяй Другой Рэчы Паспалітай. Разам з амерыканцамі ў паветраную эскадрыллю ўваходізілі і польскія пілоты. Ужо 18 кастрычніка Людаміл Райскі перадаў паўнамоцтвы камандзіра маёру Сэдрыку Фаунт ле Рою. Хутка баявая адзінка стала называцца “7-я баявая эскадрылля імя Касцюшкі”.

Самалёты 7-й эскадрыллі. Фота з архіва Ігра Мельнікава

 

Новае камандаванне распачало трэніровачныя палёты. Асноўнымі самалётамі былі “Альбатрос D III” і “Ансальдо А. 1 Балілла”. Эскадрылля была падзелена на два звяны, адным з якіх камандаваў Эдвард Корсі, а другім Мэріян Купер. Паручнік Эліот Чэс спраектаваў эмблему эскадрыллі, якая спалучала амерыканскія і польскія сімвалы. У сакавіку 1920 года вайсковыя эскадрыллі былі далучаны да наземных пяхотных частак. Так, амерыканскія пілоты аказаліся ў распараджэнні камандавання 6-й пяхотнай арміі Войска Польскага.

Эмблема эскадрыллі

 

Першыя выпрабаванні

У красавіку 1920 года самалёты “сямёркі” пачалі ажыццяўляць выведвальныя вылеты на блізкія і далёкія (глыбокія) дыстанцыі. Галоўнай мэтай выведкі было назіранне за чыгуначнымі шляхамі і перамяшчэннем буйных савецкіх вайсковых адзінак. Акрамя гэтага, амерыканцы выконвалі функцыю сувязных паміж штабам і франтавымі чаткамі. Першай маштабнай баявой аперацыяй для “касцюшкаўцаў” была бамбардзіроўка чыгуначнай станцыі Цуднаў. Амерыканцы падляцелі да цэлі вельмі нізка. Бальшавікі іх заўважылі толькі ў апошні момант, аднак было ўжо позна і польскія бомбы трапілі ў цэль.

Амерыканскія пілоты ў Кіеве. 1920 г.

 

Падчас баёў за Жытомір амерыканскія пілоты паспяхова атакавалі часткі чырвонай арміі, якія адыходзілі з горада. 26 красавіка “семёрка” бамбіла бальшавікоў у Бердычаве. У адным з баёў падчас атакі на бронецягнік цяжка быў паранены падпаручнік Ноубл, а паручык Кларк быў паранены падчас жорсткай пасадкі.

Амерыканскія пілоты каля трафейных савецкіх вагонаў

 

У маі “касцюшкаўцы” былі перадыслакаваны ў Белую царкву, дзе знаходзіліся ў распараджэнні камандавання 13-й пяхотнай дывізіі. 10 мая паручнік Джордж Гроўфард у раёне Чаркас атакаваў группу савецкіх судоў.

Самалёты супраць кавалерыі

Хутка распачалося савецкае наступленне. Часткі чырвонай арміі падышлі да Белай царквы, што прымусіла амерыканцаў эвакуіравацца на захад. Войска Польскае трымалася з апошніх сіл, аднак перавага была на баку чырвоных. У гэтай, цяжкай для польскіх частак сітуацыю вялікую падтрымку ім аказвалі амерыканскія пілоты.

У адным з данясенняў камандуючага 13-й польскай пяхотнай дывізіі было запісана: “Амерыканцы змагаююца як чэрці. Нядаўна іх камандзір атакаваў бальшавікоў з тылу і агнём кулямётаў рассеяў. Без дапамогі амерыканскіх пілотаў “чырвоныя” даўно бы нас пабілі”. Аднак 5 чэрвеня 1920 года чырвоная конніца Сямёна Будзённага прарвала польскую абарону і прымусіла палякаў адступаць. 7-я эскадрылля імя Тадэвуша Касцюшкі была вымушана перадыслакавацца ў Жытомер, а пазней у Львоў.  

Амерыканскія лётчыкі ў Львове. Фота з архіва Ігра Мельнікава

 

26 ліпеня ў раёне Броды, Луцк, Дубно быў збіты самалёт капітана Мэрыяна Купера. Сам пілот трапіў у савецкі палон і быў змешчаны ў лагер для ваеннапалонных, дзе знаходзіўся 9 месяцаў. Там з ім сустракаўся Ісаак Бабель. Пасля неўдалай спробы пабегу амерыканца накіравалі на будову чыгункі пад Маскву. Аднак адтуль ён усё ж здолеў збегчы і праз Латвію і Літву дабраўся да Польшчы. Юзаф Пілсудскі асабіста прыняў уцекача і ўзнагародзіў яго крыжом “Віртуці Мілітары”. Вярнуўшыся ў ЗША ён стаў адным з заснавальнікаў “Pan American Airways”, а пазней звязаў сваё жыццё з кіно і стаў рэжысёрам знакамітага “Кінг-Конга” (1933 год).

Мэрыян Купер

 

Купер падчас уцёкаў з савецкага палону

 

У жорсткіх сутычках і баях 7-я эскадрылля несла страты. У раёне Луцка быў паранены Сэдрык Фонт ле Рой. 15 ліпеня каля вёскі Звяроўцы былі збіты і загінулі капітан Артур Келі і назіральнік, паручнік Станіслаў Скажынскі. Справа ў тым, што бальшавікі прыстасаваліся да тактыкі вядзення бою (на нізкіх высотах), якой карысталіся амерыканскія пілоты. Будзёнаўцы заманьвалі амерыканцаў на спецыяльна прыгатаваныя засады, дзе кулямёты ва ўпор расстрэльвалі самалёты.

У адну з такіх засад патрапіў і сам Сэдрык Фонт ле Рой, аднак здолеў пасадзіць моцна пашкоджаны самалёт на сваім аэрадроме. У жніўні 1920 года склад 7-й эскадрыллі папоўнілі пілоты: паручнік Айлс Мэйтлэнд, паручнік Джон Спікс і капітан Джон МакКэллам.

16 жніўня 1920 года кавалерыі Будзённага ўдалося ізноў прарваць польскую абарону і падыйсці да Львова на адлегласць 40 км. Камандзір эскадрыллі Сэдрык Фонт ле Рой прыняў рашэнне атакаваць чырвоных адзінкавымі самалётамі. Аднак нават такая стратэгія прыносіла свой плён.

У адным з данясённяў Сямён Будзённы пісаў, што “палякі выкарыстоўваюць у барацьбе з кавалерыяй самалёты. Нашы войскі з-за гэтага нясуць вялікі страты”. Падчас баёў за Львоў амерыканцы ажыццявілі 190 баявых вылятаў и скінулі на пазіцыі бальшавікоў каля 10 тон бомб. На пачатку верасня “касцюшкаўцы” атакавалі бальшавіцкую кавалерую пад Хрубешовам. Усяго, на працягу 1920 года, пілоты 7-й эскадрыллі імя Т.Касцюшкі выканалі 402 баявых вылеты.

Вясной 1921 года ў Львове адбыліся ўрачыстыя праводзіны амерыканцаў, якія скончылі сваю службу ў Войску Польскім. Усе яны былі ўзнагароджаны Крыжамі “Віртуці Мілітары” і “Мужных”.

Помнік загінулым амерыканцам у Львове

У Львове была створана брацкая магіла амерыканскіх пілотаў, загінуўшых падчас вайны, на якой быў збудаваны манумент. Помнік перажыў Другую Сусветную вайну, аднак у 1971 годзе разам з іншымі польскімі захаваннямі на Могілках абаронцаў Львова быў знішчаны савецкімі ўладамі. Аднавілі помнік толькі ў 2005-м.

Абмеркаванне:

  • Гервасій
  • 2013-05-14 21:59:18
Выдатны артыкул. Пра эскадру Касцюшкі чуў, але шматлікіх падрабязнасцяў не ведаю. Зараз усё ўстала на свае месцы. Вельмі цікава, што ў гэты час адбывалася на Беларусі. Наколькі ведаю, там чырвоныя
мелі добрую авіяцыю.
  • Максім
  • 2013-05-28 19:25:03
Менавіта гэтыя амерыканскія лётчыкі паказаны ў мастацкім фільме Ежы Гофмана "Варшаўская бітва".

Каментаваць