Японскі консул, які ратаваў беларускіх габрэяў

Адным з праведнікаў народаў свету з’яўляецца японскі дыпламат Чыўнэ Сугіхара. Hапачатку Другой сусветнай вайны ён уратаваў тысячы жыццяў польскіх грамадзян, сярод якіх былі і ўраджэнцы Беларусі. 



Дапамагаў японцу галандскі дыпламат Ян Звартэндэйк.

 

Кар’ера

Чыўнэ Сугіхара нарадзіўся ў небагатай сям’і ў 1900 годзе ў прэфектуры Гіфу. Яго бацька хацеў, каб сын стаў урачом, аднак Чыўнэ наўмысна заваліў экзамен у медыцынскую акадэмію і ў 1918 годзе паступіў ва Універсітэт Васэда, дзе вывучаў англійскую літаратуру. Пазней ён паступіў на працу ў Міністэрства замежных спраў. У японскім дыпламатычным прадстаўніцтве ў Харбіне Сугіхара актыўна заняўся вывучэннем рускай мовы і культуры. Пазней была служба ў войску. У 1924 годзе японец вярнуўся да працы ў амбасадзе Японскай імперыі ў Харбіне. Там ён прыняў праваслаўе і нават ажаніўся з рускай эмігранткай Клаўдзіяй Апалонавай. Аднак у 1935 годзе дыпламат з ёй развёўся і ажаніўся з японкай Юкіка Кікучы. Чыўнэ Сугіхара працаваў у МЗС Маньчжоў-Го і нават удзельнічаў у перамовах з СССР наконт пакупкі Кітайска-Усходняй чыгуначнай дарогі.

Сям'я Чыўнэ Сугіхары

У 1936–1938 гадах Сугіхара працаваў у дыпламатычных прадстаўніцтвах у Маскве і Хельсінкі, а ўвесну 1939 года ў якасці віцэ-консула Японскай імперыі быў накіраваны ў тагачасную сталіцу Літвы горад Коўна. Гэтае прызначэнне мела глыбінны сэнс. У Токіа, безумоўна, ведалі пра планы Трэцяга Рэйху ў адносінах да Польшчы, таму Японіі быў патрэбны дадатковы дасведчаны выведнік у рэгіёне.

Паміж молатам і кавадлам

1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Ужо ў першыя яе тыдні вялікая колькасць польскіх грамадзян пацягнулася ва ўсходнія ваяводствы (Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну). Аднак хутка і туды прыйшла вайна. Бежанцы і жыхары Заходняй Беларусі, сярод якіх было шмат габрэяў, спрабавалі ўратавацца ў нейтральных краінах. Тычылася гэта, перш за ўсё, краін Балтыі. Літоўская рэспубліка ўсталявала дыпламатычныя зносіны з Польшчай толькі ў 1938 годзе. У першыя дні нападу Германіі на Польшчу ўлады апошняй баяліся ўдару з боку літоўцаў, аднак яго не адбылося. Больш за тое, Літва пачала прапускаць праз сваю мяжу польскіх бежанцаў і інтэрнаваць жаўнераў і афіцэраў Войска Польскага.

Яшчэ да пачатку вайны Чыўнэ Сугіхара ўступіў у кантакт з польскай выведкай. У гэтым не было нічога дзіўнага, бо ў міжваеннае дваццацігоддзе генштабы дзвюх краін актыўна супрацоўнічалі, і менавіта польскія шыфравальшчыкі, між іншым, дапамагалі японцам у расшыфроўцы перахопленых савецкіх радыёдэпеш.

Чыўнэ Сугіхара ў Коўна

У кастрычніку 1939 года савецкія ўлады перадалі Віленскі край Літве. Аднак летам 1940 года Літву прымусова далучылі да СССР. Польскія грамадзяне, якія знаходзіліся на літоўскай тэрыторыі, зноў апынуліся ў небяспечнай сітуацыі. Людзі ведалі пра сталінскія рэпрэсіі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, а таксама пра саветызацыю, якая датычылася ўсіх бакоў жыцця. У сваю чаргу, да асоб габрэйскай нацыянальнасці (па розных падліках, у гэты час на тэрыторыі Літвы знаходзілася ад 14 да 20 тысяч польскіх габрэяў) даходзіла інфармацыя пра халакост, які ажыццяўлялі нацысты на тэрыторыі Генеральнага губернатарства (акупаванай Трэцім Рэйхам часткі Польшчы. — І.М.). У гэтай сітуацыі грамадзяне Другой Рэчы Паспалітай шукалі магчымасць пакінуць небяспечную Еўропу.

Візы ў Кюрасаа

На дапамогу прыйшоў консул Нідэрландаў Ян Звартэндэйк. Ён прыехаў у Коўна ў 1938 годзе і заняў пасаду кіраўніка прадстаўніцтва завода «Філіпс». Менавіта ў Коўне ў галандца нарадзіўся яго трэці сын. У траўні 1940 года Германія акупавала Галандыю. Аднак дыпламатычная служба гэтай краіны працягвала падпарадкоўвацца каралеве Вільгельміне. Рашэннем пасла каралеўства Нідэрландаў у Латвіі з пасады консула ў Літве быў зняты дыпламат, жонка якога прытрымлівалася пранацысцкіх поглядаў. Месца звольненага заняў былы супрацоўнік «Філіпса». Хутка пасля гэтага да Яна Звартэндэйка пачалі звяртацца польскія грамадзяне габрэйскай нацыянальнасці з просьбай дапамагчы ім пакінуць савецкую Літву. Галандзец не меў права выдаваць нейкія візы, аднак нягледзячы на гэта ён пачаў упісваць у польскія пашпарты дазвол на выезд у заморскія калоніі Галандыі — Кюрасаа і Сурынам.

Ян Звартэндэйк

У перыяд з 24 па 27 ліпеня 1940 года Ян Звартэндэйк выпісаў каля 1300 віз. Яшчэ 1050 было аформлена з 29 ліпеня па 2 жніўня 1940 года. Але гэта была частка справы. Трэба было яшчэ атрымаць японскія транзітныя візы, і іх пачаў выдаваць віцэ-консул Чыўнэ Сугіхара. Перад будынкам японскага консульства ў Коўна кожны дзень быў  натоўп польскіх грамадзян, якія жадалі пакінуць акупаваную Саветамі Літву. Сярод тых, хто чакаў японскія візы, было нямала афіцэраў Войска Польскага, якія ратаваліся ад сталінскіх рэпрэсій. Аднак большасць з тых, хто стаяў ля консульства, былі польскія габрэі.

Польскія грамадзяне чакаюць ля японскага консульства, 1940 г.

Японскі дыпламат выпісваў візы да верасня 1940 года, пры гэтым ён парушаў інструкцыю японскага МЗС, паводле якой трэба было выпісваць толькі транзітныя візы, і выдаваў польскім грамадзянам дакумент на права знаходжання ў Японіі на працягу 10 дзён. Кожны дзень Чыўнэ Сугіхара і яго жонка працавалі па 20 гадзін. Пры гэтым штодня выдавалася месячная норма віз. Праца працягвалася да 4 верасня 1940 года, калі савецкія ўлады запатрабавалі ад японца пакінуць тэрыторыю СССР. Апошнія візы дыпламат выпісваў у ковенскім гатэлі «Метраполь», а таксама на чыгуначным вакзале і ў купэ цягніка, які адпраўляўся ў Берлін. На пытанне, колькі чалавек атрымала «візы на жыццё», даследчыкі адказваюць па-рознаму. Лічба вагаецца ад 2139 да 10000. Пры гэтым невядомая колькасць фальшывых віз. Справа ў тым, што калі консул ад’язджаў з Коўна, то перадаў людзям візавую пячатку і консульскія бланкі, і яны ўжо самі маглі падрабляць японскія візы.

Тыя, каго выратавалі

Сярод тых, хто летам-восенню 1940 года атрымаў японскія візы, было шмат ураджэнцаў Беларусі. Якаў Банай нарадзіўся ў сакавіку 1920 года ў Баранавічах. У 1938 годзе ён скончыў гімназію і паступіў у Віленскі ўніверсітэт. У 1940 годзе ён атрымаў японскую візу ад Чыўнэ Сугіхары і праз Турцыю выехаў у Палесціну, дзе стаў у пачаткаў габрэйскіх узброеных фарміраванняў, а пазней і Арміі абароны Ізраіля. Леа Меламед нарадзіўся ў 1932 годзе ў Беластоку ў сям’і настаўнікаў. У пачатку Другой сусветнай вайны cям’я Меламедаў пераехала ў Літву. Летам 1940 года гэтыя польскія грамадзяне атрымалі транзітную візу ў Японію і ў 1941 годзе апынуліся ў ЗША. Леа Меламед зрабіў выдатную кар’еру як юрыст і гандляр біржавымі ф’ючарсамі.

Віза Чыўнэ Сугіхары

У 1906 годзе ў Ваўкавыску нарадзіўся ізраільскі палітык і юрыст Цорах Вархафцыг. У верасні 1939 годзе яго сям’я збегла ў Літоўскую рэспубліку, а пазней, дзякуючы візам, атрыманым ад японскага віцэ-консула, польскія грамадзяне праз Японію апынуліся ў Канадзе. У 1947 годзе Цорах Вархафцыг пераехаў у Палесціну, а ў 1949 годзе быў абраны ў першы ізраільскі Кнесет. Ураджэнец Ваўкавыска быў адным з тых, хто падпісаў Дэкларацыю незалежнасці Дзяржавы Ізраіль.

Візы, выпісаныя Чыўнэ, выратавалі жыццё дзясяткам студэнтаў адной з найбольш вядомых на беларускіх землях габрэйскіх рэлігійных навучальных устаноў — іешывы з Міра. Восенню 1939 года яе навучэнцы і выкладчыкі пераехалі ў Вільню. Калі Літва ўвайшла ў склад СССР, габрэі з Міра пачалі шукаць магчымасці з’ехаць. Ім на дапамогу прыйшло консульства Японскай імперыі. Пасля атрымання транзітных віз восенню 1940 года слухачы іешывы, праз тэрыторыю СССР, выехалі ў Шанхай, дзе жылі да 1947 года. Пасля вайны Мірская іешыва падзялілася на дзве часткі: адна група студэнтаў выехала ў Бруклін (ЗША), другая — у Іерусалім (Ізраіль). Такое палажэнне спраў захоўваецца да сённяшняга дня.

Уцёкі ад бальшавікоў

Пра тое, як польскія грамадзяне габрэйскай нацыянальнасці атрымлівалі японскія транзітныя візы, распавядае ў сваіх успамінах ураджэнец Ліды Самуіл Манскі. У пачатку Другой сусветнай вайны ён не быў мабілізаваны ў Войска Польскае, а пазней, пасля прыходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, нават паспеў паслужыць у народнай міліцыі. Аднак арышты «польскага кантынгенту», якія пачаліся неўзабаве пасля далучэння заходнебеларускіх тэрыторый да БССР, спужалі сям’ю Манскіх, і яны вырашылі выехаць у Літву.

Вось як Манскі апісвае тыя падзеі: «У жніўні 1939 года мы былі зарэгістраваны на атрыманне эміграцыйных віз у Амбасадзе ЗША ў Варшаве. Мой бацька паехаў працаваць за акіян у 1937 годзе. Пазней амерыканскія ўлады далі яму магчымасць забраць да сябе сям’ю. Аднак пасля пачатку вайны мы ўжо не маглі выехаць у ЗША да бацькі легальна. Тады маці вырашыла пераехаць з Ліды ў Эйшышкі — мястэчка, якое да вайны было ў складзе Другой Рэчы Паспалітай, а пазней перайшло літоўцам. Там у нас былі сваякі, і праз іх мы хацелі «вырвацца» ў Штаты. Маці пачала шукаць людзей, якія перавялі б нас праз мяжу. Мой дзядзька і яго сям’я вырашылі таксама ісці ў Літву. Пакуль мы рыхтаваліся да ўцёкаў, арышты НКУС у Лідзе працягваліся. [...] Я быў міліцыянерам і добра ведаў расклад памежных патрулёў. Мы перайшлі мяжу раніцай і накіраваліся да дома на ўскраіне Эйшышак. Аднак там нас чакалі літоўскія памежнікі. На мне былі польскія афіцэрскія боты і бацькаў вайсковы скураны пас, і літоўцы падумалі, што злавілі польскага афіцэра. Але мы адкупіліся, заплаціўшы памежнікам 100 амерыканскіх долараў. [...] Пазней я паехаў у Вільню і пачаў рыхтавацца да эміграцыі ў Палесціну. [...] У чэрвені 1940 года Літва стала часткай СССР, і мы зноў аказаліся на савецкай тэрыторыі. Хутка мы даведаліся, што японскае консульства ў Коўна выдае візы ў Японію людзям, якія маюць дазвол на выезд у іншыя краіны. Маці, яе сястра і іншыя людзі пачалі шукаць магчымасць атрымання японскай візы. У Коўна брытанскі консул, які дзейнічаў ад імя польскіх эмігранцкіх улад, 1 жніўня 1940 года выдаў нам часовыя польскія пашпарты. Адтуль маці і яе сястра накіраваліся а ў японскае консульства з мэтай атрымаць візу ў галандскую калонію Кюрасаа ў Карыбскім моры. 9 жніўня 1940 года японскі консул Чыўнэ Сугіхара выдаў візы».

За транзіт плацілі валютай

Восенню 1939 года літоўскі ўрад спрабаваў дапамагчы польскім грамадзянам габрэйскай нацыянальнасці пакінуць тэрыторыю Літвы. Для гэтага праводзіліся перамовы з савецкімі дыпламатамі, каб атрымаць дазвол на транзіт праз тэрыторыю СССР. У якасці аднаго з калідораў планавалася выкарыстаць порт у Адэсе, аднак Саветы адмовіліся ад гэтай прапановы літоўцаў. 29 сакавіка 1940 года літоўскі МЗС зноў звярнуўся да Народнага камісарыята замежных спраў з просьбай дазволіць праезд праз тэрыторыю СССР 5000 польскіх габрэяў. 21 красавіка 1940 года намеснік наркама Уладзімір Дзеканозаў звярнуўся да свайго шэфа Вячаслава Молатава з лістом, у якім прапанаваў дазволіць бежанцам праезд праз тэрыторыю Савецкага Саюза.

Польскія грамадзяне на параходзе ў Японіі

Пры гэтым чыноўнік пазначаў, што савецкі бок мог бы зарабіць на гэтай справе 180 000 долараў ЗША. На той час гэта была вельмі значная сума. Аднак Крэмль чакаў. Летам 1940 года Літва стала савецкай рэспублікай, і сітуацыя бежанцаў яшчэ больш пагоршылася. У гэты момант пачынае працаваць дыпламатычны тандэм Звартэндэйк—Сугіхара.

Акрамя гэтага, японскі віцэ-консул сустрэўся з савецкімі дыпламатычнымі прадстаўнікамі ў Коўна і запатрабаваў адчыніць калідор для польскіх бежанцаў праз савецкую тэрыторыю. У сваю чаргу, бальшавікі ўпэўнілі, што калі польскія грамадзяне будуць мець японскія візы, то Саветы прапусцяць гэтых людзей у Японію. 25 чэрвеня 1940 года Уладзімір Дзеканозаў зноў агучыў «праблему польскіх бежанцаў» перад Крамлём, асабліва падкрэсліваючы, што «польскія грамадзяне забяспечаны візамі і грошамі». Нарэшце, на пасяджэнні Палітбюро ЦК УКП(б) 29 ліпеня 1940 года было прынята рашэнне «дазволіць габрэям-бежанцам з былой Польшчы транзітны праезд праз СССР».

Экскурсія ў маўзалей і вандроўка праз Урал

Пра тое, як адбываўся пераезд польскіх грамадзян праз савецкую тэрыторыю, узгадвае ва ўспамінах усё той жа Самуіл Манскі. «Савецкае дзяржаўнае агенцтва «Інтурыст» праверыла візы і пачало рыхтаваць наш выезд. Аплату яны прымалі толькі ў амерыканскіх доларах, нягледзячы на тое, што на тэрыторыі СССР было забаронена мець замежную валюту. Бабулі было 82 гады, яна магла не вытрымаць такой доўгай дарогі, і было вырашана, што яна застанецца ў Эйшышках. [...] З Ліды прыходзілі сумныя навіны. Шматлікія знаёмыя былі арыштаваныя і высланыя ў Сібір. Іх абвінавацілі ў тым, што яны былі «памешчыкамі», «эксплуататарамі» ці «контррэвалюцыянерамі». Бальшавікі ўрэшце паказалі свой сапраўдны твар. [...] У студзені 1941 года мы выехалі з Эйшышкаў у Вільню, дзе селі ў цягнік на Маскву. У купэ я паспрабаваў сесці так, каб мяне ніхто не пазнаў.

У Маскве нас пасялілі ў вельмі добры гатэль. Мы накіраваліся ў Амбасаду ЗША, каб атрымаць амерыканскую візу. Але нам паведамілі, што часу мала, каб апрацаваць нашы дакументы, таму іх перададуць у амерыканскае консульства ў японскім горадзе Кобэ. Некалькі дзён мы правялі ў сталіцы СССР. Метро, Музей рэлігіі, Маўзалей Леніна — гэта ўсё мы ўбачылі з гідамі «Інтурыста». [...] З Масквы мы выехалі на Транссібірскім экспрэсе. Ехалі побач з Уральскімі гарамі, праз Чалябінск і Омск. Перад Уладзівастокам мы праехалі Бірабіджан — габрэйскі раён СССР. Я памятаю размову з адным рускім у цягніку. Ён сказаў, што яму ўсё роўна, хто правіць Расіяй — Сталін ці цар. Галоўнае, каб хлеб быў на стале. У Уладзівастоку нас абшукалі савецкія мытнікі. Яны забралі ў маёй маці залаты гадзіннік і далі ёй даведку. Пры гэтым мытнік сказаў, што яна атрымае гадзіннік, калі вернецца ў СССР. Пасля таго, як савецкія памежнікі праверылі нашыя дакументы, мы селі на японскі параход. У Японіі мы былі ў лютым 1941 годзе. Гэта была казачная краіна з малымі домікамі, кветкамі, чыстымі вуліцамі і вельмі ветлівымі людзьмі», — адзначаў у сваіх успамінах Манскі.

Пазней жыхары Заходняй Беларусі пераехалі ў Кобэ. У траўні 1941 года сям’я Манскіх урэшце апынулася ў Вашынгтоне. Такі шлях прайшла большасць польскіх грамадзян габрэйскай нацыянальнасці, якія ў 1939–1941 гадах спрабавалі эвакуявацца з былых усходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай.

Габрэі з Заходняй Беларусі

Бальшавікі ловяць шпіёнаў

Савецкія рэпрэсіўныя органы імкнуліся перашкодзіць падробцы японскіх віз на тэрыторыі савецкай Літвы. З восені 1940 года НКУС распрацоўваў справу пад агульнай назвай «фабрыканты», якая тычылася афармлення выязных дакументаў для польскіх грамадзян. Пры гэтым было арыштавана некалькі асоб і канфіскаваны прылады для вырабу пячатак і консульскіх дакументаў. У лютым 1941 года ў Вільне чэкісты арыштавалі Раймонда Раеўскага, у якога былі знойдзены бланкі пашпартоў і японскіх віз. Праз яго ўдалося выкрыць грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці, якія замаўлялі дакументы на выезд у Японію. Арыштаваных абвінавацілі ў шпіянажы і працы на англійскую выведку.

Пячатка японскага консула ў Коўна

Праведнікі

А які лёс чакаў японскага і галандскага консулаў? Бальшавікі працяглы час не выпускалі Яна Звартэндэйка з Літвы, аднак пазней ён усё ж выехаў цягніком у Галандыю. На працягу ўсёй Другой сусветнай вайны ён працаваў на заводзе «Філіпс» і нікому не расказваў пра сваю дзейнасць у Літве. Пасля вайны кіраўніцтва фірмы накіравала яго ў Грэцыю. Толькі ў пачатку 1960-х гадоў у ЗША пачалі з’яўляцца публікацыі, у якіх распавядалася пра тое, як галандзец ратаваў людзей у 1940 годзе. У 1997 годзе Яну Звартэндэйку было прысвоена званне «праведнік народаў свету». Адбылося гэта праз дваццаць гадоў пасля смерці Звартэндэйка.

Што ж тычыцца Чыўнэ Сугіхары, то пасля Коўна ён працаваў у Чэхаславакіі, Кёнігсбергу, Румыніі. У Бухарэсце ён таксама ратаваў мясцовых габрэяў. У канцы Другой сусветнай вайны дыпламат апынуўся ў савецкім палоне і правёў у лагеры 18 месяцаў. У 1946 годзе Чыўнэ Сугіхары дазволілі вярнуцца ў Японію. Праз год былога консула звольнілі з МЗС. Пазней ён працаваў у розных фірмах.

У 1968 годзе Чыўнэ Сугіхара ўпершыню прыехаў у Ізраіль і быў прыняты на высокім дзяржаўным узроўні. У 1985 годзе былы віцэ-консул Японскай імперыі атрымаў званне «Праведнік народаў свету». Памёр Сугіхара ў 1986 годзе.

Сёння ў Вільні і Коўна ёсць вуліцы, якія носяць імя Сугіхары, а ў доме, дзе калісьці знаходзілася консульства Японіі ў Коўна, зараз працуе музей. Незадоўга да смерці спадара Сугіхара запыталі, чым была матывавана яго дзейнасць у 1940 годзе. Дыпламат сказаў: «А што б вы зрабілі, калі б убачылі, як людзі са слязамі на вачах просяць аб дапамозе. Сярод бежанцаў былі старыя і жанчыны. Яны былі гатовы цалаваць мае боты. Я гэта бачыў сваімі ўласнымі вачыма. І я вырашыў не чакаць адказу з Токіа». 

Фота з уласнага архіву Ігара Мельнікава

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-11-22 16:24:53
От за гэты артыкул дзякуй! Праўда, не "Цорах Вархафцыг", а Зорах Вархафціг (мо лепей нават пісаць Варгафціг; быў дэпутатам Кнесета дзевяці скліканняў, міністрам і г. д.). Сугіхару
пішуць і Ціунэ, і Чыунэ - не ведаю, як правільна, бо японскай, на жаль, не валодаю. Але подпісы пад здымкамі можна было б паправіць: "чакаюц ля японкага" = "чакаюць ля
японскага"; "Полькія грамадзяне напараходзе" = "Польскія грамадзяне на параходзе". У Карыбскім моры - востраў "Кюрасаа", а не
"Курасаа".
  • Вольга
  • 2015-11-23 16:41:21
Выдатны артыкул, як і ўсё ад Ігара Мельнікава. Малайчына. Набыла "Мяжу ля заслаўя 1921-1941 гг.". Вельмі моцная кніга. Дзякуй аўтару. А папярэдняму каментатару - вы артукул лепей
чытайце, а не імкніцеся паказаць сваю "разумнейшасць". А то смешна, ей Богу
  • ВР
  • 2015-11-23 16:59:00
Рэдакцыя сёе-тое выправіла, і добра.

Каментаваць