Язэп Стаброўскі — летапісец вайны

З абвяшчэннем мабілізацыі 17 ліпеня 1914 года і ў адпаведнасці з сакрэтным прадпісаннем камандзіра трэцяй грэнадзёрскай артылерыйскай брыгады на выпадак вайны за №675, выдадзенай у 1913 годзе, у войска быў мабілізаваны і Язэп Стаброўскі (1870–1968) са Слоніма.

Той самы Язэп Стаброўскі, які вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе, а потым працягваў вучобу ў Александрыйскім артылерыйскім вучылішчы, дзе пазнаёміўся з будучым вядомым рускім пісьменнікам Аляксандрам Купрыным.



З абвяшчэннем мабілізацыі 17 ліпеня 1914 года і ў адпаведнасці з сакрэтным прадпісаннем камандзіра трэцяй грэнадзёрскай артылерыйскай брыгады на выпадак вайны за №675, выдадзенай у 1913 годзе, у войска быў мабілізаваны і Язэп Стаброўскі (1870–1968) са Слоніма.

Той самы Язэп Стаброўскі, які вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе, а потым працягваў вучобу ў Александрыйскім артылерыйскім вучылішчы, дзе пазнаёміўся з будучым вядомым рускім пісьменнікам Аляксандрам Купрыным.

Той самы Язэп Стаброўскі, які перапісваўся з Львом Талстым. А ў час ганення Талстога царскім урадам, напісаў яму шчырае пісьмо ў падтрымку пісьменніка, здзівіўшы гэтым учынкам сваіх палкавых саслужыўцаў.

Той самы Язэп Стаброўскі, які падчас службы на Каўказе вёў баі з Шамілём.

Той самы Язэп Стаброўскі, які даслужыўся да палкоўніка, меў шмат ордэнаў і медалёў, які скончыў Маскоўскі археалагічны інстытут і Вышэйшыя археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце, быў членам-карэспандэнтам Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства і сябрам Яраслаўскага археалагічнага таварыства.

Той самы Язэп Стаброўскі, які восенню 1924 года арганізаваў у Слоніме выставу старадаўніх дакументаў і кніг, якія збіраў шмат гадоў і якая выклікала вялікую цікавасць у наведвальнікаў, асабліва сярод моладзі. Пасля яе закрыцця ўвесь сабраны археалагічны матэрыял і каштоўную калекцыю вырабаў каменнага веку Язэп Стаброўскі паклаў у аснову гісторыка-краязнаўчага музея, які расчыніў дзверы перад слонімскімі наведвальнікамі 20 верасня 1929 года.

Той самы Язэп Стаброўскі, які прызнаны яго землякамі самым знакамітым слонімцам ХХ стагоддзя.

Але гэта ўсё будзе пазней. А тады, з пачаткам Першай сусветнай вайны, Язэп Стаброўскі прыступіў да фарміравання 55-й артылерыйскай брыгады, якую і ўзначаліў.

Вайну ён сустрэў на паўночна-заходнім тэатры баявых дзеянняў. Нямецкія войскі наступалі на Маладзечна, а аўстрыйцы — у раёне г. Сокал. Каб не трапіць у акружэнне, рускія арміі, у ліку якіх была і 55-я артылерыйская брыгада Язэпа Стаброўскага, пачалі адступаць. Пра гэта ён успамінаў: «І вось усе атрады, якія знаходзіліся на плацдарме каля ракі Раўкі ў Польшчы, пачалі ўцякаць, бо германа-аўстрыйскія войскі не паспелі нам адрэзаць адступленне, і мы, паражняком, без баявых прыпасаў, якіх не хапала, без адпачынку, прайшлі і праехалі 900 км і дасягнулі мястэчка Турэц Мінскай губерні, дзе і размясціліся на зімоўку…».

Адной з галоўных прычын такога развіцця падзей Першай сусветнай вайны Язэп Стаброўскі называў шпіёнскую дзейнасць, якая была разгорнута немцамі на фронце і ў тыле арміі Расійскай імперыі. «Усім было вядома, што рускі фронт быў перапоўнены афіцэрамі нямецкай нацыянальнасці і прытым на вышэйшых камандных пасадах», — пісаў Язэп Стаброўскі ў сваіх запісах, якія захоўваюцца ў Слонімскім раённым краязнаўчым музеі. Ён ўзгадвае пра двух затрыманых пры яго непасрэдным удзеле шпіёнах. Адзін быў вельмі ветлівы, і нават перад простымі салдатамі здымаў капялюш, што яго і выдала. Як аказалася пасля затрымання, ён даўно знаходзіўся ў вышуку. Другога позна вечарам Стаброўскі сам заўважыў. Невядомы чалавек размаўляў з салдатамі. Яго затрымалі, але ніякіх дакументаў пры ім не знайшлі, акрамя аднаго рубля, які Стаброўскі ўзяў як рэчавы доказ і пад канвоем адправіў затрыманага да каменданта штаба корпусу. Аказалася, што нумар рубля быў яго канспірацыйным нумарам. Пазней шпіёна адправілі ў камендатуру Варшаўскай крэпасці.

Калі 55-я артылерыйская брыгада знаходзілася каля горада Блонь недалёка ад Варшавы, адной з найважнейшых праблемаў, якія паўсталі перад Стаброўскім, было наладжванне сувязі, што пастаянна перарывалася. Кабель часта абразалі спецыяльна падрыхтаваныя людзі. Аднойчы вайскоўцы затрымалі яўрэя з Блоні, які хацеў перарэзаць тэлефонны кабель. За гэта яго расстралялі. Але ўсё роўна тэлефонныя кабелі псавалі. Тады Стаброўскі загадаў узяць трох закладнікаў — равіна, настаўніка і аднаго простага яўрэя — і папярэдзіў, што, калі выпадкі абрыву тэлефоннай сувязі будуць мець працяг, заложнікі будуць расстраляныя. Мясцовыя жыхары накіравалі да Стаброўскага дэлегацыю з прапановай дазволіць ім ахову тэлефоннай лініі. Язэп Стаброўскі адпусціў заложнікаў, ахоўнікам жа з мясцовых жыхароў выдаў спецыяльныя нумары, якія нашываліся на вопратку. З таго часу тэлефонная сувязь больш не псавалася.

У баі з немцамі на рацэ Раўка пад Баржынёвым 18 мая 1915 года Язэп Стаброўскі быў атручаны ўдушлівым газам. Але яго ўдалося выратаваць. У лістападзе 1915 года ён прымае актыўны ўдзел у баях каля Баранавіч, у 1916 годзе — у баявых дзеяннях каля возера Нарач.

Загадам №3307 галоўнакамандуючага арміяй Заходняга фронту Язэп Стаброўскі быў узнагароджаны ордэнам Святога Раўнаапостальскага князя Уладзіміра 4 ступені, да якога дадалі яшчэ мячы і каснік. 7 чэрвеня 1916 года ён атрымаў званне палкоўніка рускай арміі, а яго 55-я артылерыйская брыгада была перайменавана ў 55-ы паркавы артылерыйскі дывізіён. У канцы 1916 года Язэп Стаброўскі атрымаў яшчэ адзін ордэн Святога Раўнаапостальскага князя Уладзіміра 3 ступені, а таксама ордэн Святой Ганны другой ступені з мячамі.

У войску Язэп Стаброўскі знаходзіўся ажно да красавіка 1918 года. А калі пайшоў у адстаўку, вярнуўся ў родны Слонім і да канца жыцця займаўся краязнаўствам.

У гады Першай сусветнай вайны Язэп Стаброўскі не толькі ваяваў, але вёў запісы і фатаграфаваў будні салдат, жахі вайны, людское гора. А калі прыехаў у Слонім, то зрабіў адмысловы альбом са здымкамі. Гэты альбом ён назваў «Крывавым следам». Ён налічвае 300 фотаздымкаў. Кожны здымак Стаброўскі падпісваў, рабіў невялікі каментар. Альбом Язэпа Стаброўскага збярогся да сённяшніх дзён. Ён захоўваецца ў Слонімскім раённым краязнаўчым музеі імя Язэпа Стаброўскага.

Фотаздымкі Першай сусветнай вайны Стаброўскага — гэта дакументальныя сведкі нашай нялёгкай гісторыі. Некаторыя з іх прапаную чытачам «Новага часу».

Вайсковы агляд

У акопах

Сын палка - хлопчык, які згубіў сваіх бацькоў

Снарады


Чыстка акопаў гідрасульфатам пасля
газавай атакі

 

Каментаваць