Юзаф Пілсудскі і Беларусь. Нешаблонны погляд

Постаць «начальніка польскай дзяржавы» да сённяшняга дня неадназначна ўспрымаецца ў беларускім грамадстве. Савецкая дактрына разглядала Пілсудскага як аднаго з галоўных ворагаў «краіны рабочых і сялян», называючы маршала «ланцуговым сабакам імперыялізму і капіталізму». Беларуская дзяржаўная ідэалогія таксама паўтарае гэтыя замшэлыя пастулаты. Паспрабуем разабрацца ў тым, якой хацеў бачыць нашу частку еўрапейскага кантыненту Юзэф Пілсудскі.
 

У 1918 годзе Польшча стала незалежнай. Ю. Пілсудскі імкнуўся аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года, гэта значыць з беларускімі, украінскімі і літоўскімі землямі. Сам маршал любіў паўтараць фразу: «Польшча — як бублік. Пасярэдзіне дзірка, а самае смачнае па краях, на крэсах». Народжаны на Віленшчыне, Пілсудскі меў сантыменты да ўсходніх тэрыторый І Рэчы Паспалітай. Менавіта гэтым тлумачыцца і яго эмацыянальная адозва «Да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага», якую ён выдаў 22 красавіка 1919 года ў Вільні. У ёй у прыватнасці адзначалася: «Я хачу даць вам магчымасць вырашэння спраў унутраных, нацыянальных і рэлігійных так, як вы самі гэтага пажадаеце, без гвалту альбо ціску з боку Польшчы».

Віленская адозва аказала вялікае ўражанне на беларускіх нацыянальных дзеячаў. Беларускі друк у Мінску і Вільні пісаў аб гістарычнай супольнасці палякаў і беларусаў, дзякаваў за вызваленне з-пад расійскага імперыялізму, выказваў спадзяванне на дапамогу Ю. Пілсудскага ў пабудове незалежнай беларускай дзяржавы. 19 верасня Пілсудскі ў Мінску прыняў дэлегацыю беларускіх нацыянальных дзеячаў на чале са старшынёй Рады БНР Я. Лёсікам. Маршал заверыў беларусаў, што ён з’яўляецца прыхільнікам беларускай справы.

Аднак не трэба думаць, што Ю. Пілсудскі ва ўсходнім пытанні (і ў беларускім яго кантэксце ў прыватнасці) быў бязмежным альтруістам. Маршал быў глыбокім і цвярозым прагматыкам. Паводле яго меркаванняў, у выніку савецка-польскай вайны павінны былі паўстаць незалежныя беларуская, літоўская і ўкраінская дзяржавы, звязаныя з Польшчай на правах федэрацыі. Польскі гісторык Марэк Корнат лічыць, што Пілсудскі быў не столькі федэралістам, колькі прыхільнікам ідэй «рэальнай палітыкі». Па меркаванні даследчыка, маршал рабіў моцную стаўку на стварэнне незалежнай украінскай дзяржавы, якая пад уплывам небяспекі з усходу будзе цягнуцца да Польшчы. Ю. Пілсудскі быў скептычна настроены ў дачыненні да перспектыў стварэння беларускай незалежнай дзяржавы. Па меркаванні «начальніка польскай дзяржавы», лягчэй было б стварыць сумесную літоўска-беларускую дзяржаву, якая па сваёй сутнасці стала б новым ВКЛ. Стратэгічнай мэтай федэралістычнай палітыкі маршала было стварэнне памежнага буфера, які б засцерагаў Польшчу ад небяспечнага суседа на ўсходзе.

Пілсудскі лічыў, што яго федэралізм можа прывесці да геапалітычных змен ва Усходняй Еўропе, у выніку якіх польская дзяржава атрымае магчымасць устаць на ногі ў палітычным і эканамічным сэнсах, а ўсходнія суседзі будуць вернымі хаўруснікамі і «памежнай аховай». Маршал быў упэўнены, што Польшча павінна выкарыстаць свае «пяць хвілін», каб у будучым забяспечыць стабільнасць у гэтым рэгіёне.

Аднак усё пайшло не так, як планаваў «бацька» ІІ Рэчы Паспалітай. 18 сакавіка 1921 года ў Рызе была падпісана мірная дамова, якая скончыла савецка-польскую вайну. У яе выніку ў склад Польшчы ўвайшлі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. Гэтых тэрыторый, безумоўна, не хапала для стварэння буферных дзяржаў Беларусі і Украіны. Да таго ж, трэба было ўлічваць антыпольскія настроі ў Літве, якая не жадала ісці на саюз з Польшчай. Такім чынам, перамагла «інкарпарацыйная канцэпцыя» Рамана Дмоўскага, паводле якой Польшча павінна была ўключыць у свой склад тэрыторыі, якія ўваходзілі ў склад І Рэчы Паспалітай да другога падзелу ў 1793 года. Дмоўскі быў перакананы, што нацыянальная самасвядомасць беларускага і ўкраінскага народаў не развітая, і дзякуючы гэтаму дадзеныя этнічныя групы лёгка ўдасца паланізаваць. Лідар нацыянал-дэмакратычнай партыі не падзяляў ідэю Пілсудскага аб Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Ён выказваўся за далучэння да польскай дзяржавы Вільна і Львова і той часткі ўсходніх тэрыторый, дзе, па яго меркаванню, «дамінаваў польскі нацыянальны элемент».

Выйграўшы вайну з бальшавікамі, Ю. Пілсудскі прайграў унутрыпалітычную барацьбу. У выніку савецка-польскай вайны Польшча атрымала не толькі тэрыторыі на ўсходзе, але і даволі працяглую мяжу з небяспечнай Савецкай Расіяй, якая не магла дараваць Пілсудскаму тое, што ён не «пусціў» палкі Будзёнага і Тухачэўскага ў Еўропу. У той час, як савецкія дыверсанты, якія дзейнічалі па лініі актыўнай выведкі ў Заходняй Беларусі, грамілі польскую адміністрацыю і забівалі паліцыянтаў, спрабуючы выклікаць у гэтым рэгіёне «рэвалюцыйную сітуацыю», савецкая прэса пісала аб тым, што Польшча рыхтуе новую вайну супраць Саўдэпіі. Бальшавіцкія газеты стракацелі карыкатурамі кшталту «Пілсудскі точыць зубы на СССР». Аднак сам маршал добра разумеў, што Савецкая Расія ўзору другой паловы 1920 — пачатку 1930-х гадоў — гэта моцны і небяспечны праціўнік. Новая вайна з бальшавікамі магла дорага каштаваць Польшчы.

Мала хто ведае, што ў чэрвені 1926 года міністр замежных спраў Польшчы Аўгуст Залескі арганізаваў сустрэчу Пілсудскага з савецкім паслом у Варшаве Пятром Войкавым. Падчас размовы з дыпламатам маршал сказаў: «Я ведаю, што ў вашай краіне многія лічаць, нібыта я рыхтую новую вайну супраць Расіі. Які інтарэс Польшча можа мець у новай вайне? Наша галоўная мэта — гэта рэканструкцыя польскай эканомікі. Мы не маем аніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да Расіі і не збіраемся звяргаць камуністычную ўладу ў вас. Чаму? Таму што любая іншая палітычная сістэма будзе больш небяспечнай для Польшчы, чым існуючая зараз. Я асабіста, у выпадку вайны, таксама панясу страты. Зараз я пераможца, а ў выпадку новай вайны рызыкую страціць гэтую пазіцыю».

Гэтыя словы Пілсудскага падаюцца шчырымі. Маршал разумеў, што яго краіне трэба зрабіць даволі шмат, каб з «задворкаў Еўропы» стаць моцным гульцом на еўрапейскай палітычнай арэне. Што ж тычыцца спроб інтэграцыі Заходніх Беларусі і Украіны з Польшчай, то, як вядома, вырашэнне гэтага пытання з дапамогай палітыкі паланізацыі і каланізацыі праз асадніцтва, якую ажыццяўлялі польскія ўлады, дало адмоўны вынік. Украінцы і беларусы адкрыта сталі змагацца супраць польскіх улад, і скончылася гэта «інтэграцыя» вітальнымі брамамі, якімі сустракалі жыхары «усходніх крэсаў» Чырвоную Армію ў верасні 1939 года.

…Гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. Але мапа Усходняй Еўропы, напэўна, выглядала б інакш, калі б перамагла федэралісцкая канцэпцыя Ю. Пілсудскага і замест «крэсаў» і марыянеткавых савецкіх рэспублік з’явіліся б незалежныя дзяржавы, няхай і звязаныя з Польшчай агульнасцю палітычных і эканамічных інтарэсаў.

Да сённяшняга дня ў беларусаў неадназначнае стаўленне да постаці «начальніка польскай дзяржавы», і ўвогуле да ІІ Рэчы Паспалітай. Але на тэрыторыі нашай краіны захаваўся самы сапраўдны помнік Юзафу Пілсудскаму. У Вілейцы на тэрыторыі адной з устаноў стаіць вялізны, вагай амаль у тону, камень, пастаўлены ў гонар маршала ў 1935 годзе. Першапачаткова помнік стаяў каля школы ў вёсцы Буцькі. У верасні 1939-га камень быў вывезены ў поле і праляжаў там да 2004 года, калі супрацоўнікі польскай амбасады ў Мінску пажадалі размясціць яго каля будынку свайго дыпрадстаўніцтва. Палякам у гэтым адмовілі, але помнік перавезлі ў Вілейку.

Будучы вялікім патрыётам Польшчы, Ю. Пілсудскі дзесьці ў глыбіні душы захаваў вялікую павагу і любоў да былога Вялікага Княства Літоўскага і яго народаў. Аднак геапалітычныя рэаліі пачатку ХХ стагоддзя паклалі свой адбітак на дзейнасць «начальніка польскай дзяржавы» і прымусілі яго адмовіцца ад свайго бачання будучыні Усходняй Еўропы.
 

Каментаваць