Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«Каб ніводнага кулака не засталося…»

Ужо да мая 1930 года ў БССР было раскулачана 15 629 гаспадарак — палова з усіх гаспадарак, якія існавалі на той час. Акрамя высялення кулакоў за межы БССР, мела месца перасяленне заможных сялян з памежных вёсак у тылавыя раёны БССР і засяленне прыгранічных вёсак «надзейнымі» сялянамі...

Некаторыя беларусы часам з сумам кажуць пра тое, як добра было ў БССР. Прозвішча «Сталін» гучыць у іх з павагай. Разам з тым, менавіта Сталіну належаць ідэі, якія засталіся незагойнай ранай у многіх сялянскіх сем’ях. Такіх ідэй чатыры: раскулачванне, «сцягванне» хутароў, ачыстка «памежных зон», засяленне маланаселеных абласцей СССР. Самымі маштабнымі і страшнымі па сваіх наступствах былі ідэі калектывізацыі і раскулачвання.

Мэтанакіравана і планамерна

Раскулачванне як працэс ліквідацыі найбольш заможных плыняў беларускай вёскі ажыццяўлялася ў 1929–1932 гадах пад лозунгам «ліквідацыі кулацтва як класа». Задачы і функцыі розных органаў дзяржаўнай улады ў правядзенні гэтай палітыкі былі вызначаныя пастановай ЦВК і СНК СССР ад 1 лютага 1930 года «Аб мерапрыемствах па ўмацаванні сацыялістычнай перабудовы сельскай гаспадаркі ў раёнах суцэльнай калектывізацыі і па барацьбе з кулацтвам», і прынятай у дадатак да яе сакрэтнай інструкцыяй ЦВК і СНК саюзных і аўтаномных рэспублік.

Пастанова канстатавала, што кулакі павінны быць знішчаныя як клас. Асабліва актыўных дазвалялася расстрэльваць, астатніх высяляць у Сібір або ў лагеры. Інструкцыя вызначала, як усё гэта канкрэтна трэба ажыццяўляць.

Паводле інструкцыі, асноўную працу па высяленні кулакоў праводзілі выканкамы мясцовых саветаў і органы ДПУ. Выканкамы вызначалі, хто павінен быць раскулачаны, у якіх памерах варта канфіскаваць маёмасць, каго з раскулачаных і куды выслаць, а каго пакінуць на ранейшым месцы. На спецслужбы ўскладалася аператыўнае забеспячэнне высялення ў асобныя раёны, працоўнае выкарыстанне выселеных, а таксама правядзенне мерапрыемстваў па прадухіленні і ліквідацыі пратэстаў. ДПУ кантралявала таксама і дзейнасць выканаўчых органаў — каб тыя не былі залішне мяккія і не рабілі палёгкаў. Кантролем за настроямі сялянства, станам сельскай гаспадаркі займалася другое аддзяленне Сакрэтна-палітычнага аддзела (СПА) АДПУ па БССР. Не радзей за раз у 10 дзён падавалася зводка аб праведзенай аператыўнай працы, у якой асвятлялася рэальнае выкананне партыйных дырэктыў. Абагульнены матэрыял па ўсіх 4 аддзяленнях СПА падэкадна накіроўваўся ў Маскву.

«Аператыўнае забеспячэнне» прадугледжвала, у першую чаргу, кантроль за «настроямі мас», якія былі далёка не на карысць Савецкай улады. 1 красавіка 1929 года ў Маскву была дасланая дакладная запіска «Аб палітнастроі сельскай інтэлігенцыі ў БССР». У ёй, у прыватнасці, пісалася: «Варта адзначыць, што няма ніводнага моманту, што датычыцца партыі і Савецкай улады ў вёсцы, які быў бы не падвергнуты крытыцы з боку дадзенага кантынгенту асоб», — пісалі беларускія чэкісты.

1-ы Усебеларускі з'езд калгаснікаў-ударнікаў у памяшканні мінскага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра (будынак былой сінагогі) 15—19 красавіка 1933 г. Падчас 2-га з'езду (10—12 ліпеня 1933 г.) у Наркамзем звярнулася група калгаснікаў вёскі Прыгаўка Крычаўскага раёна з просьбай «аказаць нам садзейнічанне, не дапусціць нас памерці галоднай смерцю, даць існаваць да паспявання ўраджаю і ўборкі». Пасля праведзенага расследавання ініцыятары звароту на чале з Мікітам Паньковым былі арыштаваныя. Калгас прызнаны «моцным», скаргі на голад — антысавецкай агітацыяй.


Антысавецкія і контррэвалюцыйныя

У сакавіку-красавіку 1930 года АДПУ па БССР была праведзеная праверка выканання «класавай лініі» пры крэдытаванні сялянскіх гаспадарак. Беларускія чэкісты рапартавалі ў Маскву: 50% ад крэдытаў выдадзеныя беднаце, 44% — звычайным гаспадарам, астатняе атрымалі адказныя работнікі і служачыя кіруючых устаноў. Спецорганы адзначалі, што, паколькі крэдыты дробныя, то яны адразу «праядаюцца» беднатой, ніяк не ўплываюць на ўмацаванне сялянскай гаспадаркі.

Кіраўніцтва БССР імкнулася занадта добра выконваць дырэктывы з Масквы і адразу рапартаваць пра іх выкананне. 10 лютага 1930 года ЦК КП (б) Б накіраваў у Маскву дакладную запіску «Аб прызнанні БССР рэспублікай суцэльнай калектывізацыі». Тэмпы калектывізацыі меркаваліся такія, каб да канца 1930 года ўся рэспубліка апынулася цалкам калектывізаванай.

Забяспечыць такія неверагодныя тэмпы без дапамогі чэкістаў было немагчыма. Для таго, каб здушыць супраціў сялян, якія не жадалі ўступаць у калгасы, іх сталі адносіць да антысавецкага элементу, а калі незадаволеныя пражывалі ў адной мясцовасці — яны залічваліся ў контррэвалюцыйныя арганізацыі ці групы. У гэтым выпадку следства вялося хутка, праблем з вызначэннем мер пакарання не ўзнікала.

У раёнах суцэльнай калектывізацыі абвяшчалася сапраўдная вайна заможным сялянам, якія не жадалі ўступаць у калгасы са сваёй маёмасцю. Заможных сялян назвалі кулакамі і падзялілі іх на тры катэгорыі. Да першай катэгорыі адносіліся тыя гаспадары, якія не проста не згаджаліся ўступаць у калгасы, але і актыўна гэтаму супраціўляліся. Выяўленне і ліквідацыя «контррэвалюцыйнага кулацкага элемента» даручалася АДПУ па БССР. Працэс знішчэння заможных аднаасобных гаспадарак быў названы раскулачваннем.

У войску не схаваешся

Раскулачванне акрамя непасрэднага знішчэння аднаасобных гаспадарак меркавала таксама пошук «кулакоў», якія праніклі ў дзяржаўныя ўстановы і асабліва ў армію.

У арміі пачаліся «чысткі». «Каб максімальна забяспечыць палітычную ўстойлівасць арміі пры правядзенні аперацый па кулацтву, сем’і, чальцы якіх служаць у арміі, высылацца не будуць. Аднак нашы органы павінны ўлічыць, што спробы ціску кулацкага элемента на войска, безумоўна будуць», — паказвалася ў цыркуляры АДПУ №25/00 ад 1 лютага 1930 года для АДПУ ў БССР. У сувязі з гэтым былі вызначаныя «канкрэтныя задачы»:

«1. Выкарыстоўваючы аперацыі ў вёсцы, неабходна дамагчыся такога становішча, каб ніводнага схаванага кулака ў арміі не засталося. Указанне, што сем’і, чальцы якіх служаць у войску, не падлягаюць высяленню, зусім не азначае, што выяўленне і хуткая чыстка ад кулацкіх элементаў арміі павінны быць аслабленыя ці нават часова прыпыненыя, а толькі тое, што спярша трэба выдаліць чальца сям’і з апошняй, а потым толькі прымаць тыя ці іншыя рэпрэсіўныя меры ў дачыненні да сям’і. Для гэтага пры аперацыі па кулацтву трэба старанна высвятляць наяўнасць сваякоў у арміі (якія захоўваюць гаспадарча-сямейныя сувязі). Гэтыя дадзеныя неадкладна паведамляць адпаведным органам на прадмет неадкладнага выдалення чырвонаармейцаў і мл. начсаставу, чальцоў кулацкіх сем’яў, з войска», — паказвалася ў цыркуляры № 25/00.

«Выяўленыя» чырвонаармейцы арыштоўваліся, іх справы накіроўваліся на разгляд Асобай Нарады.

Калі шарагоўцаў і малодшы камандны састаў можна было арыштоўваць адразу, з сярэднімі, старшымі і вышэйшымі было складаней. Цыркуляр прадпісваў усталяваць за імі сачэнне, «выявіць сувязі начсаставу з кулацкімі элементамі ў вёсцы і нэпманам у горадзе, стварыўшы спецыяльны ўлік такіх». Варта адзначыць, што маштабы чыстак у арміі, якія адбыліся ў першай палове 1930-х гадоў у сувязі з калектывізацыяй, да цяперашняга часу не вывучаныя. Пра такія маштабы працы беларускіх спецорганаў могуць сведчыць наступныя дадзеныя. За перыяд з мая 1932-га па май 1933 года ў частках Чырвонай Арміі, дыслакаваных у БССР, былі ліквідаваныя 2 «контррэвалюцыйныя паўстанцкія арганізацыі» (арыштавалі 38 чалавек), 4 ячэйкі і 54 групоўкі (685 чалавек). «Вычысцілі» з арміі 1471 чалавек. З іх з Полацкага гарнізона — 27 чалавек, 6 шпіёнаў у Мінску, 10 чалавек з Аршанскага аэрапорта.

Цыркуляр прадпісваў і шэраг агульных «прафілактычных» захадаў для захавання арміі ад кулацкага ўплыву. Так, у воінскія часткі не дапускаліся сваякі або прадстаўнікі з вёсак («хадакі і дэлегацыі») са скаргамі. Іх падлягала неадкладна арыштоўваць. «Паліторганам» АДПУ прапаноўвалася звярнуць увагу на дзейнасць Бюро чырвонаармейскіх лістоў у воінскіх часцях, для таго, каб скаргі чырвонаармейцаў «на скрыўленне ў вёсцы класавай лініі» атрымлівалі б найхутчэйшы разгляд у савецкім апараце. Ім жа даручалася правесці ў войску «шырокую тлумачальную працу».

Няма куды бегчы

У задачы спецслужбаў уваходзіла забеспячэнне гарадоў і сталіцы Беларусі ад «кулацкага ўплыву». «У сувязі з раскулачваннем па шэрагу раёнаў назіраюцца масавыя ўцёкі кулакоў у гарады, асабліва ў прамысловыя цэнтры», — паказвалася ў цыркуляры АДПУ №50/ІНФА ад 20 лютага 1930 года, накіраваным у БССР з Масквы. Небяспека кулакоў у горадзе, на думку чэкістаў, была нават большай, чым у вёсцы. «Атрымліваючы ў шэрагу выпадкаў адпаведныя даведкі ад сельсаветаў, кулакі рэгіструюцца на біржах працы і, выкарыстоўваючы зямляцкія і сваяцкія сувязі, прабіраюцца на фабрыкі, заводы, гандлёва-прамысловыя прадпрыемствы і нават становяцца членамі прафсаюзаў. Адзначаны шэраг фактаў пранікнення кулакоў у працоўныя дамы і інтэрнаты, уступленне ў арцелі рамізнікаў, агароднікаў і г.д.», — напісана ў дакуменце.

Маштабы праведзенай «чысткі» і сёння ўражваюць. Ужо да мая 1930 года ў БССР па ўсіх катэгорыях было раскулачана 15 629 гаспадарак — палова з усіх гаспадарак, якія існавалі на той час.

Акрамя высялення кулакоў за межы БССР, мела месца перасяленне заможных сялян з памежных вёсак у тылавыя раёны БССР і засяленне прыгранічных вёсак «надзейнымі» сялянамі. Пытанне перасялення вырашала Тройка ПП АДПУ па БССР. Масава працэсы перасялення пачаўся з 1935 года.

Працяг будзе



Каментаваць