Калі б не было дакладу…

Шэсцьдзясят гадоў таму кіраўнік КПСС таварыш Хрушчоў прачытаў даклад «Аб кульце асобы і яго выніках», які пачаў працэс дэмантажу сталінскай сістэмы. Зараз гісторыкі дыскутуюць: у якой краіне мы жылі б, калі Мікіта Сяргеевіч не агучыў той тэкст?



Нічога б не змянілася, — лічыць шэраг гісторыкаў. На іх думку, СССР усё роўна пайшоў бы шляхам асцярожнай лібералізацыі і рэвізіі сталінскай мадэлі. Галоўны аргумент — Хрушчоў, як высвятляецца, быў проста эпігонам Берыі і Малянкова, якіх раней адсунуў ад ўлады. Менавіта згаданы тандэм рабіў першыя асцярожныя крокі ў накірунку дэсталінізацыі. Напрыклад, пастанова пра вызваленне і рэабілітацыю палітвязняў была прынятая яшчэ ў часы Берыі. Ён жа разаслаў цыркуляр, які патрабаваў абмежаваць колькасць партрэтаў «Бацькі народаў» на афіцыйных мерапрыемствах. Больш за тое, Лаўрэнцій Паўлавіч, быццам, і ёсць аўтарам тэрміну «культ асобы», які выкарыстоўваўся ім з негатыўнай афарбоўкай. Іншымі словамі, усе лідары КПСС былі гатовая асудзіць свайго ўчорашняга боса.

 

У тым, што Лаўрэнцій Паўлавіч і Мікіта Сяргеевіч сталі буйнымі рэфарматарамі, ніякага цуда няма. Па-першае, усе адэкватныя партфункцыянеры разумелі, што сталінская сістэма, дзе ўлада была звышперсаніфікаваная, пасля смерці персоны функцыянаваць не ў стане. Прынамсі, трэба было дыскрэдытаваць Сталіна, каб мець параўнальны з ім аўтарытэт. Па-другое, Берыя і Хрушчоў доўгі час беспрынцыпова служылі правадыру, і як следства — свядома былі гатовыя на самыя неверагодныя палітычныя піруэты.

 

На старонках прэсы часам гучыць увогуле ерэтычная думка — калі б Берыя застаўся ля стырна ўлады, дэмакратычныя змены адбываліся б больш дынамічна. Напрыклад, мяркуючы па матэрыялах следства над ім, былі кіраўнік НКУС дапускаў выхад СССР з фармату «халоднай вайны» з Захадам, цікавіўся югаслаўскім эксперыментам, быў гатовы пашырыць аўтаномію нацыянальных рэспублік…

 

Ёсць думка, што савецкае кіраўніцтва аказалася ахвярай нейкай буйнай медыя-правакацыі. Асноўныя тэзісы гэтай тэорыі наступныя — экспромты Хрушчова на ХХ з’ездзе КПСС у афіцыйную прэсу так і не трапілі. Стэнаграмы выступу не бачылі нават дэлегаты гэтага мерапрыемства. Людзі даведаліся пра даклад, дзякуючы публікацыям на Захадзе, у тым ліку ў камуністычнай прэсе. Чуткі пра нейкі даклад выклікала такі ўздым у грамадстве, што ігнараваць трэнд было немагчыма. Хрушчоў, які, як той флюгер, адчуваў атмасферу, быў вымушаны канчаткова заняць пазіцыю паслядоўнага антысталініста. Па сутнасці, такая версія сведчыць, што грамадства было гатовае да пераменаў, і для «бузы» быў патрэбны толькі нейкі знак. Калі б не было хрушчоўскага дакладу, яго функцыю магла выканаць іншая падзея: нейкі артыкул або выступ.

Вокладка часопіса "Тіме", прысвечанага дакладу Хрушчова

Праўда, ёсць гісторыкі, для якіх хрушчоўскі даклад — гэта не рэакцыя на выклікі часу, а асабісты выбрык Мікіты Сяргеевіча, які запусціў негатыўныя працэсы развалу краіны «несвядома». На іх думку, у масе народ быў лаяльны існуючай мадэлі. СССР мог існаваць ў межах сталінскай парадыгмы і далей. Праўда, як бы гэта выглядала?

Ліберальныя гісторыкі мяркуюць што ў такім выпадку краіна паўтарыла б лёс Паўночнай Карэі. Праўда, савецкі Чучхэ не мог бы працягнуць занадта доўга. Як кажа маскоўскі гісторык Уладзімір Шубін, у кантэксце касмічнай гонкі канкураваць са Штатамі без вольнай дыскусіі ў асяроддзі тэхнічнай інтэлігенцыі было ўжо немагчыма. Таму разварот у бок софт-дэмакратызацыі быў бы проста адкладзены гадоў на дзесяць пазней. Пра гэта сведчыць тое, што Кітай, які спачатку раскрытыкаваў хрушчоўскі рэвізіянізм, у выніку таксама правёў аналагічную рэформу супраць культу Маа. Праўда, там было ўсё больш асцярожна. У Кітаі проста асудзілі «банду чатырох» на чале з жонкай старшыні-нябожчыка, але самога Мао цалкам развенчваць не сталі, указаўшы на «30% памылак» у яго дзейнасці.

З гэтым не згодныя прадстаўнікі расійскага камуністычнага лагеру. Так, на думку Генадзя Зюганава «сталінская мадэрнізацыя» мела патэнцыял. У тым ліку таму, што эфектыўнай альтэрнатывы ёй дасюль не прыдумалі. У якасці доказу ён спасылаецца на тое, што аснова існуючай інфраструктуры краін былога СССР была створаная пра Сталіне. На думку сталіністаў, тут самае галоўнае было захаваць у афіцыйнай ідэалогіі аксіёму пра тое, што класавая барацьба па хадзе будаўніцтва сацыялізму толькі нарастае. Наяўнасць такой устаноўкі, маўляў, дазваляла б спецслужбам займацца сталым маніторынгам будзь-якіх праяў «дробнабуржуазнай» фронды і бязлітасна караць яе. Праўда, наконт таго, як бы выглядала сталінская мадэрнізацыя ў ХІХ стагоддзі, канкрэтыкі мала.

А вось расійскія нацыяналісты засяроджваюць увагу на тым, што ХХ з’езд парадзіў першы буйны пасляваенны нацыянальны канфлікт ў СССР. Гутарка ідзе пра хваляванні ў Тбілісі, дзе кампанію супраць культу Сталіна ўспрынялі як замах на калектыўныя пачуцці грузінскага народа. Каб не было Хрушчова, маўляў, савецкая імперыя магла захавацца надоўга і паступова, праз пачатую яшчэ пры Сталіне палітыку русіфікацыі, і трансфармавацца ў эрзац расійскай імперыі.

Як бачым, версій хапае. Але ці маюць гэтыя дыскусіі нейкі ўплыў на цяперашні палітычны працэс? Маскоўскі журналіст і гісторык Дзмітрый Люблін мяркуе, што актывізацыя спрэчак пра хрушчоўскі даклад, прынамсі, адлюстроўвае расійскую палітычную сітуацыю.

«Перш за ўсё, кідаецца ў вочы тое, што артыкулаў, спрэчак гісторыкаў і палітыкаў вакол ХХ-га з’езду КПСС на парадак больш, чым было дзесяць год таму, калі адзначалася больш круглая, 50-я гадавіна хрушчоўскага дакладу, — зазначае Дзмітрый Люблін. — Цяжка сказаць, ці будуць дэбаты мець наўпроставыя наступствы, рухаць палітычны працэс? На маю думку, гэта, хутчэй, люстэрка ідэйнага крызісу пуцінскай мадэлі «кіруемая дэмакратыя», якая зараз праходзіць праз цяжкае выпрабаванне. Пуцінская Расія вымушана існаваць ва ўмовах геапалітычнага канфлікту, калі ўлада намагаецца гуляць на патрыятычных пачуццях. Але патрыятычная агітацыя абуджае не захапленне Расійскай Імперыяй, а ўспаміны пра эпоху Сталіна і СССР увогуле. Пры гэтым сталінскі міф становіцца прывабны абывацелю таксама, паколькі яго складнікам ёсць эгалітарызм і сацыяльная роўнасць, якія, быццам, існавалі пры Сталіне. Для Пуціна і яго алігархаў гэта яўна не пажаданыя тэмы на фоне росту сацыяльнай напружанасці ў краіне, планаў пенсійнай і камунальнай рэформаў. У выніку можна казаць пра нарастаючыя супярэчнасці пуцінскага аўтарытарызму, альтэрнатыва якому, як давялі дэбаты вакол ХХ-га з’езду, бачыцца як рэканструкцыя нейкага этапу гісторыі СССР».

Каментаваць