Кастусь Каліноўскі не пісаў «Мужыцкую праўду»?

Кастусь Каліноўскі насамрэч не быў асноўным аўтарам газеты „Мужыцкая праўда».

Фота з архіву Сяргея Лушчыка

Такую версію выказвае гарадзенскі краязнавец Сяргей Лушчык, які грунтоўна вывучае гісторыю Вялікай Бераставіцы. У выніку архіўнай і іншай працы гісторык прыйшоў да высновы, што насамрэч асноўным аўтарам легендарнай газеты-адозвы быў паплечнік Кастуся Каліноўскага Фелікс Ражанскі. Ніжэй падаем артыкул, у якім краязнавец даводзіць слушнасць сваёй версіі.

У 1861-63 гг. адным з пунктаў падрыхтоўкі студзеньскага паўстання ў краі стаў вялікабераставіцкі касцёл.

 

Адзін з актыўных арганізатараў і удзельнікаў паўстання Фелікс Ражанскі пакінуў пазней такія ўспаміны:

“У Гародню ў 1861 годзе прыехаў Канстанцін Каліноўскі, — паспяхова скончыўшы вучобу на прававеда, — з мэтай стварэння канспірацыйнага кола і палітычнай дзейнасці. Дзякуючы асабістым знаёмствам і кантактам, такое кола яму ўдалося стварыць, у яго ўвайшлі Эразм Заблоцкі, губернскі сакратар, доктар Юзаф Заблоцкі, Валеры Урублеўскі, афіцэр і інспектар лясной школы, Ян Ваньковіч, афіцэр, Фелікс Ражанскі і Ідэльфонс Мілевіч, геаметры, Ксёндз Гінтаўт з Гародні, а ксяндзы Ян Зажыцкі і Ігнацы Казлоўскі з ваколіц і яшчэ некалькі іншых, прозвішчаў якіх не памятаю, альбо не быў з імі асабіста знаёмы. Усе вышэйпералічаныя былі дэмакратычных поглядаў, іх называлі партыяй чырвоных з той прычыны, што яны былі прыхільнікамі праграмы па падрыхтоўцы народу да нацыянальнага паўстання супраць маскоўскага панавання, якое прадугледжвала самавызваленне і ліквідацыю прыгоннага права праз польска-шляхецкае саслоўе, маючыя адбыцца праз два гады, г. зн. у 1863 г.”.

 

Дзве з пералічаных асобаў канспірацыйнага кола мелі прамое дачыненне да Вялікай Бераставіцы — гэта сам аўтар успамінаў Фелікс Ражанскі і ксёндз Ігнацы Казлоўскі.

Фелікс Ражанскі (1838 — памёр пасля 1903) — шляхецкага паходжання, гербу “Порай”, працаваў каморнікам (геаметрам) у вялікабераставіцкім маёнтку графа Станіслава Шчэнснага Касакоўскага. У 1861-62 гг. Кастусь Каліноўскі і Валеры Урублеўскі часта наведвалі Вялікую Бераставіцу. Сустракаючыся тут з аднадумцамі-паплечнікамі, абмяркоўвалі будучыя планы. Як адзначала сястра Кастуся Каліноўскага Казіміра Багушэвіч, яе брат быў з бераставіцкім каморнікам у сяброўстве. Вельмі верагодна, што месцам патаемных сустрэч вальнадумцаў у тыя часы служыў мясцовы касцёл, пробашчам якога незадоўга да пачатку паўстання быў прызначаны ксёндз Ігнацы Казлоўскі. Менавіта Казлоўскаму перайшлі ў распараджэнне ключы ад гэтага касцёла і іншых прыкасцёльных пабудоваў. Ёсць верагоднасць, што напярэдадні паўстання Кастусь Каліноўскі станавіўся тут на калені перад драўляным укрыжаваннем.

Доктар Заблоцкі пісаў польскую патрыятычную паэзію, а Ражанскі такія ж песні па-беларуску, і гэты апошні супольна з Канстанцінам Каліноўскім друкаваў народнае выданне пад назвай “Mużyckaja prauda” з подпісам “Jaśko hospodar z pod Wilna”, а пару песень і “гутарак” на гэтай жа мове выдаў Браніслаў Шварцэ ў Беластоку” — працягвае ўспаміны былы каморнік з Вялікай Бераставіцы.

“Гутарка двух суседаў” і “Гутарка старога дзеда” — беларускія вершаваныя агітацыйныя творы, папярэднікі ”Мужыцкай праўды”, накіраваныя супраць Маскоўскага панавання ў краі, друкаваліся цягам 1861-62 гг. у падпольнай друкарні Браніслава Шварцэ ў Беластоку. Аўтарам некалькіх “гутарак”, паводле вышэйзгаданых успамінаў, быў Фелікс Ражанскі, які ўжо да гэтага складаў песні і вершы па-беларуску, а выдаваў гэтыя творы Кастусь Каліноўскі, які быў з друкаром Шварцэ ў цесным кантакце. Неўзабаве паліцыі ўдалося выйсці на след канспіратараў. У выніку ўладальнік друкарні змушаны быў яе закрыць і ўлетку 1862 г. тэрмінова з’ехаць у Варшаву.

Неўзабаве ў чэрвені таго ж года з’явіўся 1-ы нумар ”Мужыцкай праўды” — першае ў гісторыі перыядычнае выданне на беларускай мове. Яно востра крытыкавала палітыку расейскіх уладаў і заклікала сялян да змагання з акупантам. Да канца года выйшлі яшчэ 5 нумароў, а ў 1863 г., ужо ў час паўстання, апошні 7-мы нумар. Ёсць верагоднасць, што некаторыя з іх маглі быць надрукаваныя ў Вялікай Бераставіцы.

Пасля закрыцця беластоцкай друкарні Браніслава Шварцэ, удзельнікі канспірацыі патаемна завезлі туды друкарскі прэс і схавалі яго ў мясцовым касцёле, дзе быў адміністратарам іх аднадумец ксёндз Казлоўскі. Займацца рызыкоўнай справай у ціхім мястэчку было непараўнальна прасцей.

Падобны канспірацыйны станок для друкавання складаўся з дзвюх частак — драўлянага корпусу і ўласна прэсу, у якім металічная пласціна (матрыца) з набраным тэкстам прыціскалася да паперы ўручную з дапамогай механічнага рычага альбо кола. Такога кшталту друкарскія варштаты ў той час ужо не былі рэдкасцю. траплялі яны ў Расійскую імперыю з-за мяжы, часцей з Германіі ці Аўстрыі. Абсталяванне мела невялікія габарыты, было простым і надзейным у абслузе. Яго можна было аператыўна наладжваць для працы і ў разе небяспекі хутка хаваць у памяшканнях касцёла.

 

Фота з архіву Сяргея Лушчыка

Друкавалася “Мужыцкая праўда” беларускай лацінкай на лістах значна меншага фармату, чым афіцыйная прэса, дзякуючы чаму такія аркушы зручна было хаваць ад паліцыі. У мэтах канспірацыі месца выдання і прозвішча аўтара пададзеныя наўмысна фальшывымі — “Яська гаспадар з-пад Вільні”. У самым тэксце выдання ўжываецца шмат простых побытавых сялянскіх словаў і выразаў, часта гучаць такія тэрміны, як “зямля”, “сяляне”, “прыгнёт”.

Складваецца ўражанне, што яго аўтар сам паходзіць з сялянскага асяроддзя. Не змяншаючы вялізных заслугаў Кастуся Каліноўскага ў падрыхтоўцы паўстання і выхадзе канспірацыйнай перыёдыкі, можна дапусціць, што тэксты 1-6 нумароў “Мужыцкай праўды” склаў усё той жа каморнік з Вялікай Бераставіцы — Фелікс Ражанскі, які да гэтага пісаў “Гутаракі” і песні на чыстай беларускай мове, у той час як Каліноўскі з Урублеўскім выступалі пераважна рэдактарамі газеты, толькі пры неабходнасці ўносілі туды свае карэктывы і арганізоўвалі яе выданне.

У адрозненне ад Кастуся Каліноўскага, які перад паўстаннем амаль шэсць гадоў правёў у Маскве і Пецярбургу, Ражанскі стала пражываў у Вялікай Бераставіцы, дзе на пасадзе мясцовага каморніка выконваў замеры зямлі, складаў планы грунтаў, размяжоўваў спрэчныя надзелы, у тым ліку сялянскія, не па чутках быў знаёмы з рэальным жыццём паспалітага люду і добра ведаў яго надзённыя патрэбы.

Як збіральнік мясцовага фальклору, бераставіцкі землямер дасканала валодаў той мовай, на якой размаўлялі простыя жыхары гэтага рэгіёну, а менавіта сяляне Гарадзенскага, Ваўкавыскага і Сакольскага паветаў. Дзякуючы яго народным творам, беларуская мова выйшла за рамкі побытавага ўжытку. Вядома, што бераставіцкі землямер склаў на мове сялян песні “Гэй-га разам, хлопцы…”, “Ах ты, мая чарнаброва…” ды іншыя.

Свае выданні Кастусь Каліноўскі і Фелікс Ражанскі распаўсюджвалі сярод сялян, вясковых пісараў, настаўнікаў, студэнтаў, ксяндзоў, якія, сваім парадкам, раздавалі іх у прыходах. Нярэдка аўтары “Мужыцкай праўды” пад чужымі прозвішчамі супольна выпраўляліся ў падарожжы па Гарадзенскай, Мінскай і Віленскай губернях, заводзілі новыя знаёмствы, тлумачылі людзям, на чыім баку трэба змагацца.

У час выбуху паўстання Фелікс Ражанскі быў афіцэрам спачатку Ваўкавыскага, а потым Бельскага аддзелу інсургентаў, удзельнічаў у 11 баях на тэрыторыі Беласточчыны, Гарадзеншчыны і Ваўкавышчыны, у Белавежскай, Свіслацкай, Сакольскай і Бужанскай пушчах, а пасля паразы кампаніі выехаў у Галіцыю, дзе неўзабаве ажаніўся і стаў землеўладальнікам. Праз давераную асобу ён прыслаў адтуль некалькі сваіх фотаздымкаў для сяброў і знаёмых. Памёр Фелікс Ражанскі пасля 1903 года.

Беларускае Радыё


Каментаваць