Катынскі спіс: анатомія трагедыі

"На пытанне, за што арыштавалі гэтага чалавека, нкусавец адказаў: «За тое, што быў польскім афіцэрам». У гэты час з будынку даносіліся крыкі і стогны арыштаваных", — успамінаў Раман Бярлінскі.

 



У выніку далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года ў руках савецкіх спецорганаў апынулася не толькі значная колькасць афіцэраў Войска Польскага, але шмат паліцыянтаў, супрацоўнікаў польскага дзяржаўнага апарату і грамадзянскіх асоб. Арышты не спыняліся на працягу ўсіх так званых «першых саветаў» (з 17 верасня 1939-га па 22 чэрвеня 1941 года).

Частка арыштаваных папаўняла шэрагі зняволеных ГУЛАГу, а іх сем’і дэпартаваліся. Іншыя па рашэнні Палітбюро ад 5 сакавіка 1940 года былі прысуджаныя да расстрэлу і пакараныя ў Катыні, Асташкаве, Медным, Харкаве, Кіеве, Мінску, а таксама ў турмах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.

У 1994 годзе Службай бяспекі Украіны быў знойдзены і перададзены Польшчы так званы «Украінскі катынскі спіс» — дакумент, у якім указваліся прозвішчы 3435 польскіх грамадзян, расстраляных НКУС на тэрыторыі УССР. Большасць польскіх і беларускіх даследчыкаў сталінскіх злачынстваў лічаць, што павінен быць і аналагічны «Беларускі катынскі спіс».

У дакладной запісцы Старшыні КДБ СССР Аляксандра Шалепіна ад 3 сакавіка 1959 года ў прыватнасці адзначалася, што ў распараджэнні чэкістаў на той час знаходзіліся ўліковыя справы на 7305 польскіх грамадзян, расстраляных у лагерах і турмах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Калі адмінусаваць ад гэтага ліку колькасць людзей з «Украінскага катынскага спісу», то атрымліваецца, што на тэрыторыі БССР было расстраляна 3870 грамадзян Другой Рэчы Паспалітай. Узгадаем імёны некаторых з іх.

Дакументы і рэчы супрацоўніка НКУС

Згінулі без вестак

У канцы верасня 1939 года ў Лунінцы савецкімі спецыяльнымі органамі быў арыштаваны паручнік Войска Польскага Ян Вярэніч. Да Другой сусветнай вайны ён праходзіў службу ў 50-м пяхотным палку крэсавых стральцоў імя палкоўніка Франчэска Нула. Падчас Вераснёўскай кампаніі 1939 года афіцэр удзельнічаў у баях з вермахтам у раёне Модліна, а пазней яму ўдалося вярнуцца дадому. Пра тое, што было далей, мы можам даведацца з успамінаў былога жыхара Лунінца Рамана Бярлінскага:

— У 1935–1939 гадах я працаваў настаўнікам у столінскім павеце Палескага ваяводства. 23 сакавіка 1939 года мяне мабілізавалі ў войска. Пасля разбіцця нашай часткі я зноў апынуўся на Палессі. Там мне ўдалося ўстанавіць кантакт з сям’ёй Скуратаў у Вічыне ля Лунінца. Пазней я ажаніўся з Нінай Скурат. Яшчэ да вайны тут я пазнаёміўся з паручнікам Янам Вярэнічам, мужам сястры маёй жонкі. У канцы верасня 1939 года яго арыштаваў НКУС, і ён знаходзіўся, як і шмат іншых польскіх афіцэраў, у будынку былой гміны ў Лунінцы. Мы наведвалі вязніцу, каб перадаць арыштаванаму сваяку ежу. Супрацоўнік НКУС пацвердзіў, што паручнік Вярэніч сапраўды ёсць сярод зняволеных, і забраў перадачу. На пытанне, за што арыштавалі гэтага чалавека, нкусавец адказаў: «За тое, што быў польскім афіцэрам». У гэты час з будынку даносіліся крыкі і стогны арыштаваных. Калі праз нейкі час мы зноў прынеслі перадачу, то вартаўнік сказаў, што такога зняволенага няма, і ён вывезены.

Ян Вярэніч, Лунінец

Як мы ведаем, 22 сакавіка 1940 года Лаўрэнцій Берыя падпісаў загад № 00350 «Аб разгрузцы турмаў НКУС УССР і БССР», у якім, у прыватнасці, прадпісвалася з турмаў заходніх абласцей Беларускай ССР перавезці ў Мінскую турму 3000 арыштаваных. Хутчэй за ўсё, паручнік з Лунінца быў адным з тых, каго накіравалі ў распараджэнне НКУС у Мінску.

Уладзімір Лунь працаваў супрацоўнікам польскай Дзяржаўнай паліцыі ў Ракаве. У лістападзе 1939 года да яго ў дом пагрукалі нкусаўцы. Былога паліцыянта трымалі ў турмах Маладзечна, Вільні, Чэрвеня. У адпаведнасці з дакументамі 226-га палка 15-й брыгады канвойных войскаў НКУС СССР, у маі 1940 года былы ракаўскі служыцель закону быў этапаваны ў Мінск. З гэтага моманту яго сляды губляюцца. Сям’я Уладзіміра Луня вясной 1940 года была дэпартаваная ў Казахстан.

Акуляры, знойдзеныя на месцы расстрэлу

25 кастрычніка 1939 года Лаўрэнцій Цанава інфармаваў кіраўніка савецкай Беларусі Панцеляймона Панамарэнку, што ў Лідзе затрыманы фабрыкант Столе, які падчас следства прызнаўся ў арганізацыі контррэвалюцыйных арганізацый «Праца польска» і «Харцэрскі саюз». У дакуменце таксама адзначалася, што «працоўныя, якія не жадалі ўваходзіць у гэтыя арганізацыі, страчвалі працу». Паводле справаздачы НКУС, пасля страйку 1935 года Столе звольніў з працы і аддаў пад суд шмат працоўных. Таксама «фабрыканта» абвінавачвалі ў тым, што ён штрафаваў працоўных за дробныя правіннасці.

Гутарка ідзе пра тэхнічнага дырэктара фабрыкі шкла «Нёман» у Бярозаўцы Фелікса Чэслава Столе. Падчас Першай сусветнай вайны ён служыў у другім пяхотным палку Першага польскага корпусу ў Бабруйску. Падчас польска-бальшавіцкай вайны ваяваў у палку швалежэраў. У міжваеннае дваццацігоддзе сям’я Столе зрабіла ўсё, каб фабрыку ў Бярозаўцы ведалі на ўсім свеце, а яе вырабы прадаваліся ў шматлікія краіны свету.

28 верасня 1939 года Фелікс Столе быў арыштаваны НКУС, утрымліваўся ў турмах у Лідзе і Баранавічах. Далейшы яго лёс невядомы. У лістападзе 1939 года савецкімі спецыяльнымі органамі быў арыштаваны і родны брат Фелікса — Браніслаў. У следчай справе, якая да сённяшняга дня захоўваецца ў архіве КДБ па Гродзенскай вобласці, адзначаецца, што «Браніслаў Столе быў арыштаваны і абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай прапагандзе супраць СССР і камуністычнай партыі. У адпаведнасці з 72-м артыкулам Крымінальнага кодэкса БССР, ён быў прысуджаны да 8 гадоў лагеру.

Фелiкс Столе з сынам, пачатак 1930-х гадоў

Дадому ён так і не вярнуўся і згінуў у ГУЛАГу. Сын Фелікса Чэслава Столе Лех ваяваў у Арміі Краёвай на Навагрудчыне. У верасні 1944 года ён трапіў у рукі НКУС, утрымліваўся ў турмах у Лідзе і Мінску і быў прысуджаны да 10 гадоў працоўна-папраўчых лагераў. Зняволенне адбываў у Карагандзінскай вобласці, а ў 1955 годзе рэпатрыяваў у Польшчу.

17 кастрычніка 1939 года ў Вільні быў арыштаваны былы сенатар Другой Рэчы Паспалітай Вячаслаў Багдановіч. Ён нарадзіўся ў 1878 годзе ў Дзісне. Быў адным са стваральнікаў Беларускай гімназіі ў Вільні. У 1927–1930 гадах быў кіраўніком грамадска-рэлігійнай арганізацыі «Праваслаўнае беларускае дэмакратычнае аб’яднанне» ў Вільні. Пасля арышту савецкімі спецорганамі Багдановіч знаходзіўся ў турме ў Мазыры. Далейшы яго лёс невядомы.

У кастрычніку 1939 года ў рукі НКУС трапіў беларускі грамадскі і палітычны дзеяч Ян Пазняк. У міжваеннае дваццацігоддзе ён займаўся выданнем беларускіх газет. У прыватнасці, ён стаяў у пачаткаў першай беларускай каталіцкай газеты «Беларус», быў рэдактарам выдання «Беларуская крыніца», удзельнічаў у выданні часопісу «Самапомач». Пасля арышту савецкімі спецорганамі ён знаходзіўся ў турмах у Вільні, а пазней у Чэрвені. У красавіку 1940 года быў перавезены ў Мінск. Пра гэта ўзгадваецца ў дакументах 15-й брыгады канвойных войскаў НКУС СССР. Далейшы лёс гэтага чалавека невядомы.

Ян Пазняк трэці зправа ў другім шэрагу

Сведкі з магілы

Па меркаванні большасці замежных і айчынных даследчыкаў, прадстаўнікі «польскага кантынгенту», якія знаходзіліся ў мінскіх турмах увесну 1940 года, былі расстраляны ў Курапатах і іншых прыгарадах беларускай сталіцы. Пацвярджэннем гэтага з’яўляюцца асабістыя рэчы і прадметы адзення, знойдзеныя падчас эксгумацыйных прац у раёне Лагойскага тракту.

Так, сярод іншага, у раскопах былі знойдзены калошы англійска-польскай фірмы «Gentleman», польскай фабрыкі «Pepege», варшаўска-рыжскай фабрыкі «Rygawar». Акрамя гэтага, на некаторых ахвярах быў абутак з абцасамі, зробленымі на фірме «Sanok», а таксама боты чэхаславацкай фірмы «Bata».

Сярод асабістых рэчаў людзей, забітых у Курапатах, былі знойдзены грабяні і расчоскі еўрапейскіх фірм «Durabit Garantie», «Rubonit Prima», «Matador Garantie», а таксама кубак варшаўскай фірмы «Wulkan».

Польскія вайсковыя гузікі, знойдзеныя на месцы расстрэлу

Безумоўна, гэтыя рэчы маглі належаць «перабежчыкам» з Заходняй Беларусі, якія беглі ў БССР у сярэдзіне 1930-х гадоў, і якіх савецкія ўлады запісвалі ў шпіёнаў і дыверсантаў. Але на адным з грэбняў, знойдзеных у Курапатах, быў надпіс па-польску: «Цяжкія хвіліны ў турме. Мінск, 25.04.1940. Думка пра вас прыводзіць мяне ў вар’яцтва. 26 IV расплакаўся. Цяжкі дзень». Як бачым, пасланне было напісана вясной 1940-га. Менавіта ў гэты час у розных частках СССР пачынаюцца сумнавядомыя катынскія расстрэлы…

Каментаваць