Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Край славутых пісьменнікаў і разбураных храмаў

Падчас чарговага падарожжа з вядомым беларускім фатографам і мастаком Уладзімірам Цвірко мы наведалі Магілёўшчыну.

Мастацкі музей у Магілёве


Крычаў

Старажытны беларускі горад Крычаў упершыню згадваецца ў 1136 годзе пад назвай Крэчут. У пачатку XVII стагоддзя маскоўскія захопнікі спалілі горад і амаль усіх жыхароў вывезлі ў Масковію. У канцы XVIII стагоддзя расійская імператрыца Кацярына ІІ падаравала горад і староства графу Пацёмкіну. Тут пачала працаваць суднаверф, а для суднаў вырабляліся ветразі. Крычаўскія караблі па рацэ Сож, затым па Дняпры сплаўляліся ў Чорнае мора і такім чынам папаўнялі расійскі флот.

Уваскрасенская царква, якая была пабудавана ў Крычаве ў першай палове ХІХ стагоддзя, у 1950-х гадах была перабудаваная ў кінатэатр, а ў 1990-я яе вярнулі вернікам. Насупраць царквы, праз дарогу, шэрай глыбай узвышаецца помнік Леніну. Позірк яго звернуты на царкву, і ён быццам запрашае наведаць храм.

Крычаў упрыгожвае палац Пацёмкіна і Галынскіх, які будаваўся 9 гадоў (1778–1787 гады). Зверху палац нагадвае літару «Е» — першую ў імені імператрыцы Кацярыны. Нашу ўвагу прыцягнула і драўляная Свята-Мікалаеўская царква. Спачатку яна была пабудавана на высокім беразе Сожа ў 1838 годзе на месцы старажытнага касцёла Св. Еліяша, а потым была перанесена ў Крычаў. Яе святар зрабіў заўвагу спадару Цвірко за тое, што ён здымаў будынак з вуліцы без яго дазволу. Мы ўспомнілі амаль аналагічны выпадак у Жлобіне, калі дырэктарка гісторыка-краязнаўчага музея сказала, што мы не маем права фатаграфаваць горад без дазволу райвыканкама, і нават патэлефанавала ў райвыканкам.


Клімавічы

Мы наведалі Клімавічы — горад, які ўпершыню згадваецца ў XIV стагоддзі і мае адзін з прыгажэйшых у Беларусі гербаў: «У блакітным полі залатая пчала». Герб быў дараваны гораду ў 1781 годзе. З архітэктурных помнікаў увагу прыцягвае Свята-Міхайлаўская царква, помнік архітэктуры позняга класіцызму, пабудаваная ў 1867 годзе, а таксама помнік драўлянага дойлідства — сядзібны дом князёў Мяшчэрскіх (1867), у якім зараз размяшчаецца раённы краязнаўчы музей.

З Клімавічаў мы праехалі ўздоўж мяжы з Расіяй. У вёсцы Мілаславічы дзейнічае цагляная Свята-Пакроўская царква, пабудаваная ў 1866 годзе. Калісьці расійскі імператар Аляксандр III падараваў царкве ікону Хрыста Збаўцы.

Наведванне вёсак Клімаўшчыны пакінула глыбокі смутак. Ад царкоўных будынкаў засталіся руіны. За гады савецкай улады храмы былі разрабаваныя, ператвораныя ў склады ўгнаенняў, зерня, прыйшлі ў поўны заняпад і пачалі разбурацца. Крыху лепшы лёс выпаў храмам, размешчаным у гарадах. Іх ператваралі ў клубы, у адміністрацыйныя будынкі, а часам у турмы — і яны зберагліся.


Хоцімск

Хоцімск — самы аддалены райцэнтр на Беларусі. Упершыню згадваецца ў 1709 годзе як мястэчка Хоцімль. Тут сваёй прыгажосцю ўражвае Свята-Троіцкі сабор — помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю, пабудаваны ў 1873 годзе. Уваход на тэрыторыю сабора ўпрыгожвае белакаменная трохарачная брама. З 60-х да 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў будынку сабора размяшчаўся Дом культуры. На мясцовых могілках знаходзіцца і самая ўсходняя на тэрыторыі Беларусі драўляная царква Покрыва Найсвяцейшай Багародзіцы.

Непадалёк ад Хоцімска, у вёсцы Трасціно знаходзіцца Мікалаеўская царква, пабудаваная ў 1861 годзе. Уладзімір Цвірко сцвярджае, што яна, як і шмат іншых на тэрыторыі Беларусі, была перароблена з касцёла. Такія дзеянні расійскага царскага ўрада атрымалі асабліва шырокі маштаб пасля паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.


Магілёў. Сабор Трох Свяціцеляў


Касцюковічы

Касцюковіцкі раён не вельмі багаты на архітэктурныя помнікі. Але па колькасці пісьменнікаў Касцюкоўшчыну можна назваць Парнасам Магілёўшчыны. У гэтым куточку Беларусі з прыгожай рэчкай Бесяддзю нарадзіліся Аркадзь Куляшоў, Іван Чыгрынаў, Васіль Хомчанка, Алесь Пісьмянкоў, Аляксей Русецкі, Леанід Левановіч, Масей Сяднёў, Іван Ісачанка, Аляксей Сімукоў.

Зараз раён адметны радыяцыйнай забруджанасцю пасля Чарнобыльскай катастрофы, у выніку якой шмат населеных пунктаў зніклі з твару зямлі.

Напрыклад, вёска-прывід Саматэвічы. Там, дзе раней жылі больш чым 2000 жыхароў, цяпер цісне вушы цішыня, і толькі шумяць дрэвы на месцах, дзе былі хаты. Нават капаніры — пагоркі ад дамоў, пахаваных пасля Чарнобылю, —губляюцца сярод дрэў. Адзінае, што застаецца прыгожай зданню на месцы былой вёскі — велічны будынак Свята-Троіцкай царквы.

Жахлівае ўражанне засталося ад таго, што мы ўбачылі ў будынку. Вандаламі была пазрываная царкоўная падлога, «з мясам» вырваныя металічныя прыгожыя агароджы. Пад царквой, у былой крыпце, валяліся косткі некалі пахаваных тут святароў. Напэўна, істоты, якіх цяжка назваць людзьмі, шукалі скарбы. Побач з былой вёскай знаходзіцца мяжа з Расіяй, таму можна меркаваць, што тут шчыравалі як беларускія, так і расійскія марадзёры. Такое мне давялося сустракаць у адселеных вёсках Добрушскага раёна, куды заязджалі «гастралёры» з Расіі, якія здымалі з хат радыяцыйны шыфер, грузілі на машыны і адвозілі за мяжу.


Магілёўскі манастыр


У Саматэвічах нарадзіўся Народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў. На месцы, дзе стаяла хата Куляшовых, паставілі камень-помнік. А непадалёк адтуль была зараз пахаваная вёска Мокрае. У ёй нарадзіўся адзін з найталенавітых прадстаўнікоў беларускага літаратурнага замежжа, паэт, празаік, публіцыст Масей Сяднёў, які сталінскім рэжымам быў сасланы на Калыму. У пасляваенныя гады ён жыў у ЗША. Масей Сяднёў — аўтар рамана «Раман Карзюк», а выдаць кнігу яму дапамог наш сусветна вядомы суайчыннік Барыс Кіт.

Па дарозе з Касцюковічаў у Чэрыкаў, на месцах, дзе некалі былі вёскі, ляжаць на ўзбочынах дарогі камяні-помнікі, якія нагадваюць, што тут былі вёскі.


Слаўгарад

Старажытны горад Слаўгарад, размешчаны ў маляўнічым месцы ўпадзення ракі Проні ў Сож, упершыню згадваецца ў 1136 годзе. Горад упрыгожвае ансамбль царквы Раства Прасвятой Багародзіцы, пабудаванай у 1791–1793 гадах князем Галіцыным у стылі класіцызму. Збераглася таксама і прыхадская школа, пабудаваная ў ХVІІІ стагоддзі. Напаследак мы заехалі ў вёску Лясная Слаўгарадскага раёна, дзе ўзвышаецца велічны Свята-Петрапаўлаўскі храм — помнік, пабудаваны ў гонар 300-годдзя перамогі рускіх войскаў над шведамі ў час Паўночнай вайны 1708 года.




Магілёў

Амаль суткі ў нас сышло на фатаграфаванне архітэктурных помнікаў Магілёва. Упершыню Магілёў згадваецца ў 1267 годзе ў «Спісе гарадоў далёкіх і блізкіх». У час Трынаццацігадовай вайны, у 1654 годзе, магілёўцы здалі горад маскоўскім захопнікам, аднак у 1661 годзе гараджане выгналі акупантаў. І ў гэтым жа годзе гораду быў нададзены герб з выявай Пагоні.

Калісьці Магілёў быў еўрапейскім горадам з прыгожымі будынкамі і паркамі, а ратуша, якая зараз упрыгожвае Савецкую плошчу, была сімвалам вольнага горада. Узведзена яна была ў 1679–1681 гадах. Гэты ўнікальны помнік архітэктуры быў знішчаны савецкімі ўладамі ў 1957 годзе, а ў 2008-м адбылося адкрыццё адноўленай ратушы.


Магілёўская ратуша


У Вялікую Паўночную вайну (1700–1721) расійскія войскі па загаду Пятра I горад спалілі. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Магілёў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі.

Цікавыя ўражанні засталіся ў нас ад наведвання Свята-Мікольскага жаночага манастыра з Свята-Мікольскім саборам. Манастыр пачаў будавацца ў ХVII стагоддзі, перажыў напады шведаў і рускіх войск. Пацярпеў і ў савецкі час: царкоўныя рэчы былі канфіскаваныя, іканастас сабору разбураны. З 1937 па 1941 год у саборы была турма, а пасля вайны — кніжная база. І толькі ў 1990-х манастыр пачаў адраджацца.

На вуліцы Першамайскай размяшчаецца абласны мастацкі музей. Першапачаткова ва ўзведзеным у 1903–1914 гадах у стылі «мадэрн» псеўдарускага і позняга класіцызму будынку знаходзіўся сялянскі пазямельны банк. У 1930-я гады гэтыя муры займаў Магілёўскі абкам партыі, у сховішчы якога знаходзіўся Крыж Еўфрасінні Полацкай. Бясцэнная беларуская каштоўнасць у пачатку вайны знікла, таксама як і іншыя старажытныя беларускія каштоўнасці.


Хоцімск, Свята-Троіцкі сабор (1873 г.).


На Першамайскай знаходзіцца таксама сабор Трох Свяціцеляў, які быў пабудаваны ў 1914 годзе. У 1961-м з сабора былі знесены крыжы і купалы, і тут пачаў дзейнічаць клуб завода «Строммашына». У 1989 годзе храм вярнулі вернікам.

Вылучаецца сваёй прыгажосцю касцёл Святога Станіслава, пабудаваны ў ХVIIІ стагоддзі ў стылі заходнееўрапейскага барока, будынак драматычнага тэатра, палац архірэя Георгія Каніскага…

Вядома, мы згадалі не ўсе архітэктурныя помнікі Магілёва — гэтыя і астатнія ўвойдуць у ілюстраваныя даведнікі, якія створыць Уладзімір Цвірко.



Каментаваць