Культурная спадчына татараў Беларусі

65-годдзю з дня народзінаў Ібрагіма Канапацкага быў прысвечаны міжнародны семінар-дыялог «Вывучэнне культурнай спадчыны татараў Беларусі», які адбыўся 28 лютага ў Мінску, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. 



Гаворыць дачка Ібрагіма Канапацкага, кандыдат гістарычных навук Зарына Канапацкая. Справа ад яе – прысвячэнне беларускім татарам -- частка трыпціху Алеся Цыркунова «Адвечнае святло Беларусі»


 Гэты семінар адкрывае шэраг мерапрыемставаў, прысвечаных памяці навукоўца, выдатнага грамадскага дзеяча, намесніка старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання татараў “Зікр уль-Кітаб” (“Памяць і кніга”), кандыдата гістарычных навук, дацэнта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ібрагіма Канапацкага (28.02.1949, гарадскі пасёлак Смілавічы Чэрвеньскага раёну Мінскай вобласці – 09.09.2005).
 
 
Да семінару была арганізавана выстава “Вучоны, грамадскі і рэлігійны дзеяч”, якая адлюстроўвае сферу навуковых і грамадскіх інтарэсаў Канапацкага. У экспазіцыі -- рукапісы татараў Беларусі канца XVII – пачатку XX стагоддзяў з фондаў ЦНБ, даследаванні айчынных і замежных навукоўцаў пра татарскую кніжнасць, працы навукоўцы 1980–2005 гадоў, у тым ліку “Беларускія татары: мінулае і сучаснасць” (сумесна з Станіславам Думіным, Мінск, 1993), “Гісторыя і культура беларускіх татар” (сумесна з Аляксандрам Смолікам, Мінск, 2000), артыкулы ў навуковых зборніках і перыядычных выданнях, у тым ліку ў часопісе “Байрам” і газеце “Жыццё татарскае”, матэрыялы 11 навуковых канферэнцый, ініцыятарам і удзельнікам якіх быў Ібрагім Канапацкі, публікацыі пра яго жыццё і дзейнасць.. Дарчыя надпісы розных аўтараў на кнігах з асабістай бібліятэкі навукоўцы апавядаюць пра сяброўскія сувязі жыццярадаснага, харызматычнага чалавека, які ўвасобіў лепшыя рысы беларускіх татараў. Дапаўняюць экспазіцыю прадметы ісламскага культу з калекцыі Ібрагіма Канапацкага і фатаздымкі з ягонага асабістага архіву.  
 
 
У сваім вітальным лісце доктар гуманітарных навук, дацэнт Віленскага ўніверсітэту імя Стэфана Баторага Галіна Мішкінене назвала Ібрагіма Канапацкага “выдатным навукоўцам-гісторыкам”, які на працягу 15 гадоў ствараў групу маладых навукоўцаў – спецыялістаў па гісторыі татар Вялікага Княства Літоўскага.   
 
 
Доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч звярнуў увагу на тое, што Ібрагім Канапацкі “умела спалучаў свае даследаванні па гісторыі і культуры татар з нашым беларускім і, такім чынам, спрыяў развіццю ўсяго нацыянальнага, што вельмі падабалася айчынным навукоўцам і ўсім прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі”. Дарэчы, пра ўнёсак навукоўцы ў беларускае нацыянальнае адраджэнне сведчыць той факт, што большасць сваіх прац Ібрагім Канапацкі напісаў па-беларуску. Пра гэтыя адносіны гісторыка да ўсяго беларускага вельмі добра сказаў вядомы беларускі паэт Яўген Гучок:
                  
 
                  Пахрышчаны ў праваслаўі
                  Паспяшаюся ў мечэць, 
                  Калі моваю Прадславы
                  Будзе там мула гучэць…
 
 
У семінары, арганізаваным ЦНБ сумесна з Польскім Інстытутам у Мінску, удзельнічалі беларускія і польскія навукоўцы, родныя, сябры і вучні Ібрагіма Канапацкага. 

Абмеркаванне:

  • Вольф
  • 2014-03-02 16:13:09
Харошы быў чалавек Ібрагім Канапацкі, і добра, што праходзяць такія імпрэзы яго памяці.

Каментаваць