Курапаты. Урочышча пакут

Кожны месяц на 29-ы дзень ва ўрочышчы Курапаты адбываюцца акцыі па ўшанаванні памяці ахвяраў, забойствы якіх у 1937–1941 гадах ажыццяўлялі карнікі НКУС. Ускладанне кветак, запальванне знічак, малітва і выступы грамадскіх дзеячаў пад бел-чырвона-белым сцягам звычайна праходзяць пад пільным наглядам супрацоўнікаў міліцыі.

(На здымку: А. Макаў паказвае месца, дзе былі зламаны крыжы)



Кожны месяц на 29-ы дзень ва ўрочышчы Курапаты адбываюцца акцыі па ўшанаванні памяці ахвяраў, забойствы якіх у 1937–1941 гадах ажыццяўлялі карнікі НКУС. Ускладанне кветак, запальванне знічак, малітва і выступы грамадскіх дзеячаў пад бел-чырвона-белым сцягам звычайна праходзяць пад пільным наглядам супрацоўнікаў міліцыі.

(На здымку: А. Макаў паказвае месца, дзе былі зламаны крыжы)


У 1988 годзе ў гэтым лясным масіве на ўскрайку Мінска ўпершыню былі знойдзены косткі і парэшткі людзей. Далейшыя раскопкі, арганізаваныя Зянонам Пазьняком, выявілі 510 магільнікаў; па самых розных ацэнках, тут можа быць закапана да 250 тысяч чалавек. У памяць па расстраляных у 1989 годзе быў усталяваны першы Крыж Пакуты. Вымушаная напачатку прызнаць Курапаты, улады ў хуткім часе паспрабавалі сцерці гэтую трагічную старонку з памяці.

Так, у 2001 годзе было прынята рашэнне пашырыць кальцавую дарогу літаральна на костках тысяч расстраляных. Дзякуючы беларускаму грамадству і асобным актывістам, якія ўсталявалі намёты і неслі вахту, кідаліся пад бульдозеры, Курапаты атрымалася адстаяць. Падчас абароны ўрочышча беларускае грамадства ўскалыхнулася. Даведаўшыся пра жахлівыя старонкі савецкай гісторыі, людзі талакой пачалі ўсталёўваць крыжы ахвярам сталінізму. Сёння колькасць крыжоў у Курапатах набліжаецца да тысячы.

На жаль, і ў сталінскіх катаў знайшліся свае нашчадкі, якія час ад часу ўчыняюць у Курапатах акты вандалізму.

Грамадскі актывіст Алесь Макаў наведвае беларускі некропаль, каб ускласці кветкі і ўпэўніцца ў тым, што памяць па бязвінна забітых не будзе зноў апаганена вандаламі. Падчас патрулявання Курапатаў яму разам з сябрам упершыню ўдалося затрымаць вандалаў, што ламалі крыжы.

— У 1993 годзе ўрочышча Курапаты было занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1940 гадоў, — кажа Алесь Макаў. — Гэта помнік міжнароднага значэння, які па законе павінен ахоўвацца і аднаўляцца дзяржаўнымі органамі. Гэта, паўтаруся, па законе. Але да гэтага часу не арганізавана элементарная ахова ці патруляванне Курапатаў. Ігнаруецца Пастанова Саўміна БССР аб мемарыялізацыі ўрочышча, на афіцыйным узроўні ўтойваецца сапраўдная інфармацыя пра трагічныя падзеі найноўшай гісторыі Беларусі. Думаю, менавіта гэтыя акалічнасці спараджаюць абыякавыя і негатыўныя адносіны пэўнай, маргінальнай, часткі грамадства да народнага мемарыялу. Крыжы выкарчоўваюць, руйнуюць, паляць. Аднойчы я стрымаў юнака гадоў васямнаццаці, што прыйшоў сюды папрактыкавацца ў страляніне па крыжах з пнеўматычнага пісталета. З’яўляліся тут і неанацысты. Напрыклад, у снежні 2005 года рукатворны абраз Маці Божай Курапацкай, што побач з Крыжам Пакуты, быў зняважаны адпаведнай сімволікай — выявай свастыкі ды лічбамі «14», «88» (14 сімвалізуе колькасць словаў у нацысцкім лозунгу, 88 — зашыфраванае прывітанне «Heil Hitler!»). Але самае страшнае з усіх магчымых формаў злачынства, якое тут перыядычна здзяйсняецца і якое мяне больш за ўсё хвалюе, гэта раскопкі могілак і апаганьванне парэшткаў расстраляных. Стрымаць гэты вар’яцкі працэс вельмі цяжка. Бо сучасная судовая сістэма расцэньвае вандалізм у Курапатах як выключна палітычную справу і становіцца на бок вандалаў.

Міліцыянт «даследуе» металашукальнікам косткі забітых і адначасова здымае  ўсіх прысутных на камеру.

З архіву Таццяны Колышавай



Макаў упэўнены, што ўсе акты вандалізму ў Курапатах — гэта палітычны заказ:

— Няцяжка здагадацца, хто за ўсім гэтым стаіць. Для нашчадкаў і катаў з НКУС адкрыццё праўды па злачынствах сваіх папярэднікаў небяспечна. Таму міліцыя, пракуратура ды іншыя «праваахоўныя» органы ставяцца пасіўна да злачынстваў у Курапатах.

Пацвярджэннем слоў грамадскага актывіста можа стаць вядомая гісторыя 2008 года, калі ён разам з напарнікам пры патруляванні ўрочышча напярэдадні Дзядоў затрымаў двух вандалаў. Некалькі крыжоў вандалы ўжо паспелі зламаць.

— Мы выклікалі міліцыю. Спачатку юнакі, відаць, прынялі нас за міліцэйскі патруль. Але калі высветлілася, што мы грамадскія актывісты і да праваахоўных органаў не маем ніякага дачынення, адзін з вандалаў выклікаў па тэлефоне свайго бацьку, паспрабаваўшы пры гэтым нас запалохаць, маўляў, «сейчас придёт мой отец, покажет свою «большую корочку» (пасведчанне асобы) и освободит нас, а вам тут мало не покажется». Дарэчы, дзе ў гэты момант знаходзіцца сын і чым займаецца, бацька, хутчэй за ўсё, ведаў — гэта было зразумела з тэлефоннай размовы: «Папа, я здесь, возле перехода».

Як потым высветлілася, непаўналетняга вандала завуць Вадзім Дзмітрыевіч Шышко, а яго бацька працуе вайсковым перакладчыкам. Імя другога злачынцы — Павал Андрэевіч Астрэйка, ураджэнец РФ, таксама непаўналетні.

— Ад пачатку і да канца суд абараняў вандалаў, — кажа Макаў. — На працэсе адвакат аднаго з хлапцоў апелявала да суддзі, што гэта выключна палітычная справа. Такія аргументы сёння з’яўляюцца дзейснымі для апраўдання любых злачынстваў супраць беларускай нацыі. Судовы працэс быў хутка завершаны з-за недахопу доказаў.

У гэтай справе прадстаўнікам пракуратуры не сорамна было распісацца ў асабістым бяссіллі. Але беларуская грамадскасць патрабавала ўзнавіць крымінальную справу, правесці расследаванне больш дасканала. Нічога з гэтага не атрымалася. Пракуратура Мінскага раёну прад’явіла абвінавачанне В. Шышко і П. Астрэйку ў злосным хуліганстве і тут жа абвясціла пра іх амністыю, пад якую яны падпадалі з-за свайго непаўналецця.

Дарэчы, падчас следства над юнакамі, невядомымі злачынцамі былі раскапаны ў Курапатах яшчэ дзве магілы. Ці то дзеля здзеку, ці то жартаў косткі, чарапы і вопратку злодзеі выкінулі на жвір. Вядома, вандалаў не знайшлі. А перазахаванне парэшткаў, нягледзячы на афіцыйны дазвол Міністэрства культуры, было часова прыпынена маёрамі з Бараўлянскага аддзелу міліцыі, якія інсцэніравалі мерапрыемствы па дадатковай праверцы касцей.



Самая абсурдная сітуацыя, якая паказала адваротны бок прапагандуемага ў краіне парадку, здарылася 8 жніўня 2010 года з замежнымі турыстамі, якія ў гэты дзень вырашылі наведаць беларускі помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Шокам для турыстаў з Еўропы на гэты раз стаў не маштаб трагедыі, учынены камуністамі ў 1930–40-я гады, а цынічнасць здзейсненага злачынства ў Курапатах зараз, сярод бела дня, пры сведках! На месцы Дзяржаўнага гісторыка-культурнага помніка невядомы хлопец спакойна распальваў агонь. А непадалёк разгаралася яшчэ адна купка з сухастоем і бярвеннем.

Якраз у гэтыя дні была страшэнная спёка, існавала пагроза ўзнікнення лясных пажараў. Прадстаўнікі цывілізаванага свету адразу кінуліся тушыць вогнішчы і пабачылі, што ў адным з іх палыхае крыж, укінуты паверх сухастою. Сведкай гэтага здарэння стала Аліна Дуброўская, якая нярэдка бывае ў Курапатах, даглядае пасаджаныя тут кветкі. Пакуль яна выклікала міліцыю, «качагар» паспеў збегчы.
-------------------------------------------------------------------------------

Даведка


За 2008 год у Курапатах было зламана больш за 40 крыжоў. У перыяд з 2008 па 2010 гады 11 крыжоў было спалена. Лава з надпісам «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці», усталяваная ў 1994 годзе падчас візіту ў Беларусь прэзідэнта ЗША Біла Клінтана, была пашкоджана каля 15 разоў. Першы крыж Курапатаў, Крыж Пакуты, ламалі 3 разы. 9 кастрычніка гэтага года невядомымі вандаламі было павалена яшчэ 30 крыжоў. Сакратар Управы партыі КХП–БНФ Алесь Чахольскі лічыць здзейсненае злачынства актам дзяржаўнага вандалізму, выкананым невядомымі па загаду «зверху».  Актывістамі партыі большасць крыжоў было адноўлена. Але 6 лістапада 37 крыжоў зноў былі знішчаныя.

 

Каментаваць