Лаўрышаўскі манастыр

Пісьменства і кнігадрукаванне зарадзілася на Беларусі ў сівой даўніне. Самым старажытным помнікам пісьменства не толькі ў нашай краіне, але і на ўсёй тэрыторыі Усходняй Еўропы лічыцца надпіс на пячатцы полацкага князя Ізяслава. Старажытнае пісьменства прадстаўлена таксама надпісамі на Барысавых і Рагвалодавых камянях, берасцянымі граматамі, на крыжы Ефрасінні Полацкай.

(На здымку: Свята-Елісееўская царква)



Пісьменства і кнігадрукаванне зарадзілася на Беларусі ў сівой даўніне. Самым старажытным помнікам пісьменства не толькі ў нашай краіне, але і на ўсёй тэрыторыі Усходняй Еўропы лічыцца надпіс на пячатцы полацкага князя Ізяслава. Старажытнае пісьменства прадстаўлена таксама надпісамі на Барысавых і Рагвалодавых камянях, берасцянымі граматамі, на крыжы Ефрасінні Полацкай.

(На здымку: Свята-Елісееўская царква)


Летапісны цэнтр

Ужо ў пачатку ХІ стагоддзя на тэрыторыі сённяшняй Беларусі пачалася перапіска кніг. Вялася яна ў майстэрнях-скрыпторыях, якія ствараліся пры манастырах. На жаль, шматвяковая трагічная гісторыя Беларусі, землі якой увесь час былі ў эпіцэнтры ваенных падзей, адбілася і на лёсе гэтых старажытных культурных і духоўных цэнтраў. Многія манастыры і храмы былі знішчаныя, а вялікія каштоўнасці, такія, як крыж Ефрасінні Полацкай, старажытныя рукапісы і кнігі, апынуліся ва ўсходніх ці заходніх суседзяў.

Зусім нядаўна мне пашчасціла пабываць на апетай Адамам Міцкевічам зямлі Навагрудчыны і наведаць адзін са старажытнейшых на Беларусі Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, азнаёміцца з археалагічнымі раскопкамі, якія праводзіць археолаг, доктар гістарычных навук, прафесар Сяргей Расадзін сумесна з валанцёрамі — студэнтамі Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Адбылося маё знаёмства з манастыром, з ігуменам манастыра, іераманахам айцом Яўсевіем, а ад летапісца Лаўрышаўскага манастыра, манаха Феадосія я даведаўся гісторыю манастыра.

Звесткі аб Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры сустракаюцца ў летапісах Вялікага Княства Літоўскага, “Хроніцы Стрыйкоўскага, гістарычных працах праваслаўных, уніяцкіх і каталіцкіх дзеячаў ХVІІ–ХVІІІ стагоддзяў. Іпацьеўскі летапіс паведамляе пад 1262 годам, што заснаваў манастыр на беразе Нёмана сын Літоўскага князя Трайняты, пляменніка Міндоўга, прападобны Елісей Лаўрышаўскі каля 1225 года. У тыя часы гэта была самая крайняя праваслаўная кропка, што глыбока ўдавалася ў заходнюю паганскую тэрыторыю. Паступова гэты асяродак культавага жыцця стаў адным з буйнейшых на Беларусі і атрымаў назву Лаўра. Гэта адзіная вядомая на сёння Лаўра ў гісторыі Беларусі.

Пра жыццё прападобнага Елісея сведчанняў дайшло да нашага часу няшмат, бо шматлікія войны, якія вогненнай віхурай пранесліся па гэтай зямлі, знішчылі ўсе сляды яго біяграфіі. Вядома толькі, што Елісей Лаўрышаўскі ў 1250 годзе быў забіты сваім звар’яцелым паслушнікам, і яго святыя мошчы з цягам часу пачалі славіцца шматлікімі цудатварэннямі.

Вокладка Лаўрышаўскага Евангелля

Ігумен манастыра айцец Яўсевій і гісторык-археолаг Сяргей Расадзін



У ХІІІ–ХІV стагоддзях манастыр быў летапісным цэнтрам нашай старадаўняй краіны. У 1329 годзе ў манастыры было створана рукапіснае Лаўрышаўскае Евангелле — помнік беларускага кнігапісання, якое зараз знаходзіцца ў Кракаве, у прыватнай бібліятэцы-музеі Чартарыйскіх. Напісана яно было на пергаменце царкоўна-славянскай мовай. Евангелле каляровае — тэкст напісаны каляровымі фарбамі і змяшчае ілюстрацыі ў грэчаскім, візантыйскім.

У ХVІ стагоддзі пачасціліся напады на тэрыторыю Навагрудчыны крымскіх татар. Спустошыўшы ў 1508 годзе наваколлі Навагрудка, яны, ведаючы аб багаццях манастыра, наблізіліся да Лаўры. Як сведчыць паданне, татарам здалося, што ў манастырскім двары стаіць вялікая конная сіла, і яны адступілі. Падзея гэтая стала нагодай для кананізацыі прападобнага Елісея на Віленскім саборы ў 1514 годзе.

На гэты ж перыяд прыпадае і незвычайны росквіт манастыра: тут пачала дзейнічаць школа, мелася багатая бібліятэка і друкарскія майстэрні. Мірнае жыццё прыпыніў паўторны набег татар, у выніку чаго ўсе манахі былі забітыя, а каменны манастыр быў зраўнаваны з зямлёй. Мошчы прападобнага Елісея і маёмасць манастыра былі схаваныя ў зямлю і дагэтуль не знойдзеныя.

Першае адраджэнне манастыра адбылося ў другой палове ХVІ стагоддзя ў межах вёскі Лаўрышава. На пачатку ХVІІ стагоддзя манастыр перайшоў да ўніятаў, якія стварылі тут семінарыю, з 1615 года тут дзейнічаў базыльянскі манастыр. Новыя пабудовы ў межах ужо праваслаўнага манастыра з’явіліся ў канцы ХVІІІ стагоддзя. Былі пабудаваны побач з манастыром драўляная Свята-Успенская царква, якая дзейнічае і зараз, брацкі корпус, цагляныя будынкі архіва і склада, бібліятэка, якая налічвала 500 тамоў.

Заняпад і адраджэнне


Але паступова манастыр прыйшоў у заняпад. У 1824 годзе ў Лаўрышаве налічвалася толькі пяць насельнікаў, а ў 1836 годзе манастыр зачынілі, храм стаў прыходскім. Сёння ад манастырскіх будынкаў, акрамя царквы, нічога не засталося. Менавіта, на гэтым месцы і праводзяцца зараз археалагічныя даследаванні пад кіраўніцтвам прафесара Сяргея Расадзіна.

На даследуемай пляцоўцы плошчай у 32 квадратных метра культурны слой мае магутнасць прыблізна 1 метр. Па колькасці знаходак першае месца займае кераміка: фрагменты непаліванага, дымленага і паліванага керамічнага посуду, сабрана шмат фрагментаў кафлі, некаторыя з якіх маюць геральдычную выяву, асколкі пляшак самаробнага вырабу з рознай таўшчынёй шкла. Усе знаходкі датуюцца ХVІ — пачаткам ХІХ стагоддзя. Знойдзена таксама некалькі манет царскай Расіі. Здабытыя падчас археалагічных раскопак матэрыялы пацвярджаюць факт знаходжання ў ХVІ–ХІХ стагоддзях на гэтым месцы, побач з царквой, манастыра.

Другое адраджэнне Лаўрышаўскага манастыра адносіцца да 1913 года. На першапачатковым месцы старажытнага манастыра намаганнямі князя Храптовіча-Буценёва была асвечана царква ў імя прападобнага Елісея, брацкі корпус і дом для паломнікаў. Аднак у часы Першай сусветнай вайны ўсе будынкі манастыра былі зруйнаваныя. Пападаннем нямецкага снарада царква была ўшчэнт разбурана. І толькі амаль праз 80 гадоў, у 1993 годзе, гэтае святое шматпакутнае месца было асвечана архіепіскапам Беластоцкім і Гданьскім Савам, епіскапам Навагрудскім і Лідскім Канстанцінам.

 На археалагічных раскопках

Помнік Елісею Лаўрышаўскаму



Пачалося трэцяе адраджэнне манастыра. На падмурках разбуранай царквы была ўзведзена новая цагляная Свята-Елісееўская царква, побач з якой быў устаноўлены помнік прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму. На месцы згарэўшага ў 2008 годзе брацкага драўлянага корпуса будуецца новы, капітальны будынак. Звесткі аб ім разыходзяцца ўсё шырэй. Павялічваецца паток паломнікаў, хросныя хады ўжо збіраюць больш за 300 чалавек.

Як паведаміў айцец Яўсевій, адраджэнне манастыра мае на ўвазе стварэнне цэлага комплексу для рэабілітацыі людзей, якія аказаліся ў складаных жыццёвых абставінах, — тыя, хто згубіў надзею ў жыцці і хоча выратавацца, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, хто спрабуе пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці. Пры манастыры будуць працаваць майстэрні. Сёння манастыр прапануе ўнікальную магчымасць актыўнага адпачынку, бо месцы ў наваколлі Лаўрышаўскага манастыра вельмі маляўнічыя: побач Нёман, сасновы лес.

Трэба спадзявацца, што ўсе высакародныя задумы здзейсняцца, і трэцяе адраджэнне ў гісторыі манастыра будзе апошнім і канчатковым.

Каментаваць