Літоўскі гісторык разважае пра тое, як Вільня магла стаць беларускай

У папулярнай літаратуры часта забываюць згадаць, што савецкую акупацыю Літвы вызначыла не падпісаная Сталінам і Гітлерам 23 жніўня 1939-га дамова, а папраўкі да яе, прынятыя 28 верасня таго самага году. Паводле папярэдняга варыянту пагаднення, як Літва была аддадзеная Трэцяму Рэйху.

Літоўскае войска ўваходзіць у Вільню 28.10.1939

Старэйшы навуковы супрацоўнік Аддзелу гісторыі ХХ стагоддзя Інстытуту гісторыі Літоўскай акадэміі навук Альвідас Нікжантайціс у каментары на партале 15min.lt расказвае пра сітуацыю складанага выбару, перад якім стаялі літоўскія ўлады ў верасні 1939 года. Неасцярожны палітычны крок мог бы прывесці да таго, што Вільня па вайне магла б стаць беларускай. “Радыё Свабода” падае тэкст каментару з невялікімі скарачэннямі.

«На сустрэчах з замежнікамі, падчас якіх трэба коратка прадставіць найнавейшую гісторыю Літвы, я часта паўтараю фразу, што Літве ў ХХ стагоддзі тры разы вельмі пашанцавала. У 1918 годзе літоўцы амаль цудам аднавілі Незалежнасць, — піша Нікжантайціс. — Такі самы цуд паўтарыўся і 11 сакавіка 1990 году. І Літва адна з мала якіх краінаў у свеце, якія пасля Другой сусветнай вайны павялічылі даваенную тэрыторыю».

Сам факт, што літоўцы могуць лічыць сябе пераможцамі ў Другой сусветнай вайне, пачалі асэнсоўваць толькі калі Літва зноў зрабілася незалежнай дзяржавай, зазначае гісторык і працягвае:

«Пры разглядзе мінуласці з цяперашняй перспектывы яна часта выглядае вельмі лагічнай. Аднак сапраўдную складанасць гісторыі і пачынаеш бачыць толькі тады, калі бярэшся разглядаць розныя сцэнары таго, што было б, калі б».

У 1939 годзе Літве з Вільняй пашанцавала

Калі разглядаць розныя сцэнары мінуласці, відавочна, што Літве вельмі пашанцавала з Вільняй, лічыць А. Нікжантайціс:

«Усе мы добра ведаем, што пасля падпісання пакту Гітлера — Сталіна ў 1939 годзе гэтыя два дыктатары раздзялілі Цэнтральную і Усходнюю Еўропу. Рэалізоўваючы дамовы сакрэтных пратаколаў пакту, Сталін спачатку змусіў Літву пусціць на сваю тэрыторыю савецкае войска, а ў 1940 годзе акупаваў і анексаваў краіну.

Праўда, перад гэтым ён зрабіў літоўцам ласку, аддаўшы ім Віленшчыну. Цану гэтага падарунку сучаснікі асэнсавалі даволі хутка. Адразу пасля акупацыі Літвы нарадзілася папулярная прыказка: „Vilnius mūsų, o mes rusų“ (Вільня — наша, а мы — расейскія). Дагэтуль нідзе не давялося сустрэць развагі пра тое, што вельмі рэальны быў і іншы сцэнар: „Вільня — беларуская, а мы — расейскія“. А ўсё было ў тым самым 1939 годзе».

Спачатку Літва трапіла ў нямецкую зону ўплыву

Калі гавораць пра той лёсавызначальны для Літвы год, у папулярнай літаратуры часта забываюць згадаць, што савецкую акупацыю Літвы вызначыла не падпісаная двума тыранамі 23 жніўня 1939-га дамова, а папраўкі да яе, прынятыя 28 верасня таго самага году.

«Паводле папярэдняга варыянту пагаднення, — нагадвае гісторык, — у савецкую зону ўплыву апрача іншых тэрыторыяў патрапілі толькі Латвія і Эстонія, тым часам як Літва была аддадзеная Трэцяму Рэйху. Пэўныя карэкцыі ўнёс пачатак Другой сусветнай вайны. Капітуляцыя Польшчы і... (бяз)дзейнасць самой Літвы.

Гітлер, як можна здагадвацца з яго дзеянняў пасля падпісання пакту, не імкнуўся адразу акупаваць Літву. Як паказалі крыху пазнейшыя падзеі, ягоны план быў больш рафінаваны: як выглядае, галоўнай мэтай Трэцяга Райху было ўцягнуць Літву ў вір Другой сусветнай вайны, зрабіць яе марыянеткай Нямеччыны. Пра такі сцэнар сведчаць канкрэтныя дзеянні Нямеччыны пасля акупацыі Польшчы».

Нямеччына падштурхоўвала Літву забраць Вільню сілай

Альвідас Нікжантайціс разглядае тагачасныя манеўры нямецкай дыпламатыі.

«9 верасня 1939 году міністр замежных справаў Нямеччыны праз нямецкага пасла ў Коўне Э. Цэхліна запрапанаваў літоўскаму ўраду, каб Літва сама сілай забрала Віленшчыну ў Польшчы. Каб заахвоціць літоўцаў, немцы дзяліліся выведнай інфармацыяй пра польскія збройныя сілы, што заставаліся ў краі. З пададзеных імі дакументаў было ясна, што на Віленшчыне Польшча не мае збройных сілаў, якія б маглі сур’ёзна супрацьстаяць паходу літоўскага войска на Вільню.

І ўсё ж літоўскі бок на такія шматразовыя заахвочванні Нямеччыны не паддаўся. Расчараванае бяздзейнасцю літоўцаў, 16 верасня Міністэрства замежных справаў Нямеччыны дало загад паслу ў Коўне „пакінуць тэму Вільні“, а праз 12 дзён аддала Літву ў савецкую зону ўплыву, атрымаўшы за гэта немалы кавалак ужо заваяванай Польшчы.

Даследаванні гісторыкаў паказалі, што кіраўніцтва Літвы разглядала магчымасць далучэння Вільні вайсковай сілай. Хоць большая частка палітыкаў найвышэйшага эшалону, у тым ліку і прэзідэнт А. Смятона, такую магчымасць выключалі, некаторыя ўплывовыя сябры Партыі Таўцінінкаў і літоўскі амбасадар у Берліне К. Шкірпа балі актыўнымі прыхільнікамі такога сцэнару вяртання Вільні.

Вось жа ў верасні 1939 году Літва адмовілася сілай вярнуць Віленшчыну. Гісторыкі дагэтуль дыскутуюць пра слушнасць гэтага кроку. Разглядаючы пытанне — што магло быць — з сённяшняй перспектывы, можна вызначыць прынамсі некалькі пазітыўных наступстваў такога кроку:

1.                Літва самастойна і без дапамогі Сталіна вярнула б сабе так жаданую сталіцу;

2.                Літва, будучы марыянеткай Нямеччыны, магчыма, магла б мець нават свой урад і пазбегла б савецкай акупацыі 1940 году.

Так сітуацыя выглядае з кароткачасовай перспектывы. Аднак калі аналізаваць магчымыя доўгатэрміновыя наступствы такога кроку, перспектывы Літвы выглядаюць ужо не так прыгожа».

Некаторыя краіны скарысталіся нагодай, але прайграўшы вайну, страцілі захопленае

«Напярэдадні і падчас Другой сусветнай вайны не толькі Нямеччына, але і іншыя краіны скарысталіся спрыяльнай нагодай. Некаторыя з іх пашырылі сваю тэрыторыю за кошт суседніх дзяржаваў. Такім чынам Польшча ў 1938 годзе заняла Цешынскі край, які належаў Чэхаславаччыне. Свае тэрыторыі за кошт Румыніі і Чэхаславаччыны павялічыла Вугоршчына. Румынія, якая далучылася да гітлераўскай кааліцыі крыху пазней, не толькі ўдзельнічала ў вайне супраць Савецкага Саюзу, але і вярнула землі, які СССР забраў у яе ў 1940 годзе, далучыўшы да іх яшчэ і частку сучаснай тэрыторыі Украіны. Падобным чынам паводзіла сябе і саюзніца Гітлера Італія.

Хоць некаторыя з гэтых актаў агрэсіі былі ўзаконеныя міжнароднымі пагадненнямі (рашэнні Першага і Другога венскага трыбуналу 1938 і 1940 гадоў), аднак лёс усіх гэтых заваяваных тэрыторыяў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны быў аднолькавы. Польшча была вымушаная вярнуць Цешын Чэхаславаччыне, а анексаваныя Вугоршчынай румынскія і чэхаславацкія тэрыторыі рашэннем Парыскай мірнай канферэнцыі 1946 году былі вернутыя іх былым уладальнікам.

Паводле гэтага пагаднення і частка Букавіны была аддзеленая ад Румыніі і перададзеная СССР. Тое самае сталася і з захопленай фінамі Усходняй Карэліяй, а Італія была вымушаная вярнуць захопленыя раёны Югаславіі і Францыі. Апрача таго краіны-агрэсары (да іх была залічаная і Фінляндыя) былі вымушаныя выплаціць немалыя ваенныя рэпарацыі пацярпелым ад іх дзяржавам».

Літва рызыкавала страціць і Вільню, і незалежнасць

«У святле такіх фактаў, — лічыць А. Нікжантайціс, — можна было б прагназаваць лёс Віленшчыны, калі б у 1939 годзе яе сілай вярнула сабе Літва.

Рашэннем Сталіна 1939 году перадаць Віленшчыну Літве былі незадаволеныя некаторыя беларускія камуністы. Не выключаная магчымасць, што пасля заканчэння Другой сусветнай вайны да іх галасоў прыслухаліся б лепей. У кантэксце Ялцінскіх пагадненняў і паваенных пераўладкаванняў цалкам верагодна, што Літва не захавала б незалежнасць. Вось тады мы хутчэй за ўсё і мелі б сітуацыю: „Вільня — беларуская, а мы — расейскія“.

Антанаса Смятону можна крытыкаваць за бесхрыбетнасць у апошнія гады літоўскай незалежнасці. Аднак, магчыма, тое, што ён ухіліўся ад правядзення рашучай акцыі далучэння Вільні да Літвы, і вызначыла той факт, што сёння мы можам лічыць Літву адной з краінай, якія перамаглі ў Другой сусветнай вайне, чаго нельга сказаць пра К. Шкірпу. Яго неразумныя прапановы выступіць у 1939 годзе ў паход на Вільню маглі б на ўсе вякі перакрэсліць спробы літоўцаў вярнуць сабе дарагі ім горад».

 www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць