Лёс чатырох беларусаў вызначыўся праз 70 гадоў

Да спіса беларусаў, што загінулі ў часы Другой сусветнай вайны, сёння можна далучыць імёны яшчэ чатырох чалавек. Гэта Нічыпар Паўлавіч Варанецкі, Казімір Міхеевіч Стэфановіч, Казімір Уладзіміравіч Апанель і Павел Уладзіміравіч Навічкоў.



Да спіса беларусаў, што загінулі ў часы Другой сусветнай вайны, сёння можна далучыць імёны яшчэ чатырох чалавек. Гэта Нічыпар Паўлавіч Варанецкі, Казімір Міхеевіч Стэфановіч, Казімір Уладзіміравіч Апанель і Павел Уладзіміравіч Навічкоў.

У акце, які быў складзены 15 верасня 1944 года, гаворыцца, што ўсе чацвёра былі забітыя пры спробе ўцёкаў. У Расійскім дзяржаўным ваенным архіве ёсць яшчэ адзін дакумент, у якім прыводзяцца падрабязнасці таго вераснёўскага дня 1944 года. Супрацоўнікі Ашмянскага райаддзела НКУС сумесна з салдатамі 136-га палка ўнутраных войскаў НКУС правялі ў Ашмянах у цэнтры горада маштабную аблаву.
 
Хапалі ўсіх, хто здаваўся падазроным. У першую чаргу звярталі ўвагу на маладых хлопцаў і ўвогуле ўсіх мужчынаў. Іх адразу адводзілі ўбок пад ахову. Так ажыццяўлялася мабілізацыя ў рады Чырвонай Арміі. Пятнаццаць затрыманых у гэтай аблаве вырашылі адразу адправіць у Маладзечна на перасыльны ваенны пункт. Кіраваў аперацыяй сяржант Андрэй Маяцкі, 1922 года нараджэння, кандыдат у члены ВКП(б). Ён дзейнічаў дастаткова энергічна. Спыніў дзве машыны, падзяліў затрыманых на групы, каб зручней было канваіраваць, і невялічкая калона рушыла ў дарогу: «звычайная» штодзённая работа ўнутраных войскаў.
 
У адзінаццаць гадзін вечара за восем кіламетраў ад Смаргоні адна машына спынілася, людзі саскочылі з грузавіка, напэўна, каб размяцца, і раптам чацвёра з іх кінуліся наўцёкі. Але сяржант Маяцкі не разгубіўся. Ён імгненна ўскінуў аўтамат і даў доўгую чаргу ўслед уцякаючым.
 
У данясенні аб здарэнні, складзеным камандзірам 136-га палка падпалкоўнікам Чуваковым і начальнікам штаба капітанам Жукавым, адзначалася: «Забойства асобаў, якія імкнуліся здзейсніць уцёкі, адбылося дзякуючы прыняццю правільных і рашучых мер начальнікам канвою сяржантам Маяцкім, яго высокай дысцыплінаванасці і пільнасці, цвёрдага ведання інструкцыі канваіравання і пастаўленай задачы. Выпадак даведзены да ўсяго асабістага саставу палка».
 



Тут, як кажуць, дадаць няма чаго. І ў архіўных дакументах, якія тычацца гэтага выпадку, нідзе няма адзнакі, каб што-небудзь паведамлялася сваякам загінулых. Дакладны лёс чатырох беларусаў вызначыўся амаль праз семдзесят гадоў.

Фота на застаўцы (http://fotki.yandex.ru): цэнтр Смаргоні летам 1944 года

Паводле сайта “Твой стыль


 

Каментаваць