Гісторыя жыцця Веньяміна Тоўсціка адлюстроўвае тую трагедыю, праз якую ў ХХ стагоддзі давялося прайсці беларускаму сялянству: цяжкая праца, вайна, палон, акупацыя, НКУС, лагер у Нарыльску.



З беларускай вёскі ў польскае войска

Нарадзіўся Веньямін Тоўсцік у мястэчку Пліса, Дзісненскага павету, Віленскага ваяводства ў сялянскай сям’і. З малога ўзросту дапамагаў бацькам у працы, а ў 1920 годзе пайшоў у Народную школу, дзе скончыў 7 класаў. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі малады беларус заняўся звыклай сялянскай працай. У лістападзе 1934 года Веньяміна прызывалі ў Войска Польскае, ён праходзіў службу ў 32-м пяхотным палку, які дыслакаваўся ў Крэпасці Модлін.

Веньямін Тоўсцік (справа), канец 1930-х

У 1930-я гады польскія вайскоўцы тэставалі ў Модліне новыя, на той момант, тэхналогіі арганізацыі крапасной абароны. Тут мантаваліся жалезабетонныя ДАКі з металічнымі купаламі і новая зброя. У 1936 годзе, улічваючы магчымасць баявых дзеянняў з Германіяй, польскае камандаванне зрабіла акцэнт на павелічэнне колькасці супрацьтанкавай артылерыі на заходнім і паўночным участках абароны Модлінскай крэпасці. Што ж тычылася 32-га палку, то варта пазначыць, што падчас польска-бальшавіцкай вайны 1920 года гэтая вайсковая адзінка ўваходзіла ў склад літоўска-беларускай дывізіі польскай арміі і прымала ўдзел у баявых дзеяннях на Украіне і Беларусі. У 1930-я гады ў складзе палку служыла шмат заходніх беларусаў.

Гастарбайтар у Эстоніі

У верасні 1936 года Веньямін Тоўсцік дэмабілізаваўся і вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Аднак звычайная сялянская праца не давала магчымасці зарабіць дастатковую колькасць грошаў для набыцця ўласнай зямлі і пабудовы добрай гаспадаркі. Таму ў 1938 годзе селянін з Віцебшчыны вырашае паехаць на працу ў Эстонію. Улады гэтай краіны з вялікай радасцю прымалі сельскагаспадарчых працоўных з ІІ Рэчы Паспалітай. Пры гэтым працаўладкаванне адбывалася не ў цёмную, а на падставе спецыяльных дакументаў — Дамоваў аб працы, заключаных у Эстонскай сельскагаспадарчай палаце ў Таліне.

Дамова аб працы. Эстонская сельскагаспадарчая палата 1938 год

26 сакавіка 1938 года такую дамову падпісаў і беларус Веньямін Тоўсцік. Працаваць у Эстоніі ён мог на працягу года. У дакуменце, у прыватнасці, адзначалася, што час працы рэгулюецца эстонскім заканадаўствам і не можа быць большым, чым для мясцовых працоўных. «У нядзелю і падчас свят, працоўны абавязаны выконваць толькі неабходныя работы па дому і кармленню жывёлы і вызваляецца ад неабходнасці выканання іншых сельскагаспадарчых прац. Калі з заробку наёмнага працоўнага вылічалася нейкая сума, то працадаўца павінен у зарплатным рахунку падрабязна пазначыць, чаму адбыліся гэтыя вылічэнні», — падкрэслівалася ў Дамове.

Што ж тычыцца заробку, то польскі сельскагаспадарчы працоўны ў Эстоніі ў перыяд з 15 лістапада 1938 года па 15 красавіка 1939 года атрымліваў не менш за 17 эстонскіх крон (каля 24 польскіх злотых) у месяц. Працадаўца меў права павышаць заробак «гастарбайтэра» з ІІ Рэчы Паспалітай, але плаціць менш за 14 крон не дазвалялася. Пры гэтым заробленыя грошы не абкладаліся (!) якімі б тое ні было падаткамі. Таксама Эстонская сельскагаспадарчая палата гарантавала, што працадаўца забяспечвае сваіх працоўных «цёплым жыллём (асобным для мужчын і жанчын) і добрым харчаваннем». Пры гэтым жыллёвыя ўмовы для «палякаў» павінны былі быць не горшымі, чым для эстонскіх грамадзян.

Эстонія, тут жылі беларускія гастарбайтэры, 1938 г.

Эстонскі бок гарантаваў, што гастарбайтэры атрымліваюць 10 эстонскіх крон на пакрыццё коштаў падарожжа дадому. Таксама працадаўца купляў польскаму працоўнаму зваротны білет у выпадку хваробы апошняга ці няшчаснага выпадку, з-за якога працоўны стаў інвалідам. Дарэчы, у выпадку захворвання грамадзяніна Польшчы, які знаходзіўся на працы ў Эстоніі, лячылі ў мясцовых шпіталях за кошт працадаўцы. Усе спрэчкі паміж польскімі грамадзянамі і іх мясцовымі працадаўцамі вырашаліся ў эстонскіх судах з абавязковым удзелам прадстаўнікоў Амбасады ІІ Рэчы Паспалітай у Таліне, а таксама супрацоўнікаў Эстонскай сельскагаспадарчай палаты.

Вайна

Скончыўшы працу ўвесну 1939 года, Веньямін Тоўсцік вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Праз некалькі месяцаў, у жніўні 1939-га, яго мабілізавалі ў Войска Польскае і накіравалі зноў у Модлінскую крэпасць. З 14 па 29 верасня 1939 года гэтая цытадэль мужна змагалася з наступаючымі часткамі вермахта. Камандаваў умацаваным лагерам «Модлін» генерал Віктар Томі. У склад гарнізона ўваходзіла каля 20 тысяч жаўнераў Войска Польскага, каля 96 гармат, 7 танкетак ТК-3. 16 верасня 1939 года на польскую крэпасць распачала наступленне 228-я пяхотная дывізія вермахта.

Польскія ваеннапалонныя, верасень 1939 года

Каб супрацьстаяць пераўзыходзячаму праціўніку, жаўнеры Войска Польскага павінны былі контратакаваць. Наш суайчыннік з Плісаў таксама ўдзельнічаў у некалькіх штыкавых атаках. Цытадэль падвяргалася жорсткай бамбардзіроўцы нямецкай авіяцыі. З кожным днём сітуацыя польскіх абаронцаў пагаршалася. 29 верасня 1939 года камандаванне крэпасці прымае рашэнне аб капітуляцыі. Сярод іншых абаронцаў Модліна ў палон трапіў і Веньямін Тоўсцік. Беларусаў немцы адпускалі і дазвалялі вярнуцца дадому. А Радзіма ўжо знаходзіўся ў іншай краіне.

Польскія палонныя жаўнеры пасля капітуляцыі Модліна. Дзесьці тут быў і В.Тоўсцік

Увосень 1939-га Заходняя Беларусь была далучана да СССР. Ужо ў кастрычніку 1939 года былы польскі пяхотнік уладкаваўся на працу ў Райкантору сувязі ў Плісе на пасаду «райарганізатара» «Саюздруку». У 1941 годзе здольнага супрацоўніка накіравалі на Рэспубліканскія курсы павышэння кваліфікацыі ў Стоўбцы.

Вязень ГУЛАГу

Падчас нямецкай акупацыі Веньямін Тоўсцік працаваў памочнікам сакратара Пліскай валасной управы і займаўся звычайнай папяровай працай. У паліцыю не ўступаў, у карных акцыях не ўдзельнічаў. Пасля вызвалення гэтай тэрыторыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў беларус ізноў заняўся распаўсюджваннем савецкіх газет. Але ўжо ўвосень 1944 года ў дом служачага прыйшлі супрацоўнікі НКУС.

Вось вытрымка з пратаколу ператрусу, праведзенага асабіста начальнікам Пліскага Раённага аддзелу НКДБ лейтэнантам дзяржбяспекі Навасадавым: «У грамадзяніна Тоўсціка В.А., якога абвінавачваюць у супрацы з акупантам, канфіскаваныя:

Залаты гадзіннік наручны — 1;

Залатая манета царскай чаканкі ў 5 рублёў — 1;

Два залатых кальца;

Срэбныя нажы, лыжкі, відэльцы».

Пратакол ператрусу, 1944 г.

Праз некаторы час пасля ператрусу Веньяміна Аляксандравіча арыштавалі. Яму ўспомнілі працу ў акупацыйнай адміністрацыі і, абвінаваціўшы па 65-м артыкуле («Дапамаганне») Крымінальнага кодэксу БССР, прысудзілі да 10 гадоў лагераў. Пры гэтым уся яго маёмасць была рэквізаваная. У Акце ад 20 верасня 1945 года, складзеным у адпаведнасці з прысудам Вайсковага трыбунала, пазначалася: «Складзены акт вопісу і ацэнка кошту маёмасці асуджанага Веньяміна Аляксандравіча Тоўсціка.

Дом новы двухпакаёвы (адзін) — кошт 15 000 рублёў;

Аўца (адна) — 500 рублёў;

Парася (адно) — 600 рублёў;

Шафа (адна) — 2000 рублёў;

Касцюм мужчынскі (два) — 2000 рублёў;

Дываны (тры) — 350 рублёў;

Швейная машына (адна) — 5000 рублёў;

Паліто мужчынскае (адно) — 2000 рублёў;

Гадзіннік настольны (адзін) — 200 рублёў.

Падчас вопісу маёмасці ў доме Тоўсціка

Са жніўня 1945 па май 1953 года Веньямін Тоўсцік знаходзіўся ў адным з лагераў у Нарыльску і працаваў тэхнікам канторы «Спецбуд». Пасля берыеўскай амністыі беларусу дазволілі вярнуцца на радзіму ў Плісу. Пазней ён працаваў на розных мясцовых прадпрыемствах.

Ліст наконт звароту кошту маёмасці, 1994 г.

Ужо пасля смерці Веньяміна Тоўсціка ў 1990-х гадах яго блізкія спрабавалі атрымаць кампенсацыю за рэквізаваныя сямейныя каштоўнасці, аднак зрабіць гэта так і не атрымалася.

Абмеркаванне:

  • Васіль Баглай-Бураўкін
  • 2014-04-18 17:46:31
Вельмі цікавая і трагічная гісторыя. Беларусам цяжка прыйшлося ў ХХ стагоддзі. Розныя дзяржавы іх выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах як гарматнае мяса. Шкада гэтага чалавека...

Каментаваць